КЛЯБА́НАЎ Анатоль Мікалаевіч (н. 8.10.1952, г. Жодзіна Мінскай вобл.),
бел. спартсмен (воднае пола). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1975). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). Удзельнік XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада). Чэмпіён свету (1975, г. Калі, Калумбія). Чэмпіён СССР (1976—78). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.
т. 8, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПІ́ЦКІ Уладзімір Міхайлавіч (н. 15.2.1959, г. Гродна),
бел. спартсмен (фехтаванне на рапірах). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1978). З 1977 інструктар Спорткамітэта Беларусі. Сярэбраны прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) у камандным першынстве. Чэмпіён свету сярод юнакоў (1977), сярод дарослых (1979), чэмпіён VII летняй Спартакіяды народаў СССР (1979) у камандным першынстве.
т. 9, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЫДЗЕ́НКА Георгій Уладзіміравіч (н. 3.12.1962),
бел. спартсмен (гандбол). Засл. майстар спорту (1989). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1985). Чэмпіён XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул), чэмпіён свету сярод юніёраў (1983), прызёр чэмпіянату свету (серабро, 1990). З 1990 у Італіі (трэнер), з 1993 — у Германіі. У 1996 — трэнер каманды юніёраў Беларусі.
т. 14, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́НМАРК (Stenmark) Інгемар (н. 18.3.1956, Іосешэ, Швецыя),
шведскі спартсмен (гарналыжны спорт). Чэмпіён XIII зімовых Алімп. гульняў (1980, г. Лейк-Плэсід, ЗША) у слаламе і слаламе-гіганце, бронз. прызёр XII Алімп. гульняў (1976, г. Інсбрук, Аўстрыя) у слаламе-гіганце. Чэмпіён свету ў слаламе і слаламе-гіганце (1976) і ў слаламе (1982).
т. 15, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СХЕНК (Schenk) Адрыянус (Ард; н. 16.9.1944, Ганна Паўлаўна, Нідэрланды),
галандскі спартсмен (скорасны бег на каньках). Чэмпіён XI зімовых Алімп. гульняў (1972, г. Сапара, Японія) на дыстанцыях 1500, 5000 і 10 000 м; сярэбраны прызёр X Алімп. гульняў (1968, г. Грэнобль, Францыя) на дыстанцыі 1500 м. Чэмпіён свету (1970—72) у мнагабор’і, у 1967 — на дыстанцыі 1500 м; сярэбраны (1966, 1967) і бронз. (1965, 1968) прызёр. Чэмпіён Еўропы (1966, 1970, 1972) у мнагабор’і і на асобных дыстанцыях; сярэбраны прызёр (1971). Бронз. прызёр чэмпіянатаў свету па спрынтэрскім бегу на каньках (1971, 1972). 15-разовы рэкардсмен свету (1966—68, 1971—78).
А.М.Петрыкаў.
т. 15, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНУШЭ́ВІЧ Арнольд Пятровіч (15.1.1933, Мінск — 2.9.1991),
бел. спартсмен і трэнер (фехтаванне на шаблях). Майстар спорту СССР (1956), засл. трэнер Беларусі (1966). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1957). З 1967 трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Бронз. прызёр XVII Алімп. гульняў у камандным першынстве (1960, Рым), чэмпіянату свету ў асабістым першынстве (1958, г. Філадэльфія, ЗША). Чэмпіён свету (1961, г. Турын, Італія), сярэбраны (1959, Будапешт) і бронз. (1962, Буэнас-Айрэс) прызёр чэмпіянатаў свету ў камандным першынстве. Чэмпіён Спартакіяды народаў СССР у асабістым першынстве (1959), СССР у асабістым (1962) і камандным (1958, 1962, 1964, 1966) пяршынствах. Сярод выхаванцаў чэмпіён Спартакіяды народаў СССР У.Расолька.
т. 17, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАВА́РАЎ Канстанцін Рыгоравіч (н. 15.8.1964, Мінск),
бел. спартсмен (гандбол). Засл. майстар спорту СССР (1988). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1985). Чэмпіён XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул). Чэмпіён свету сярод юніёраў (1983, 1985), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1990). Чэмпіён СССР (1984, 1985, 1986, 1988, 1989), сярэбраны (1982, 1983, 1987, 1990) і бронз. (1991) прызёр. За зборную каманду СССР згуляў (1986—91) 93 матчы, закінуў 223 мячы. Уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1987, 1988, 1989), Кубка кубкаў (1988), Суперкубка (1989). Гуляў у складзе каманды СКА (Мінск, 1982—92), замежных (Германія, Ізраіль, Швецыя) клубаў (з 1992). Сярэбраны прызёр чэмпіянату Ізраіля (1994).
А.М.Петрыкаў.
т. 17, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАШЫ́НСКІ Андрэй Станіслававіч (н. 4.5.1970, г. Ашмяны Гродзенскай вобл.),
бел. спартсмен (ручны мяч). Скончыў у Мінску школу алімп. рэзерву (1987). Алімп. чэмпіён (1992, Барселона), чэмпіён свету сярод юніёраў (1989), СССР (1989), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1991), у складзе клуба СКА (Мінск), уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1989), Кубка СССР (1989). Член зборнай каманды Беларусі з 1992.
т. 2, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЗЯНКО́Ў Васіль Васілевіч (н. 3.5.1931, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. і рас. спартсмен (лёгкая атлетыка, кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1962). З 1957 у Маскве. З 1969 трэнер па цяжкай атлетыцы. Чэмпіён XVII Алімп. гульняў (1960, Рым). Чэмпіён СССР (1959, 1960, 1961). Рэкардсмен Еўропы, СССР.
т. 13, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫ́ВЕНСАН (Stevenson) Тэафіла (н. 29.3.1952, г. Лас-Тунас, Куба),
кубінскі спартсмен (бокс). Засл. майстар спорту СССР (1972). Выступаў на аматарскім рынгу. Чэмпіён XX (1972, г. Мюнхен, Германія), XXI (1976, г. Манрэаль, Канада) i XXII (1980, Масква) Алімп. гульняў у цяжкай вагавой катэгорыі. Чэмпіён свету ў цяжкай (1974, 1978), суперцяжкай (1986) вагавых катэгорыях.
т. 15, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)