галіна экалогіі, якая вывучае ўзаемаадносіны прыродных з’яў і ўзаемадзеянне паміж з’явамі ў межах пэўнай экасістэмы. Тэрмін уведзеныням. географам К.Тролем (1939). Асновы Л.э. распрацаваны рас. вучонымі В.В.Дакучаевым, Г.Ф.Марозавым, Р.І.Аболіным у пач. 20 ст. Заканамерныя спалучэнні экасістэм у межах пэўнай тэр. ці акваторыі, характэрных у розных адносінах (напр., геамарфалагічных на сушы або гідралагічных у водным асяроддзі), утвараюць сістэму больш высокага ўзроўню — ландшафт. Экасістэмы, што ўтвараюць ландшафт, звязаны паміж сабой паверхневым і грунтавым сцёкамі, з якімі адбываецца асн. перанос рэчываў ад аўтаномных (водападзельных) да акумулятыўных (падначаленых) экасістэм праз пераходныя (транзітныя); пераносам рэчываў паветраным шляхам (ветрам), а таксама актыўнай міграцыяй жывёл. Кожная з экасістэм злучана з інш. экасістэмамі сувязямі, якія вызначаюцца яе ўнутр. ўласцівасцямі і становішчам у ландшафце. Экасістэмы кожнага ландшафту адчуваюць уздзеянне вонкавых па адносінах да іх фактараў: атм., літалагічных, гідрагеал. і антрапагенных. Задачы Л.э. вырашаюць таксама біягеацэналогія і ландшафтазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРЦЭ́ПЦЫЯ
(ад лац. ad да + perceptio успрыманне),
залежнасць успрымання ад мінулага вопыту, псіхічнага стану і індывідуальных асаблівасцяў чалавека. Тэрмін уведзеныням. філосафам Г.Лейбніцам, які трактаваў аперцэпцыю як выразнае (усвядомленае) успрыманне душой пэўнага зместу. І.Кант разам з «эмпірычнай» аперцэпцыяй увёў паняцце «трансцэндэнтальнай» аперцэпцыі, якая дазваляе сінтэзаваць шматлікія ўспрыманні на аснове спрадвечнага, нязменнага «адзінства свядомасці» як умовы ўсялякага вопыту і пазнання. У заснаванай В.Вунтам псіхалогіі аперцэпцыя (канец 19 — пач. 20 ст.) — успрыманне, якое патрабуе напружання волі і ад якога залежаць усе формы псіхічнай дзейнасці чалавека. Сучасная псіхалогія трактуе аперцэпцыю як вынік жыццёвага вопыту індывіда, які адлюстроўваецца ў кожным псіхічным працэсе (ад прасцейшага ўспрымання да найскладанейшых відаў дзейнасці). Адрозніваюць устойлівую аперцэпцыю — залежнасць успрымання ад асаблівасцяў асобы (светапогляду, перакананняў, адукаванасці і інш.) і часовую аперцэпцыю, у якой звязваюцца сітуацыйна розныя формы псіхічнага стану (эмоцыі, устаноўкі і г.д.).
Літ.:
Лейбниц Г.В. Новые опыты о человеческом разуме. М.; Л., 1936;
Вундт В. Очерки психологии. М., 1912;
Гримак Л.П. Резервы человеческой психики. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ГЛЕ́БАЎ,
комплекс дзярж. і рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, паляпшэнні і рацыянальным выкарыстанні глебаў як найважнейшага кампанента зямельных рэсурсаў; састаўная ч.аховы прыроды.
Прадугледжвае вывучэнне працэсаў спусташэння, разбурэння і забруджвання глебаў, прагназаванне іх вынікаў, устанаўленне параметраў і пашырэнне, распрацоўку мер барацьбы і мерапрыемстваў па прадухіленні эрозіі глебаў, кірункаў і сродкаў павышэння ўрадлівасці і акультурвання глебаў, рэкультывацыі зямель, уключэнне малапрадукцыйных зямель і няўдобіц у с.-г. абарот, дае навук. абгрунтаванне размяшчэнню розных тыпаў зямель, утварэнню сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, распрацоўку спец. глебаахоўных інж. збудаванняў і проціэразійных сістэм земляробства, кантроль за выкарыстаннем угнаенняў і ядахімікатаў і інш.
