спалучэнне тоесных або блізкіх паводле значэння слоў, з якіх адно ці некалькі лагічна лішнія. Напр., «свая аўтабіяграфія» (паняцце «свая» ўваходзіць у слова «аўтабіяграфія»), «свабодная вакансія» (слова «вакансія» абазначае «незамешчаная пасада, свабоднае месца ў штаце якой-н. установы»). Такія словазлучэнні не адпавядаюць літ. норме бел. мовы. Выкарыстанне П. апраўдана, калі спалучэнне аднолькавых ці блізкіх па сэнсе слоў служыць стылістычным сродкам і надае мове большую выразнасць ці пераканаўчасць («бачыць на свае ўласныя вочы»), а таксама калі ён выступае як стылістычная фігура, што надае мове маст. вобразнасць («Паляці, мая мысль, лёгкім сокалам і прагледзь гэты свет кругом-вокалам». Я.Купала). У фразеалагічных словазлучэннях П. не лічыцца стылістычнай памылкай. Падобны П. — частая з’ява ў нар.паэт. творчасці («ні роду, ні племені»). Да П. адносяцца і эпітэты, што не пашыраюць уяўлення пра пэўную з’яву, прадмет («чорная сажа»). Словазлучэнні, у якіх азначэнне ўдакладняе паняцце, не лічацца інфарматыўна лішнімі і не супярэчаць нормам сучаснага словаўжывання («практычны вопыт», «рэальная рэчаіснасць»). Крайнім выражэннем П. з’яўляецца таўталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКЗА́Л (ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),
будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).
На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзал ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл.Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).
узнагароды Вярхоўнага Савета Беларусі. Упершыню ўведзены Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 20.11.1938. Палажэнне аб Ганаровай грамаце і Грамаце Вярх. Савета БССР зацверджана 30.10.1969. Паводле яго Прэзідыум Вярх. Савета БССР узнагароджваў Ганаровымі граматамі і Граматамі рабочых, калгаснікаў, служачых, інж.-тэхн. работнікаў, дзеячаў навукі, літаратуры і мастацтва, ваеннаслужачых, а таксама прадпрыемствы, калгасы, установы і арг-цыі, прац. калектывы, вайсковыя часці і злучэнні, раёны, сельсаветы, гарады і інш. за поспехі ў развіцці нар. гаспадаркі, навукі і культуры, у вытв., навук. і грамадскай дзейнасці, высокія паказчыкі ў баявой падрыхтоўцы і інш. заслугі.
Прэзідыум Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь прыняў 2.8.1994 Пастанову і Палажэнне пра заснаванне Ганаровай Граматы Прэзідыума Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь і спыненне ў далейшым узнагароджання раней устаноўленымі граматамі Вярх. Савета. У адпаведнасці з Палажэннем Ганаровая грамата Прэзідыума з’яўлялася заахвочваннем за заслугі ў дзярж., гасп., сац.-культ. будаўніцтве і ўмацаванні абараназдольнасці Беларусі. Ганаровай граматай узнагароджваліся грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама асобы, якія не з’яўляліся яе грамадзянамі. Узнагароджанне праводзілася Прэзідыумам Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Са спыненнем дзейнасці Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь 27.11.1996 як форма ўзнагароды перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ УЛА́СНАСЦІ,
злачынствы, накіраваныя супраць уласнасці ўсіх форм; выяўляюцца ў пасяганні на маёмасць уласніка. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.у. адносяцца: раскраданне маёмасці шляхам крадзяжу, рабавання, разбою, махлярства, прысвойвання і растраты, завалодання маёмасцю шляхам злоўжывання службовым становішчам; прычыненне маёмаснай шкоды шляхам падману ці злоўжывання даверам, парушэнне правіл карыстання энергіяй або газам у быце, вымаганне маёмасці, прысваенне знойдзенай маёмасці; наўмыснае або неасцярожнае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці (у т. л. падпал, вынікам якога сталі чалавечыя ахвяры, вял. страты, знішчэнне або значнае пашкоджанне лясных масіваў); нядобрасумленныя адносіны да аховы маёмасці, вынікам чаго з’явіліся яе раскраданне, пашкоджанне або знішчэнне ў буйных памерах. Пакаранне за такія злачынствы залежыць ад памераў матэрыяльнай шкоды, прычыненай уласніку, і шэрагу інш. акалічнасцей, якія адносяцца да асобы злачынцы (паўторнасць учыненага злачынства, папярэдняя змова групы асоб, насілле над пацярпелым, ранейшыя судзімасці за падобныя злачынствы і да т.п.). Напр., выкраданне маёмасці ў асабліва буйных памерах цягне за сабой пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў; доўгатэрміновае пазбаўленне волі прадугледжана заканадаўствам пры наяўнасці вышэйадзначаных акалічнасцей; дробнае выкраданне маёмасці прадпрыемства, установы, арг-цыі, учыненае ўпершыню, падлягае адм. адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ІНСПЕ́КЦЫІ,
