ГЛЫБО́ЧЫНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вядзеціца, за 21 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,37 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 6,8 м, даўж. берагавой лініі 4 км. Пл. вадазбору 6,2 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, на У да 10 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі на У участкамі супадаюць са схіламі, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, стромкае. Дно ў паўн. ч. да глыб. 4—5 м пясчанае, у цэнтр. і паўд. — сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадае ручай з воз. Бярэзінак, выцякае ручай у воз. Вядзета.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБАЕ́ДЫ (Mycetophagidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 20 родаў і 200 відаў. Жывуць у грыбах і гнілой драўніне. Найб. вядомыя грыбаед двухкрапінкавы (Dacne bipustulata), грыбаед чырвонагаловы (Triplax russica). На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны Litargus connexus і Mycetophagus quadripustulatus.

Даўж. 2—6,5 мм. Цела авальнае, слаба пукатае, укрыта тонкімі валаскамі. Афарбоўка ад светла-бурай да чорнай, надкрылы звычайна са светлым малюнкам. Лапкі ў самкі 4-членістыя, у самца пярэднія 3-членістыя. Лічынкі грыбаедаў прадаўгаватыя, з даволі вял. галавой і кароткімі нагамі; на заднім канцы цела кручкападобныя вырасты, загнутыя ўверх. Жывяцца пераважна грыбніцай (міцэліем).

Грыбаеды: 1 — чырвонагаловы; 2 — двухкрапінкавы.

т. 5, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРЫНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПдЗ ад Віцебска. Пл. 0,37 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 15,2 км². Схілы катлавіны выш. да 20 м (на Пн і Пд да 5 м), у верхняй ч. разараныя, на У пад хмызняком. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, уздоўж урэзу вады параслі хмызняком, на Пн нізкія, пераўвільготненыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — сапрапелі; глеі. Зарастае слаба. У возера ўпадае ручай, на Пн выцякае ручай у Зах. Дзвіну.

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАЛЯ́НКА, Перагонка,

рака ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл. і Кармянскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 352 км². Пачынаецца каля паўд.-зах. ускраіны в. Малая Зімніца Слаўгарадскага р-на. Цячэ па паўд.-зах. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 900 м — 1,5 км. Пойма ў вярхоўі забалочаная, ніжэй сухая, двухбаковая, шыр. 200—900 м. Рэчышча каналізаванае на працягу каля 18 км ад вытоку, далей слаба меандруе, шыр. ракі ў межань у сярэднім цячэнні 8—10 м, у ніжнім 3—5 м.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТАЎЕ́,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Зах. Дзвіна, за 28 км на ПнУ ад Віцебска. Пл. 0,65 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 340 м, найб. глыб. 4,8 м, даўж. берагавой лініі каля 7 км. Пл. вадазбору 5 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, пясчаныя, параслі лесам, участкі на У і 3 у верхняй ч. разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на У і 3 часткова забалочаныя, сплавінныя. Дно да глыб. 1—1,5 м пясчанае, ніжэй выслана сапрапелем. Упадаюць 3 ручаі, на Пд выцякае ручай у Зах. Дзвіну. Зарастае слаба.

т. 8, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБЕ́НШЧЫНА,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры каля в. Лабеншчына Мінскага р-на. Пляцоўка з У умацавана 3 валамі і 2 равамі, з ПнЗ — 2 валамі і 2 равамі. У ранні перыяд існавання (4—1 ст. да н.э.) гарадзішча было слаба ўмацавана, пляцоўка выкарыстоўвалася часткова. Выяўлены рэшткі 5 наземных жытлаў слупавой канструкцыі, падзеленых на асобныя жылыя камеры, агнішчы круглай і авальнай форм, абкладзеныя камянямі, печ-домніца. У 2—4 ст. гарадзішча заселена поўнасцю, насыпаны валы, выкапаны равы, па краі пляцоўкі пастаўлена драўляная сцяна. Знойдзена вял. колькасць рэшткаў посуду, жал. сякеры, сярпы, посахападобныя шпількі, скроневыя кольцы, гліняныя прасліцы і інш.

