Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЙЛЯ ПІСЬМО́,
пісьмо для сляпых, заснаванае на рэльефна-кропкавым шрыфце. Распрацаваў франц. тыфлапедагог Л.Брайль. У аснове Б.п. ляжыць шрыфт Лана, складзены яшчэ ў сярэднія вякі на падставе 12 кропак. Брайль спрасціў гэтую сістэму, заснаваў свой шрыфт на камбінацыі 6 выпуклых кропак (для лічбаў — да 8). Б.п. дае магчымасць не толькі абазначаць літары, лічбы, знакі прыпынку, але і матэм., хім. і нават нотныя знакі. Першая кніга, надрукаваная Б.п., — «Гісторыя Францыі» (1837). Б.п. прыняты ва ўсіх краінах свету.
А.А.Кожынава.
Да арт.Брайля пісьмо: рускі алфавіт рэльефнага шрыфту Брайля (злева); лічбы паводле Брайля (уверсе справа); знакі прыпынку паводле Брайля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,
фанетычнае літарна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на карэйскай мове. З першых стагоддзяў н.э. да канца 19 ст.асн.афіц. пісьмом было кітайскае пісьмо. Стварэнне К.п. датуецца 1444 і прыпісваецца правіцелю Седжону і групе прыдворных вучоных. Эдыктам Седжона «Хунмін чаным» («Настаўленне народу аб правільным вымаўленні», 1446) быў уведзены кар. алфавіт з 28 літар для уніфікацыі чытання кіт. іерогліфаў і запісу кар. мовы. З 2-й пал. 15 ст. ўзнікла змешанае (кіт.-кар.) пісьмо (знамянальныя словы пісаліся іерогліфамі, службовыя словы і грамат. паказальнікі — кар. літарамі). З 1949 у КНДР ужываецца толькі К.п., у Паўд. Карэі — змешанае. У сучасным кар. алфавіце 40 графем (24 простыя і 16 складаных). Літары камбінуюцца ў графічныя склады (лігатуры) у выглядзе квадратаў. Мінім. склад — «нямая» літара ў выглядзе кружка і літара для галоснай. Кірунак радка зверху ўніз і справа налева (кіт. тып), пашыраны і запіс тэксту злева направа і зверху ўніз (еўрап. тып). Асн. прынцып арфаграфіі (пасля рэформы 1933) — этымолага-марфал., у Паўд. Карэі з 1989 тэндэнцыя да фанет. напісання.
Літ.:
Хунмин чоным («Наставление народу о правильном произношении»). М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,
слоўна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на кітайскай мове, у якім выкарыстоўваюцца асобыя знакі — іерогліфы. Агульная колькасць такіх знакаў каля 50 тыс., у сучаснай кіт. мове выкарыстоўваюць 4—7 тыс. іерогліфаў. Кожны іерогліф прадстаўляе аднаскладовае слова ці марфему і графічна з’яўляецца камбінацыяй рысак, упісаных у квадрат. Запіс тэксту злева направа або зверху ўніз. Вылучаюць 3 тыпы іерогліфаў: піктаграмы — схематычны відарыс прадметаў (山 «гара», 目 «вока»); ідэаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм (人 «чалавек» + 木 «дрэва» = 休 «адпачываць»); фанаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм з намёкам на гучанне іерогліфа (人 жэнь «чалавек» + 圭 гуй «нефрытавы скіпетр» = 佳 цзя «прыгожы»).
