адна з буйнейшых ерэтычных сектаў еўрап. сярэднявечча (назва, верагодна, ад спалучэнняў слоў «Бог» + «мілы», магчыма, ад імя заснавальніка секты балг. святара Багаміла). Узніклі ў 10 ст. на Балканах пад уплывам паўлікіянства. У 11 ст. рух багамілаў (багамільства) пашырыўся ў М. Азіі, Італіі, Францыі, дзе на гэтай глебе ўзніклі секты катараў і альбігойцаў. У 13 ст. было 16 цэркваў багамілаў, у т. л. 3 у Францыі, 7 у Італіі; на Балканах — 3 дыяцэзіі (Балгарская, Драгавіцкая, Баснійская); у Малаазійскай Філадэльфіі — біскупства. У 14 ст. існавалі і на Афоне. Паводле веравучэння, багамілы — нашчадкі маніхейскага дуалізму. Згодна з іх дагматыкай, у свеце існуюць 2 апазіцыйныя сілы — Дабро і Зло (часам прадстаўленыя Белабогам і Чарнабогам). Вярхоўны Бог стварыў нябачны духоўны свет і анёлаў; матэрыяльны свет (зямлю, чалавека) — яго першародны сын Сатанаіл (шатан), які за бунт супраць бацькі быў скінуты з неба. Свет заставаўся ва ўладзе шатана, пакуль Бог не паслаў на зямлю другога свайго сына — Хрыста, які адабраў у шатана рэшткі боскай сілы і вярнуўся на неба. Багамілы адмаўлялі Стары Запавет, хрысц. царкву і яе таямніцы (сакраманты), асуджалі багацце, выступалі супраць эксплуатацыі. Падзяляліся на 2 катэгорыі: вышэйшую — дасканалыя і ніжэйшую — вернікі. Лад жыцця дасканалых быў сурова аскетычны, накіраваны на адыход ад свету зла — матэрыяльнасці. Барацьба з багамільствам пачалася з 10 ст. У 11 ст. ў Канстанцінопалі спалены лідэр іх абшчыны Базыль, у 1180 у Сербіі спалены лідэры багамілаў і іх кнігі. У 1237 папа рымскі Ганоры III склікаў крыжовы паход супраць баснійскіх багамілаў, але пасля нашэсця татараў на Венгрыю багамільства ў Босніі на 2 стагоддзі ператварылася ў нац. рэлігію. У 1450 кароль Томас загадаў падданым вярнуцца да каталіцкай веры, якую пасля захопу туркамі Босніі (1463) і Герцагавіны (1482) многія змянілі на іслам. Пазней багамільства складалася з асобных сектаў, якія праіснавалі да 18 ст.
Літ.:
obolensky D. The Bogomils: A study in Balkan neomanichaeism. Cambridge, 1948;
Runciman S. The medieval Manichee: A study of the Christian Dualist Heresy. Cambridge, 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НСТВА І РАЗНАСТА́ЙНАСЦЬ СВЕ́ТУ,
адна з асноватворных светапоглядных праблем, якая вырашаецца з пазіцый манізму, дуалізму і плюралізму. Манізм прымае за аснову ўсяго існага адзін пачатак. Матэрыялістычны манізм бачыць пачатак свету ў яго матэрыяльнасці (усе прадметы і з’явы — розныя віды ці ўласцівасці матэрыі, якая рухаецца). Наяўнасць структурных узроўняў матэрыі, на кожным з якіх яна валодае рознай будовай і падпарадкоўваецца спецыфічным законам руху, лічыцца крыніцай разнастайнасці свету. Ідэалістычны манізм звязвае адзінства свету з агульнасцю яго духоўнага пачатку. У Гегеля пачатак, які складае аснову ўсіх з’яў прыроды і гісторыі, прадстаўлены абсалютнай ідэяй. Дуалізм у поглядах на свет заключаецца ў прызнанні яго першапачаткам дзвюх раўнапраўных субстанцый: матэрыяльнай і духоўнай. Дэкартаўская (картэзіянская) карціна свету выцякае з паралельнага існавання цялеснай (працяглай) і мыслячай субстанцый (дуалізм цела і душы). Адзінкавыя прадметы — гэта модусы (часовы стан) працягласці і мыслення. Плюралізм грунтуецца на тым, што свет складаецца з мноства незалежных, раўнапраўных утварэнняў, якія не зводзяцца да адзінага пачатку. Паводле Лейбніца, субстанцыяльнымі адзінкамі прыроды з’яўляюцца манады — непадзельныя, замкнутыя духоўныя істоты; вышэйшай манадай ён лічыў Бога.