т. 9, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ СЕЗО́НЫ,

часткі года працягласцю ў некалькі месяцаў, якія вызначаюцца кліматычнымі асаблівасцямі. У экватарыяльным поясе з раўнамерным увільгатненнем і малой амплітудай змены т-ры на працягу года К.с. амаль не выяўляюцца. У субэкватарыяльным, трапічным і часткова субтрапічным паясах К.с. вылучаюць у асноўным па рэжыме ўвільгатнення, адрозніваюць сухі сезон (з малой колькасцю ападкаў) і вільготны сезон (са значнай колькасцю ападкаў). Ва ўмераным поясе добра выражаны 4 самаст. сезоны — вясна, лета, восень і зіма, якія вылучаюць пераважна па тэрмічных умовах. Для палярных раёнаў характэрны працяглая зіма і кароткае лета, а пераходныя К.с. выражаны слаба.

т. 8, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПТАНА ЭФЕ́КТ,

павелічэнне даўжыні хвалі эл.-магн. выпрамянення (рэнтгенаўскага і γ-выпрамянення) пры рассеянні яго на свабодных або слаба звязаных электронах. Назіраецца таксама і пры рассеянні эл.-магн. хваль на пратонах, нейтронах, атамных ядрах. Адкрыты А.Комптанам у 1923.

Закон захавання энергіі-імпульсу пры дастасаванні да працэсу рассеяння на вугал v фатона на электроне масы m дае магчымасць вызначыць павелічэнне даўжыні хвалі фатона: Δλ= λ0(1−cosv), дзе λ0комптанаўская даўжыня хвалі электрона. Δλ не залежыць ад першапачатковай даўжыні хвалі λ і найбольшая пры рассеянні назад (ν = π). Доследы Комптана, якія пацвердзілі гэтыя вывады, сталі доказам квантавай прыроды святла.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФРАГУ́К (ад лац. infra ніжэй, пад + гук),

пругкія ваганні нізкай частаты (менш за 20 Гц), нячутныя чалавечым вухам. Слаба паглынаецца рознымі асяроддзямі, распаўсюджваецца на значныя адлегласці. Генерыруецца атм. і акіянічнымі флуктуацыямі ціску, ветрам, марскімі хвалямі (у т. л. прыліўнымі), вадаспадамі, землетрасеннямі, абваламі, вывяржэннем вулканаў, выбухамі, работай і ваганнямі рухавікоў, машын, канструкцый, збудаванняў. Выкарыстоўваецца пры акіяналагічных і геафіз. даследаваннях, у гідраакустыцы і інш. Моцны І. выклікае пашкоджанне і разбурэнне канструкцый, а І. значнай інтэнсіўнасці (120 дБ і болей) шкодна ўплывае на арганізм чалавека (асабліва небяспечныя для асобных органаў інфрагукавыя вібрацыі з-за магчымых рэзанансных з’яў).

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮХ,

успрыманне арганізмам пры дапамозе нюху органаў пэўных уласцівасцей (паху) розных рэчываў, што прысутнічаюць у навакольным асяроддзі; адзін з відаў хемарэцэпцыі. Мае сігнальнае значэнне. Служыць жывёлам для пошуку і выбару корму, высочвання здабычы, выратавання ад ворагаў, для біяарыентацыі, біякамунікацыі і інш. Адрозніваюць жывёл з добра развітым Н. (большасць млекакормячых), са слаба развітым Н. (птушкі, цюлені, вусатыя кіты, прыматы) і з поўнай адсутнасцю органаў Н. (зубатыя кіты). Асобную ролю ў зносінах жывёл адыгрываюць ферамоны. У людзей больш важныя віды дыстантнай чуллівасці — зрок і слых, але ацэнка ежы вызначаецца пераважна з дапамогай Н.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)