На Беларусі ахова глебаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі зямельнага заканадаўства, інш.спец. пастановамі і нарматыўнымі актамі. Уведзены забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян. Функцыю кантролю мерапрыемстваў па ахове глебаў выконвае Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з залучэннем грамадскасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЕ́Л КІРАЎНІ́ЦТВА ПРАВІ́НЦЫЯМІ ЛІТВЫ́
(Wydział zarządzający prowincjami Litwy),
орган кіравання паўстаннем 1863—64 у Літве і на Беларусі. Створаны ў сак. 1863 у Вільні замест скасаванага Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі. Узнік у выніку змовы памешчыцкай групоўкі «белых» з камісарам варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Літве і на Беларусі Н.Дзюлёранам. У склад аддзела ўвайшлі «белыя»: Я.Гейштар (старшыня), А.Аскерка, Ф.Далеўскі, І.Лапацінскі, А.Яленскі. 27.2.1863 аддзел абвясціў несапраўднымі ўсе мандаты Часовага ўрада. «Белыя» імкнуліся звузіць сац. базу паўстання, паставіць на камандныя пасады сваіх аднадумцаў. Аддзел выдаваў загады і адозвы (у т. л. маніфест да бел. сялян ад 3.5.1863 на бел. мове), газеты. У канцы мая — пач.чэрв. 1863 Аскерка, Далеўскі і Яленскі арыштаваны, замест іх уведзены прадстаўнікі «чырвоных» К.Каліноўскі і У.Малахоўскі, намаганнямі якіх выдадзены дакументы радыкальнага характару, у т. л. «Прыказ... да народу зямлі літоўскай і беларускай» (11.6.1863), № 7 «Мужыцкай праўды» 26.6.1863 аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы перайменаваны ў Выканаўчы аддзел Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛАЗАІ́ЗМ
(ад грэч. hylē матэрыя + zōē жыццё),
філасофскае вучэнне пра ўсеагульную адушаўлёнасць матэрыі. У навук. ўжытак тэрмін уведзены ў 1678 англ. філосафам Р.Кедвартам. Гілазаізм — лагічнае дапушчэнне пра адзінства, цэласнасць, самаразвіццё свету, яго праявы адрозніваюцца толькі ўзроўнем развіцця, а не сутнасцю. На аснове такой канцэптуальнай схемы ўзніклі блізкія да гілазаізму вучэнні — пантэізм, панпсіхізм, а таксама вучэнне пра адлюстраванне як усеагульную ўласцівасць матэрыі. Паводле гэтай канцэпцыі, не толькі элементарныя жыццёвыя працэсы, але і складаныя інфарм. сістэмы, што генерыруюць пачуццёвасць, псіхіку і мысленне, маюць натуральнае паходжанне. У стараж.-грэч. філасофіі ідэі гілазаізму распрацоўвалі прадстаўнікі натурфіласофіі (Фалес, Анаксімен, Геракліт, Эмпедокл і інш.). У эпоху Адраджэння гілазаізм у форме пантэізму складаў істотную частку філасофіі Н.Кузанскага, Б.Тэлезіо, Дж.Бруна. Мысленне як уласцівасць, характэрную для ўсёй прыроды, як атрыбут матэрыі разглядаў Б.Спіноза. Франц. матэрыялісты 18 ст. (Д.Дзідро, Ж.Рабінэ) абгрунтоўвалі субстанцыяльны характар адчуванняў, прызнавалі агульную адушаўлёнасць матэрыі. Усеагульнасць уласцівасці адлюстравання знаходзіць пераканаўчае і практычнае пацвярджэнне ва ўсёй сістэме тэхн. забеспячэння сучаснага інфарм. працэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБОР ЗАКО́НАЎ РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ» («Свод законов Российской империи»). Выд. ў 1832. Падрыхтаваны пад кіраўніцтвам М.М.Спяранскага ў сувязі з кадыфікацыяй права на падставе «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі». Ухвалены Дзяржсаветам 31.1.1833, уведзены ў дзеянне з 13.1.1835. Складаецца з 16 тамоў. У т. 1 змешчаны гал. законы імперыі, якія акрэслівалі прэрагатывы вышэйшых дзярж. устаноў, т. 2 — правілы губернскіх (мясцовых) устаноў, т. 3 — статуты грамадзянскай службы, т. 4 — акты аб павіннасцях, т. 5 — аб падатках, пошлінах, т. 6 — аб мытнях, т. 7 — аб манеце, горнай справе, солі, т. 8 — аб лясах, арэндзе і аброку, т. 9 — аб саслоўях, т. 10 — аб сям’і і межаванні, т. 11 — аб крэдыце, т. 12 — аб шляхах зносін, т. 13 — аб сацыяльным даглядзе, т. 14 — аб пашпартах, уцёках, т. 15 — законы крымінальныя (аб пакараннях), т. 16 (выд. ў 1892) — аб судовых установах. Штогод да 1859 выдаваўся працяг, пазней наз. «Зводны працяг». Збор — адзіная крыніца права да кастр. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРНАКО́Ў Мікалай Сямёнавіч
(6.12.1860, г. Нолінск Кіраўскай вобл., Расія — 19.3.1941),
савецкі хімік, адзін з заснавальнікаў фізіка-хімічнага аналізу. Акад.Пецярб.АН (1913). Скончыў Пецярб. горны ін-т (1882), дзе і працаваў (з 1893 праф.). З 1899 выкладаў у Пецярб. эл.-тэхн. (да 1908) і політэхн. (1902—30) ін-тах. З 1918 дырэктар заснаванага ім Ін-та фіз.-хім. аналізу АНСССР, з 1934 дырэктар Ін-та агульнай і неарган. хіміі АНСССР (з 1944 імя К.). Навук. працы па хіміі комплексных і інтэрметал. злучэнняў, па даследаванні шматкампанентных сістэм — метал. сплаваў, сілікатаў, саляных раствораў. Устанавіў факт існавання злучэнняў пераменнага саставу — берталідаў (1900—03). Сфармуляваў прынцыпы бесперапыннасці і адпаведнасці, на якіх грунтуецца фіз.-хім. аналіз (тэрмін уведзены К. у 1913). Стварыў самапісны прыбор для тэрмічнага аналізу (пірометр К.). Прэмія імя У.І.Леніна 1928. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—3. М., 1960—63.
