КАНЧАЛО́ЎСКІ (Пётр Пятровіч) (21.2.1876, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 2.2.1956),
расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1946), правадз.чл.АМСССР (1947). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет». Вучыўся ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1897—98), скончыў Пецярбургскую АМ (1907). Выкладаў у Вольных маст. майстэрнях (1918—21) і ў Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—29) у Маскве. У ранніх творах зазнаў уплывы фавізму, імкнуўся спалучыць канструктыўнасць колеру П.Сезана са стыхійнай святочнасцю фарбаў, уласцівай рус.нар. мастацтву, фармальныя пошукі — з аптымістычным успрыняццем свету (партрэт Г.Б.Якулава, 1910; «Сухія фарбы», 1912; «Агава», 1916, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш рэаліст. манеры: нацюрморты («Лісце тытуню», 1929; «Бэз», 1933; «Хлеб, вэнджаніна і віно», 1948), партрэты (У.Э.Меерхольда і С.С.Пракоф’ева, абодва 1938; аўтапартрэт, 1943), пейзажы («Наўгародская серыя», 1920-я г.), жанравыя карціны («Вяртанне з кірмашу», 1926; «Палацёр», 1946). Працаваў у графіцы, рабіў тэатр. дэкарацыі. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН-ЧА́КА (ісп. Gran Chaco),
прыродная вобласць у цэнтры Паўд. Амерыкі, у Балівіі, Парагваі і Аргенціне. Абмежавана рэкамі Парагвай і Парана на У і Андамі на З. Займае Лаплацкі тэктанічны прагін і складзена з алювіяльных нізін выш. 50—70 м на У і з акумулятыўных раўнін выш. 500—600 м на З. Клімат на б.ч.тэр. трапічны, з вільготным летам. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 да 21 °C, студз. ад 26 да 30 °C (макс. да 47 °C, самая высокая на мацерыку). Ападкаў ад 500 да 1200 мм за год. Рачная сетка развіта пераважна на З і У; асн. рэкі Парагвай і Парана — транзітныя, з рэзкімі летнімі паводкамі; унутр. раёны пазбаўлены паверхневага сцёку. У перадгор’ях шмат балот, участкі саланчакоў. Пераважаюць сухія рэдкалессі, т.зв. лясы Чака (кебрача, альгароба, гуаякан, тэкома, мімоза і інш.), уздоўж рэк — чаньяр, васковая пальма на карычнева-чырвоных глебах. Жывёльны свет вельмі багаты: тапіры, пекары, нутрыі, браняносцы, балотны алень, ягуар, пума; шмат птушак, паўзуноў і насякомых. Авечкагадоўля. Баваўнаводства. Лесараспрацоўкі; вытв-сць дубільнага экстракту кебрача. Паляванне. На ПнЗ Аргенціны здабыча і перапрацоўка нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЖДЖАВА́Я ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
вытворчасць пякарскіх дражджэй роду Saccharomyces cerevisiae, якія выкарыстоўваюць у хлебапячэнні і мед. прам-сці. Сыравіна для Д.в. — адходы цукр. вытв-сці (мелес), вугляводы мелесу ў прысутнасці кіслароду і азоцістых рэчываў у выніку біяхім. працэсаў ператвараюцца ў клетачную біямасу. У заводскіх умовах выхад біямасы дражджэй складае 70—90% у адносінах да масы мелесу.