Літ.:
Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. Наука логики. М., 1974;
Декарт Р. Первоначала философии // Соч.М., 1989. Т. 1;
Лейбниц Г.В. Монадология // Соч.М., 1982. Т. 1;
Кучевский В.Б. Философские проблемы естествознания. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́НЦЫГ (Май Вольфавіч) (н. 27.4.1930, Мінск),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. мастак Беларусі (1995). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маскоўскі маст.ін-т імя Сурыкава (1958). З 1958 выкладае ў Бел.АМ (праф. з 1980). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод работ: тэматычныя карціны «Раніца новага Мінска» (1959), «Партызанскае вяселле» (1968), «Купалаўскія радкі» (1972), «Легенда Беларусі» (1975), «І памятае свет уратаваны...» (1985—95); лірычныя пейзажы «Стары і новы Мінск» (1963), «Цішыня» (1976), «Бацькаўшчына мая» (1982), «Мая Лагойшчына» (1985), серыя «Віцебск — радзіма Шагала» (1994); нацюрморты «Бэз» (1962), «Аб Вялікай Айчыннай...» (1968), «Ялінка» (1971), «Палітра новабудоўляў» (1979); партрэты «Сталявар» (1956), «Кінарэжысёр Э.Клімаў» (1985), пісьменнікаў А.Адамовіча і В.Быкава (абодва 1986) і інш. 3 твораў манум. жывапісу: мазаічнае пано ў кінатэатры «Партызан» (1966), мазаіка ў гасцініцы «Юбілейная» (1969, з Б.Няпомняшчым) — абодва ў Мінску. Творам Д. ўласцівы арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні, драматургічнасць зместу. Канструктыўна-пластычнае валоданне колерам, спалучэнне прыёмаў манум. і станковага мастацтваў, метафарычнасці і канкрэтыкі дазваляюць яму ствараць яркія маст. вобразы, поўна раскрыць сваю творчую індывідуальнасць. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968.
Літ.:
Сурский О.А. М.В.Данциг. М., 1975;
Крэпак Б.А. Май Данцыг. Мн., 1976;
Петэрсан С. Убачым новыя творы // Мастацтва. 1995. № 9.
Л.Ф.Салавей.
М.В.Данцыг.М.Данцыг. І памятае свет выратаваны... 1985—95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙМАН (Maimon) Саламон [сапр.Хейман (Heiman); 1753 або 1754, мяст. Мір, цяпер г.п. Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 22.11.1800], філосаф-асветнік. Вучыўся ў Івянецкай талмудычнай школе. З 1777 у Германіі, дзе самастойна вывучаў філасофію, медыцыну, фізіку, матэматыку. У 1784 скончыў гімназію ў Алтане. Пасля знаёмства ў Берліне з ням. філосафам М.Мендэльсанам пераклаў яго філас. працу «Ранішнія часы», напісаў «Дапаможнік да прыродазнаўства і пачаткаў Ньютана». У «Аўтабіяграфіі» (1791) адлюстраваў гаротнае і бяспраўнае становішча сялян-беларусаў, сваіх землякоў-яўрэяў, жорсткасць і пагардлівыя адносіны да людзей з боку магнатаў і князёў. Быў прыхільнікам філасофіі яўр. тэолага Майманіда (таму і змяніў сваё прозвішча). У працы «Спроба трансцэндэнтальнай філасофіі» (1790) паказаў немагчымасць існавання незалежнай ад свядомасці кантаўскай «рэчы ў сабе». Лічыў, што існуе толькі адзіны свет — свет свядомасці і, як дадзенае, ён не можа быць растлумачаны («Аб прагрэсе філасофіі», 1793). У сваёй гнасеалогіі вылучаў 3 віды пазнання: апастэрыёрнае, апрыёрнае і чыста апрыёрнае (філасофія). Даследаваў тэарэт. праблемы логікі, этыкі, эстэтыкі, выступаў за рэфармаванне існуючай сістэмы ўлады на прынцыпах гуманізму, свабоды і справядлівасці («Гісторыя жыцця», 1792; «Катэгорыі Арыстоцеля», 1794, і інш).
