ГРАТО́ЎСКІ ((Grotowski) Ежы) (н. 11.8.1933, г. Жэшаў, Польшча),

польскі рэжысёр, тэарэтык тэатр. мастацтва. Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве і Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве. Дырэктар, маст. кіраўнік і рэжысёр эксперым. Тэатра-лабараторыі (з 1959 у г. Аполе, у 1962—84 у Вроцлаве). Насуперак агульнапрынятаму «тэатру дэкарацый» стварыў т.зв. «бедны тэатр», спектаклі якога характарызаваліся спецыфічным спалучэннем гуку і руху, цеснай узаемасувяззю паміж акцёрам і гледачом; з гэтымі мэтамі распрацаваў новы, поўны экспрэсіі метад акцёрскай ігры. Вядомасць набыў пастаноўкамі пераважна класічных твораў, якія выкарыстоўваў у якасці сюжэтнай асновы для ўласных сцэнарыяў. Найб. значныя працы: «Дзяды» А.​Міцкевіча (1961), «Кардыян» Ю.​Славацкага (1962), «Акропаліс» С.​Выспянскага (1962), «Трагічная гісторыя доктара Фауста» паводле К.​Марла (1963), «Стойкі прынц» Кальдэрона—Славацкага (1965), «Apokalypsis cum figuris» (1968). З 1973 арганізоўваў у Польшчы і за мяжой т.зв. паратэатральныя лабараторыі стажыроўкі акцёраў паводле мастацка-даследчай праграмы Special Projekt. Аўтар кнігі «У напрамку да беднага тэатра» (1970). Дзярж. прэмія Польшчы 1972.

Літ.:

Osiński Z. Grotowski i jego Laboratorium. Warszawa, 1980;

Яго ж. Grotowski wytycza trasy. Warszawa, 1993.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́НСКІ (Валерый Яўгенавіч) (н. 20.2.1947, в. Вялікае Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1984). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1974 рэжысёр, у 1976—89 гал. рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Коласа, адзін з ініцыятараў стварэння пры т-ры бел. т-ра «Лялька» (1986). Заснавальнік, з 1993 маст. кіраўнік Рэсп. тэатра бел. драматургіі. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.​Коласа — «Званы Віцебска» (1974) і «Кастусь Каліноўскі» (1978) У.​Караткевіча, «Сымон-музыка» (1976, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978) і «На дарозе жыцця» (1982) паводле Я.​Коласа, «Блытаныя сцежкі» («На вастрыі»; 1983) К.​Крапівы, «Парог» (1982), «Вечар» (1983; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Радавыя» (1984) і «Вежа» (1990; нап. з У.​Някляевым) А.​Дударава; у тэатры бел. драматургіі — «Галава» (1992) І.​Сідарука, «Паваліўся нехта» (1992) Л.​Родзевіча і У.​Галубка, «Барбара Радзівіл» (1994) Р.​Баравіковай, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» (1997) Б.​Брэхта. Работы М. адметныя метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, гратэскавасцю, шматпланавасцю структуры, тонкім спалучэннем прыёмаў тэатра прадстаўлення і перажывання.

І.​І.​Чаркас.

В.Я.Мазынскі.

т. 9, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНЬЕ́ ((Garnier) Жан Луі Шарль) (6.11.1825, Парыж — 3.8.1898),

французскі архітэктар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1842—48). З 1860 архітэктар Парыжа. Стваральнік пампезных збудаванняў у духу эклектызму: тэатр «Гранд-Апера» ў Парыжы (1861—67, канчатковая апрацоўка да 1875), Оперны т-р (1878—79) і казіно (1861—1910) у Монтэ-Карла.