спецыяльныя дзярж. органы, якія ажыццяўляюць функцыі нагляду і кантролю за выкананнем прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі, службовымі асобамі і грамадзянамі пэўных правіл, устаноўленых прававымі актамі: санітарных, ветэрынарных, проціпажарных, правіл гандлю, рыбнай лоўлі, руху аўтамотатранспарту, тэхнікі бяспекі і да т.п. У Рэспубліцы Беларусь Дз.і. з’яўляюцца самаст. сістэмамі органаў або ўключаюцца ў сістэму мін-ва ці дзярж.к-та (напр., гандл. інспекцыя, дзярж. аўтаінспекцыя і інш.). Кантрольныя і наглядальныя паўнамоцтвы Дз.і. пашыраюцца на ўсе прадпрыемствы, установы і арг-цыі, незалежна ад іх ведамаснай падначаленасці. Службовыя асобы Дз.і. правамоцныя наведваць аб’екты, якія кантралююць, патрабаваць прад’яўлення неабходных дакументаў, праводзіць праверкі, ужываць у неабходных выпадках меры адм. ўздзеяння (забараніць або абмежаваць эксплуатацыю аб’екта, прыпыніць работы, адхіліць асобу ад работы, накласці штраф, вынесці папярэджанне і г.д.). На Беларусі дзейнічаюць Дз.і.: у галіне выкарыстання паліўна-энергет. і інш. матэрыяльных рэсурсаў; у галіне фінансаў, буд-ва, гандлю, санітарыі, стандартызацыі, па ахове нетраў, каранціне раслін, якасці прадукцыі, па котланаглядзе, рыбаахове, прабірным наглядзе і інш. У функцыі тэхн. і сан. Дз.і. уваходзіць таксама выдача дазволаў на пуск у эксплуатацыю прамысл. прадпрыемстваў. іх цэхаў і інш. аб’ектаў.
Разам з Дз.і. дзейнічаюць тэхн. інспекцыі працы і прававая інспекцыя працы прафсаюзаў, на якіх ускладзены кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і правіл па ахове працы і тэхнікі бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у Мсціславе: у 1690—1711 місія (першая спроба заснаваць місію была зроблена, паводле некат. звестак, у 1616 мсціслаўскім старостам П.Пацам па загадзе караля Жыгімонта III), у 1711—79 рэзідэнцыя, у 1779—1820 калегіум. У 1691 пры місіі адкрыта ніжэйшая школа. Пасля пераўтварэння школы ў калегіум яго праграма набыла характар сярэдняй навуч.установы, выкладаліся таксама франц., ням. і рус. мовы. У 1725 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, у 1740 — аптэка, меліся канвікт (пансіён) і б-ка. Першыя драўляныя будынкі не захаваліся. У 1730—48 пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела — 3-нефавая мураваная базіліка з трансептам і 2-вежавым гал. фасадам. Цэнтр. неф завершаны масіўнай паўкруглай алтарнай апсідай. 2-ярусныя крылы трансепта ўрэзаны ў высокія бакавыя нефы. Гал. фасад падзелены на 2 ярусы вузкім карнізам і завершаны развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры і чацверыковымі вежамі па баках (верхнія ярусы не зберагліся); (у касцёле знаходзіўся абраз Маці Божай, які лічыўся цудатворным). У 1764—79 пабудаваны (у 1796 рэканструяваны) 2-павярховы прамавугольны ў плане навуч. корпус, які прылягаў да касцёла з Пд з боку апсіды. У 1820 калегіум закрыты. Будынкі захаваліся. Цяпер тут школа-інтэрнат для глухіх дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХГА́ЛТАРСКІ ЎЛІК,
сістэма суцэльнага і безупыннага дакументальнага адлюстравання ў грашовай форме інфармацыі аб кругаабароце капіталу ў працэсе гасп. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі і інш.юрыд. асоб; адзін з відаў гасп. ўліку, важная функцыя ў кіраванні вытворчасцю. