РЭ́ВЕРС (ням. Revers ад лац. reversum павернуты назад),
1) механізм для змены напрамку руху (вярчэння) машыны, рухавіка або асобных іх элементаў на адваротны. У рухавіках Р. найчасцей — крывашыпна-кулісны або кулачковы механізм, у станках — зубчастае зачапленне з дадатковым (прамежкавым) колам.
Р. наз. таксама сам працэс змены напрамку руху на процілеглы — рэверсаванне. Выкарыстоўваецца ў грузападымальных (падыманне, спуск), трансп, (уперад, назад) машынах і інш. У авіяц. і суднавых рухавіках рэверсавання дасягаюць паваротам лопасцей паветраных або грабных вінтоў, у эл. рухавіках пастаяннага току — зменай напрамку току ў абмотках узбуджэння, пераменнага току — пераключэннем дзвюх фаз абмоткі статара (робіцца з дапамогай эл. рэверсара).
2) Адваротны бок медаля, манеты, процілеглы аверсу.
3) У гандлёвым праве пісьмовае абавязацельства адной асобы другой, у якім даюцца гарантыі чаго-небудзь, засведчваецца што-небудзь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРА́МНЫ СЛУП,
сукупнасць паслядоўна злучаных выпрамных паўправадніковых дыёдаў. Бываюць германіевыя і крэмніевыя (найб. пашыраны). Маюць да 10 і болей дыёдаў, аформленых звычайна ў пластмасавым корпусе з двума эл. вывадамі. Сярэдняе значэнне выпрамленага току 75—500 мА, адваротнае напружанне 2—15 кВ. Выкарыстоўваюцца як выпрамнікі току (як правіла, высакавольтныя) у электратэхнічных, радыёэлектронных прыладах і прыстасаваннях, у радыёлакацыйнай і тэлевізійнай апаратуры. Некалькі выпрамных слупоў у адным корпусе ўтвараюць выпрамны блок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНАСТЭ́ГІЯ (ад гальвана... + грэч. stegō укрываю),
спосаб нанясення на метал. вырабы метал. пакрыццяў электралітычным асаджэннем. Робіцца для аховы вырабаў ад карозіі, павышэння іх цвёрдасці і зносаўстойлівасці, у дэкар. і інш. мэтах.
Перад нанясеннем пакрыцця паверхню вырабу абястлушчваюць, пратраўліваюць, шліфуюць і паліруюць. Працэс гальванастэгіі адбываецца ў гальванічнай ванне, дае анодам служаць металы, што раствораны ў электраліце, а катодам — вырабы. Пры працяканні пастаяннага эл.току метал з электраліту асаджаецца на паверхні вырабу. Наносяцца медзь (мядненне), цынк (цынкаванне), кадмій (кадміраванне), высакародныя металы, сплавы і інш. Пакрыцці адрозніваюцца моцным счапленнем з металам асновы, малой порыстасцю і дробнакрышталічнай структурай. Якасць гальванічных пакрыццяў і скорасць працэсу гальванастэгіі абумоўлены шчыльнасцю эл.току, саставам і т-рай электраліту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНО́МЕТР (ад гальвана... + ...метр),
высокаадчувальная электравымяральная прылада, прызначаная для вымярэння малых токаў і напружанняў. Бывае пастаяннага і пераменнага току, са стрэлачным або светлавым паказальнікам (люстраны гальванометр, у якога на рухомай частцы гальванометра замест стрэлкі прымацавана мініяцюрнае люстэрка). Найб. пашырана выкарыстанне гальванометра для выяўлення адсутнасці току ці нулявой рознасці патэнцыялаў паміж якімі-н. пунктамі ланцуга (нуль-індыкатар). Пры праходжанні праз рамку гальванометра кароткачасовых імпульсаў атрымліваюцца балістычныя адхіленні рухомай часткі гальванометра ад нулявога становішча з наступным вяртаннем у яго пасля некалькіх ваганняў. Пры гэтым першае (максімальнае) адхіленне прапарцыянальнае працёкламу зараду. Для вымярэняў працяглых імпульсаў штучна павялічваюць момант інерцыі рухомых частак гальванометра (балістычны). Папярэднік гальванометра — гальванаскоп (для вызначэння наяўнасці току ў эл. ланцугу і яго напрамку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,
прылада для вымярэння эл. велічынь (супраціўлення, ёмістасці і інш.) метадам параўнання з узорнай мерай. М.в. бываюць пераменнага току; ураўнаважаныя (найб. дакладныя; прынцып работы засн. на нулявым метадзе вымярэнняў і неўраўнаважаныя (значэнні вымеранай велічыні адлічваюць па паказаннях вымяральнай прылады; пры нестабільнай крыніцы сілкавання ў якасці вымяральнага механізма выкарыстоўваецца, напр., лагометр); з ручным ўраўнаважваннем і аўтаматычныя (выкарыстоўваюцца таксама для неперарыўных вымярэнняў). Амічныя супраціўленні вымяраюць М.в. пастаяннага току адзінарнымі (4-плечнымі; ад 1 Ом і вышэй), падвойнымі (6-плечнымі; да 1 Ом) і камбінаванымі (ад 10−8 да 108Ом). Ёмістасці і індуктыўнасці вымяраюць М.в. пераменнага току 4-плечнымі (найб. пашыраны) і 6-плечнымі. Пры спалучэнні М.в. з вымяральнымі пераўтваральнікамі вызначаюць неэл. велічыні (напр., т-ру, дэфармацыю, паскарэнне). Выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхн. апаратуры, даследчых лабараторыях і на прадпрыемствах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Частата 8/389; 11/210
- » - пераменнага току 8/384
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СКІН-ЭФЕ́КТ (ад англ. skin скура, абалонка + эфект),
паверхневы эфект, затуханне электрамагнітных хваль па меры іх пранікнення ў праводнае асяроддзе. У выніку пераменны ток размяркоўваецца пераважна ў паверхневым слоі (скін-слоі) правадніка, пераменны магн. паток — у паверхневым слоі магнітаправода.
