ФІНА́НСЫ (франц. finances грашовыя сродкі),

спецыфічная форма вытворчых адносін, што ўзнікаюць у сувязі з размеркаваннем ч. валавога ўнутр. прадукту і фарміраваннем цэнтралізаваных і дэцэнтралізаваных фондаў грашовых сродкаў. Сродкі выкарыстоўваюцца на расшырэнне, узнаўленне і задавальненне агульнадзярж. патрэб.

У грашовых адносінах, што складваліся паміж насельніцтвам і дзяржавай у асобе князя, караля, суддзі, лац. тэрмін «finis» (канец, заканчэнне) азначаў завяршэнне плацяжу, канчатковы разлік. Пазней ад яго ўзнікла слова «Ф.» — грашовыя плацяжы. У Францыі гэты тэрмін ужываецца з 16 ст. (у больш шырокім сэнсе — як сукупнасць публічных даходаў і выдаткаў). Тэрмін «публічныя Ф.» на ўсіх еўрап. мовах азначае сукупнасць дзярж. даходаў і расходаў. Ад лац. fiskus узнік тэрмін «фіск» (казна) — так называлі плацежны кош, у які ссыпалі грошы і матэрыяльныя каштоўнасці, атрыманыя дзяржавай ад насельніцтва.

Гістарычна ўзнікненне Ф. абумоўлена наяўнасцю дзяржавы і яе фіскальнай палітыкі, а таксама таварна-грашовых адносін. Змест Ф. вызначаюць грашовыя адносіны: гасп. суб’ектаў паміж сабой пры куплі-продажы тавараў і паслуг; паміж дзяржавай і суб’ектамі гаспадарання, якія звязаны з плацяжамі ў бюджэт і фінансаваннем з бюджэту, а таксама з фарміраваннем і выкарыстаннем пазабюджэтных і страхавых фондаў; грашовыя адносіны суб’ектаў гаспадарання з работнікамі па ўзнаўленні рабочай сілы; паміж суб’ектамі гаспадарання і банкаўскай сістэмай пры атрыманні і пагашэнні крэдытаў; адносіны ўнутры суб’екта гаспадарання, звязаныя з размеркаваннем выручкі і чыстага даходу; адносіны суб’ектаў гаспадарання з вышэйстаячымі органамі, звязаныя са стварэннем сумесных грашовых фондаў.

Ф. выконваюць размеркавальную і кантрольную функцыі. Размеркавальная іх функцыя забяспечвае размеркаванне і пераразмеркаванне ўнутр. валавога прадукту, нац. і чыстага даходаў, фарміраванне даходаў і накапленняў; стварэнне фондаў, грашовых сродкаў. Кантрольная функцыя Ф. заключаецца ў кантролі за размеркаваннем унутр. валавога прадукту, нац. даходу па адпаведных грашовых фондах і іх мэтавым расходаванні. Кантрольная функцыя абумоўлена нарматыўным характарам грашовых адносін (нарматыўныя акты рэгламентуюць умовы размеркавання даходаў і плацяжоў у бюджэт, фінансаванне з бюджэту, крэдытаванне, фарміраванне і выкарыстанне страхавых фондаў, а таксама грашовых фондаў суб’ектаў гаспадарання). Яе задача — кантроль за выкананнем нарматыўных актаў.

Літ.:

Бельский К.С. Финансовое право. М., 1995.

М.​Е.​Заяц.

т. 16, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАЛО́ГІЯ (ад космас + ...логія),

вучэнне пра Сусвет як адзінае цэлае і пра ўсю ахопленую назіраннямі вобласць свету як яго частку. Вывучае пытанні размеркавання і руху матэрыі ў прасторы, развіцця фіз. карціны Сусвету, геам. ўласцівасці прасторы-часу; яе развіццё звязана са стварэннем агульнай тэорыі адноснасці (1915; гл. Адноснасці тэорыя). Развівалася як раздзел астраноміі, сучасная К. выкарыстоўвае законы фізікі, астрафізікі, а таксама агульныя палажэнні філасофіі.

Грунтуецца на аднародных і ізатропных мадэлях, прапанаваных А.Фрыдманам (1922, 1924), у якіх выкарыстоўваецца дапушчэнне: у Сусвеце няма якіх-н. вылучаных пунктаў і напрамкаў. Асноўны вывад тэорыі Фрыдмана: Сусвет не застаецца нязменным у часе, ён расшыраецца або сціскаецца. Чырвонае зрушэнне ў спектрах далёкіх галактык сведчыць пра расшырэнне Сусвету (амер. астраном Э.​Хабл, 1929). З улікам назіральных даных працягласць касмалагічнага расшырэння 10—20 млрд. гадоў. Адкрыццё рэліктавага цеплавога выпрамянення з абс. т-рай 2,7 К (1965) пацвярджае «гарачую» мадэль Сусвету, паводле якой у пачатку касмалагічнага расшырэння шчыльнасць энергіі (масы) і т-ра мелі экстрэмальна вял. значэнні. Геам. ўласцівасці прасторы залежаць ад сярэдняй шчыльнасці масы р: у залежнасці ад таго ρ > ρk ці ρ < ρk дзе ρk~ 10​−28 кг/м³ — крытычная шчыльнасць, трохмерная прастора мае дадатную ці адмоўную крывізну, а яе аб’ём канечны («закрытая» мадэль) ці бесканечны («адкрытая» мадэль); пры ρ=ρk — плоская мадэль. Характар эвалюцыі залежыць ад тыпу мадэлі. Паводле існуючых ацэнак ρ~ρχ. К. вывучае фіз. працэсы на розных этапах касмалагічнага расшырэння. Тэарэтычна растлумачана ўтварэнне хім. элементаў, а таксама ўзнікненне буйнамаштабнай структуры (галактык) у Сусвеце. На аснове выкарыстання адзіных мадэлей у фізіцы элементарных часціц для апісання працэсаў у першыя імгненні касмалагічнага расшырэння прапанаваны інфляцыйны касмалагічны сцэнарый, які дае магчымасць растлумачыць шэраг праблем (аднароднасць, ізатрапію Сусвету і інш.). Адна з важнейшых праблем — праблема касмалагічнай сінгулярнасці — чакае свайго вырашэння. Нягледзячы на паспяховае развіццё тэорыі «ранняга» Сусвету, стварэнне канчатковага касмалагічнага сцэнарыя — справа будучага.