Таварныя дрожджы вырошчваюць у дрожджавырошчвальных апаратах у водным растворы мелесу пры аэрацыі. Перад падачай у вытв-сць мелес асвятляюць на сепаратарах ачышчальніках (для выдалення прымесей), разбаўляюць вадой, дабаўляюць мінер. пажыўныя кампаненты, што маюць азот і фосфар(напр., сульфат амонію, дыамонійфасфат і інш.), сумесь мікраэлементаў, кукурузны экстракт (крыніца роставых рэчываў) і матачныя дрожджы з чыстых культур для размнажэння. Дрожджы са зброджанага сусла выдаляюць на сепаратарах-раздзяляльніках у выглядзе густога дражджавога малака, з якога фільтр-прэсамі ці вакуум-фільтрамі выдаляюць вільгаць. На аўтам. лініях ажыццяўляюць фармаванне і расфасоўку прасаваных дражджэй у брыкеты (т-ра захоўвання 1—4 °C). З прасаваных дражджэй высушваннем пры т-ры да 70 °C атрымліваюць сухія дрожджы (т-ра захоўвання 15 °C).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДА-ГА́НГСКАЯ РАЎНІ́НА,
раўніна паміж Гімалаямі на Пн і Дэканскім пласкагор’ем на Пд у Індыі, Пакістане і Бангладэш. Працягваецца ад Аравійскага м. да Бенгальскага зал. амаль на 3 тыс.км. Шыр. 250—350 км. Рэльеф выш. 50—100 м у асн. плоскі, ускладняецца ярамі і рачнымі тэрасамі. У тэктанічных адносінах — перадгорны прагін альпійскай эпохі складкавасці, запоўнены ў асн.стараж. і сучасным алювіем і марскімі адкладамі (магутнасць да 12 км). Клімат субэкватарыяльны мусонны на У і трапічны на З. Сярэднія т-ры студз. 12—20 °C, ліп. 30—36 °C. Ападкі пераважна летам ад 2 тыс.мм на ПдУ да 150 мм на ПдЗ. Рэкі: Інд, Ганг, Брахмапутра і іх прытокі. Летнія паводкі. У дэльце Ганга і Брахмапутры вечназялёныя лясы, на ўзбярэжжы — мангры; у цэнтр.ч. раўніны — лістападныя лясы і саванны; у даліне Інда — сухія саванны, паўпустыні і пустыні. І.-Г.р. густа заселена, б.ч. ўзарана (рыс, бавоўна, цукр. трыснёг і інш.). Густая сетка арашальных каналаў. Найб. гарады: Дэлі, Калькута (Індыя), Карачы, Лахор (Пакістан), Дака (Бангладэш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́, Паўднёва-Антыльскія астравы (галандская назва Benedenwindse Eilanden, ісп. — Islas Sotavento),
паўднёвая частка архіпелага Малыя Антыльскія астравы на З ад 64°зах. д. Складаюцца з а-воў: Аруба, Кюрасао, Банайрэ (уваходзяць у Нідэрландскія Антыльскія а-вы), Авес, Лос-Рокес, Арчыла, Бланкілья, Лос-Эрманас (уваходзяць у склад Венесуэлы на правах федэральных уладанняў). Назва П.а. тлумачыцца падветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату. Пл. каля 1,2 тыс.км². Нас. каля 370 тыс.чал. (1999). Буйныя астравы ўзгоркаватыя (выш. да 372 м на в-ве Кюрасао), складзены з крышт. і метамарфічных сланцаў, перакрытых вулканічнымі і вапняковымі адкладамі. Дробныя астравы каралавыя, нізінныя. Клімат трапічны, засушлівы. Сярэднія т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Сухія лясы і ксерафітныя хмызнякі. Плантацыі сорга, арахісу, бататаў, бананаў, цытрусавых. Гадуюць коз і авечак. Нафтаперапрацоўка (нідэрландская ч. П.а.). Буйнейшыя гарады — Вілемстад (в-аў Кюрасао), Араньестад (в-аў Аруба). А-вы Лос-Рокес аб’яўлены Нац. паркам (1973). Адкрыты ў 1499 мараплаўцамі А.Ахедам і А.Веспучы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НА (ісп. Puna, на мове кечуа — пустынны),
