ХІ́ГЕР (Heeger) Алан Джэй (н. 22.1.1936, г. Сіу-Сіці, ЗША),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (2001), Нац.інж. акадэміі ЗША (2002). Бацька нарадзіўся ў Віцебску. Скончыў ун-т штата Небраска ў г. Омаха (1957) і Каліфарнійскі ун-туг. Берклі (1961). З 1962 у Пенсільванскім ун-це (з 1967 праф.), з 1982 у Каліфарнійскім ун-це ў г. Санта-Барбара. Адначасова з 1990 у карпарацыі «Юнякс» (прэзідэнт, з 1994 навук. кіраўнік і старшыня савета дырэктараў). Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, фізіцы металаў, фізіцы і хіміі палімераў. Разам з А.Мак-Дыярмідам (гл.Дадатак) і Х.Шыракавай адкрыў новы тып матэрыялаў — электраправодныя палімеры з высокай удзельнай праводнасцю (1977), што прывяло да стварэння і практычнага выкарыстання палімераў з эл. і аптычнымі ўласцівасцямі паўправаднікоў і металаў. Нобелеўская прэмія 2000 (з Мак-Дыярмідам і Шыракавай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯКамітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь,
ведамасны каардынацыйны, навук.-метадычны і публікатарскі цэнтр у галіне археаграфіі. Створана паводле пастановы Дзярж.к-та па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь ад 28.10.1999. Камісія прадаўжае традыцыі арганізацыі археагр. працы Віленскай археаграфічнай камісіі (1864—1915), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (1909—19), Археагр. камісіі Інбелкульта (1920-я г.). Базавая ўстанова камісіі — Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДІ ДАС). У склад камісіі ўваходзяць прадстаўнікі дзярж., н.-д. устаноў, ВНУ, архіваў, музеяў, бібліятэк, грамадскіх арг-цый (усяго 49 чал., у т. л. 11 д-роў і 22 канд. навук). Дзейнасцю яе кіруе бюро з 5 чал., у 1999—2001 старшыня Р.П.Платонаў. Пад грыфам А.к. і БелНДІ ДАС выдадзены шэраг навук. прац, з 2000 выдаецца «Беларускі археаграфічны штогоднік» (гл.Дадатак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРО́ДНЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася з 7(19).1.1838 да 31.7(13.8).1915 у Гродне на рус. мове. Перыядычнасць мянялася (1, 2, 4 разы на тыдзень, штодзённа). Мела афіц. і неафіц. (да 1856 выходзіла як дадатак да афіцыйнай) часткі, у 1899 яны аб’яднаны ў адно выданне. У 1903—06 неафіц. частка выходзіла як асобнае выданне. Змяшчала пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясцовых улад, матэрыялы па археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, стат. інфармацыю, артыкулы па сельскай гаспадарцы, адукацыі. Друкавала даследаванні М.А.Дзмітрыева, А.Я.Багдановіча, М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава і інш.
Сярод публікацый: «Гістарычныя звесткі аб г. Брэст-Літоўску І.Крашэўскага» (1845); «Кароткае гістарычнае паведамленне аб горадзе Гродна» (1847), «Мястэчка Бездзеж [Гродзенскай губ.]» Ф.Стаўровіча (1867); «Старажытныя будынкі, помнікі даўніны і навейшага часу ў Гродзенскай губерні» Л.Саланевіча (1902) і інш.