Літ.:

Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Строение и эволюция Вселенной. М., 1975;

Вайнберг С. Первые три минуты: Современный взгляд на происхождение Вселенной: Пер. с англ. М., 1981;

Линде А.Д. Физика элементарных частиц и инфляционная космология. М., 1990;

Minkevich A.V. Problem of cosmological singularity and gauge theories of gravitation // Acta Physica. Polonica B. 1998. Vol. 29, № 4.

А.​В.​Мінкевіч.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАТЫРНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 23—29.1.1932 у Мінску. Прысутнічалі 494 дэлегаты з рашаючым і 185 з дарадчым голасам ад 75 238 чл. і канд. у чл. партыі [разам з вайсковымі арг-цыямі; 54 392 чл. і канд. у чл. КП(б)Б]. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (В.​Ф.​Шаранговіч), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.​М.​Клімковіч), ЦКК КП(б)Б (А.​Я.​Калнін); аб выніках работы прам-сці за 1931 і перспектывах на 1932 (Р.​П.​Грысевіч); выбары кіруючых органаў. З’езд адзначыў паспяховае выкананне ў БССР заданняў 1-га пяцігадовага плана. Удзельная вага прам-сці ў нар. гаспадарцы вырасла з 38,7% у 1929/30 да 50% у 1931; створаны новыя галіны прам-сці: с.-г. машынабудавання, штучнага шоўку, буд. матэрыялаў і інш. Аднак нездавальняючымі заставаліся якасныя паказчыкі развіцця эканомікі. За час ад XIII з’езда КП(б)Б (1930) колькасць калгасаў павялічылася на 50%, іх пасяўныя плошчы — у 3 разы. Першачарговымі задачамі з’езд вызначыў барацьбу за якасць вытв-сці, са стратамі і расхлябанасцю, укараненне гасп. разліку ў цэхі і брыгады, ліквідацыю абязлічкі, арганізац.-гасп. ўмацаванне калгасаў. У ліку дасягненняў адзначаны ліквідацыя ў рэспубліцы непісьменнасці, пераход Беларусі адной з першых у СССР да ўсеаг. навучання, расшырэнне сеткі вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. устаноў, рабфакаў, разгортванне н.-д. дзейнасці. Поспехі ў нац. палітыцы і культ. будаўніцтве тлумачыліся разгромам пад кіраўніцтвам КП(б)Б «беларускага контррэвалюцыйнага нацыяналдэмакратызму» і яго «агентуры» ў партыі — нацыянал-апартунізму. Ставілася задача яшчэ большага ўзмацнення барацьбы супраць скажэнняў ленінізму ў тэорыі і практыцы. З’езд ухваліў дырэктывы ЦК ВКП(б) па 2-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1933—37, даручыў ЦК КП(б)Б забяспечыць на іх аснове распрацоўку 2-га пяцігадовага плана развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР. З’езд выбраў. ЦК КП(б)Б з 117 чл. і 56 канд., Рэвіз. камісію КП(Б)Б з 11 чл., ЦКК КП(б)Б з 120 чл.

Літ.:

XIV з’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі: Стэнагр. справаздача. Мн., 1934;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 2. 1928—1932. Мн., 1984.

Р.​П.​Платонаў.

т. 17, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,

працэс мех. разбурэння і хім. змянення горных парод і мінералаў зямной паверхні і прыпаверхневых слаёў літасферы. Адбываецца пад уплывам атмасферы (ападкі, вецер, сезонныя і сутачныя ваганні т-ры паветра, уздзеяння на пароды атм. кіслароду і інш.), грунтавых і паверхневых вод, жыццядзейнасці раслінных і жывёльных арганізмаў і прадуктаў іх распаду. Вылучаюць выветрыванне фіз. (механічнае), хім. і арган. (біялагічнае). Своеасаблівыя рысы мае падводнае выветрыванне (гальміроліз).