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і нац. стандартамі рахункаводства ўсімі юрыд. асобамі незалежна ад іх арганізацыйна-прававога статуса і формаў уласнасці з моманту ўтварэння і да ліквідацыі. Фіз. асобы (прадпрымальнікі) вядуць улік і даюць фін. справаздачу ў адпаведнасці з патрабаваннямі падатковага заканадаўства. Бухгалтарскі ўлік выконвае 2 асн. функцыі — інфармацыйную (своечасовае, поўнае і аб’ектыўнае інфармаванне службы кіравання пра ход і вынікі гаспадарання) і кантрольную (кантроль за захаванасцю маёмасці прадпрыемства, рацыянальным і эфектыўным выкарыстаннем яго сродкаў, адпаведнасцю гасп. аперацый заканадаўству, статуту прадпрыемства і інш. прававым дакументам). Аб’екты бухгалтарскага ўліку: сродкі прадпрыемства (актывы), крыніцы фінансавання (пасівы), гасп. аперацыі і працэсы, у выніку якіх адбываецца рух (кругаабарот) капіталу. Для адлюстравання гэтага бухгалтарскі ўлік выкарыстоўвае натуральныя (колькасныя) і грашовыя вымяральнікі; з дапамогай апошніх дасягаецца абагульняльная характарыстыка разнародных аб’ектаў у грашовавартасным выражэнні. На кожную асобную гасп. аперацыю (ці іх аднародную групу) складаецца дакумент — носьбіт інфармацыі (афіцыйны бланк пэўнай формы). Каб забяспечыць аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі, дакументацыю дапаўняюць інвентарызацыяй. Дакументальна аформленыя гасп. аперацыі і вынікі інвентарызацый адлюстроўваюць на рахунках — спец. двухбаковых табліцах, дзе левая частка — дэбет, правая — крэдыт. Кожную гасп. аперацыю запісваюць у аднолькавай суме ў дэбет аднаго і крэдыт другога рахунка (спосаб двайнога запісу). Узаемасувязь паміж рахункамі наз. карэспандэнцыяй, для адлюстравання якой складаецца ўраўненне гасп. аперацыі, ці праводка, дзе ўказваецца сума, якая адносіцца ў дэбет і крэдыт. Рахункі бухгалтарскага ўліку бываюць актыўныя (улічваюць гасп. сродкі: па дэбеце — паступленне, ці павелічэнне, па крэдыце — іх выбыццё, ці памяншэнне; маюць толькі дэбетавае сальда), пасіўныя (улік крыніц фінансавання сродкаў: астатак і павелічэнне запісваюцца ў крэдыт, памяншэнне — у дэбет) і аперацыйныя (улічваюць асн.гасп. працэсы і фін. вынікі). Адрозніваюць таксама рахункі сінтэтычныя (агульны ўлік гасп. аб’ектаў па аднародных групах толькі ў грашовым выражэнні) і аналітычныя (дэталізуюць змест сінтэтычных рахункаў па асобных відах сродкаў і крыніц фінансавання ў вартасным і ў колькасным выражэнні). Адпаведна бываюць аналітычны ўлік і сінтэтычны ўлік, на аснове звестак якіх складаюцца бухгалтарскі баланс (гл. ў арт.Баланс у эканоміцы) і інш. формы справаздачнасці.
Існуюць розныя формы бухгалтарскага ўліку: журнальна-ордэрная, мемарыяльна-ордэрная, аўтаматызаваная, спрошчаная (гл.Рахункі бухгалтарскага ўліку). Выбар формы бухгалтарскага ўліку залежыць ад узроўню яго аўтаматызацыі і цэнтралізацыі, памераў прадпрыемства і інш. Адказнасць за арганізацыю бухгалтарскага ўліку, стварэнне ўмоў для правільнага яго вядзення, захоўвання бухгалтарскіх дакументаў, уліковых рэгістраў і справаздачнасці нясе кіраўнік прадпрыемства (установы). Узначальвае службу бухгалтарскага ўліку гал. бухгалтар ці асоба, якая яго замяняе. Метадалагічнае кіраванне сістэмай бухгалтарскага ўліку на Беларусі ажыццяўляе Мін-ва фінансаў (зацвярджае тыповы план рахункаў, нац. стандарты ўліку, справаздачнасці і інструкцыі па іх выкарыстанні). Асн. нарматыўны дакумент, які рэгулюе арганізацыю і метадалогію бухгалтарскага ўліку, — закон Рэспублікі Беларусь «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЭ́КА (ад грэч. apothēkē склад, кладоўка),
медыцынская ўстанова, дзе рыхтуюць, захоўваюць і адпускаюць лякарствы, прадметы санітарыі, гігіены і інш. тавары мед. прызначэння. Папярэднічалі аптэцы лабараторыі для прыгатавання лекаў у краінах стараж. свету (Кітай, Егіпет, Рым). Як установы з дзярж. рэгламентацыяй дзейнасці аптэкі ўзніклі ў Багдадзе ў 8 ст., у Расіі — у 16 ст. (падпарадкоўваліся Аптэкарскаму прыказу). На Беларусі першыя аптэкі з’явіліся ў Пінску (1561), Брэсце (1566). У 16—18 ст. іх было больш за 30, у 1-й пал. 19 ст. — каля 70 прыватных і 15 казённых, у 1913 — 297. На пач. 1994 дзейнічалі каля 1200 аптэк, пачала фарміравацца сетка аптэк недзярж. формаў уласнасці. Пераважная іх большасць — дзярж. гасп.-разліковыя аптэкі (у зах. краінах пераважаюць прыватна-прадпрымальніцкія); існуюць аптэкі самастойныя (у т. л.цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілакт. установах, бальнічных стацыянарах і г.д.
