ПАВО́ЛЖА,

тэрыторыя, якая прылягае да сярэдняга і ніжняга цячэння р. Волга і эканамічна звязаная з ёю. У межах П. вылучаюць прыўзнятае правабярэжжа (з Прыволжскім узвышшам) і нізіннае левабярэжжа, т. зв. Заволжа. Да П. часам адносяць таксама раёны, якія знаходзяцца ў верхнім цячэнні Волгі (ад яе вытокаў да вусця р. Ака). Пры эканам. раянаванні ў П. ўключаюць Калмыкію, Татарстан, Астраханскую, Валгаградскую, Пензенскую, Самарскую, Саратаўскую і Ульянаўскую вобл.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЙКА́ЛЛЕ,

тэрыторыя, прылеглая з З і У да воз. Байкал, у Рэспубліцы Бурація і Іркуцкай вобл. Расіі. Уключае горныя хрыбты: Прыморскі, Байкальскі (Перадбайкалле) на З ад воз. Байкал; Хамар-Дабан, Улан-Бургасы, Баргузінскі і інш. на Пд і У ад возера і шэраг міжгорных катлавін (Баргузінская, Верхнеангарская) у Забайкаллі. Выш. асн. хрыбтоў да 2500 м. На схілах тайга, месцамі цемнахвойная, у міжгорных катлавінах стэпавая расліннасць.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЛЬСКІ РАЁН,

адм. тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1946—56. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр — г.п. Ула. 20.8.1924 падзелены на 13 сельсаветаў. Да ліп. 1930 у складзе Полацкай акругі. 8.7.1931 раён скасаваны, яго тэрыторыя размеркавана паміж Бешанковіцкім, Лепельскім, Сіроцінскім, Ушацкім і Чашніцкім р-намі. Зноў утвораны 9.9.1946 у Віцебскай вобл. Надзяляўся на 11 сельсаветаў. 17.12.1956 раён скасаваны, сельсаветы перададзены Лепельскаму, Ушацкаму, Сіроцінскаму і Бешанковіцкаму р-нам.

т. 16, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЎ (Below) Георг Антон Гуга фон (19.1.1858, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 20.10.1927),

нямецкі гісторык-медыявіст. Праф. у Мюнстэры (з 1891), Марбургу (з 1897), Цюбінгене (з 1901), Фрайбургу (1905—24). Даследаваў гісторыю дзярж. ладу і гаспадаркі ням. гарадоў у сярэднявеччы. Крытыкаваў вотчынную тэорыю, прызнаваў вядучую ролю палітыкі і права ў гісторыі. Гал. працы: «Тэрыторыя і дзяржава» (1900), «Нямецкая дзяржава ў сярэднія вякі» (1914), «Праблемы эканамічнай гісторыі» (1920).

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДАМА́НСКІЯ І НІКАБА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Andaman and Nicobar Islands),

саюзная тэрыторыя Індыі, на аднайменных а-вах паміж Бенгальскім зал. і Андаманскім м. Працягласць з Пн на Пд 750 км. Пл. 8,3 тыс. км². Нас. 278 тыс. чал. (1991). Адм. цэнтр — г. Порт-Блэр. Лесараспрацоўкі. Вырошчванне какосавай і каўчукавай пальмаў, рысу, садавіны. Рыбалоўства (лоў крэветак, трэпангаў), збіранне ракавін. Экспарт драўніны. Аб прыродзе гл. ў арт. Андаманскія астравы, Нікабарскія астравы.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛГІ (лац. Belgae),

кельцкія плямёны (амбіяны, атрэбаты, белавакі, менапіі, марыны, рэмы, суесіёны і інш.) у Паўн. Галіі (паміж рэкамі Сена і Рэйн) і на ўзбярэжжы Брытаніі. Белгі з Галіі падпарадкаваны Ю.​Цэзарам у 58—51 да н.э. З 16 да н.э. тэрыторыя іх рассялення склала рымскую правінцыю Белгіка. Белгі на тэр. Брытаніі заваяваны рымлянамі ў сярэдзіне 1 ст. н.э. У 5 ст. пасля заваявання Белгікі франкамі белгі былі часткова знішчаны захопнікамі, часткова зліліся з імі.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКАЯ ЗО́НА,

прыродная геагр. зона (часам разглядаецца як падзона), уласцівая зах. прыакіянічнаму сектару субтрапічнага пояса сушы. Для М.з. характэрны міжземнаморскі клімат, адметная сезоннасць сцёку рэк (з зімовымі паводкамі), перавага ў прыродным раслінным покрыве вечназялёных лясоў і ксерафітных цвердалістых хмызнякоў. Тэрыторыя М.з. ў значнай ступені асвоена і моцна зменена гасп. дзейнасцю. Тыповая ў Міжземнамор’і, пашырана таксама ў Каліфорніі (ЗША), Чылі, у Паўд. і Паўд.-Зах. Аўстраліі, на Паўд. беразе Крыма і Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.

т. 10, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫУРА́ЛЛЕ,

тэрыторыя прылеглых да Урала ускраін Усх.-Еўрап. (Перадуралле) і Зах.-Сібірскай (гл. Зауральская раўніна) раўнін у Расіі. Гал. ч. размешчана ў бас. рэк Кама і Пячора, на Пн — Пячорская нізіна, далей на Пд — Верхнякамскае, Бугульмінска-Белебееўскае ўзвышшы (да 300—400 м) і інш. Большая ч. П. ўкрыта хваёвымі лясамі, на Пд да іх прымешваюцца, месцамі пераважаюць шыракалістыя лясы, на крайняй Пн — тундра, на крайнім Пд — стэпы. У П. буйныя радовішчы нафты, газу, кам. вугалю.

т. 13, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛО́ПЕНІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1935—60. Утвораны 17.7.1924 у складзе Барысаўскай акругі. Цэнтр — г.п. Халопенічы. 20.8.1924 падзелены на 11 сельсаветаў. З 9.6.1927 у Мінскай акрузе. 8.7.1931 скасаваны, тэрыторыя размеркавана паміж Барысаўскім, Крупскім і Лепельскім р-намі. 12.2.1935 адноўлены, падзяляўся на 13 сельсаветаў. З 20‘.2.1938 у Мінскай вобл. 20.1.1960 раён скасаваны: 4 сельсаветы і г.п. Халопенічы перададзены ў Крупскі, астатнія — у Барысаўскі і Лепельскі р-ны.

т. 16, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІНА́ВА,

самы вялікі востраў архіпелага Рукю, у Японіі. Пл. 1254 км². Берагі моцна парэзаны, акаймаваны каралавымі рыфамі. На ПнУ і ў цэнтр. частцы Акінава нізкагор’і (выш. да 498 м), складзены пераважна са сланцаў, вапнякоў і пясчанікаў. Астатняя тэрыторыя — нізінная раўніна. Клімат трапічны, мусонны, ападкаў 1,3—2 тыс. мм за год, летам і восенню — тайфуны. На месцы вільготных трапічных лясоў зараснікі бамбуку, хмызнякоў, рысавыя палеткі, плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Гал. горад — Наха. На Акінаве размешчаны амерыканскія ваенныя базы.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)