У выніку фіз. выветрывання адбываецца разбурэнне горных парод з распадам іх на абломкі. Гал. агенты фіз. выветрывання — ваганне т-ры і нераўнамернае награванне і ахаладжэнне парод, расшырэнне шчылін у пародзе замерзлай вадой (марознае выветрыванне), разбуральная дзейнасць ветру. Пры хім. выветрыванні зменьваецца хім. састаў парод з утварэннем мінералаў. Асн. агенты хім. выветрывання — вада, кісларод, солі, вуглекіслата і арган. кіслоты; асн. працэсы — вышчалочванне, гідратацыя, гідроліз і акісленне. Арганічнае выветрыванне выяўляецца ў змяненні парод пад уплывам жыццядзейнасці раслін, макра- і мікраарганізмаў і прадуктаў іх распаду. Асобы тып выветрывання — глебаўтварэнне, пры якім найб. актыўна дзейнічаюць біял. фактары. Фіз. і хім. выветрыванне цесна ўзаемадзейнічаюць; інтэнсіўнасць іх залежыць ад клімату, рэльефу, саставу, структуры і трываласці парод, працягласці працэсаў і інш. Прадукты выветрывання застаюцца на месцы (элювій) або перамяшчаюцца па схілах узвышшаў дажджавымі і расталымі водамі (дэлювій), спаўзаюць пад уплывам сілы цяжару, марознага зруху і цякучасці (саліфлюкцыя), пераносяцца ветрам. Вобласць літасферы, дзе адбываюцца працэсы выветрывання, называецца зонай выветрывання, разбураныя і пераўтвораныя пароды — карой выветрывання. Зону выветрывання наз. таксама зонай гіпергенезу, працэсы ў ёй — гіпергеннымі. Адрозніваюць сучасныя (прыпаверхневыя) і стараж. (выкапнёвыя) коры выветрывання, пахаваныя пад больш маладымі. Макс. глыбіня выветрывання больш за 0,5 км. Працэсы выветрывання — важны фактар утварэння рэльефу, які прыводзіць да сплашчэння і выраўноўвання паверхні. Працэсы выветрывання мінулых геал. эпох уплывалі на ўтварэнне розных карысных выкапняў: кааліну, вохры, вогнетрывалых глін, пяскоў і інш.

На Беларусі ў сучасных геал. умовах пераважаюць выветрыванні хім. і арганічнае. Тоўшча сучаснай кары выветрывання 5—8 м, покрыва алювіяльна-дэлювіяльных утварэнняў (пяскоў і гліністых парод) да 3—5 м, зрэдку больш. Перамешчаныя ветрам прадукты выветрывання ўтвараюць характэрныя формы рэльефу — эолавыя ўзгоркі і грады, на асобных, незадзернаваных участках пяскі, якія развейваюцца. Працэсы выветрывання выклікаюць эрозію глебы, у т. л. развяванне асушаных тарфянікаў, зніжаюць апорную здольнасць грунтоў пад інж. збудаваннямі і інш., разбураюць буд. матэрыялы. Каб пазбегнуць шкодных вынікаў выветрывання, замацоўваюць схілы, адхоны, пяскі, якія развейваюцца, вядзецца барацьба з эрозіяй глебы і інш.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.

Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.

Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.

Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст. вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.

В.​М.​Логвінка.

Да арт. Гарбарная прамысловасць. У скурсыравінным цэху гарбарнага завода ў пас. Гатава Мінскага раёна.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), неаген (ад неа... + грэч. genos нараджэнне, узрост),

2-я сістэма кайназойскай эратэмы (групы), адпавядае 2-му перыяду кайназойскай эры гісторыі Зямлі. Назву даў аўстр. геолаг М.​Гёрнес у 1853. У стратыграфічнай шкале размяшчаецца пасля палеагенавай сістэмы (перыяду) і папярэднічае антрапагенавай сістэме (перыяду). Удакладненыя храналагічныя рамкі сістэмы 23,8—1,77 млн. г. назад. Падзяляецца на 2 аддзелы — міяцэнавы аддзел (эпоха) 23,8—5,32 млн. г. назад і пліяцэнавы аддзел (эпоха) 5,32—1,77 млн. г. назад.

У неагене аформіліся сучасныя абрысы сушы і мора, завяршылася гораўтварэнне Альпійскай геасінклінальнай вобласці, узніклі сучасныя астраўныя дугі. Хуткі рост гор суправаджаўся складка- і шар’яжаўтварэннем, вулканічнай дзейнасцю, глабальнымі ваганнямі ўзроўню акіяна. Гэтыя працэсы вызначалі пахаладанне клімату і расшырэнне зледзянення Антарктыды пераважна ў 2-й пал. неагену. Ваганні клімату мелі выразны рытмічны характар (у міяцэне прыкладна з 3,7 млн. гадоў). У раннім міяцэне — моцнае пацяпленне і гумідызацыя клімату Зямлі, максімум якіх адбыўся 17—15 млн. г. назад. Потым узмацнілася тэндэнцыя да пахаладання і арыдызацыі клімату, у 1-й пал. пліяцэну з’явіліся покрыўныя ледавікі ў Паўн. паўшар’і. Зніжэнне т-р выклікала дыферэнцыяцыю ландшафтных зон, якія да канца пліяцэну занялі блізкае да сучаснага становішча. На фарміраванне прыродных умоў Еўропы меў уплыў цёплы акіян Тэціс і звязаны з ім вялізны кантынентальны марскі басейн Паратэціс на Пд сучаснай Еўропы, якія з сярэдняга міяцэну пачалі распадацца, утварыўшы Міжземнае мора, Азова-Чарнаморскі і Каспійскі басейны. Да канца неагену сфарміраваліся сучасныя рысы рэльефу і гідраграфічнай сеткі Зямлі. Адклады неагену трапляюцца на ўсіх кантынентах (пясчана-гліністая, маласавая, наземна-вулканагенная фармацыі) і на дне акіянаў (пясчана-гліністая, карбанатна-абломкавая, біягенная і эвапарытавая фармацыі); уключаюць радовішчы нафты, бурага вугалю, лігнітаў, радзей каменнага вугалю. Есць радовішчы серы, каменнай солі, баксітаў, россыпы рэдкіх металаў, а таксама бентанітавых і палыгарскітавых глін, алунітаў, каалінітаў, галузітаў, буд. матэрыялаў, керамічнай і цэментнай сыравіны, ртуці, волава, свінцу, цынку і інш. У раслінным свеце на сушы панавалі вышэйшыя расліны: пакрытанасенныя і голанасенныя. Ва ўмераных шыротах (у т. л. на тэр. Беларусі) асноўным кампанентам лясной расліннасці былі лістападныя дрэвы. У жывёльным свеце з’явіліся хобатныя, коневыя, бавіды і інш.; адбылося адасабленне сярод прыматаў сям. гамінідаў і роду рамапітэк (14 млн. г. назад), які даў першага прамога продка сучаснага чалавека.