Асн. функцыя аптэкі — забеспячэнне насельніцтва лек. сродкамі і мед. таварамі — спалучаецца з вытв. (выраб, прыгатаванне і расфасоўка лекаў непасрэдна ў аптэцы, арганізацыя нарыхтовак і закупак лек. сыравіны ў насельніцтва), інфарм.-асветнай (звесткі аб наяўнасці прэпаратаў і іх заменнікаў, пашырэнне ведаў па санітарыі, гігіене, фармацыі, умовах захоўвання лекаў і інш.), фін. і гасп. дзейнасцю. Усім аптэкам устанаўліваецца адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лек. сродкаў, даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр. наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІ́ЦКАЕ (БЕЛАРУ́СКАЕ) НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВАімя Пранціша Скарыны
(КНТ). Існавала ў 1946—49 у Германіі, у 1949—76 у ЗША. Засн. 23.6.1946 у лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург (Германія). Яго старшынямі ў розны час былі Я Станкевіч, А.Адамовіч і А.Махноўскі. Кіруючы орган — штогадовы з’езд. Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навук. працы ў галіне беларусазнаўства. 5.5.1949 цэнтр т-ва перанесены ў г. Нью-Йорк, 23.11.1959 яно атрымала правы культ. і навук.установы, створаны аддзелы ў г. Чыкага (ЗША) і Аўстраліі. Пры т-ве дзейнічалі секцыі: літ. (з 26.8.1950),
мовазнаўчая (з 28.4.1951), гіст. і пед. (з 25.1.1953). 27.4.1952 пры ім засн.Ін-т найноўшай гісторыі Беларусі (кіраўнік М.Чатырка) і Прэсавае бюро (кіраўнік Ю.Віцьбіч). Т-ва займалася зборам дакументаў, рукапісаў, бел. выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Бел. архіве (дырэктар А.Шукелойць). З 1957 уваходзіла ў Бел.-амер. дапамогу (Нью-Йорк) і Задзіночанне слав.навук. арг-цый ЗША. Т-вам выдадзены «Паказальнік беларускіх выданняў на чужыне за 1945—50 гг.» М.Панькова (1952), «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразеалагічны і прыказак, а таксама прывітанняў, зычэнняў і інш.» Станкевіча (2-е выд. 1953), кнігі «Лявон Вітан-Дубейкаўскі» К.Вітан (1954), «Ул. Жылка. Творы: Да 20-х угодкаў смерці» (1953, усе ў Нью-Йорку). Выдавала навукова-літ.час. «Веда». Спыніла дзейнасць у 1976 у сувязі са смерцю Станкевіча.
Магілёўская прыдворная друкарня. Існавала ў 1774—1844 у Магілёве. Засн. біскупам С.І.Богушам-Сестранцэвічам пры рымска-каталіцкай кансісторыі. Напачатку размяшчалася ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым у прыгарадным палацы Богуша-Сестранцэвіча ў Пячэрску. У 1776 М.д. атрымала дазвол на выданне кніг на рус. мове, што паклала пачатак кнігадрукаванню грамадзянскім шрыфтам на Беларусі. Паводле ўказа Кацярыны II 1780 друкарня была абавязана публікаваць афіц. матэрыялы, т.ч. яна выконвала функцыі губ. друкарні да адкрыцця ў 1833 Магілёўскай губернскай друкарні. Вядома больш за 60 назваў выданняў М.д., у т. л. 43 на польск., 12 на лац., 8 на рус., па 1 на ням. і франц. мовах. Сярод іх: «Кароткая французская граматыка» (1784, 1796); даведачная л-ра — «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783» (1782), «Беларускія календары» (1784—95), «Дырэкторыумы» (царк. календары, якія змяшчалі спісы парафій і духавенства Магілёўскай рымска-каталіцкай епархіі за 1807—44); афіц. выданні — «Трактат Вечнага міру і сяброўства» (1792), «Установы для кіравання губерняй» (1774, 1777, 1795); навук. працы — «Аб Заходняй Русі» (1793) і «Аб паходжанні сарматаў і славян» (1810) Богуша-Сестранцэвіча, трактат «Тры кнігі аб паэтычным мастацтве» (1786) Ф.Пракаповіча; маст. творы — трагедыя «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783) Богуша-Сестранцэвіча, яго вершы і прамовы, «Вандроўны турак» (1789, польскі пераклад «Гісторыі Сіндбада-Марахода»).
Літ.:
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.