ВУА́ЛЬ (ад франц. voile пакрывала, заслона),
1) лёгкая празрыстая баваўняная ці шаўковая тканіна. З вуалі шыюць сукенкі, вырабляюць шалі.
2) Тонкая празрыстая сетка на жаночых капелюшах, якая часам часткова закрывае твар.
3) Вуаль у фатаграфіі — пацямненне неэкспаніраваных участкаў праяўленага фатагр. матэрыялу. Назіраецца ў большай ступені ў высокаадчувальных фотаматэрыялах.
т. 4, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ВА ў ткацтве,
сукупнасць паралельных нітак, накіраваных уздоўж тканіны. Тканіна на ткацкім станку ўтвараецца ўзаемным (пераважна перпендыкулярным) перапляценнем нітак
Аснова і ўтку. Ніткі асновы пры тканні церпяць большае мех. ўздзеянне, чым ніткі ўтку, таму на аснову выкарыстоўваюць больш трывалую і якасную пражу. Трываласць нітак асновы павялічваюць апрацоўкай клеявымі растворамі (шліхтай).
т. 2, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБАПЛА́СТЫКІ,
пластмасы з азбеставых валакністых напаўняльнікаў і тэрмарэактыўных, пераважна амінаальдэгідных і фуранавых смолаў. Падзяляюцца на азбатэксталіты (напаўняльнік — азб. тканіна), азбавалакніты (напаўняльнік — валакно) і азбагетынаксы (напаўняльнік — папера). Маюць высокую мех. трываласць, цепластойкасць, фрыкцыйнасць, электраізаляцыйныя, антыкаразійныя ўласцівасці. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ратацыйных помпаў і электраабсталявання, тармазных калодак, каразійнаўстойлівай ізаляцыі, трубаў, кранаў, элементаў цеплааховы ракет і касм. апаратаў.
т. 1, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕФІ́Р,
1) баваўняная тканіна палатнянага перапляцення з кручанай беленай пражы. Уздоўж асновы мае вузкія палоскі з патоўшчаных белых і тонкіх каляровых нітак, якія чаргуюцца паміж сабой і з белымі ніткамі. Выкарыстоўваюць пераважна для пашыву мужчынскіх кашуль.
2) Разнавіднасць пасцілы. Цукеркі шарападобнай ці прадаўгаватай формы, у параўнанні з пасцілой маюць больш пышную кансістэнцыю.
т. 7, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРД (ад франц. corde вяроўка, шнур),
1) кручаная трывалая нітка з хім. (часам баваўняных) валокнаў. Выкарыстоўваецца пры вырабе аўтамаб., авіяц. і інш. пакрышак, прагумаваных тэкстыльных вырабаў.
2) Шарсцяная тканіна асаблівай будовы, якая стварае на вонкавай паверхні падоўжныя рубчыкі шырынёй каля 3—8 мм. Выкарыстоўваецца для абіўкі сядзенняў аўтамабіляў, пашыву верхняга адзення і інш.
т. 8, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛА́НЖ (ад франц. mélange сумесь),
1) у хіміі сумесь канцэнтраваных азотнай і сернай кіслот пры іх суадносінах па аб’ёме прыблізна 9:1. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сернай к-ты вежавым спосабам.
2) Замарожаная сумесь яечных жаўткоў і бялкоў (яечны М.). Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў.
3) Змяшэнне ў пражы валокнаў, афарбаваных у розныя колеры, а таксама тканіна, вырабленая з такой пражы.
т. 10, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЧА́ (перс.),
дэкаратыўная тканіна са складаным узорам, утвораным метал. ніткамі ўтку. У Кітаі П. выраблялі яшчэ ў пач. н.э. У старажытнасці ўзор фарміравалі з залатых і сярэбраных нітак на шаўковай аснове, у наш час — з нітак матэрыялаў (сплаваў), што імітуюць гэтыя каштоўныя металы, ці з мішуры на палатне з шаўковых ці баваўняных нітак. Выкарыстоўваюць пераважна для пашыву і аздаблення тэатр. касцюмаў.
т. 12, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАГО́РСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́» Буд-ва пачата ў 1960 у пас. Шацілкі Гомельскай вобл. як Шацілкаўскага з-да штучнага валакна. У 1961 са зменай назвы пасёлка на г. Светлагорск адпаведна змянілася назва з-да. У 1965 уведзена ў дзеянне 1-я, у 1967—2-я чарга кордавай вытв-сці, у 1969 — вытв-сць серавугляроду, у 1971 — доследна-прамысловая ўстаноўка па вытв-сці корду з розных тыпаў цэлюлозы, на якой у 1976 пасля рэканструкцыі атрымана нітка «Аксалон» для цеплаізаляцыйных вырабаў, у 1980 — участак па вытв-сці вугляродных матэрыялаў. З 1983 — сучасная назва. У 1992 рэканструявана 2-я кордавая вытв-сць, устаноўлены агрэгаты для фармавання віскознай тэкстыльнай ніткі. У 1994 арганізаваны вытв-сці нятканага матэрыялу «Спанбонд», мяшкоў з плёначных поліпрапіленавых нітак, у 1996 — вытв-сць карбаксіметылцэлюлозы. У складзе прадпрыемства з-ды: поліэфірнай тэкстыльнай ніткі, штучнага валакна; вытв-сці: палімерных і вугляродных матэрыялаў, тавараў нар. ўжытку. Асн. прадукцыя (2001): віскозная кордавая тканіна, віскозная і поліэфірная тэкстыльныя ніткі, нятканыя матэрыялы, поліпрапіленавыя мяшкі, тканіна, шпагат; тавары нар. ўжытку (спарт. касцюмы, камплекты для спальні і інш.), вугляродныя матэрыялы, аксалон.
т. 14, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТ (ад лац. matta цыноўка, рагожа),
1) цыноўкі, пляцёнкі з саломы, чароту, рагозу і інш. Выкарыстоўваюцца для аховы ад холаду раслін у парніках (парніковыя М., напр., з жытняй саломы).
2) У спорце — матрацы, мяккі подсціл. Складаюцца з абалонкі, чахла (трывалая тканіна) і набіўкі (порыстая пластмаса, шарсцяныя ці баваўняныя ачоскі, футравыя адходы, конскі волас і інш.), бываюць прашытыя шпагатам. Выкарыстоўваюцца ў барацьбе, акрабатыцы, гімнастыцы і інш. для змякчэння ўдараў і прадухілення траўмаў.
т. 10, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ТА́ЛЕСНАЯ МАНУФАКТУ́РА Дзейнічала ў 1816—84 у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 1816—20 мела 9 станкоў, у 1884—2 станкі. У 1816 працавала 60 вольнанаёмных рабочых, выпушчана 4,7 тыс. аршынаў прадукцыі, у т. л. тонкага сукна 264, байкі 990, фланелі 100, талесаў 2900, арбаканфосаў (шарсцяная тканіна даўж. 2 аршыны з выразам для галавы) 430 і інш. Воўну куплялі ў Магілёўскай і Чарнігаўскай губ., дапаможныя матэрыялы ў Маскве.
т. 10, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)