На Беларусі ў міяцэне вылучаны 2 надгарызонты: брынёўскі (уключае смалярскі і букчанскі гарызонты) і антопальскі (бурноскі, лозскі, дзятомлінскі і асоцкі гарызонты), пліяцэн адпавядае калочынскаму надгарызонту (з холмецкім і дварэцкім гарызонтамі). Адклады Н.с.(п.) прадстаўлены кантынентальнымі фацыямі рачнога, азёрнага і балотнага генезісу, займаюць значныя плошчы на Палессі. Месцамі выходзяць на паверхню. Магутнасць адкладаў у Падляска-Брэсцкай упадзіне да 36 м, Прыпяцкім прагіне да 60 м. Пераважаюць кварцавыя пяскі, алеўрыты і гліны (з перавагай каалініту, монтмарыланіту), сярод якіх трапляюцца праслоі і лінзы бурага вугалю. Распрацоўваюцца радовішчы тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, шкловых пяскоў, разведаны радовішчы бурага вугалю (Жыткавіцкае, Брынёўскае і Тонежскае).

Літ.:

Стратиграфия СССР Неогеновая система. Полутома 1—2. М., 1986.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАНО́МІЯ (ад астра... + грэч. nomos закон),

навука пра рух, будову, паходжанне і развіццё касм. целаў, іх сістэм і Сусвету ў цэлым. Вывучае розныя аб’екты: планеты і іх спадарожнікі, каметы і метэорнае рэчыва, зоркі, зорныя сістэмы (галактыкі), міжзорны газ і дыфузнае рэчыва, рассеянае ў касм. прасторы, эл.-магн. выпрамяненне нябесных целаў. Асн. раздзелы астраноміі: астраметрыя, астрафізіка, зорная астраномія, касмагонія, касмалогія, нябесная механіка, пазагалактычная астраномія, радыёастраномія.

Астраномія ўзнікла ў глыбокай старажытнасці з практычных патрэб чалавецтва. Рух Месяца, планет і сузор’яў дапамагаў вызначаць прамежкі часу і змены пораў года, весці каляндар, арыентавацца на мясцовасці. Практычны характар астр. ведаў адлюстраваўся ў нар. назвах касм. аб’ектаў (напр., Млечны Шлях — «Птушыны Шлях», планета Венера — «Вечарніца» і інш.) і ў стварэнні найпрасцейшых аграрна-астр. «абсерваторый». Адно з такіх збудаванняў дахрысціянскіх часоў з арыентаваных валуноў выяўлена і на Беларусі каля воз. Янова ў Полацкім раёне. Астраномія паспяхова развівалася ў Вавілоне, Егіпце, Стараж. Грэцыі, Індыі і Кітаі. Стараж.-грэч. вучоны Пталамей распрацаваў у 2 ст. геацэнтрычную сістэму свету, якая была агульнапрынятай амаль 1,5 тыс. гадоў. У сярэднія вякі астраномія дасягнула значнага развіцця ў дзяржавах Усходу. У 15 ст. Улугбек пабудаваў паблізу Самарканда астр. абсерваторыю з дастаткова дакладнымі на той час вугламернымі інструментамі. Узнікненне сучаснай астраноміі звязана са стварэннем геліяцэнтрычнай сістэмы свету (М.​Капернік, 16 ст.), вынаходствам тэлескопа (Г.​Галілей, пач. 17 ст.), адкрыццём законаў руху планет (І.​Кеплер, пач. 17 ст.) і сусветнага прыцягнення закону (І.​Ньютан, канец 17 ст.).

