САН-ФРАНЦЫ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1951,

дагавор з Японіяй пасля 2-й сусв. вайны. Падпісаны 8 вер. на міжнар. мірнай канферэнцыі (праходзіла 4—8.9.1951; склікана ЗША і Вялікабрытаніяй) у г. Сан-Францыска (ЗША) прадстаўнікамі 49 з 52 дзяржаў-удзельніц. Не падпісалі дагавор СССР (дэлегацыю ўзначальваў А.​А.​Грамыка), Польшча і Чэхаславакія, прадстаўнікі Кіт. Нар. Рэспублікі і Тайваня не былі запрошаны, Індыя і Бірма адмовіліся ад удзелу ў канферэнцыі. Падрыхтаваны ўрадамі ЗША і Вялікабрытаніі на працягу лют. 1946—жн. 1951. Складаўся з 7 раздзелаў (27 артыкулаў). Спыніў стан вайны паміж Японіяй і ўдзельнікамі дагавора. Японія прызнавала незалежнасць Карэі і рашэнні Савета Бяспекі ААН пра былыя падмандатныя яп. тэр., адмаўлялася ад прэтэнзій на Курыльскія а-вы, Паўд. Сахалін, в-аў Тайвань, а-вы Пэнхуледао, Спратлі і Парасельскія. Дэклараваў спыненне амер. акупац. рэжыму ў Японіі, але амер. войскі заставаліся ў краіне на няпэўны тэрмін. 8 вер. ў Сан-Францыска дзярж. сакратар ЗША Д.​Ачэсан і прэм’ер-міністр Японіі Ёсіда Сігэру падпісалі таксама двухбаковы «дагавор бяспекі» (гл. ў арт. Амерыкана-японскія дагаворы 1951, 1960). Абодва дагаворы набылі сілу 28.4.1952. С.-ф.м.д. 1951 не вырашыў праблему тэр. размежавання паміж Японіяй і СССР і пытанні нармалізацыі адносін Японіі з Кіт. Нар. Рэспублікай.

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ФРАНЦЫ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,

устаноўчая канферэнцыя 50 дзяржаў па заснаванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Адбылася 25.4—26.6.1945 у г. Сан-Францыска (ЗША). Склікана паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 аб стварэнні ўсеагульнай міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі. Запрашэнні на С.-Ф.к. накіраваны ад імя ўрадаў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая ўрадам 42 дзяржаў, якія падпісалі Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый ад 1.1.1942 ці далучыліся да яе потым і абвясцілі вайну краінам фаш. блока да 1.3.1945. Адсутнасць сярод запрошаных БССР і УССР стала прадметам рознагалоссяў паміж СССР і яго зах. саюзнікамі (ЗША і Вялікабрытаніяй). Пад націскам нар. камісара замежных спраў СССР В.​М.​Молатава зах. дзяржавы пагадзіліся з сав. патрабаваннем. 27.4.1945 на 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый (Кіруючага к-та) па прапанове кіраўніка дэлегацыі СССР Молатава ў парадак дня С.-Ф.к. аднагалосна ўключана пытанне пра запрашэнне БССР і УССР. Пасля падтрымкі сав. прапановы кіраўнікамі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі канферэнцыя аднагалосна (47 галасамі) прыняла пастанову пра ўключэнне БССР і УССР у лік першапачатковых членаў арг-цыі. 30.4.1945 пленарнае пасяджэнне С.-Ф.к. зноў аднагалосна прыняло рашэнне пра запрашэнне дэлегацый БССР і УССР. У той жа дзень на канферэнцыю запрошаны ўрад Аргенціны, а 5.6.1945 — Даніі. Па патрабаванні дэлегацыі СССР С.-Ф.к. вырашыла лічыць членам-заснавальнікам ААН і Польшчу (падпісала Статут ААН у канцы 1945). 1.5.1945 ген. сакратар канферэнцыі А.​Хіс паслаў з Вашынгтона ў Мінск запрашальную тэлеграму наркому замежных спраў БССР К.​В.​Кісялёву.

