ДЗВІН, Вастан Дзвін,

рамесна-гандл. горад, цэнтр транзітнага гандлю Арменіі ў 4—13 ст. (за 35 км на Пд ад Ерэвана). У 330-я г. арм. цары Аршакіды пабудавалі тут крэпасць і перанеслі туды сваю рэзідэнцыю. Пасля падзення Арм. царства ў 428 Дз. стаў рэзідэнцыяй перс. правіцеляў Арменіі. З 640 — цэнтрам араб. эмірата — Армінія. У 1236 разбураны манголамі. Раскопкі Дз. праводзяцца з 1937. У крэпасці адкрыты руіны палацаў, жылыя дамы і ганчарныя майстэрні 10—13 ст. У цэнтры горада — рэшткі сабора (перабудаваны ў 7 ст.), палац каталікоса (5 ст.), будынак вял. караван-сарая і інш.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙЦЮ́НІШСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана ў 1614 (паводле інш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.​Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.

Гайцюнішская капліца. Фота пач. 20 ст.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЖО́Н (Dijon),

горад на У Францыі. Адм. ц. дэпартамента Кот-д’Ор і гал. горад гіст. вобл. Бургундыя. Гар. правы з 1182. 151,6 тыс. ж., з прыгарадамі каля 250 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Бургундскім канале. Прам-сць: маш.-буд., хім., абутковая, харч., дрэваапрацоўчая. Цэнтр вытв-сці бургундскіх він. Ун-т (з 1722). Арх. помнікі: сабор Сен-Бенінь (10—14 ст.), цэрквы — раманская Сен-Філібер (12 ст.), гатычная Нотр-Дам (13 ст.), палац Бургундскіх герцагаў (14—18 ст., у ім Музей прыгожых мастацтваў), руіны манастыра Шанмоль (1383—88), рэнесансавая царква Сен-Мішэль (1499—1530) і інш.

т. 6, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ФКА (Kafka) Багуміл (14.2.1878, Нова-Пака, Чэхія — 24.11.1942),

чэшскі скульптар, прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў школе скульптараў і каменшчыкаў у Горжыцы, у Маст.-прамысл. школе (1896—98; выкладаў у 1916—25) і АМ (1898—1901; выкладаў з 1925) у Празе. У 1904—08 у Парыжы. Творчая манера адметная пошукамі прасторавай выразнасці, свабодай кампазіцый, жывапіснай пластычнасцю. Сярод работ: «Руіны жыцця» (1902), «Брукаўшчыкі», «Серна з дзіцянятамі», рэльеф «Пасля купання ў моры» (усе 1905), «Абуджэнне» (1905, 1926), «Зоркі гаснуць» (1906), праекты помнікаў К.​Гаўлічаку-Бораўскаму (1924), Я.​Жыжку (1931—34; устаноўлены ў 1950 у Празе) і інш. Працаваў як партрэтыст і медальер.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́СКА (Cuzco, Cusco),

горад на Пд Перу, на пласкагор’і Пуна, на выш. каля 3400 м. Адм. ц. дэпартамента Куска. Адзін з найстарэйшых гарадоў Амерыкі (паводле арх. звестак заснаваны раней 11 ст.). 275 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна. Прам-сць: тэкст., харч., гарбарна-абутковая. Саматужныя промыслы. Ун-т (1692). Музеі, у т. л. музей Ін-та археалогіі Нац. ун-та (стараж. і калан. мастацтва), Музей віцэ-каралеўства. Руіны інкскіх палацаў і храмаў, сабор (16—17 ст.), манастыры, цэрквы, жылыя дамы (16—18 ст.). Турыстычны цэнтр. К. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

т. 9, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСА,

старажытны горад шумераў на Пн Месапатаміі (цяпер гарадзішча Сенкерэ ў Іраку), атаясамліваецца з біблейскім г. Эласар. У канцы 3-га тыс. да н.э. заваявана Эламам. У 1932 да н.э. цэнтр царства, заснаванага амарэйскай дынастыяй. Найб. росквіту дасягнула ў 19—18 ст. да н.э. У 1762 да н.э. далучана царом Хамурапі да Вавілоніі. У 1739 да н.э. тут адбылося паўстанне, пасля якога Л. моцна разбураны вавіланянамі. Мела вял. значэнне ў новававілонскі перыяд (626—538 да н.э.), да якога адносяцца апошнія пісьмовыя звесткі пра Л. У выніку археал. раскопак (з 1854) выяўлены руіны горада, помнікі матэрыяльнай культуры, дакумент. матэрыял.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНДЖЫКЕ́НТ, Пенджыкент,