Да арт. Ж.Гарнье. Парадная лесвіца тэатра «Гранд-Апера» ў Парыжы. 1861—75.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЖЫЖАНО́ЎСКІ Канстанцін, бел. скрыпач, педагог і кампазітар сярэдзіны 19 ст. Выкладаў музыку ў Мінскай мужчынскай гімназіі, прыватных пансіёнах. Выступаў у аматарскіх канцэртах як скрыпач і спявак. Сябраваў з С.​Манюшкам і В.​Дуніным-Марцінкевічам. Разам з Манюшкам стварыў музыку да спектакляў тэатра Дуніна-Марцінкевіча «Рэкруцкі набор» (1841) і «Ідылія» («Сялянка», 1852). У сваіх творах выкарыстоўваў нар. песенныя і танц. мелодыі. Сярод яго вучняў М.Ельскі.

А.​Д.​Капілаў.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́ТЫКА (Яўсей Піліпавіч) (? — 19.12.1820),

бел. і рускі артыст балета. У 1780—90-я г. прыгонны танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800, пасля смерці С.​Г.​Зорыча, у ліку 14 шклоўскіх танцоўшчыкаў пераведзены ў С.-Пецярбург і залічаны ў балетную трупу Дырэкцыі імператарскіх т-раў, дзе працаваў да 1817. Вядома, што ён выконваў ролю дэпутата ў балеце «Перамога Расіі, або Рускія ў Парыжы» (балетмайстар І.​Вальберх).

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1939 — чэрв. 1941 і 1946—54 у г. Пінск Брэсцкай вобл. Створаны з пераведзенага ў Пінск Заслаўскага калгасна-саўгаснага т-ра. Маст. кіраўнік П.А.Данілаў. У 1946 створаны нанава з пераведзенага ў Пінск Палескага абласнога драматычнага тэатра. Гал. рэжысёр В.В.Пацехін. Творчую пазіцыю тэатра вызначаў асветніцкі, прапагандысцкі характар. У даваен. час у рэпертуар уваходзілі творы бел., рус., замежнай класічнай драматургіі: «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Памылка» Я.​Маўра, «Канец маскараду» У.​Стэльмаха і Ю.​Рудзько, «Жыццё кліча» У.​Біль-Белацаркоўскага, «Слава» В.​Гусева, «Машачка» А.​Афінагенава, «Сын народа» Ю.​Германа, «Гонар» Г.​Мдывані, «Без віны вінаватыя» і «На бойкім месцы» А.​Астроўскага, «Хітрыкі Скапэна» Мальера і інш. Спектаклі ставілі рэжысёры і акцёры тэатра або запрошаныя з інш. тэатраў. У 1946—54 тэатр звяртаўся да героіка-патрыятычнай тэматыкі («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «З народам» К.​Крапівы і інш.), тэмы стваральнай працы («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы, «Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка, «Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага і інш.). Адметнае месца ў тэатры займалі лепшыя ўзоры бел. драматургіі, пастаўленыя як муз.-драм. прадстаўленні: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Несцерка» В.​Вольскага. У спектаклях шырока выкарыстоўваліся нар. абрады, песні, танцы, акцёрамі створаны каларытныя нар. характары. Ставіліся таксама п’есы М.​Горкага («Ягор Булычоў і іншыя», «Васа Жалязнова», «Апошнія»), Астроўскага («Свае людзі — паладзім», «Лес», «Беспасажніца»), М.​Гогаля («Рэвізор»).

У трупе працавалі нар. арт. Беларусі С.Бульчык, засл. артысты Беларусі Ю.​Гальперына, Л.​Гамуліна, А.​Даніловіч, В.​Окалаў, Л.​Цімафеева, М.​Цурбакоў, С.​Яворскі, А.​Яфрэменка, акцёры Ф.​Бутвілоўскі, Т.​Вольская, П.​Гвоздзеў, П.​Дакука, А.​Дашкоўскі, В.​Дземянкова, А.​Кашына, І.​Кунцэвіч, У.​Палцеўскі, А.​Ротар, В.​Сівіцкі, мастак, засл. дз. маст. Чувашыі Б.​Архангельскі і інш. Рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

К.​Б.​Кузняцова.

Пінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Рэвізор».