С.-э. тлумачыцца тым, што пад дзеяннем знешняга пераменнага поля свабодныя электроны правадніка ствараюць віхравыя токі, поле якіх кампенсуе знешняе поле ў аб’ёме правадніка. У выніку частка эл.-магн. энергіі пераўтвараецца ў цеплавую, што і вядзе да затухання хваль. Праяўленне С.-э. тым большае, чым большая частата току або магн. патоку, плошча сячэння проваду або магнітаправода, праводнасць і магн. пранікальнасць матэрыялу. С.-э. вядзе да павелічэння эл. супраціўлення проваду пераменнаму току ў параўнанні з супраціўленнем пастаяннаму току і да размагнічвання магнітаправода віхравымі токамі. На С.-э. заснаваны дзеянне эл.-магн. экранаў, высокачастотная паверхневая загартоўка стальных вырабаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НГМЮРА ФО́РМУЛА,
аналітычная залежнасць эл.току паміж электродамі, змешчанымі ў вакуум, ад прыкладзенага да іх напружання. Названа ў гонар І.Ленгмюра, які даследаваў гэтую залежнасць для розных канфігурацый электродаў. Выгляд Л.ф. залежыць ад формы электродаў і геаметрыі міжэлектроднай прасторы, у найб. простых выпадках сіла току прапарцыянальная U3/2 (закон трох другіх), дзе U — прыкладзенае да электродаў напружанне. Выкарыстоўваецца пры разліках і канструяванні эл.-вакуумных прылад (пераважна для электронных лямпаў з напаленым катодам). Гл. таксама Тэрмаэлектронная эмісія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ (ЛЭП),
збудаванне з праваднікоў току, дапаможных канструкцый і прыстасаванняў для перадачы электраэнергіі ад электрастанцый да спажыўцоў. Разам з трансфарматарнымі і пераўтваральнымі электрычнымі падстанцыямі складаюць электрычную сетку, з’яўляюцца адным з асн. звёнаў энергетычнай сістэмы Бываюць паветраныя і кабельныя, пераменнага (да 1150 кВ) і пастаяннага (да 1500 кВ) току, нізкага (да 1 кВ) і больш высокіх напружанняў. Першая ў свеце ЛЭП пераменнага трохфазнага току пабудавана ў 1891 М.В.Даліва-Дабравольскім.
Паветраныя ЛЭП складаюцца: з апор ліній электраперадачы (асн. элементы — стойкі, фундаменты, траверсы, тросастойкі, адцяжкі), правадоў (адно- і многадрацяныя медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя), лінейнай ізаляцыі (фарфоравыя або шкляныя штыравыя і падвесныя ізалятары электрычныя): арматуры (падтрымныя і нацяжныя заціскачкі, вушкі, почапкі, клямары, вібрагасільнікі, злучальнікі правадоў), стальных маланкаахоўных тросаў (падвешваюцца на падыходах да падстанцый на ЛЭП 35 кВ і па ўсёй даўжыні на ЛЭП 110 кВ і вышэй з жалезабетоннымі і метал. апорамі). Кабельная лінія электраперадачы складаецца з сілавых кабеляў, кабельных муфтаў, мацавальных дэталяў. Пракладваецца пад зямлёй, пад вадой, на апорах, эстакадах (у гарадах і на буйных прамысл. прадпрыемствах) Распрацоўваюцца ЛЭП з ізаляванымі саманясучымі і з ахоўнымі правадамі, крыярэзістыўныя, звышправодныя і інш. У Беларускай энергетычнай сістэме эксплуатуюцца паветраныя ЛЭП пераменнага току напружаннем 0,38, 0,66, 6, 10, 35, 110, 220, 330, 750 кВ і кабельныя напружаннем 0,38, 6, 10 і 110 кВ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНЧ-ЭФЕ́КТ (ад англ. pinch звужэнне, сцісканне),
звужванне эл. токавага канала ў сціскальным праводным асяроддзі пад уздзеяннем уласнага (створанага самім токам) магн. поля. Апісаны амер. вучоным У.Х.Бенетам (1934) у дачыненні да патокаў хуткіх зараджаных часціц у газаразраднай плазме. Рэалізуецца ў моцнатокавых газавых разрадах (сіла току сотні тысяч ампер і больш). Назіраецца таксама ў плазме цвёрдых цел, напр., у т.зв. моцна выраджанай электронна-дзірачнай плазме паўправаднікоў. Выкарыстоўваюць у даследаваннях уласцівасцей носьбітаў току, мадэляванні з’яў у газаразраднай плазме і інш.