У 18 — пач. 20 ст. назіральная астраномія атрымала шматлікія звесткі пра Сонечную сістэму, фіз. прыроду зорак і інш. касм. аб’ектаў, што спрыяла стварэнню навук. карціны свету. Выкарыстанне ў астр. даследаваннях метадаў спектраскапіі, фатаграфіі і фотаметрыі прывяло да ўзнікнення астрафізікі. Вялікае значэнне мела заснаванне многіх астранамічных абсерваторый, удасканаленне астранамічных інструментаў і прылад, складанне зорных каталогаў з указаннем дакладных каардынат зорак. Гэтыя дасягненні астраноміі звязаны з працамі У.​Гершэля (Вялікабрытанія), Ж.​Лагранжа, П.​Лапласа, У.​Левер’е (Францыя), М.​В.​Ламаносава, В.​Я.​Струве, Ф.​А.​Брадзіхіна (Расія), К.​Доплера (Аўстрыя) і інш. Значны ўклад у назіральную астраномію і астрафіз. метады даследавання зрабілі астраномы Віленскай астранамічнай абсерваторыі і астраномы — выхадцы з Беларусі: С.​М.​Блажко, Дз.​І.​Дубяга, Г.​А.​Ціхаў, В.​К.​Цэраскі. Астр. даследаванні ў б. СССР звязаны з працамі В.​А.​Амбарцумяна, А.​А.​Белапольскага, С.​У.​Арлова, Я.​К.​Харадзе і інш. Даследаванні спектраў галактык дазволілі Э.​Хаблу (ЗША) выявіць у 1929 агульнае расшырэнне Сусвету, прадказанае рас. вучоным А.​А.​Фрыдманам (1922) на падставе тэорыі гравітацыі А.​Эйнштэйна (1915—16). Сярэдзіна 20 ст. характарызавалася з’яўленнем новых сродкаў назірання і выкарыстаннем касм. тэхнікі, што значна расшырыла магчымасці астр. даследаванняў. Стварэнне аптычных і радыётэлескопаў з высокай раздзяляльнай здольнасцю, выкарыстанне штучных спадарожнікаў Зямлі, ракет, а таксама аптычных і электронных сістэм, у стварэнні якіх бралі ўдзел вучоныя Беларусі, дало магчымасць у 1960—80 выявіць і даследаваць новыя касм. аб’екты: радыёгалактыкі, квазары, пульсары, крыніцы рэнтгенаўскага і нейтрыннага выпрамяненняў. Астраномія стала эксперыментальнай навукай, здольнай непасрэдна даследаваць касм. прастору, вывучаць Месяц і бліжэйшыя планеты. З дапамогай касм. апаратаў (напр., «Венера», «Марс», «Меркурый», «Рэйнджэр» і інш.) атрыманы фотаздымкі Месяца і амаль усіх планет Сонечнай сістэмы (акрамя Плутона), адкрыты новыя спадарожнікі планет, кольцы вакол планет-гігантаў, сфатаграфавана ядро каметы Галея.

Літ.:

Бакулин П.М., Кононович Э.В., Мороз В.И. Курс обшей астрономии. 5 изд. М., 1983;

Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;

Климишин И.А. Астрономия наших дней. 3 изд. М., 1986;

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

А.​А.​Навіцкі.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧНА,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв. ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс. ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял. Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне «Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.

У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.​Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.​Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр. ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр. б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.

У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.​Зана і Л.​Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.​Астроўскага, М.​Гогаля, А.​Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.​Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.​Давідовіча, К.​Бубена, П.​Мятлы, А.​Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.​Купалы, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.​Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.​Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.​Капуцкага і А.​Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.

Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп. тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Маладзечна: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1988;

Яго ж. Даследаванне пра заходнебеларускі тэатр // Полымя 1971. № 2.

Г.​А.​Каханоўскі (тэатр. жыццё), С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Маладзечна. Цэнтр горада.
Будынак чыгуначнага вакзала ў Маладзечне 1907.

т. 9, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНАЯ КАРЦІ́НА СВЕ́ТУ,

мадэль прыроды (Сусвету), пабудаваная з улікам агульных паняццяў, гіпотэз, прынцыпаў, законаў і тэорый фізікі на пэўным этапе яе развіцця. У Ф.к.с. канкрэтызуецца змест філас. катэгорый (матэрыя, рух, прастора і час, рэчыва, поле фізічнае), вызначаюцца структурныя элементы матэрыі (элементарныя часціцы, атамы, малекулы), высвятляецца характар узаемасувязей паміж асобнымі з’явамі і механізм узаемадзеяння матэрыяльных аб’ектаў. Вядомы карціны свету: механічная (МКС), электрадынамічная (ЭДКС) і квантавапалявая (КПКС). Кожная з іх грунтуецца на адной ці некалькіх фундаментальных фіз. тэорыях.

У МКС матэрыя (рэчыва) мае дыскрэтную будову (атам — найдрабнейшая непадзельная частка рэчыва); прастора і час абсалютныя, не звязаныя з матэрыяй і паміж сабой; асн. від руху — механічны; узаемадзеянне — гравітацыйнае; асн. тэорыя — класічная механіка. У ЭДКС з’яўляюцца новыя паняцці і ўяўленні: рэчыва дыскрэтнае, поле неперарыўнае, прастора і час адносныя і звязаныя паміж сабой (гл. Адноснасці тэорыя); новыя віды руху: цеплавы, эл.-магн. (распаўсюджанне эл.-магн. хваль); новае ўзаемадзеянне — электрамагнітнае; асн. тэорыі: электрадынаміка, электронная тэорыя, статыстычная фізіка. У КПКС рэчыва і поле —2 віды матэрыі (гл. Дапаўняльнасці прынцып, Карпускулярна-хвалевы дуалізм); новыя віды ўзаемадзеянняў — слабае (электраслабае) і моцнае, абодва маюць абменны характар (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц), асн. тэорыі: квантавая механіка, квантавая тэорыя поля, квантавая хромадынаміка, квантавая электрадынаміка. Усе Ф.к.с. звязаны паміж сабой адпаведнасці прынцыпам: МКС і ЭДКС уваходзяць у КПКС як прыватныя гранічныя выпадкі, што апісваюць вызначанае кола з’яў.