т. 12, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ША (Юрый Карлавіч) (3.3.1899, г. Кіраваград, Украіна — 10.5.1960),

рус. пісьменнік. У 1916—18 вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса). Аўтар рамана «Зайздрасць» (1927), рамана-казкі «Тры таўстуны» (1928; аднайм. фільм, 1967), кнігі апавяданняў «Вішнёвая костачка» (1931), мемуарна-дзённікавых запісаў «Ні дня без радка» (выд. 1961). Пісаў вершы, нарысы, кінасцэнарыі і інш. Інсцэніраваў для тэатра раман Ф.​Дастаеўскага «Ідыёт».

Тв.:

Избр. М., 1983;

Бел. пер. — Зайздрасць. Мн., 1931.

Ю.К.Алеша.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ЛЬСКАЯ ((Brylska) Барбара) (н. 5.6.1941, Варшава),

польская кінаактрыса. Скончыла Вышэйшую школу тэатра, кіно і тэлебачання ў Лодзі. Вобразы, створаныя актрысай, вызначаюцца вытанчанасцю выразных сродкаў і псіхал. праўдзівасцю. Сярод фільмаў: «Фараон», «Пан Валадыеўскі», «Польскі альбом», «Анатомія кахання». Здымалася ў Германіі («След Сокала», «Белыя ваўкі», «Пігмаліён XII»), Чэхаславакіі («Канцэрт для тых, хто застаецца», «Ціхі амерыканец у Празе»), Расіі [«Вызваленне», «Гарады і гады», «Іронія лёсу, або З лёгкай парай» (тэлевізійны, Дзярж. прэмія СССР 1977)].

т. 3, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА МАСТА́ЦТВАЎ.

Засн. ў 1975 у Мінску як Мінскае культ.-асв. вучылішча. З 1990 Мінскае вучылішча мастацтваў і культуры. З 1992 сучасная назва. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): інструментальнае выкананне (фартэпіяна, баян, акардэон, цымбалы, гітара); тэатр. мастацтва (акцёр тэатра лялек); дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (маст. апрацоўка дрэва, кераміка); харавое дырыжыраванне; харэаграфія; харавая музыка (народная); народныя абрады і святы; танец; інструментальная музыка (народная). Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАРЭ́ВІЧЫ, Азарэвічавы,

сям’я бел. і рус. акцёраў 18—19 ст.

Пелагея (па сцэне Жывакіна; ?, Шклоў — ?), артыстка балета. Прыгонная. Вучылася ў балетмайстра Марыядзіні. Пры мадонна балета Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1799 адпушчана на волю, выступала на пецярбургскай, потым да 1812 на маскоўскай сцэне. Маці акцёра В.І.Жывакіні.

Кацярына Лук’янаўна (?, Шклоў — пасля 1870), артыстка балета. Прыгонная. Пляменніца Пелагеі, маці Надзеі і Марыі Азарэвіч. Вучаніца балетмайстра М.Пранчынскага. Да 1799 вядучая танцоўшчыца Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 перададзена дырэкцыі Пецярбургскіх імператарскіх тэатраў. У 1802 адпушчана на волю.

Надзея Апалонаўна (па сцэне Азарэвіч 1-я, па мужу Навіцкая; каля 1802, Пецярбург — ?), артыстка балета і драмы. Вучылася ў імператарскім тэатр. вучылішчы ў балетным класе і ў т.зв. «маладой трупе» А.Шахаўскога. У 1821—27 выступала на пецярбургскай імператарскай сцэне. Вызначалася ў пантамімных балетах Агюста і Ш.​Дзідло.

Марыя Апалонаўна (па сцэне Азарэвіч 2-я; 1804, Пецярбург — 14.11.1888), драм. актрыса. Вучаніца Шахаўскога і К.​Сямёнавай. У 1821—43 выступала на пецярбургскай імператарскай сцэне ў трагедыях і камедыях. Першая выканаўца ролі Лізы ў спектаклі «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (паст. 1831).

Да арт. Азарэвічы. Надзея Апалонаўна і Марыя Апалонаўна. Невядомыя мастакі.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)