прыродная вобласць у Паўд. Амерыцы, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціне. Уяўляе сабой высакагорныя пустыні і сухія стэпы на высокаўзнятых пласкагор’ях Цэнтр. Андаў паміж Зах. і Цэнтр. Кардыльерамі. Выш. 3500—4600 м. У рэльефе пераважаюць слабахвалістыя раўніны і плоскія катлавіны, запоўненыя вулканічнымі, абломкавымі і азёрна-ледавіковымі адкладамі. Клімат высакагорна-трапічны з халаднаватым дажджлівым летам і халоднай сухой зімой. Сярэднія т-ры ліст. 5—10 °C, ліп. 2—6 °C. Ападкаў ад 1000 мм за год на Пн, да 100—200 мм на Пд і З. Характэрны рэзкія змены надвор’я і моцныя вятры. П. — вобласць унутранага сцёку (найб.р. Дэсагуадэра). Найб. азёры Тытыкака і Паапо. Развіты саланчакі. Глебы ад высакагорна-стэпавых да чырвона-бурых пустынных, часта саланчаковыя. Расліннасць пераважна ксерафільная, разрэджаная, з дзернавінных злакаў (кавыль, аўсяніца, вейнік і інш.), падушкападобнага хмызняку (льярэта і інш.), асобных кактусаў, салянак, трапляюцца нізкарослыя дрэвы (палілепіс, тола і інш.). Пашавая жывёлагадоўля (развядзенне авечак, мулаў, лам); у бас. азёр Тытыкака і Паапо — пасевы збожжавых, бульбаводства. П. вылучаюць таксама як вышынны ландшафтны пояс Цэнтр. Андаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЭ́НКІ,
бел. мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва, муж. і жонка. Працуюць у тэхніцы ручнога ткацтва, батыка. Таццяна Аляксееўна (н. 22.12.1953, Тбілісі). Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1976), у 1976—82 выкладала ў гэтым ін-це. Юрый Васілевіч (н. 3.10.1953, г. Віцебск). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1978). Сярод лепшых твораў: габелены «Лістапад» (1986), «Зямля» (1987), «Камета», «Трэшчына» (абодва 1990), «Цені» ад вясёлкі», «Горад Шагала», «Зацьменне» (усе 1992), «Стагоддзі», «Азёрны край» (абодва 1993); заслоны для тэатр. сцэн «Вячэрняе прадстаўленне» (1983), «Урачыстая» (1986), «Папараць-кветка» (1987), «Залацістая» (1989); батыкі «Першыя кветкі». (1981), «Бэз», «Японская акацыя» (абодва 1990), «Планета» (1991), «Усход», «Сусвет», «Белая ноч» (усе 1992), «Палявыя кветкі» (1994). Творы ў змешанай і аўтарскай тэхніцы: «Пачатак» (1988), «Хмара» (1989), «Сухія кветкі», «Зімовы сон» (абодва 1991), «Ліпеньская ноч», «Далёкі востраў», «Апошні ліст» (усе 1992), «Код жыцця» (1995). Работы вылучаюцца шырокім выкарыстаннем разнастайных традыц. і нетрадыц. матэрыялаў, спалучэннем аб’ёмаў і плоскасцей, кампазіцыйнай і колеравай выразнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па бетанаванні маналітных бетонных і жалезабетонных канструкцый і збудаванняў. Уключаюць падрыхтоўку бетоннай сумесі, яе транспартаванне на буд. пляцоўку, укладку (звычайна ў апалубку), ушчыльненне, нагляд за бетонам пры яго цвярдзенні, кантроль якасці бетанавання.
Рыхтуюць бетонную сумесь на спец. устаноўках ці бетонных з-дах з дапамогай бетоназмяшальнікаў і дастаўляюць да месцаў укладкі спец.бетанавозамі, аўтамабілямі-самазваламі, канвеерным, помпавым і кранавым транспартам. Укладваюць сумесь у блокі бетанавання і разраўноўваюць пры дапамозе бетонаўкладчыкаў, бетанапомпаў, эстакад (з праходжаннем сумесі па вібраправодах), стужачных транспарцёраў, пнеўманагнятальнікаў, латакоў, вібражалабоў, вібрахобатаў і інш. Ушчыльняюць сумесь вібрыраваннем (гл.Вібраўшчыльненне бетону), цэнтрыфугаваннем, прасаваннем, вакуумаваннем. Выкарыстоўваюць таксама метад таркрэт-бетону, пры якім па адным гнуткім шлангу сціснутым паветрам падаюцца сухія кампаненты сумесі, а па другім — вада пад ціскам; бетонная сумесь са змяшальніка выкідваецца на паверхню, паслойна накладваецца і ўшчыльняецца пад напорам струменя. У пачатку цвярдзення бетону яго засцерагаюць ад мех. пашкоджанняў і страсенняў, падтрымліваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Пры выкананні бетонных работ зімой выкарыстоўваюць супрацьмарозныя дабаўкі, падаграюць сумесь (пры прыгатаванні ці перад укладкай) і ўкладзены бетон.
