АМО́ГРАФЫ [ад гама... + ...граф(ы)],

словы або іх формы, якія аднолькава пішуцца, але адрозніваюцца гучаннем (націскам) і значэннем. Напр.: «ка́са—каса́», «а́тлас—атла́с», «му́ка—мука́». Амографы можна адрозніць толькі ў кантэксце.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГО́ТЫКА (ад неа... + готыка),

умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераасэнсоўваў гіст. формы стылю готыкі ў рэчышчы стылю мадэрн.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАДО́ЎКА,

адмова ад ежы ў знак пратэсту супраць дзеянняў улад або ў падмацаванне патрабаванняў да іх; адна з формаў барацьбы зняволеных і тых, хто вычарпаў інш. формы пратэсту.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙКА, маслабойка,

бандарны выраб; у беларусаў і інш. слав. народаў пасудзіна для збівання масла. Найчасцей — вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, а да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка).

Такой жа формы бойкі выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі. На Палессі былі вядомы бойкі цыліндрычнай формы гарызантальнага профілю (у выглядзе 2-доннай бочачкі, у якой было «акенца» з засаўкай); масла збівалі вярчэннем ручкі, што прыводзіла ў рух лопасці. Бойкі бытуюць і ў наш час.

В.​С.​Цітоў.

Бойкі вертыкальнага і гарызантальнага профілю.

т. 3, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́НКА,

1) наданне ювелірнаму каменю шліфаваннем ці паліраваннем геаметрычна правільнай ці асіметрычнай формы мнагагранніка для ўзмацнення яго бляску і зіхацення.

2) Спалучэнне розных па форме і памерах граняў, нанесеных на паверхню каменю. Тыпы агранкі: ружай (ад 12 да 72 граняў), паўбрыльянтавая (ад 12 да 32), брыльянтавая (ад 48 да 240 і болей), ступеньчатая, клінамі, мяшаная, кабашонам (гладкае шліфаванне). Класічны від брыльянтавай агранкі — 56 граняў.

3) Сукупнасць граняў прыроднага хрусталю — натуральная агранка мінералу.

Віды і формы брыльянтавай агранкі з колькасцю граняў 56 (1, 6—8), 100 (2), 72 (3, 5) і 240 (4).

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КІ (ад грэч. kokkos зерне),

бактэрыі шарападобнай формы. Тэрмін «К.» выкарыстоўваюць для апісання формы мікраарганізмаў, таксанамічнага значэння не мае. Пашыраны ў глебе, паветры, харч. прадуктах і інш. Найб. вядомыя аэробныя К. — Micrococcus, анаэробныя — Peptococcus, Pediococcus.

Клеткі дыяметрам 0,5—4 мкм, нерухомыя. Пераважна грамстаноўчыя. Адзіночныя К. адносяцца да мікракокаў. У залежнасці ад напрамку дзялення ўтвараюць пары клетак — дыплакокі, ланцужкі — стрэптакокі. Пры дзяленні ў двух узаемнаперпендыкулярных напрамках узнікаюць плоскія «табліцы», у трох — кубічныя пакеты — сарцыны. Хаатычнае дзяленне з утварэннем гронкападобнай масы ўласціва стафілакокам. Некат. віды (малочнакіслыя стрэптакокі) выкарыстоўваюць у харч. прам-сці. Патагенныя стрэптакокі і стафілакокі выклікаюць гнойныя захворванні.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЯ́ЧКА,

гліняная пасудзіна, якая са стараж. часоў выкарыстоўвалася ў ювелірнай справе для разліўкі расплаўленых каляровых металаў. Узнікла ад тыгля з ручкай. 3 развіццём ювелірнай справы ўдасканальвалася. Паводле формы падзяляюцца на лыжкападобныя з закрытым верхам і масіўнай утулкавай ручкай (11 ст.), выцягнутая закрытая пасудзіна авальнай формы з дзвюма круглымі адтулінамі і ручкай (11—12 ст.), моцнапаглыбленая лыжка з плаўным пераходам корпуса ў ручку (13—14 ст.). Ва ўсх.-слав. гарадах 11—14 ст. знойдзена больш за 150 Л. На Беларусі знойдзены ў Віцебску, Гродне, Лукомлі, Навагрудку і інш.

Л.​У.​Калядзінскі.

Льячкі. 12—13 ст. Гродна.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАДАЛО́ГІЯ І ТЭО́РЫЯ ЛІТАРАТУ́РЫ,

раздзел літаратуразнаўства. Метадалогія выпрацоўвае метады і агульныя прынцыпы вывучэння л-ры. Тэорыя літаратуры даследуе прыроду і грамадскую функцыю літ. творчасці, асаблівасці вобразнага адлюстравання рэчаіснасці, структуру ліг.-маст. твора, літаратурны працэс; аналізуе своеасаблівасць л-ры як асобнай формы духоўнай дзейнасці людзей; вывучае спецыфіку маст. л-ры (асаблівасці зместу і формы), прыроду жанравых форм і іх адметнасць; вызначае асаблівасці маст. метадаў, плыней і кірункаў; распрацоўвае пытанні стылістыкі, вершаскладання і інш. Некаторыя даследчыкі разглядаюць метадалогію літ.-знаўства як асобную навук. дысцыпліну. Пра развіццё М. і т.л., у т. л. на Беларусі, гл. ў арт. Літаратуразнаўства.

т. 10, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУ́ШНІК, шыльнік (Isoëtes),

род дзеразападобных раслін сям. палушнікавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах. На Беларусі рэдкі атлантычна-еўрап. рэліктавы від — П. азёрны (I. lacustris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца пад вадой на глыб. 40—250 см (водныя формы), у вільготных мясцінах і часовых вадаёмах (наземныя і земнаводныя формы).

Вечна-, зімне- і летнезялёныя шматгадовыя расліны выш. 5—20 см. Лісце шылападобнае (адсюль другая і нар. назвы шыліца), цвёрдае, размешчана спіральна. Спарангіі круглаватыя ці авальныя, знаходзяцца каля асновы ліста (спарафіла) і ўкрыты перапончатым пакрывалам. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Палушнік азёрны.

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЧНА-ПЫ́РНІКАВЫЯ ГІБРЫ́ДЫ,

расліны, атрыманыя скрыжаваннем пшаніцы з пырнікам. Першае скрыжаванне правёў у 1930-я г. М.В.Цыцын з мэтай стварэння больш дасканалых форм пшаніцы. Атрыманы П.-п.г. шмат- і аднагадовыя, зерневага і кармавога кірункаў. Лепшыя аднагадовыя зернекармавыя формы па ўраджаі сена перавышаюць азімае жыта на 45—55%, віка-аўсяную сумесь на 25—35%. Шматгадовыя зернекармавыя гібрыды (новы 56-храмасомны від) вызначаюцца высокай устойлівасцю супраць грыбковых хвароб і маразоў. Шматкветныя і шматзерневыя галінастакаласовыя формы (42-храмасомны від) даюць зерне з высокімі хлебапякарнымі якасцямі, марозаўстойлівыя. На Беларусі вырошчвалі ў 1960-я Г.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)