ПАРКІНСО́НА ХВАРО́БА, дрыжальны параліч,

хранічная хвароба галаўнога мозга чалавека, якая прагрэсіруе. Праяўляецца дрыжаннем, экстрапіраміднай рыгіднасцю і інш. Апісаў англ. ўрач Дж.​Паркінсан у 1817 г. Дрыжанне пачынаецца з адной канечнасці (часцей верхняй), потым пераходзіць на другую, пашыраецца на галаву, язык і губы; павялічваецца пры хваляванні. Назіраецца скаванасць, запаволены тэмп рухаў хворага, рэдкае міганне, неадпаведнасць рухаў рук пры хадзе. Тыповая поза хворага на П.х. — сагнутая («поза прасіцеля»), Лячэнне: тэрапеўт., хірургічнае.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЧАКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,

хранічная хвароба мачавой сістэмы чалавека і жывёл, якая характарызуецца парушэннем абмену рэчываў з утварэннем у нырках і мачавых шляхах камянёў з солей мачы ці бялковых. Найб. частая форма М.х. — нырачнакамянёвая хвароба. У чалавека камяні часцей бываюць у правай нырцы, у 15—20% хворых на М.х. — у абедзвюх нырках. Прыкметы залежаць ад месца знаходжання камянёў, напр., камяні нырак выклікаюць тупы ныючы боль у паяснічнай вобласці ці нырачнае калаццё, моташнасць, ірвоту, павышэнне т-ры; камяні мачавога пузыра — раздражненне і запаленне мачавога пузыра, рэзі пры мочаспусканні, дамешкі крыві ў мачы. Ускладанне М.х. — анурыя, пры якой у арганізме назапашваюцца ядавітыя прадукты абмену рэчываў, што вядзе да развіцця урэміі. Лячэнне: тэрапеўтычнае, комплекснае, санаторна-курортнае, хірургічнае, дыета. У жывёл на М.х. хварэюць коні, буйн. раг. жывёла, авечкі, радзей сабакі, пушныя звяры і птушкі.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Хвароба Іцэнкі-Кушынга 3/488, 489

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕУ́ЦКАЯ ХВАРО́БА норак, вірусны плазмацытоз,

хранічная кантагіёзная вірусная хвароба норак і трусоў. Пашырана ў Паўн. Амерыцы і Еўропе. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус, няўстойлівы ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца аліментарным, унутрывантробным шляхам і праз скуру пры ўкусах. Перадаецца праз кармы, прадметы догляду, мяса хворых жывёл. Прыкметы: прагрэсіўнае пахудзенне, крывацёк з носа і рога, смага, запаленне нырак і печані. У халодны перыяд смяротнасць звяроў да 90%. Імунітэт не выпрацоўваецца. Інкубацыйны перыяд ад 10—15 сутак да некалькіх месяцаў.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРАЦЫ́ЙНАЯ ХВАРО́БА,

прафесійная хвароба, якая развіваецца пры сістэматычным працяглым уздзеянні вібрацыі. Асн. клінічныя выявы — змены ў перыферычнай сасудзістай сістэме, касцёва-сустаўным і нервова-мышачным апараце. Пры мясц. уздзеянні вібрацыі (напр., на рукі) адзначаецца боль у кісцях (часцей ноччу), пабяленне пальцаў на холадзе, аняменне і зябкасць рук, болі ў паясніцы і ў вобласці сэрца, паніжэнне адчувальнасці ў руках (часам і ў нагах). Пры агульным уздзеянні вібрацыі выяўляюцца слабасць, хуткая стамляльнасць, галаўны боль, дрэнны сон, раздражняльнасць, парушэнні, звязаныя з дзейнасцю мозга і вестыбулярнага апарату. Лячэнне: вітаміны, фізіятэрапеўтычнае і курортнае, лячэбная гімнастыка.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮКА́СЛСКАЯ ХВАРО́БА, псеўдачума птушак,

высоказаразная інфекц. хвароба птушак, якая пашкоджвае пераважна ц. н. с., органы стрававання і дыхання. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам з роду параміксавірусаў. Хварэюць пераважна курападобныя (часцей куры), таксама галубы, вераб’і, шпакі і некат. інш., найб. — маладняк. Крыніца інфекцыі — хворыя і вірусаносьбіты. Заражэнне праз слізістыя абалонкі вачэй, дыхальных шляхоў, страўнікава-кішачнага тракту з паветрам, кормам, вадой. Цячэнне маланкавае (без выяўленых сімптомаў), вострае, падвострае ці хранічнае. Праяўляецца прыгнечанасцю, высокай т-рай, паносам, паралічамі, запаленнем, множнымі дробнымі кровазліццямі ва ўнутр. органах і інш., птушкі часта гінуць. Апісана і ў чалавека (з катарам верхніх дыхальных шляхоў, кан’юнктывітам, ацёкам павекаў і твару).

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎНА ХВАРО́БА,

храмасомная хвароба, пры якой адставанне ў разумовым і фіз. развіцці спалучаецца са своеасаблівым вонкавым выглядам хворых і недастатковасцю функцый залоз унутр. сакрэцыі (найчасцей шчытападобнай залозы). Апісана англ. урачом Л.​Даўнам у 1866. У хворых на Д.х. колькасць храмасом у клетках 47 замест 46 (3 замест 2 храмасом 21-й пары). Прыкметы: паменшаныя памеры галавы, вузкія вочныя шчыліны, косы разрэз вачэй, скурныя складкі каля ўнутр. вуглоў вачэй, плоскі твар са скулавымі дугамі, кароткі нос з шырокім пераноссем, дэфармаваныя вушы, тоўсты язык, рэдкія зубы, паўадкрыты рот. Ужо на першым годзе жыцця назіраецца адставанне ў развіцці псіхікі (гл. Алігафрэнія) і рухальных навыкаў. Дзеці пазней пачынаюць сядзець і хадзіць; тонус іх мышцаў парушаны, аб’ём рухаў у суставах павялічаны, палавыя органы недаразвітыя. Лячэнне малаэфектыўнае. Навучанне ў спец. школах.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКАЯ ХВАРО́БА,

захворванне, што ўзнікае ад дэфіцыту сонечнай энергіі, неабходнай для сінтэзу ў арганізме чалавека і жывёл вітаміну D. Пры першым апісанні ўрачы звязалі яе з вял. воблачнасцю над Брытанскімі а-вамі, асабліва над Лонданам (адсюль назва). Садзейнічае ўзнікненню англійскай хваробы таксама смог, які памяншае празрыстасць атмасферы (назіраецца над буйнымі гарадамі і прамысл. цэнтрамі).

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гемалітычная хвароба нованароджаных 3/420, 421; 4/411; 9/248

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Іцэнкі-Кушынга хвароба 5/184; 7/376, гл. Гіпофіза хваробы

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)