газета. Выдавалася ў ліст.—снеж. 1792 у Гродне на польск. мове 2 разы на тыдзень. Орган Таргавіцкай канфедэрацыі, другое пасля «Газэты Гродзенскай» перыяд. выданне на тэр. Беларусі. Друкавалася ў гродзенскай друкарні, хоць на старонках вядомых нумароў (захоўваюцца ў б-цы Ін-та літ. даследаванняў Польскай АНу Варшаве) адсутнічае інфармацыя пра выдаўца і друкарню. Змяшчала мясц. інфармацыю, якая ішла з рэгіёна Гродна і датычылася дзейнасці Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў (польск. і літ. канфедэрацыі таргавічан). Мела 2 раздзелы: «Генеральная сесія вольных абодвух з’яднаных народаў» (друкаваліся універсалы Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў) і «Правінцыйная сесія літоўскага народу» (універсалы і распараджэнні, рэкамендацыі, ухваленыя на пасяджэннях Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ). Акрамя афіц. матэрыялаў публікавала паведамленні, звязаныя з дзейнасцю канфедэрацыі. Кожны нумар меў дадатак фармату газеты (ін-кварта).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗНЯ́К Аляксандр Якаўлевіч (29.12.1912, с. Баяркіна Маскоўскай вобл. — 7.7.1974),
савецкі авіяканструктар; адзін са стваральнікаў сав. рэактыўнай авіяцыі і крылатых ракет. Д-ртэхн.н. (1968). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1973). Скончыў Маскоўскі авіяц.ін-т (1938). З 1943 на кіруючых пасадах успец.НДІ і КБ. У 1941 сумесна з А.М.Ісаевым (гл.Дадатак) сканструяваў першы сав. знішчальнік БІ-1 з вадкасна-рэактыўным рухавіком. У 1950—70-я г. пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле створана і перададзена ў серыйную вытв-сць сям’я крылатых ракет розных класаў і тыпаў базіравання для марской і далёкалётнай авіяцыі. Ленінская прэмія 1961. Дзярж. прэмія СССР 1970. Яго бюст устаноўлены ў г. Дубна (Расія), імем Б. названы пік на Зах. Паміры.
Літ.:
А.Я.Березняк. Жизнь и деятельность. Дубна, 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЙ ВЕ́СТНИК»,
газета. Выдавалася з мая да снеж. 1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Мела нядзельны ілюстраваны дадатак. Была неафіц. органам герм.акупац. улад, але выразнага паліт. або ідэалаг. кірунку не мела. Змяшчала дырэктыўныя матэрыялы герм. камандавання 10-й арміі, гар. камендатуры і інш., якія датычыліся мясц. насельніцтва і ваеннапалонных. З № 208 ад 13 ліст. выдавалася пад кантролем Савета салдацкіх дэпутатаў 10-й арміі. Асвятляла гасп. і культ. жыццё горада. Мела аддзелы аб’яў, рэкламы і пошты. Значнае месца адводзіла дзейнасці ўрада БНР і органаў мясц. самакіравання. Матэрыялы рас. і міжнар. жыцця досыць аб’ектыўна асвятлялі сутнасць тагачасных падзей. З сярэдзіны ліст. ў сувязі з рэвалюцыяй у Германіі павялічыўся аб’ём матэрыялаў пра захады розных грамадска-паліт. сіл па фарміраванні новых органаў улады на Беларусі. Спыніла існаванне пасля эвакуацыі герм. войск і прыбыцця ў Мінск часцей Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧЫРВО́НАЯ ЗМЕ́НА»,
маладзёжная газета, орган Бел.рэсп. саюза моладзі. Выдаецца з 21.4.1921 у Мінску на бел. мове, да 6.4.2002 выходзіла 4—5 разоў на тыдзень, з 23.4.2002 выходзіць як дадатак да газеты «Звязда» раз у тыдзень.
У 1921—24 і 1925 [па № 18 (166)] выдавалася на рус. мове пад назвай «Красная смена», у 1925—26 на бел. і рус. мовах. УВял.Айч. вайну з 1943 да ліп. 1944 выходзіла як орган ЦК і Мінскага падп. абкома ЛКСМБ.