Ф.к.с. абагульняе звесткі пра ўвесь Сусвет і падзяляе дасягальную для навук. даследаванняў прастору разам з матэрыяльнымі аб’ектамі на мега-, макра- і мікрасвет. Мегасвет уключае Метагалактыку і галактыкі; макрасвет — зоркі, планеты і іх сістэмы, Зямлю і ўсе целы на ёй; мікрасвет — малекулы, атамы і элементарныя часціцы (гл. Макрасвет і мікрасвет). У склад мега- і макрасвету ўключаюцца таксама эл.-магн. і гравітацыйнае палі. Згодна з дасягненнямі астраноміі і касмалогіі, якія грунтуюцца на астр. назіраннях, даных эксперым. фізікі і фіз. тэорыях, Сусвет узнік каля 13 млрд. гадоў назад у выніку Вялікага выбуху (гл. Сінгулярнасць касмалагічная). У пачатковым плазменным шары (пры т-ры 10​9—10​11 К і шчыльнасці масы-энергіі 10​94 г/см³) узніклі фатоны, электроны, нейтрына і іх антычасціцы, а таксама пратоны і нейтроны, крыху пазней — ядры дэйтэрыю і гелію, літыю і берылію. Гэтая сфера імкліва расшыралася, а выпрамяненне хутка астывала. Праз некалькі гадзін утварэнне гелію і інш. элементаў спынілася, пасля чаго прыкладна 1 млн. гадоў адбывалася простае расшырэнне Сусвету і яго ахаладжэнне. Калі т-ра панізілася да некалькіх тысяч кельвінаў, электроны і ядры пачалі злучацца ў атамы (пераважна электроны і пратоны ў атамы вадароду). Сусвет у гэту эпоху складаўся на 75% з вадароду, на 25% з гелію і невял. колькасці інш. элементаў. Прыкладна праз 1 млрд. гадоў у выніку гравітацыйнага прыцягнення воблакі газу, які расшыраўся, пачалі сціскацца, праз 2—3 млрд. гадоў і пасля Вялікага выбуху ўзніклі квазары і пачалося фарміраванне галактык. У маладых галактыках адбываўся працэс зоркаўтварэння: адносна невял. халодныя воблакі вадароду сціскаліся і спараджалі першыя зоркі. Утвараліся зорныя скопішчы і зорныя асацыяцыі, а таксама матэрыяльнае міжзорнае асяроддзе, якое запаўняла прастору. Праз мільярды гадоў некаторыя з зорак пачалі ўзрывацца, выкідваючы ўтвораны ў іх вуглярод, кісларод і ўсе хім. элементы. Разам з іншымі ўзнікла і наша Галактыка, якая форму дыска набыла праз 5 млрд. гадоў пасля выбуху і бачыцца як Млечны Шлях (уключае больш за 100 млрд. зорак). Узніклі таксама групы і скопішчы галактык (маюць па некалькі тысяч галактык) і ў цэлым Метагалактыка (некалькі мільярдаў галактык) з запоўненым асобнымі відамі матэрыі міжгалактычным асяроддзем. Усярэдненая шчыльнасць рэчыва ў галактыках склала ρгал = 3∙10​−31 г/см³. Праз 8 млрд. гадоў пасля Вялікага выбуху (каля 4,6 млрд. гадоў таму) узнікла Сонца, а пазней пад уздзеяннем воблака распаленай плазмы, што ўзнікла пры выбуху звышновай зоркі, утварылася Сонечная сістэма. Цэнтральнае яе цела — звычайная зорка-карлік, вакол якой абарачаецца 9 вял. планет. Найбліжэйшая да Сонца зорка — Альфа Цэнтаўра (адлегласць 4,38 св. гадоў), галактыка — Андрамеды туманнасць (700 кпк). На адлегласці 149,6 млн. км вакол Сонца са скорасцю 29,8 км/с рухаецца Зямля (абарачаецца вакол восі за 23 гадз 56 мін 4 с). З Зямлі простым вокам можна бачыць каля 3 тыс. зорак. На адлегласці каля 384,4 тыс. км вакол Зямлі абарачаецца яе спадарожнік Месяц. Усе матэрыяльныя аб’екты Сусвету, у т. л. аб’екты жывой прыроды на Зямлі, створаны з адных і тых жа хім. элементаў, якія ўзніклі на розных этапах эвалюцыі зорак і маюць узрост 5—10 млрд. гадоў, што з’яўляецца пацвярджэннем матэрыяльнага адзінства Сусвету.

Літ.:

Степин В.С. Становление научной теории. Мн., 1976;

Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;

Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;

Еремеева А.И. Астрономическая картина мира и ее творцы. М., 1984;

Лейзер Д. Создавая картину Вселенной: Пер. с англ. М., 1988;

Большая детская энциклопедия: Вселенная. М., 1999;

Паркер Б. Мечта Эйнштейна: В поисках единой теории строения Вселенной: Пер. с англ. СПб., 2001;

Хокинг С. Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр: Пер. с англ. СПб., 2001.

А.​І.​Болсун, У.​М.​Сацута.

