БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ БАРАЦЬБЫ́ са шкоднікамі і пустазеллем,

метады стварэння біял. перашкоды для распаўсюджвання, памяншэння колькасці або знішчэння шкодных з пункту гледжання чалавека арганізмаў. Засн. на ўзаемаадносінах арганізмаў у біяцэнозах, пры якіх выкарыстоўваюцца натуральныя ворагі або ўзбуджальнікі хвароб шкоднікаў ці пустазелля і найб. спрыяльныя ў экалагічным сэнсе. Тэрмін прапанаваў амер. заолаг Л.​Хоўард (1916). Мікрабіял. метад у барацьбе са збожжавымі жукамі ўпершыню ў Расіі выкарыстаў І.​І.​Мечнікаў (1879). Найб. пашыраныя біялагічныя метады барацьбы: інтрадукцыя драпежнікаў або паразітаў сярод папуляцыі шкоднікаў (рыба гамбузія выкарыстоўваецца супраць малярыйнага камара; эфектыўная барацьба з чырвонай крывяной тлёй вядзецца з дапамогай паразіта афелінуса, завезенага з ЗША, і інш.); выкарыстанне патагенных мікраарганізмаў (вірус міксаматозу супраць трусоў у Аўстраліі, вірусы гранулёзу супраць азімай і зерневай совак, энтабактэрын супраць вусеняў яблыневай і пладовай моляў, баярышніцы і інш.); спец. спосабы практычнага выкарыстання энтамафагаў і акарыфагаў (развядзенне трыхаграмы для барацьбы з шэрагам с.-г. і лясных шкоднікаў, драпежнага кляшча фітасеюлюса супраць павуцінных кляшчоў у цяпліцах і інш.); рэпрадукцыйныя метады (скормліванне ваўкам, каётам і лісам стэрылянтаў, якія выклікаюць бясплоднасць самак ці зніжаюць тэмпы размнажэння і інш.); выкарыстанне жывёл для барацьбы з пустазеллем (знішчэнне святаянніку прадзіраўленага з дапамогай лістаеда і златкі); экалагічная прафілактыка (падтрымка экалагічнай мазаікі, скарачэнне плошчаў монакультур і інш.).

На Беларусі біялагічныя метады барацьбы распрацоўваюцца ў Ін-це лесу АН і НДІ аховы раслін ААН. Распрацаваны біялагічныя метады барацьбы з хвоегрызучымі шкоднікамі лесу і с.-г. раслін у закрытым грунце. Ускосна распрацоўка біялагічных метадаў барацьбы стымулявала даследаванні, якія прывялі да стварэння т.зв. біялагічнай зброі.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШКІ́РСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 17—18 ст.,

выступленні супраць феад., нац. і рэліг. прыгнёту, захопу зямель рус. памешчыкамі.

Паўстанне 1662—64 ахапіла амаль усю Башкірыю, асабліва яе паўд.-ўсх. ч., але было раздробленае і не мела агульнага кіраўніцтва. Штуршком да паўстання 1681—83 з’явілася прымусовая хрысціянізацыя башкіраў. Пачалося восенню 1681, да лета 1682 ахапіла ўсю Башкірыю, праходзіла пад лозунгам «свяшчэннай вайны» супраць рускіх. Нар. масы, якія напачатку прымалі актыўны ўдзел у паўстанні, адышлі ад яго, што і вырашыла зыход паўстання. Антырус. накіраванасць мела і паўстанне 1705—11. Самае буйное — паўстанне 1735—40, яго непасрэдная прычына — буд-ва ў Башкірыі горных заводаў і крэпасцяў і прысваенне зямель башкіраў. Пацярпела жорсткае паражэнне. Паўстанне 1755 — супраць царскай адміністрацыі і мясц. Феад. знаці. Было выклікана ўзмацненнем феад. прыгнёту, прымусовай хрысціянізацыяй. Ахапіла б.ч. Башкірыі. Нягледзячы на паражэнне, паўстанне мела станоўчы вынік — прыгнёт у Башкірыі быў паслаблены.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ДАГАВО́РЫ Дагавор 1921 аб дружбе і братэрстве,

падпісаны 16 сак. ў Маскве. Паводле яго РСФСР адмовілася ад усіх нераўнапраўных дагавораў і пагадненняў Турцыі з Рас. імперыяй; да Турцыі адыходзілі раёны Карса, Ардахана і Артвіна; Нахічэванская вобл. ператваралася ў аўт. тэрыторыю пад пратэктаратам Азербайджана; бакі абавязаліся не дапускаць знаходжання на сваёй тэрыторыі арг-цый, якія мелі мэтай барацьбу супраць інш. боку. Дагавор меў важнае значэнне для перамогі Кемалісцкай рэвалюцыі 1920—23. Дагавор 1925 аб дружбе і нейтралітэце, падпісаны 17 снеж. ў Парыжы. Паводле яго ў выпадку ваен. выступлення супраць аднаго з бакоў адной ці некалькіх трэціх дзяржаў інш. бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт у адносінах да першай. СССР і Турцыя абавязаліся ўстрымлівацца ад усякага нападу на інш. бок і не прымаць удзелу ні ў якім саюзе ці пагадненні, якія накіраваны супраць інш. боку. Дэнансаваны СССР у сак. 1945.