30.4.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР прызначыў бел. дэлегацыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік), Г.​І.​Байдакова, А.​Р.​Жэбрака, У.​М.​Перцава, Ф.​П.​Шмыгава; у тэхн. персанал дэлегацыі ўвайшлі В.​І.​Фармашаў (кансультант), М.​Ц.​Лынькоў (карэспандэнт), М.​І.​Пятрова (перакладчыца), Несцерава (перакладчыца-стэнаграфістка). 8.5.1945 дэлегацыя БССР пачала працу і ўнесла ўклад у распрацоўку Статута ААН. Яго выпрацоўка ажыццяўлялася на падставе прапаноў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944, палажэнняў аб працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі ААН, узгодненых на Крымскай канферэнцыі («ялцінская формула»), дапаўненняў і паправак, прадстаўленых дзяржавамі — удзельніцамі С.-Ф.к. Дэлегацыя БССР выступала за права аднагалосся (вета) пастаянных членаў Савета Бяспекі, уключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў, забеспячэнні інтарэсаў калан. і залежных краін і інш. Па гэтых пытаннях у Статут унесены палажэнні, якія захоўвалі «ялцінскую формулу», уключалі СССР у склад Савета па апецы і закладалі палітыка-прававую аснову для антыкалан. дзейнасці, адкрывалі шлях у ААН толькі міралюбным дзяржавам. Было выпрацавана палажэнне, што Генеральная Асамблея ААН можа абмяркоўваць усе пытанні ў межах Статута ААН. 23.5.1945 на першай з часу стварэння ў 1919 Наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыі нарком замежных спраў Беларусі Кісялёў заявіў, што БССР будзе праводзіць самаст. знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л. БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнароднага суда ААН і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. Апошняй належала ажыццявіць мерапрыемствы, звязаныя з пачаткам дзейнасці гал. органаў ААН (Ген. Асамблеі, Савета Бяспекі і інш.). 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ён набыў сілу. С.-Ф.к. — першы міжнар. форум 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове.

Літ.:

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг. Мн., 1994;

Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг. Мн., 1997.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 14, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дагавор аб дружбе і добрасуседстве 1862 паміж Сан-Марына і Італіяй 9/355

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

САНІТАРЫ́Я (ад лац. sanitas здароўе),

практычныя мерапрыемствы, накіраваныя на аздараўленне жыцця, працы і адпачынку насельніцтва. Тэарэт. асновы С. і сан. нарматывы распрацоўвае гігіена. Падзяляецца на жыллёва-камунальную (сан. добраўпарадкаванне нас. месцаў, жылых і грамадскіх будынкаў) і вытв. (прадухіленне або памяншэнне ўздзеяння на працуючых шкодных вытв. фактараў). Правядзенне сан. мерапрыемстваў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» (2000). Кантроль за правядзеннем сан. і проціэпідэмічных мерапрыемстваў ажыццяўляе санітарна-эпідэміялагічная служба.

М.​В.​Шчавелева.

т. 14, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ (Пётр Андрэевіч) (10.6.1874, в. Валок Харкаўскай вобл., Украіна — ?),

бел. вучоны ў галіне гігіены. Д-р медыцыны (1910). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1898). Працаваў ваен. урачом у г. Бабруйск. Навук. працы па вывучэнні сан. стану Бабруйска, пра фіз. развіццё, здароўе насельніцтва Бабруйскага павета. Сфармуляваў прапановы пра паляпшэнне сан. стану, развіццё мед. дапамогі і ўвядзенне сан. нагляду ў Бабруйску.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КЛЕНД (Oakland),

горад на З ЗША, у штаце Каліфорнія. Прыгарад г. Сан-Францыска. Засн. ў 1-й пал. 19 ст. Каля 380 тыс. ж., з прыгарадамі 2 млн. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на ўсх. беразе зал. Сан-Францыска; злучаны з г. Сан-Францыска мостам цераз заліў. Аэрапорт. Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, металаапр., харч., металургічная, хімічная. Аўтазборачныя з-ды. Ваенна-марская база.