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
Беленький М.С. Иудаизм. 2 изд. М., 1974;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́ЦКАЯ ШКО́ЛА (іанійская),
старажытнагрэчаская філасофская школа ў 6 ст. да н.э. ў г. Мілет. Аб’ядноўвала прыродазнаўцаў і філосафаў на падставе агульнай прыхільнасці да навук-філас. традыцыі. Існавала да 494 г. да н.э., калі г. Мілет разбураны персамі. У яе ўваходзілі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, вучоны-географ і гісторык Гекатэй Мілецкі. Прадстаўнікі школы прытрымліваліся матэрыяліст. поглядаў на свет і былі стыхійнымі дыялектыкамі. Яны лічылі, напр., што ў аснове бясконцага мноства прыродных з’яў знаходзіцца нешта матэрыяльнае — вада, паветра і г.д., а свет рэчаў рухаецца і змяняецца. Дзякуючы вывучэнню прыроды і ўвядзенню ва ўжытак гэтага паняцця зроблена спроба адмежавання навукі ад міфа. Вучоныя М.ш. зрабілі цікавыя адкрыцці ў галіне матэматыкі, геаграфіі, астраноміі, метэаралогіі і ў той жа час займаліся касмаграфіяй і касмалогіяй, не адмаўляючыся ад традыц. міфалагічных структур. Міфалагічныя карані можна знайсці ў параўнанні поглядаў прадстаўнікоў М.ш. на касмалагічны пачатак і касмалагічную перыферыю з поглядамі больш стараж. перыяду, калі гэтыя аб’екты думкі атаясамліваліся, а таксама ў супастаўленні разумення працэсаў касмалагічнай, геал. і біял. эвалюцыі. Аднак, нягледзячы на існаванне некат. агульных падыходаў, касмалогія М.ш. не мае адзінай сістэмы поглядаў і стылю. Ідэі М.ш. і яе традыцыі зрабілі значны ўплыў на развіццё стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Піфагор і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАВА (Галіна Барысаўна) (н. 31.1.1961, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменніца. Дачка Б.І.Сачанкі. Скончыла БДУ (1983). З 1982 у час. «Мастацтва». Друкуецца з 1978. У кн. прозы «Папяровыя замкі» (1990), «Чалавек без адраса» (1991), «Дом іхняе мары» (1994) распрацоўвае праблемы горада, маст. інтэлігенцыі. Псіхалагізм, увага да духоўнага жыцця чалавека, стрыманасць — асн. рысы яе творчай манеры. Выступае як драматург (містычная феерыя «Рамантычнае падарожжа на той свет», 1994; радыёп’еса «Майстэрня Жучка-Баравічка», паст. 1994), аўтар вершаў для дзяцей, эсэ пра мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІСА́ЛЬ (ад грэч. abyssos бяздонны),
абісальная зона, зона марскога дна, якая адпавядае ложу акіяна (3000—6000 м). Займае больш за 75% пл. дна акіяна. Характарызуецца адносна слабай рухомасцю вады, адсутнасцю сонечнага святла, пастаяннымі т-рай (блізкай да 0 °C ці ніжэй), салёнасцю (каля 35%), велізарным ціскам у 30—60 МПа (300—600 атм). Жывёльны свет збяднелы (жывёлы сляпыя ці з вял. вачыма, многія арганізмы свецяцца). Зона найб. акіянскіх глыбінь — ультраабісаль (6—11 тыс.м) прымеркавана да акіянскіх жалабоў уздоўж мацерыкоў ці астраўных дуг.
лакскі паэт.Нар. паэт Дагестана (1939). Першыя вершы апублікаваны ў альманаху «Крокі рэвалюцыі» (1932). Асн. тэмы яго творчасці — жыццё вёскі, штодзённыя клопаты людзей, што працуюць на зямлі (зб-кі «Новы свет», 1934; «Голас Дагестана», 1943; «Світанак жыцця», 1963; «Горныя крыніцы», 1966; «Другое жыццё», 1970, і інш.). Пісаў апавяданні, мініяцюры, творы для дзяцей. Стварыў новы жанр у дагестанскай л-ры — прозу ў спалучэнні з вершамі. Увёў у лакскае вершаскладанне рыфму, васьміскладовы сілабічны памер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЗЕЛЬ (Інакенцій) (каля 1600—28.1.1683),
украінскі мысліцель, культ. і царк. дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскую калегію (1642), у 1645—50 яе прафесар, з 1646 рэктар. Архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры (з 1656). Рэдагаваў «Кіева-Пячэрскі пацярык» (1661). Абароне праваслаўя прысвечаны яго працы «Старая вера» (1668), «Пра сапраўдную веру» (не захавалася). У кн. «Свет з Богам чалавеку» (1669) элементы гуманізму. У «Курсе агульнай філасофіі» (1645—47; рукапіс захоўваецца ў б-цы АН Украіны) выкладзены асновы арыстоцелеўскай філасофіі з элементамі хрысц. тэалогіі. Гізелю прыпісваецца складанне «Сінопсіса» (1674).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС ((Davis) Бэт) (Рут Элізабет; 5.4.1908, г. Лоўэл, штат Масачусетс, ЗША — 6.10.1989),
амерыканская актрыса. Адукацыю атрымала ў драм. школе. З 1928 выступала ў т-рах Брадвея. З 1931 у кіно. Напачатку выконвала ролі інжэню і «ракавых спакусніц». У 1934 у фільме «Цяжар пачуццяў чалавечых» (паводле У.С.Моэма) упершыню паказала складаны, супярэчлівы ўнутр.свет чалавека. Стварала вобразы валявых, незалежных жанчын, здольных выжыць насуперак лёсу. Сярод фільмаў: «Іезавель», «Змрочная перамога», «Лісічкі», «Усё пра Еву», «У цэнтры буры», «Што здарылася з Бэбі Джэйн?», «Жнівеньскія кіты».