бел. святыя Іаан, Антоній і Яўстафій (да хрышчэння Кумец, Няжыла, Круглец), якія загінулі ў 1347 пакутніцкай смерцю за пераход з язычніцтва ў хрысціянства. На месцы пакарання віленскіх пакутнікаў, якія былі прыдворнымі вял. князя Альгерда, па жаданні яго жонкі пабудавана капліца, пазней — Свята-Троіцкая царква. У 1374 віленскія пакутнікі кананізаваны. З 16 ст. іх мошчы знаходзіліся ў Віленскім Святадухаўскім манастыры. У ліп. 1993 часткі мошчаў віленскіх пакутнікаў закладзены ў абраз трох віленскіх пакутнікаў і перанесены ў Мінскі Свята-Петрапаўлаўскі сабор. Гісторыя віленскіх пакутнікаў коратка выкладзена ў «Сказанні пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДРО́ЙЦЬ (Giedroyć) Міхал Ян Генрык (25.1.1929, маёнтак Лобзаў Слонімскага пав., цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.),
англійскі гісторык. Скончыў Лонданскі ун-т (1951). У 1940 разам з сям’ёй дэпартаваны ў Сібір. У 1942 з Польскай арміяй ген. У.Андэрса эвакуіраваўся ў Іран. З 1947 у Англіі. Працаваў у авіяц. прам-сці, у Саўтгемптанскім ун-це, чытаў лекцыі па аэрадынаміцы. Адначасова даследаваў гісторыю ВКЛ. Аўтар прац пра ўвядзенне хрысціянства на Беларусі і ў Літве, пра паліт. становішча ў ВКЛ у 13—14 ст., Крэўскую унію 1385, каментарыяў да англ. перакладу «Хронікі Быхаўца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБО́Н (ад грэч. ambōn узвышэнне), казальніца, пульпіт,
паўкруглае і высунутае на сярэдзіну храма ўзвышэнне перад царскімі варотамі, з якога чытаюць Евангелле, гавораць казанні. Сімвалізуе камень каля Труны Гасподняй, які адваліў ангел і з яго абвясціў міраносцам пра ўваскрэсенне Хрыста. Амбон рабілі з каменю, дрэва, металу, багата дэкарыравалі мармурам. У ранні перыяд хрысціянства ўстанаўлівалі перад алтаром каля балюстрады, што аддзяляла хоры ад нефа, і мелі форму трыбуны з парапетам; з сярэднявечча — каля левага міжнефавага ці цэнтр. слупа, у аднанефавых храмах — на сцяне. У эпоху Адраджэння амбон меў пераважна акруглую ці чатырохгранную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САВЫ КАМЯНІ́,
манументальныя помнікі эпіграфікі 12 ст. на тэр. Беларусі. 7 вял. валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози...». Захаваліся 3: у Маскве ў музеі-запаведніку «Каломенскае», каля Полацкага Сафійскага сабора, у г.п. Друя; астатнія разбураны. Да прыняцця хрысціянства (10 ст.) Барысавы камяні былі язычніцкімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду полацкага кн.Рагвалода Усяславіча (пасля хрышчэння Барыс) у 1-й трэці 12 ст. ў сувязі з ажыўленнем язычніцкіх вераванняў і з мэтай увекавечыць імя князя (гл. таксама Рагвалодаў камень).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБІДУ́Р (Debidour) Антанен (31.1.1847, г. Нантрон, Францыя — 21.2.1917),
французскі гісторык. Кіраваў кафедрамі геаграфіі (з 1879), гісторыі (з 1880), ун-та ў г. Нансі. З 1891 гал. інспектар нар. адукацыі ў Францыі. З 1906 у Парыжскім ун-це (Сарбоне), кіраўнік кафедры гісторыі хрысціянства новага часу. Аўтар прац «Дыпламатычная гісторыя Еўропы ад Венскага да Берлінскага кангрэса (1814—1878)» (т. 1—2, 1891), «Каталіцкая царква і дзяржава ў час Трэцяй рэспублікі (1870—1906)» (т. 1—2, 1906—09) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Дипломатическая история Европы, 1814—1878. Т. 1—2. Ростов н/Д., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ МАРТЭ́Л (Carolus Martellus, ад позналац. martellus молат; каля 688—22.10.741),