Фізічная карціна свету: спрошчаная прасторава-часавая дыяграма ўтварэння Сусвету паводле найбольш абгрунтаваных тэорый.
Фізічная карціна свету: форма нашай Галактыкі і месца ў ёй Сонечнай сістэмы (1 — Сонца і Сонечная сістэма; 2 — цэнтральнае патаўшчэнне; 3 — шаравыя скопішчы ў гало; 4 — пласт пылу таўшчынёй у 400 св. гадоў).

т. 16, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЧЭННЕ АБ КАРЫСНЫХ ВЫКАПНЯХ

Вывучэнне карысных выкапняў на Беларусі пачалося ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. (экспедыцыя Рас. АН, Геалагічны камітэт). У выніку маршрутных даследаванняў вызначаны палеазойскія, мезазойскія, кайназойскія адклады і звязаныя з імі карысныя выкапні (даламіты, мел, гліны, пяскі). Планамерныя геал. даследаванні і пошукі радовішчаў карысных выкапняў пачаліся ў 1922, калі ў складзе Інбелкульта была створана глебава-геал. падсекцыя, якая з 1923 вывучала карысныя выкапні ў Мінскім, Ігуменскім і Бабруйскім паветах. У 1924 пры Прамыслова-эканам. упраўленні СНГ БССР створаны горны аддзел (з 1928 горная група). У 1927 на базе глебава-геал. падсекцыі створаны Геал. ін-т (з 1929 у сістэме АН Беларусі), які займаўся геолага-здымачнымі і часткова пошукавымі работамі. У 1930 на базе горнай групы створаны Бел. геолагаразведачны трэст. Да 1932 на тэр. БССР выяўлена больш за 500 радовішчаў глін, пяску, вапны, даламітаў і інш. няруднай сыравіны. У вывучэнні геал. будовы Беларусі і ацэнцы перспектыў на новыя віды мінер. сыравіны важную ролю адыграла створанае ў 1936 Геал. ўпраўленне Наркамата мясц. прамысловасці БССР (з 1966 Упраўленне геалогіі пры СМ БССР). На падставе геолага-геафіз. даследаванняў А.​М.​Розін і М.​Ф.​Бліадухо выказалі меркаванне пра наяўнасць на ПдУ Беларусі вугалю і саляносных тоўшчаў, што пацвердзілася ў 1940—41 свідравінамі каля в. Давыдаўка Светлагорскага р-на, дзе на глыбіні 843 м выяўлена каменная соль. Уклад у вывучэнне мінер. рэсурсаў Беларусі ў даваенныя гады зрабілі М.​Ф.​Бліадухо, М.​І.​Зуеў, М.​Ф.​Мядзведзь, А.​М.​Розін.

У 1945 на базе Ін-та геалогіі і гідрагеалогіі створаны Ін-т геал. навук АН Беларусі (з 1970 Бел. н.-д. геолагаразведачны ін-т УГ СМ БССР). Гал. кірунак яго даследаванняў — геал. будова тэр. рэспублікі і ацэнка яе перспектыў на найб. важныя віды мінер. сыравіны. У 1949 у раёне г.п. Старобін адкрыты Старобінскае, а пазней Петрыкаўскае радовішчы калійных і каменнай солей і Мазырскае радовішча каменнай солі. На іх аснове створана горназдабыўная прам-сць Беларусі.

За іх адкрыццё і разведку Дзярж. прэміяй СССР 1952 адзначаны Г.​В.​Багамолаў, А.​А.​Іваноў, П.​А.​Леановіч, Н.​П.​Несцерава, А.​Р.​Несцераў, А.​М.​Розін, А.​К.​Шыленка. Уклад у адкрыццё, разведку і ацэнку гэтых радовішчаў зрабілі таксама Л.​М.​Астроўскі, С.​Х.​Баязітаў, З.​А.​Гарэлік, І.​І.​Зелянцоў, Ю.​І.​Лупіновіч, А.​С.​Махнач, К.​Ф.​Радзьковіч, А.​І.​Свяржынскі, А.​Я.​Сцефаненка, П.​І.​Хаўратовіч і інш.

У 1953 на Ельскай плошчы атрыманы першы фантанны прыток нафты. У 1964 адкрыты радовішчы: Рэчыцкае, Асташкавіцкае, Цішкаўскае, Вішанскае, Давыдаўскае, Надзвінскае, Барсукоўскае, Залатухінскае, Паўд.-Асташкавіцкае, Мармавіцкае, Усх.-Першамайскае, Сасноўскае. З 1965 вядзецца прамысл. здабыча нафты.

За іх адкрыццё і разведку Дзярж. прэміяй Беларусі 1972 адзначаны У.​А.​Авакумаў, П.​В.​Анцупаў, Г.​В.​Багамолаў, К.​І.​Гнедзін, П.​А.​Леановіч, К.​І.​Лукашоў, А.​С.​Махнач, З.​Л.​Пазнякевіч, Ю.​І.​Паўлаў, Н.​Ф.​Траўніцкая. У адкрыцці і ацэнцы перспектыў нафтагазаноснасці ўдзельнічалі таксама Ф.​С.​Азаранка, В.​Р.​Акуліч, У.​А.​Багіна, Я.​Ц.​Балашоў, Б.​В.​Бандарэнка, А.​М.​Брусянцоў, М.​І.​Буялаў, В.​К.​Галубцоў, З.​А.​Гарэлік, Я.​Г.​Грыбік, Р.​Х.​Дзікенштэйн, А.​Я.​Зінгерман, М.​У.​Кандратчык, Я.​М.​Люткевіч, У.​М.​Макарэвіч, С.​П.​Мікуцкі, М.​А.​Рынскі, Э.​І.​Свідэрскі і інш.