Літ.:
Н.С.Курнаков. М., 1961;
Балезин С.А, Бесков С.Д. Выдающиеся русские ученые-химики. 2 изд. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Бабруйскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Займала большасць тэр. сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх ч. Жлобінскага і Светлагорскага р-наў. Напачатку ўваходзіла, відаць, у Свіслацкае княства. З 15 ст. воласцю кіраваў намеснік, якога прызначаў вял. князь. У 1560 тут праведзена адм. рэформа — замест стараж. адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены службы. На працягу 15—16 ст. некалькі сёл воласці былі падараваны вял. князем розным феадалам. У 1565 тэр. Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв.Валочная памера ў воласці праведзена ў 1611—39, замест службаў намерана 475 аселых валок, на якіх месцілася каля 1 тыс.сял. двароў. Акрамя таго, у Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў. У 17—18 ст. намеснікі (дзяржаўцы) зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. на пасаду бабруйскага старосты прызначаліся прадстаўнікі шляхецкага роду Трызнаў, потым інш. буйныя феадалы, у т. л. Радзівілы. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) са староства ў якасці павятовага цэнтра вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР III
(10.3.1845 — 1.11.1894),
расійскі імператар [1881—94]. З дынастыі Раманавых. Сын Аляксандра II. Наследнікам прастола стаў пасля смерці (1865) старэйшага брата. Прыхільнік інтарэсаў найб. кансерватыўных колаў дваранства і буйных землеўладальнікаў, непахіснай самадзяржаўнай улады (29.4.1881 прыняты адпаведны маніфест). У 1883 у гонар сваёй каранацыі амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863—64. Прымаючы пад увагу тэндэнцыі капіталіст. развіцця краіны, правёў у 1880-я г. рэформы: панізіў выкупныя плацяжы б. прыгонных сялян (1881), часоваабавязаных сялян перавёў на абавязковы выкуп (1883), у еўрап.ч. Расіі адмяніў падушны падатак (1887). З канца 1880-х г. пачаўся перыяд адкрытай рэакцыі і т.зв. контррэформаў: уведзеныін-т земскіх начальнікаў (1889, на Беларусі з 1900), перагледжаны земскія і гарадавыя палажэнні, ліквідавана універсітэцкая аўтаномія, узмацніліся нац. прыгнёт нярускіх народаў, уціск нац. культур, русіфікацыя; па Украіне і Беларусі пракацілася хваля яўр. пагромаў. Знешняя палітыка вызначалася міралюбівасцю. У перыяд яго царавання ў асноўным завершана далучэнне да Рас. імперыі Сярэдняй Азіі (1885), заключаны франка-рус. саюз (1891—93), адносіны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пагоршыліся.
Літ.:
Твардовская В.А. Александр III // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНАСТЫЦЫ́ЗМ
(ад грэч. agnōstos недаступны пазнанню),
філасофскае вучэнне, паводле якога немагчыма пазнанне аб’ектыўнага свету, яго сутнасці і заканамернасці развіцця, дасягненне абсалютнай ісціны; крайняя форма скептыцызму. Роля навукі абмяжоўваецца толькі пазнаннем з’яў. Тэрмін уведзены ў 1863 англ. прыродазнаўцам Т.Гекслі. Ідэі агнастыцызі прасочваліся яшчэ ў ант. філасофіі (Пратагор, сафісты). Найб. паслядоўна агнастыцызм прадстаўлены ў вучэннях Д.Юма і К.Канта. Юм лічыў, што ўсё пазнанне звязана толькі з вопытам і прынцыпова не выходзіць за яго межы, а таму нельга меркаваць пра адносіны паміж вопытам і рэальнасцю. Кант абгрунтоўваў агнастыцызм увядзеннем і размежаваннем паняццяў «рэч у сабе» (недасягальная для пазнання) і «рэч для нас» (у працэсе пазнання якой утвараецца вобраз гэтай рэчы). Пазнаючы вобраз, розум імкнецца пазнаць і «рэч у сабе», але гэта яму не ўдаецца, паколькі ён валодае магчымасцямі толькі для пазнання вобраза рэчы, таму розум канчаткова заблытваецца ва ўзаемна супярэчлівых выказваннях аб прадмеце (антыноміях), якія дапускаюць пераканаўчае лагічнае абгрунтаванне. Агнастыцызм параджаецца абсалютызацыяй, празмерным адасабленнем і проціпастаўленнем тэорыі і практыкі, пазнання і рэчаіснасці, суб’екта і аб’екта пазнання. Разнавіднасцю агнастыцызму з’яўляецца іерогліфаў тэорыя, неапазітывізм, экзістэнцыялізм і інш.