Бетонныя работы: а — выгрузка бетоннай сумесі аўтамабілямі-самазваламі; б — бетанаванне з эстакад; в — укладка сумесі пад’ёмнымі кранамі; г — утоптванне буйнога запаўняльніка ў раствор цяжкім вібратарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ, Пярэдняя Азія,
група прыродных краін на З і ПдЗАзіі, якая ўключае п-вы М.Азія, Аравійскі, Сінайскі, прылеглыя да іх астравы і тэрыторыі (Кіпр, Каўказ, Капетдаг, б.ч. Іранскага і Армянскае нагор’е, Месапатамская нізіна і прылеглыя да іх вобласці Усх. Міжземнамор’я, т. зв. краіны Леванта). Пл. каля 7,5 млн.км². У межах ЗА. размешчаны Арменія, Грузія, Азербайджан, паўн.каўказская ч.тэр. Расійскай Федэрацыі, паўд.ч. Туркменістана, азіяцкая ч. Турцыі, Ірак, Іран, Афганістан, Кіпр, Ліван, Сірыя, Іарданія, Ізраіль, Кувейт, азіяцкая ч. Егіпта, Саудаўская Аравія, Йемен, Катар, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн.
Нагор’і паўн ч. З.А адносяцца да міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, у якім маладыя складкавыя структуры акаймоўваюць стараж. сярэдзінныя масівы, што абумовіла ўтварэнне рэльефу з больш высокімі ўскраіннымі хрыбтамі і паніжанымі ўнутр. пласкагор’ямі. Аравійскі п-аў і Левант прымеркаваны да стараж. платформавых структур Гандваны. Нізінныя раўніны Месапатаміі сфарміраваліся на месцы перадгорнага прагіну. Буйныя радовішчы нафты (бас. Персідскага зал. і Апшэронскага п-ва). Клімат арыдны; пустыні, паўпустыні, сухія стэпы (у асн. на Пд). Узбярэжжы Міжземнага, Чорнага і паўд.ч. Каспійскага м., паўд.-зах.ч. Аравійскага п-ва вільготныя з субтрапічнай і трапічнай лясной і хмызняковай флорай. Развіта пашавая жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКАРУ́М (цюрк. чорныя каменныя горы),
горная сістэма ў Цэнтр. Азіі, Індыі (штат Джаму і Кашмір) і Кітаі. Адна з самых высокіх у свеце. Размешчана паміж Памірам і Куньлунем на Пн, Гімалаямі і Гандысышанем на Пд. Даўж. каля 800 км. Шыр. ад 150 да 250 км. Сярэдняя выш. каля 6000 м, найвыш. 8611 м (г. Чагары). Складаецца з некалькіх паралельных хрыбтоў. Сфарміравана альпійскай складкавасцю. Рэльеф высакагорны, альпійскі, са скалістымі грабянямі, стромкімі схіламі, шматлікімі асыпкамі. Восевая зона складзена з гнейсаў, крышт. сланцаў, мармуру, гранітаў і інш., паўн.-ўсх. частка — з гліністых і вапняковых парод палеазою і мезазою, прарваных інтрузіямі, паўд.зах. частка — з метамарфізаваных вулканагенна-асадкавых ўтварэнняў. Радовішчы серы, праяўленні берылію, малібдэну, золата і інш.Пл. зледзянення 16,3 тыс.км²; буйныя дэндрытавыя ледавікі — Сіячэн (даўж. 75 км), Балтара, Рымо. К. — водападзел паміж бас. рэк Інд і Тарым. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Ападкаў ад 100 да 500 мм за год. На паўн. схілах халодныя пустыні і сухія стэпы, на паўд. (пад уздзеяннем мусонаў) — стэпы, лугі. На выш. 3000—3500 м лясы з хвоі, гімалайскага кедра; па далінах рэк — галерэйныя лясы з вярбы і таполі. Найб. спецыфічныя жывёлы: дзікі, як, антылопа-аронга, антылопа-ада, дзікія аслы, снежны барс і інш. Да выш. 4000 м вырошчваюць ячмень, гарох, люцэрну, у ніжняй ч. — вінаграднікі, сады.