У 1966—68 у межах Прыпяцкай упадзіны адкрыты сланцаносны басейн, у 1969 — першае ў рэспубліцы прамысл. радовішча бурага вугалю ў раёне г. Жыткавічы, у 1973 — Брынёўскае радовішча. Усе яны прыдатныя для адкрытай распрацоўкі. У пошуках вугалю і гаручых сланцаў удзельнічалі Л.​Ф.​Ажгірэвіч, Ю.​І.​Горкі, М.​Я.​Карповіч, М.​М.​Качкалда, М.​С.​Кічкіна, І.​А.​Яроменка і інш. Вядзецца вывучэнне парод крышт. фундаменту, з якімі звязаны перспектывы метал. карысных выкапняў. Абгрунтаванне наяўнасці іх у гэтых пародах зрабілі Б.​В.​Бандарэнка, С.​І.​Рынг, Ж.​П.​Хацько і інш. Выяўлена шмат магнітных і гравімагнітных анамалій, таксама зон і ўчасткаў, перспектыўных на жал. руды. У 1966 у раёне в. Навасёлкі Карэліцкага р-на выяўлены ільменіт-магнетытавыя руды, якія маюць прамысл. жалеза, тытан, ванадый; у 1970 у раёне в. Аколава Стаўбцоўскага р-на — жалезістыя кварцыты. У межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу крышт. фундаменту выяўлены руды рэдкіх металаў, у паўд. частцы Прыпяцкай упадзіны — баксітаў і даўсанітазмяшчальных парод. У шырокіх маштабах вядуцца пошукі і разведка радовішчаў разнастайных буд. матэрыялаў, цэментавай сыравіны, падземных прэсных і мінер. вод. У наш час разведаны і знаходзяцца ў распрацоўцы 65 радовішчаў нафты (179 пакладаў у дэвонскіх, 2 у верхнепратэразойскіх адкладах). Штогод здабываецца больш за 1,5 млн. т нафты, каля 4 млн. т калійных солей, да 0,3 млн. т каменнай солі, каля 4 млн. т даламітавай мукі, 4 млн. т цэментавай сыравіны, 0,5 млн. т мелу, каля 4 млн. т буд. пяскоў і пясчана-жвіровых сумесей, 2 млн. т гліністай сыравіны, каля 0,3 млн. т шкловых і 0,5 млн. т фармовачных пяскоў. Выяўлены і разведаны таксама радовішчы высакародных, каляровых і рэдкіх металаў, бурштыну, гіпсу, цэалітаў, больш за 70 радовішчаў мінер. лячэбна-сталовых вод, шматлікія радовішчы прэсных вод для гаспадарча-пітнога водазабеспячэння. Расшырэнне мінеральна-сыравіннай базы краіны спрыяе развіццю многіх галін яе эканомікі. Уклад у развіццё мінеральна-сыравіннай базы краіны і ў вучэнне аб карысных выкапнях зрабілі В.​А.​Авакумаў, П.​М.​Аверкаў, Л.​Ф.​Ажгірэвіч, Р.​Я.​Айзберг, Г.​В.​Багамолаў, У.​А.​Багіна, А.​А.​Балабушэвіч, М.​М.​Бамбалаў, Г.​А.​Баязітаў, Ю.​С.​Булкін, У.​У.​Варакса, В.​М.​Вішнеўскі, З.​А.​Гарэлік, Р.​Г.​Гарэцкі, І.​Я.​Гімельштэйн, Ю.​І.​Горкі, С.​П.​Гудак, Г.​Г.​Дамінікоўскі, А.​П.​Данукала, Ю.​А.​Дзеравянкін, А.​Я.​Зінгерман, Г.​І.​Ількевіч, І.​А.​Каратэнка, М.​Я.​Карповіч, Я.​М.​Кулдыкаў, М.​М.​Кунік, П.​А.​Леановіч, І.​А.​Ліннік, І.​І.​Ліштван, К.​І.​Лукашоў, В.​А.​Масквіч, А.​С.​Махнач, А.​В.​Мацвееў, Я.​А.​Нікіцін, А.​М.​Панасенка, В.​І.​Пасюкевіч, І.​В.​Прывалаў, А.​І.​Свяржынскі, А.​Дз.​Семянюк, А.​М.​Сінічка, А.​І.​Стасевіч, А.​Я.​Сцефаненка, Ж.​П.​Хацько, П.​З.​Хоміч, Дз.​Г.​Чуйко і інш.

Літ.:

Геология Беларуси. Мн., 2001;

Полезные ископаемые Беларуси. Мн., 2002;

Месторождения калийных солей Беларуси: Геология и рационал. недропользование. Мн., 2003;

Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974;

Геология нефтяных месторождений Белоруссии. Мн., 1972;

Твердые полезные ископаемые БССР. Мн., 1970;

Ажгиревич Л.Ф. Буроугольная формация Белоруссии. Мн., 1981;

Яе ж. Сланценосная формация верхнего палеозоя Белоруссии. Мн., 1982.

Г.​І.​Ількевіч, І.​А.​Каратэнка, З.​Л.​Пазнякевіч.

т. 18, кн. 2, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)