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства ўрачоў Гродзенскай губерні. Засн. ў 1869 у Гродне. Адно з першых у Рас. імперыі. Мела на мэце сан. вывучэнне губерні, складанне яе медыка-тапагр. і сан. карты, барацьбу з эпідэміямі, арганізацыю мед. дапамогі сельскаму насельніцтву, вывучэнне краявой паталогіі, сан. асвету насельніцтва і інш.; давала рэкамендацыі па пытаннях сан. добраўпарадкавання, рэгістрацыі інфекц. захворванняў і смяротнасці. Старшынямі т-ва ў розны час былі А.​Ф.​Рэйнпольскі, М.​Д.​Беклямішаў. Выдала 2 зборнікі пратаколаў за 1890/91 і 1895/96. У 1913 спыніла існаванне. Аднавіла работу пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. З 1954 дзейнічаюць абл. спецыялізаваныя мед. навук. т-вы.

А.​П.​Малчанаў.

т. 5, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства мінскіх урачоў. Створана ў 1862 па ініцыятыве губ. ўрачэбнага інспектара Дз.​В.​Спасовіча з мэтай сан. вывучэння губерні, барацьбы з эпідэміямі, арг-цыі ўрачэбнай дапамогі насельніцтву, сан. асветы. У 1863 зачынена. У 1867 дзейнасць адноўлена намаганнямі доктара М.​К.​Берга. Т-ва праводзіла медыка-тапаграфічнае і сан.-стат. апісанне гарадоў і мястэчак Мінскай губ., лабараторныя сан.-гігіенічныя даследаванні вады і прадуктаў харчавання, арганізавала дэзінфекцыйную камеру, сан.-бактэрыялагічную лабараторыю. Засн. мед. б-ку (1867), метэаралагічную станцыю (1869), бясплатную лячэбніцу для бедных (1879), гар. бальніцу сан. к-та (1898), гар. амбулаторыю (1899), дачу-калонію для хворых на туберкулёз (1912). Т-ва выдавала свае «Пратаколы» і «Працы», у 1910—15 штомесячны час. «Минские врачебные известия»; удзельнічала ў стварэнні ў Мінску б-к — імя А.​С.​Пушкіна (1899), чыгуначнай (1902), імя Л.​М.​Талстога (1911). У 1919—21 і 1941—44 дзейнасць т-ва перапынялася. У 1929 пераўтворана ў навук. асацыяцыю, у 1933 — у профільныя т-вы, у 1940 — ва Усебел. мед. т-ва. У 1944 створаны шэраг спецыялізаваных мед. т-ваў.

Літ.:

Молчанов А.П. К истории научных медицинских обществ в Белоруссии // Научные медицинские общества БССР: Сб. справ. сведений. Мн., 1981.

А.​П.​Малчанаў.

т. 10, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУНДЫАІ́ (Jundiai). горад на ПдУ Бразіліі, у штаце Сан-Паўлу. Засн. ў 1655. Каля 350 тыс. ж. (1995). Уваходзіць у склад Вял. Сан-Паўлу. Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: тэкст., хім., металургічная, маш.-буд. (вытв-сць тэкст. машын). Цэнтр раёна вінаградарства.

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАМА́НТЭ (Bramante; сапр. Даната д’Анджэла; Donato d’Angelo) Даната

(1444, Ферміньяна, каля г. Урбіна, Італія — 11.3.1514),

італьянскі архітэктар Высокага Адраджэння. Пабудаваў у Мілане цэрквы Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра (1479—83), Санта-Марыя дэле Грацые (1492—97) і інш., у Павіі — ніжнія часткі сабора (1488—92), у Віджэвана — гал. плошчу (1493—98). У Рыме дабудаваў палац Канчэлерыя з вял. дваром, абкружаным аркадамі (1499—1511), стварыў капліцу-ратонду Тэмп’ета ў двары кляштара Сан-П’етра ін Манторыо (1502). У Ватыкане стварыў двары Бельведэр (1503—05) і Сан-Дамаза (каля 1510), да канца жыцця праектаваў і будаваў сабор св. Пятра ў Рыме. Яго пабудовы вылучаюцца стройнай велічнасцю, гарманічнай дасканаласцю, цэласнасцю і яснасцю кампазіцыйнага і прасторавага вырашэння, творчым выкарыстаннем класічных формаў.

Д.Брамантэ. Капліца-ратонда Тэмп’ета кляштара Сан-П'етра ін Манторыо ў Рыме. 1502.

т. 3, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)