ДАГАВО́Р ПАСТА́ЎКІ,

пагадненне, у адпаведнасці з якім арганізацыя-пастаўшчык абавязваецца паставіць арганізацыі-пакупніку прадукцыю (тавары) ва ўстаноўлены тэрмін, па ўзгодненай цане і ў адпаведнасці з узгодненымі тэхн. патрабаваннямі. У дагаворы пастаўкі вызначаецца наменклатура (асартымент), колькасць і якасць прадукцыі (тавараў), тэрміны пастаўкі і цана, а ў доўгатэрміновым дагаворы па працяглых прамых гасп. сувязях — найменне, групавая наменклатура (асартымент) і колькасць прадукцыі, парадак і тэрмін узгаднення і прадастаўлення спецыфікацый. Пры адсутнасці гэтых умоў дагавор пастаўкі лічыцца незаключаным. За парушэнне абавязкаў дагавора пастаўкі плаціцца няўстойка (штраф, пеня) і кампенсуюцца страты (панесеныя расходы і неатрыманы прыбытак).

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПРА́ЎЧЫЯ РАБО́ТЫ без пазбаўлення волі,

від крымін. пакарання і адм. спагнання ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Назначаецца судом (суддзёй) адпаведна на тэрміны ад 2 месяцаў да 2 гадоў і ад 15 сутак да 2 месяцаў. Адбываюцца па месцы работы або ў інш. месцах у раёне жыхарства асуджанага з утрыманнем да 20% заробку ў даход дзяржавы. Асобам, якія прызнаны непрацаздольнымі, суд можа замяніць П.р. на штраф. У выпадку злоснага ўхілення асуджанага ад адбыцця П.р. суд можа замяніць іх неадбыты тэрмін на пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГАЖЭМЕ́НТ (ад франц. engagement абавязацельства, наём),

кантракт, заключаны з акцёрам на пэўны тэрмін і на пэўных умовах для ўдзелу ў спектаклях або канцэртах.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАЧЫ́НА,

верхняе адзенне з аўчын ці сукна, якое шыецца накшталт кажуха ў талію. Тэрмін бытуе пераважна ў паўд.-ўсх. і цэнтр. частках Беларусі.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭІ́НЫ (ад грэч. prōtos першы),

простыя бялкі, якія складаюцца з астаткаў амінакіслот, злучаных паміж сабой пептыднай сувяззю. Тэрмін «П.» ўжываюць і як сінонім бялкоў.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРГА́ (магчыма, ад фін. purku мяцеліца),

моцная нізавая мяцеліца пры ўварванні халоднага паветра, часта пры бязвоблачным небе. Тэрмін часцей ужываецца ў паўн. бязлесных мясцовасцях.

т. 13, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕРСО́ЛД,

сітуацыя рэзкага зніжэння цэн на які-небудзь тавар у выніку паступлення яго ў вял. колькасці на рынак. Тэрмін часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЭРО́БНЫЯ ІНФЕ́КЦЫІ,

цяжкія інфекцыі, якія выклікаюцца хваробатворнымі анаэробнымі арганізмамі. Найб. небяспечныя з іх газавая гангрэна (у дачыненні да яе тэрмін анаэробныя інфекцыі ўжываецца найчасцей), слупняк, батулізм.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЛІПУ́Т, карлік,

чалавек вельмі маленькага росту. Тэрмін запазычаны з рамана Дж.​Свіфта «Падарожжа Гулівера» (1726), у якім апісана фантастычная краіна, населеная маленькімі людзьмі. Гл. Карлікавы рост.

т. 9, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБА́ВАЧНАЯ ВА́РТАСЦЬ,

частка кошту тавараў, што ствараецца неаплачанай працай наёмных рабочых. Тэрмін «П.в.» шырока выкарыстоўваўся ў марксісцкай эканам. тэорыі для вызначэння сутнасці асн. эканам. закону капіталізму.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)