т. 14, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́С (Пётра) (сапр. Яленскі Пётр),

бел. пісьменнік пач. 20 ст. У 1913—15 у газ. «Наша ніва» друкаваў вершы («З Новым годам»), апавяданні («У кузні»), жарты («Лякарства ад беднасці»), публіцыст. артыкулы («Колькі слоў аб Беларусі і беларускай песні»). У апавяданні «Якім Бяздольны» (асобнае выд., Вільня, 1914) паказаў зараджэнне ў душы бяспраўнага селяніна пратэсту супраць царскіх парадкаў. Выступаў супраць непісьменнасці і бескультур’я дарэв. бел. вёскі, прапагандаваў нар. мастацтва, уздымаў тэму сац. несправядлівасці.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ЯПО́НСКІ САЮ́З,

ваенна-паліт. саюз Англіі і Японіі супраць Расіі, а таксама для ўмацавання свайго панавання ў Кітаі і Карэі. Заключаны 30.1.1902. Прадугледжваў нейтралітэт у выпадку вайны саюзніка з інш. дзяржавай і аказанне яму дапамогі, калі да ваен. дзеянняў супраць саюзніка далучыцца іншая дзяржава або група дзяржаў. Саюз садзейнічаў развязванню руска-японскай вайны 1904—05. Англа-японскі саюз аднаўляўся ў жн. 1905 і ліп. 1911. На Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 заменены пагадненнем ЗША Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯ́ЖАЦКІЯ З’Е́ЗДЫ ў Кіеўскай Русі,

нарады князёў з дынастыі Рурыкавічаў, на якіх вырашаліся важныя паліт., ваен. і рэліг. пытанні. З летапісных крыніц найб. вядомыя: Вышгарадскі К.з. 1072 (разглядаў пытанні аб перанясенні мошчаў св. Барыса і Глеба ў новую царкву, прыняцці «Праўды Яраславічаў» — новай рэдакцыі «Рускай праўды»), Любецкі з’езд 1097, Віцічаўскі К.з. 1100 (пра заключэнне міру паміж князямі Святаполкам Ізяславічам, Уладзімірам Манамахам, Алегам Святаславічам і інш. і саюз супраць полаўцаў), Долабскі К.з. 1103 (пра арганізацыю паходу супраць полаўцаў).

т. 8, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЕ НЕПАДПАРАДКАВА́ННЕ,

адмова насельніцтва або групы асоб ад выканання распараджэнняў улад у знак пратэсту супраць якіх-н. іх дзеянняў.

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГО́Е СЕ́РБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1815,

нацыянальна-вызваленчае, супраць тур. панавання ў Сербіі; гл. ў арт. Сербскія паўстанні пачатку 19 стагоддзя.

т. 6, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДАМА́КІ (ад тур. haydamak нападаць),

удзельнікі вызв. руху на Правабярэжнай Украіне супраць польскай шляхты. Рух гайдамакаў узнік у 1720-я г. на Валыні і ў Зах. Падоліі, пазней распаўсюдзіўся на інш. раёны Украіны. Атрады гайдамакаў складаліся з сялян, бяднейшых запарожскіх казакоў, батракоў, рамеснікаў. У 1734, 1750, 1768 рух гайдамакаў перарастаў у буйныя паўстанні, найб. значнае ў 1768 («Калііўшчына»). У грамадз. Вайну 1918 — 20 на Украіне нац. фарміраванні, што змагаліся супраць сав. улады, выкарыстоўвалі папулярныя ў народзе гіст. традыцыі і называлі сябе гайдамакамі.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБАПАЛАСА́Р, Набу-аплаў-цур,

заснавальнік Новававілонскага царства і дынастыі халдзейскіх цароў; правіў у 626—605 да н.э. Напачатку асірыйскі палкаводзец, потым намеснік Вавілоніі. У 626 да н.э. ўзначаліў паўстанне вавіланян супраць Асірыі (пад яе ўладай Вавілонія была з 729 да н.э.). Захапіў Вавілон (626), Урук (620), Ніпур (615). З 614 у саюзе з мідыйскім царом Кіяксарам вёў вайну супраць Асірыі, якая завяршылася падзеннем Ніневіі (612), разгромам асірыйскіх войск і іх егіп. саюзнікаў у бітве каля Кархемыша (605). Атрымаў у валоданне паўд. ч. Асірыі.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)