маярдом (правіцель) Франкскай дзяржавы [715—741], палкаводзец. Зроду Піпінідаў (пазней наз.Каралінгамі). Сын і пераемнік Піліна Герыстальскага (п. у 714), бацька Піпіна Кароткага, дзед Карла Вялікага. Разбіў сілы знаці Нейстрыі (716—717), што паўстала, герцагаў Аквітаніі і ўладальнікаў Праванса, падпарадкаваў і абклаў данінай зарэйнскія стараж.-герм. плямёны фрызаў (733—734), саксаў, алеманаў, бавараў. Каб прыцягнуць на службу ў сваё войска васалаў, правёў бенефіцыяльную рэформу (замена алода бенефіцыем). У выніку вырашальнай бітвы пры Пуацье (732) спыніў прасоўванне арабаў у Еўропу. Клапаціўся аб асвеце і прапагандзе хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЦКАЕ ПІСЬМО́,
літарнае пісьмо, створанае ў 2 ст. егіпцянамі—перакладчыкамі Бібліі на стараж.-егіп. мову для прапаганды хрысціянства сярод егіпецкага насельніцтва. Складанае і спецыфічнае егіпецкае пісьмо, якім да таго часу карысталіся егіпцяне, было непрыдатным для перакладу іншамоўнага тэксту. У аснову К.п. быў пакладзены грэч. алфавіт: 24 крыху відазмененыя грэч. літары і дададзены 8 знакаў дэматычнага пісьма (спрошчанага егіп.), што перадавалі гукі, для пазначэння якіх не было грэч.літар. З выцясненнем копцкай мовы К.п. выйшла з ужытку і захавалася толькі ў рэліг. тэкстах коптаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫШЭ́ЎСКІ Іван Ігнатавіч (25.7. 1828, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.1.1897),
пісьменнік, гісторык царквы, славяназнавец. Д-р багаслоўя (1873). Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Мінскую духоўную семінарыю (1849) і Кіеўскую духоўную акадэмію (1853). У 1862—97 праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе выкладаў гісторыю Расіі і рус. царквы. Даследаваў пытанні гісторыі царквы ў першыя стагоддзі хрысціянства, гісторыю візант. царквы, царквы зах. і паўд. славян. Быў прыхільнікам агульнаслав. культ. адзінства. Аўтар прац «Творы св. Кірылы Тураўскага з апісаннем яго жыцця» (1878), «Кірыла і Мяфодзій» (1885), «Заходняя Русь у барацьбе за веру і народнасць» (1895) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІРА́ДСЫ (Siemiradzki) Хенрык (Генрых Іпалітавіч; 22.10.1843, с. Печанегі Харкаўскай вобл., Украіна — 23.8.1902),
польскі і расійскі жывапісец, прадстаўнік акадэмізму. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (з 1873), праф. (з 1877). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1864—70), пенсіянер АМ у Мюнхене (1871) і Рыме (1872—77). Жыў пераважна ў Рыме. Аўтар карцін на ант. і раннехрысціянскія сюжэты, якія вызначаюцца майстэрствам кампазіцыі і малюнка, светлым каларытам, дэталёвай распрацоўкай эфектаў сонечнага асвятлення: «Светачы хрысціянства» (1876), «Танец сярод мячоў», «Оргія часоў Тыберыя на востраве Кіпры» (абодва 1881), «Хрыстос у Марфы і Марыі» (1886), «Фрына на свяце Пасейдона ў Элеўсіне» (1889) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛО́ДВІГ I (Chlodwig; каля 466—27.11.511),
кароль салічаскіх франкаў з 481 (пазней — усяго Франкскага каралеўства). З дынастыі Меравінгаў. У 486 пашырыў уладанні салічаскіх франкаў да р. Луара, што стала зыходным этапам стварэння Франкскай дзяржавы. Заваяваў большасць зямель алеманаў (496), выгнаў з Паўд. Галіі вестготаў (507), падпарадкаваў франкаў, што жылі па сярэднім цячэнні Рэйна. Умацаваў каралеўскую ўладу. У 496 прыняў хрысціянства ў артадаксальнай форме (інш.герм. плямёны прытрымліваліся арыянства), што спрыяла ўмацаванню яго ўлады, забяспечвала яму падтрымку духавенства і добразычлівыя адносіны гала-рымскага насельніцтва. Сваёй рэзідэнцыяй зрабіў Парыж. Пры Х. запісана Салічаская праўда.