руіны стараж. сагдыйскага горада на паўд.-усх. ускраіне сучаснага г. П. (Таджыкістан). Інтэнсіўнае жыццё тут адбывалася ў 6 — сярэдзіне 8 ст. У 1-й чвэрці 8 ст. горад разбураны арабамі. У час археал. раскопак (з 1946) выяўлены сеткі вуліц, пабудовы ў выглядзе храмаў даісламскага часу, жылыя будынкі, рамесныя майстэрні і крамы; шматлікія помнікі выяўл. мастацтва, эпіграфікі (на сагдыйскай і араб. мовах), знойдзена некалькі тысяч бронзавых і сярэбраных манет (у т. л. мясц. чаканкі), манетныя скарбы, побытавыя рэчы з гліны, металаў і інш. Некропаль складаўся з невял. скляпоў (наусаў), куды ў асуарыях змяшчалі косці нябожчыкаў.

Літ.:

Скульптура и живопись древнего Пянджикента. М., 1959.

т. 13, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́НА (Salonae),

ілірыйскае паселішча за 5 км на Пн ад г. Спліт (Харватыя). У канцы 2—1 ст. да н.э. апорны пункт рымлян у Далмацыі; у 27 да н.э. атрымала статус рымскай калоніі. Пры Флавіях буйны гандл.-рамесны пункт правінцыі Далмацыя і яе адм. цэнтр. З 4 ст. н.э. рэзідэнцыя епіскапа. Разбурана аварамі і славянамі ў 6—7 ст. Захаваліся ўмацаванні з шматвугольнымі вежамі, рэшткі форума, амфітэатра 2 ст. н.э., храма 1 ст., тэрмаў і віл з мазаікамі, базілік 4—5 ст., ант. і раннехрысц. некропаляў, епіскапскага палаца, шматлікія творы ант. скульптуры (статуі, саркафагі з рэльефнымі выявамі), помнікі эпіграфікі і інш.

Руіны базілікі ў Салоне.

т. 14, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАДАРО́ (Theodōrō), Мангупскае княства,

дзяржава на ПдЗ сучаснага Крыма ў 12—15 ст. Вылучылася са складу Візантыі, займала тэр. паміж р. Кача на Пн і Чорным м. на Пд, сучаснымі гарадамі Севастопаль на З і Алушта на У. Цэнтр — г. Феадаро (у 10—12 ст. наз. Мангуп). Насельніцтва (аланы, грэкі, караімы, нашчадкі готаў) займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рамёствамі і гандлем. У 14—15 ст. Ф. адстойвала сваю незалежнасць ад мангола-татараў і генуэзцаў, з пач. 15 ст. валодала портам Каламіта ў вусці Чорнай рэчкі. У 1475 заваявана туркамі. Горад Феадаро спыніў існаванне ў 18 ст., яго руіны пад назвай Мангуп-кале за 20 км на У ад Севастопаля.

т. 16, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́ЧКА (Wieliczka),

горад і бальнеалагічны курорт у Польшчы, у Кракаўскім ваяв. Вядомы з 11 ст., гар. правы з 1290. На Пд ад Кракава, у перадгор’ях Карпат. Мяккі клімат, мінер. воды і аэразольнае паветра саляных падземных вырабатак спрыяльныя для лячэння хвароб органаў руху і апоры, бранхіяльнай астмы і інш. хвароб лёгкіх. Алергалагічны санаторый. Буйны цэнтр адпачынку і міжнар. турызму. Захаваліся сярэдневяковыя касцёлы (у т. л. драўляны 16 ст.), руіны замка караля Казіміра Вялікага (каля 1350, 18 ст., разбураны ў 1945). Саляная шахта (13 ст.) з падземнымі капліцамі (17 ст.), у стараж. частцы якой адзіны ў свеце такога роду Музей кракаўскіх капальняў солі. Саляная шахта ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)