Асвятляе пытанні дзярж. маладзёжнай палітыкі. Публікуе аналіт. матэрыялы па праблемах адукацыі, маралі і права, экалогіі, гісторыі Беларусі, рэпартажы пра найб. значныя падзеі і дасягненні моладзі ў культ. і спарт. жыцці краіны, інтэрв’ю з дзярж. і культ. дзеячамі. Асн. тэматычныя рубрыкі і раздзелы: «Новыя павевы», «Соцыум», «Прафесіяналы», «Свая справа», «Студгарадок», «Пакаленне NEXT» і інш. Пры газеце працавала літ. аб’яднанне «Крыніцы» (да 2002), у 2001 створаны Клуб юнага журналіста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГІЛЁЎСКАЯ ПРА́ЎДА»,
абласная грамадска-паліт. газета. Выдаецца з 10(23).1.1918 у Магілёве. Выходзіць 2 разы на тыдзень на бел. і рус. мовах. У 1918 (№ 1—10) наз. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов», з № 11 «Известия Могилевского губернского исполнительного комитета Советов крестьянских и рабочих депутатов», уліст.—снеж. — «Известия Могилевского губернского революционного комитета». Усак.—кастр. 1918 у час акупацыі Магілёва ням. войскамі не выходзіла. Са студз. 1919 наз. «Соха и молот», з 10.10.1924 — «Магілёўскі селянін», з ліст. 1929 да 1941 — «Камунар Магілёўшчыны». УВял.Айч. вайну выходзіла ў падполлі пад назвай «За Радзіму» як орган Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б (№ 1 выйшаў 24.3.1943). З 12.8.1956 наз. «Магілёўская праўда». Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця вобласці, рэспублікі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях культуры, л-ры і мастацтва. З 1984 мае штотыднёвы дадатак «Днепровская неделя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́БСТЭРА СЛО́ЎНІКІ,
тлумачальныя слоўнікі англ. мовы, якія выдаваліся і перавыдаюцца ў ЗША. Першы з іх «Амерыканскі слоўнік англійскай мовы» (т. 1—2, 1828; 2-е дапрацаванае выд. 1841) выдаў амер. лексікограф Н.Уэбстэр. У 1843 пасля яго смерці выдавецкія правы набылі Дж. і Ч.Мерыям і ў 1847 выпусцілі 1-ы поўны слоўнік выд-ва «Мерыям-Уэбстэр» у серыі такіх даведнікаў. Сярод іх: «Поўны амерыканскі слоўнік англійскай мовы» (1864), «Міжнародны слоўнік Уэбстэра» (1890), «Новы міжнародны слоўнік Уэбстэра» (1909; 2-е выд. 1934; 3-е выд. 1961). Выключным па аб’ёме (больш за 450 тыс. слоў) і навук. якасці стаў тлумачальны «Трэці новы поўны міжнародны слоўнік англійскай мовы Уэбстэра» (1961; перавыдаваўся 6 разоў; у перавыданне 1993 уключаны «Дадатак»). На базе гэтага даведніка кампанія «Мерыям-Уэбстэр» выпускае серыю англамоўных слоўнікаў меншых памераў, у т. л. «Універсітэцкі слоўнік Уэбстэра» (9-е выд. 1983), «Слоўнік англійскага словаўжывання Уэбстэра» (1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЯЛО́ЎСКІ Сцяпан Барысавіч (16.9.1876, Масква — 23.1.1952),
рускі і сав. гісторык. Акад.АНСССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). З 1907 чл.Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх, інш.навук. т-ваў. З 1912 супрацоўнік Маскоўскага археал. ін-та. Праф. Маскоўскага ун-та (1917—25), Гісторыка-архіўнага ін-та (1938—41) і інш. З 1936 у Ін-це гісторыі АНСССР. З 1903 вывучаў архіўныя дакументы па сац.-эканам. гісторыі Расіі 17 ст. Выдаў кн. «Сошнае пісьмо. Даследаванне па гісторыі кадастру і пасошнага абкладання Маскоўскай дзяржавы» (т. 1—2, 1915—16) і дадатак да яе «Акты пісцовай справы» (т. 1—2, 1913—17). Займаўся паліт. гісторыяй Расіі канца 15 — пач. 17 ст., крыніцазнаўствам і інш. дапаможнымі гіст. дысцыплінамі, падрыхтоўкай да выдання актаў і інш. крыніц.
Літ.:
Кобрин В.Б., Аверьянов К.А. С.Б.Веселовский: Жизнь, деятельность, личность. М., 1989.