ГУЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Сяргеевіч) (18.11.1867, г. Разань, Расія — 6.9.1933),
савецкі біяхімік. Акад.АНСССР (1929). Чл. Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1928). Скончыў Маскоўскі ун-т (1890), працаваў у ім. Навук. працы па біяхіміі мышачнай тканкі, азоцістым абмене, хіміі бялкоў. Адкрыў новыя азоцістыя злучэнні ў саставе мышцаў — карназін і карніцін (вітамін Bт). Аўтар першага дапаможніка па мед.хім. аналізе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРПЛАЗІ́Я (ад гіпер... + грэч. plasis утварэнне),
павелічэнне колькасці структурных элементаў тканак з прычыны павышанай функцыі органа ці ў выніку паталагічнага новаўтварэння тканкі. Гіперплазія складае аснову гіпертрафіі. Часта мае кампенсатарны характар. Адрозніваюць гіперплазію залозістую, залозіста-ацынозную, адэнаматозную і інш.
У раслін — мясцовае разрастанне тканак у выніку мітатычнага ці амітатычнага дзялення клетак. Вынік гіперплазіі — утварэнне галаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАГЕНА́Т,
аднародная суспензія здробненай да субклетачных элементаў біял.тканкі. Атрымліваюць шляхам неабарачальнай дэзінтэграцыі яе структуры звычайна з дапамогай спец. прыстасавання — гомагенізатара. Шляхам дыферэнцыяльнага цэнтрыфугавання і інш. метадаў з гомагенату выдзяляюць субклетачныя мікраскапічныя структуры (арганелы) і некат. макрамалекулы (бялкі, нуклеінавыя к-ты, ліпіды і інш.). Гомагенат выкарыстоўваюць таксама для вывучэння біяхім. рэакцый па-за арганізмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁМА [ад грэч. mys (myos) мышца + ōma канчатак у назвах пухлін],
дабраякасная пухліна з мышачнай тканкі ў чалавека і жывёл. М. з гладкіх мышцаў (леяміёма) развіваецца ў матцы, страўніку, кішэчніку; з папярочна-паласатых (рабдаміёма) узнікае пры парушэннях развіцця з эмбрыянальных клетак у міякардзе і мышцах канечнасцей. Бывае адзіночная і множная. Гл. таксама Пухліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭАМІЭЛІ́Т (ад астэа... + грэч. myelos мозг),
інфекцыйнае запаленне касцявога мозгу і ўсіх слаёў косці. Неспецыфічны астэаміэліт выклікаецца гнаяроднымі мікробамі, спецыфічны туберкулёзнай, бруцэлёзнай, сіфілітычнай і інш. палачкамі. Узбуджальнікі астэаміэліту трапляюць у косць праз кроў (гематагенным шляхам) з аддаленага гнойнага ачага (фурункула, абсцэсу і інш.), праз пашкоджаныя тканкі (адкрытыя пераломы, раненні), з інфіцыраваных тканак (гнойнае запаленне суседняга сустава). Захворванню садзейнічаюць траўмы, пераахаладжэнні, ператамленні, авітамінозы і інш. Пры астэаміэліце ў косці парушаецца кровазварот, закупорваюцца сасуды (трамбоз); косць, пазбаўленая жыўлення, мярцвее. Участкі амярцвелай тканкі паступова адрываюцца і выдаляюцца праз свішчы з гноем. Адрозніваюць астэаміэліт востры гематагенны і хранічны. Востры астэаміэліт пачынаецца раптоўна: высокая тэмпература, дрыжыкі, ірвота, часты пульс, зацямненне свядомасці. Там, дзе пашкоджана косць, узнікае прыпухласць, чырванее скура. Калі гной прарываецца, тэмпература спадае, агульны стан хворага паляпшаецца. Ускладненні: гнойныя запаленні суставаў (артрыты), пераломы касцей, вывіхі, сепсіс, пашкоджанні ўнутр. органаў. Востры астэаміэліт можа пераходзіць у хранічны з перыядычнымі абвастрэннямі. Лячэнне вострага астэаміэліту — тэрапеўтычнае, хранічнага — хірургічнае, фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯПСІ́Я (ад бія... + грэч. opsis разгляданне),
дыягнастычная аперацыя выразання пробнага кавалачка хваравіта змененай тканкі жывога арганізма з далейшым мікраскапічным даследаваннем для вызначэння характару паталагічнага працэсу (запаленне, пухліна і інш.). Біяпсія ў час хірург. аперацыі (тэрміновая) дае магчымасць удакладніць клінічны дыягназ і вызначыць межы пашкоджання. Разнавіднасць біяпсіі — біяпункцыя, пры дапамозе якой ацэньваюць характар змянення ўзятых для даследавання клетак, вадкіх тканак (напр., спіннамазгавой вадкасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАФІЛАКСІ́Я (ад ана... + грэч. phylaxis ахова),
від алергічнай рэакцыі неадкладнага тыпу, якая развіваецца адразу пры паўторным парэнтэральным (не праз страўнікава-кішачны тракт) пападанні ў арганізм некаторых алергенаў. Найб. выразнае агульнае праяўленне — анафілактычны шок, мясцовыя — запаленне, ацёк, часам некроз тканкі. Анафілаксія можа быць і пры ўжыванні некаторых лек. прэпаратаў, укусах пчол, восаў, чмялёў, ад расліннага пылку. Гл. таксама Алергічныя хваробы, Алергія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНАВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,
група інфекцыйных захворванняў чалавека і жывёлы, выкліканых адэнавірусамі. Здольнасць адэнавірусаў размнажацца ў эпітэліяльных клетках дыхальных шляхоў, кан’юнктывы, кішэчніка і лімфоіднай тканкі абумоўлівае разнастайнасць клінічных прыкмет хваробы: востры катар верхніх дыхальных шляхоў, кан’юнктывіт, энтэракаліт. Найб. успрымальныя да інфекцыі дзеці. Ліхаманка пры захворванні працягваецца 5—7 дзён, катаральны стан — да 10—12 дзён. Ускладненні (атыт, ангіна, пнеўманія) узнікаюць пры далучэнні бактэрыяльнай інфекцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́НАР (ад лац. dono дару),
чалавек, які добраахвотна дае кроў ці тканкі для лячэння хворых. Адрозніваюць Д. крыві, плазмы, стандартных эрытрацытаў, імуннай плазмы, касцявога мозгу і інш. Д. могуць быць здаровыя, фізічна развітыя людзі пасля 18 гадоў. Пры цяжарнасці, лактацыі, менструацыі, прафілакт. прышчэпках кроў не бяруць. Здаровым людзям донарства не шкодзіць. Паказчык па Беларусі: 45—48 Д. на 1 тыс. чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙДЫГ ((Leydig) Франц) (21.5.1821, г. Ротэнбург, Германія — 13.4.1908),
нямецкі гістолаг. Замежны чл.-кар. Пецярбург. АН (1897). Праф. ун-таў у Цюбінгене (1857) і Боне (1875). Навук. працы па параўнальнай гісталогіі органаў і тканак пазваночных жывёл і чалавека, гісталогіі беспазваночных. Разам з ням.гістолагам і эмбрыёлагам Р.А.Кёлікерам распрацаваў морфафізіял. класіфікацыю тканак (1857), апісаў від тканкі мужчынскай палавой залозы (прамежкавая тканка Л.).