НАСЕ́ННЫЯ РАСЛІ́НЫ, сперматафіты (Spermatophyta),

вышэйшыя (сасудзістыя) расліны, што ўтвараюць насенне. Да Н.р. адносяць голанасенныя і пакрытанасенныя, або кветкавыя расліны. Інш. вышэйшыя расліны: дзеразападобныя, мохападобныя, папараці, хвошчападобныя, псілотавыя і рыніяфіты насення не ўтвараюць. У Н.р. гаметафіт рэдукаваны і развіваецца на спарафіце Размнажэнне насеннем — прагрэсіўнае прыстасаванне ў параўнанні з размнажэннем спорамі. Адыгрываюць важную ролю ва ўтварэнні расліннага покрыва Зямлі і ў гасп. дзейнасці чалавека.

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад мона... + грэч. karpos плод),

расліны, якія цвітуць і пладаносяць раз у жыцці, пасля чаго звычайна адміраюць. Да М.р. адносяць усе адна- і двухгадовыя расліны, са шматгадовых — некат. віды парасонавых, агававых, бамбукаў, пальмаў і інш. Шматгадовыя М.р. на працягу многіх гадоў (напр., 3—10 у парасонавых, 50—60 у агавы) назапашваюць пажыўныя рэчывы, таму кветаносныя парасткі ў іх магутныя і даюць шмат кветак і пладоў. Гл. таксама Полікарпічныя расліны.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЧНАЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, укрытыя зялёным лісцем на працягу ўсяго года. У адрозненне ад летне- і зімовазялёных раслін кожны ліст вечназялёных раслін жыве некалькі гадоў (напр., ліст. лімона — 3, ігліца елкі — 8—12, хвоі — 3—5 гадоў), паступова замяняецца новым, таму гэтыя расліны называюць таксама шматгадовазялёнымі. Лісце вечназялёных раслін звычайна мае прыстасаванні, якія змяншаюць выпарэнне вады раслінай (транспірацыю) і павышаюць зімаўстойлівасць.

Характэрныя для трапічнай і субтрапічнай флоры. У краінах з умераным і халодным кліматам, у т. л. на Беларусі, трапляюцца вечназялёныя расліны барэальнага і трапагеннага паходжання, напр. хвойныя дрэвы і кусты (елка, хвоя, ядловец), некаторыя лясныя і балотныя кусцікі і шматгадовыя травяністыя расліны (брусніцы, талакнянка, багун, верас, журавіны, дзярэзы, грушанкі і інш.). Многія вечназялёныя расліны як дэкар. вырошчваюць у адкрытым грунце, аранжарэях і пакоях (напр., алеандр, лаўравішню, пальмы, плюшч, самшыт, цытрусавыя). Добрыя прадуцэнты кіслароду.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Крухмала-цукраносныя расліны 10/409

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАРКАТЫ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

група раслін, якія маюць рэчывы, здольныя ўзбуджаць ці прыгнечваць цэнтр. нерв. сістэму. Да Н.р. належаць пераважна вышэйшыя расліны, з ніжэйшых — некат. грыбы (напр., мухаморы). Найб. пашыраны ў тропіках Паўд. і Паўн. Амерыкі, Цэнтр. Азіі. Асн. Н.р.: мак снатворны, каноплі індыйскія, какаінавы куст, гармала звычайная, эхінакактус, блёкат чорны, тытунь і інш. Звычайна ядавітыя, маюць у сабе дзеючыя рэчывы (пераважна алкалоіды), якія валодаюць лек. ўласцівасцямі і выкарыстоўваюцца ў медыцыне, часцей як абязбольвальныя. Пры сістэм. ужыванні прэпаратаў з Н.р. развіваецца залежнасць ад іх — наркаманія. Гл. таксама Лекавыя расліны і Ядавітыя расліны.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМФАРАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія маюць камфарны эфірны алей, гал. кампанент якога — камфора. Да К.р. належаць базілік, камфоравае дрэва, піхта сібірская (з яе ігліцы атрымліваюць барнілацетат, які перапрацоўваюць у камфару).

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, адналетнікі,

травяністыя расліны, жыццёвы цыкл якіх (ад насення да насення) заканчваецца на працягу аднаго года (найб. кароткі ён у эфемераў, часцей ахоплівае ад 2 да 5 месяцаў). Вядома больш за 100 тыс. відаў, пашыраных на ўсім зямным шары, з іх на Беларусі каля 270 відаў.

Аднагадовыя расліны падзяляюцца на яравыя і азімыя формы. Насенне яравых прарастае вясной або летам і да восені (ва ўмераных шыротах) пасля плоданашэння расліны адміраюць (яравая пшаніца, лён, авёс, ячмень, кукуруза, каноплі, гарох, проса, грэчка, рыс і інш.). Азімыя прарастаюць восенню, зімуюць, на наступны год цвітуць, пладаносяць і адміраюць (азімыя пшаніца і жыта, віка, рапс, васілёк, стрэлкі і інш.). Аднагадовыя расліны (асабліва эфемераў) значна больш у пустыннай зоне і найменш у тундравай.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэкаратыўныя расліны

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

індыкатарныя расліны

т. 7, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

караняпло́дныя раслі́ны

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)