Найб. стараж. знакі К.п. — «іньскія пісьмёны» (варажбітныя надпісы на бронзе, камянях, касцях, панцырах чарапах; 2-е тыс. да н. э). У 1066—771 да н. э. яны атрымалі развіццё ў выглядзе «галавастыкавага пісьма». У 221 да н. э. пачаўся працэс стандартызацыі іерогліфаў, з’явіліся стылі «вялікіх» і «малых» пячатак, уведзена «дзелавое пісьмо» лішу (спрошчаны варыянт «малых пячатак»). У 1 ст.н. э. канчаткова сфарміраваўся сучасны стыль напісання іерогліфаў (кайшу — «узорнае пісьмо»). Побач з кайшу выкарыстоўваюць скарочаныя стылі цаошу — «травяное пісьмо» і сіншу — «хадавы скорапіс». З 1956 у КНР вядзецца работа па спрашчэнні іерогліфаў. Поўныя абрысы іерогліфаў (фаньтыцзы) выкарыстоўваюцца ў Сінгапуры, Японіі (з яп. складовым пісьмом), Паўд. Карэі (з кар. азбукай) і на Тайвані. Сярод найстараж кіт.літ. помнікаў «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н. э.), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н. э.) і «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н. э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАМІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́ (стараж.-ірл. ogam, ogum),
літарнае пісьмокельтаў і піктаў на Брытанскіх а-вах. Вядома па надпісах з 4 ст. Аснова агамічнага пісьма — лінія, на якую наносіліся кропкі і штрыхі. Літара складалася з сукупнасці аднолькавых (ад 1 да 5) штрыхоў (зычны гук) ці кропак (галосны гук). Паходжанне невядома. Выцеснена лацінкай, але як тайнапіс у Ірландыі захавалася да 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЗЛАВО́Е ПІСЬМО́, кіпу,
сістэма перадачы інфармацыі пры дапамозе вузлоў на шнурах рознай даўжыні і колеру, якія былі прымацаваны да інш. шнура ці палкі. Існавала ў шэрагу народаў Паўд. Амерыкі. Узнікла ў вобласці Цэнтр. Андаў і дасягнула росквіту ў эпоху інкаў (15—16 ст.). На думку некаторых вучоных, кіпу змяшчаюць складаныя гіст. і паэтычныя тэксты. Але большасць даследчыкаў лічыць, што яны не мелі іншага прызначэння, акрамя запісу самых простых даных уліковага характару. Падобны прынцып перадачы інфармацыі выкарыстоўваўся і пры стварэнні «пісьма» вампум (шнуры з нанізанымі ракавінкамі розных колераў), што было пашырана ў індзейцаў Паўн. Амерыкі. Вузлавое пісьмо існуе ў Паўд. Амерыцы і на яп. а-вах Рукю і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт.Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст.н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.
У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем ў 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма пісьма. Пашыраная ў арабамоўных краінах, а таксама сярод шэрагу інш. мусульманскіх (ісламскіх) народаў (Іран, Пакістан, Афганістан і інш.). Выпрацавана ў 4—6 ст. для арабскай мовы на базе арамейскага пісьма. Да канца 1920-х г. арабскае пісьмо выкарыстоўвалі носьбіты многіх цюркскіх моў (туркі, узбекі і інш.). Ім карысталіся бел. татары для напісання т.зв.кітабаў. З 7—8 ст.н. э., калі быў напісаны Каран, арабскае пісьмо мала змянілася. Мае кансананты характар. 28 літар перадаюць зычныя; 3 з іх ужываюць і для доўгіх галосных, кароткія галосныя перадаюцца дыякрытычнымі знакамі. Кожная літара арабскага пісьма мае 4 абрысы: на пачатку, у сярэдзіне, на канцы слова і пры ізаляваным ужыванні. Для прыстасавання арабскага пісьма ў асобных мовах выкарыстоўваліся дадатковыя знакі. Так, для перадачы бел. гукаў «дз’ (дзь)» і «ц’ (ць)» ужываліся звычайна літары «даль» і «сад» з трыма падрадковымі дыякрытычнымі кропкамі, для абазначэння гука «с» — розныя знакі: «сад» — для цвёрдага «с», а «са», «сін» або «шын» — для мяккага «с’ (сь)». Накірунак арабскага пісьма гарызантальны, справа налева. Развітая каліграфія дала высокамастацкія ўзоры арнаментальнага пісьма арабскай вяззю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПІСЬМО́,
слоўна-складовая сістэма пісьма, якая абслугоўвала старажытнаегіпецкую мову (каля 4-га тыс. да н.э. — 3—4 ст.н.э.). Мела 3 разнавіднасці: іерагліфіка, іератыка і дэмотыка (гл.Дэматычнае пісьмо). Пачатковы этап Е.п. — малюнкавая ідэаграфія (гл.Ідэаграфічнае пісьмо) якая развілася з піктаграфічнага пісьма.
Кожны малюнак абазначаў канкрэтны прадмет, з часам малюнкі сталі набываць пэўную сімволіку (напр., малюнак пчалы стаў абазначаць не толькі пчалу, а і занятак, стараннасць, працавітасць). Большасць іерогліфаў маглі мець гукавое значэнне: абазначалі спалучэнне 2 і больш зычных гукаў або асобны гук (усяго 24). Галосныя гукі ў іерагліфічным Е.п. не абазначаліся. Фанаграмы ў ім пераважалі над ідэаграмамі. Іерогліфаў, што найчасцей ужываліся, было каля 700. Выкарыстанне папірусу і трысняговай палачкі выклікала выпрацоўку курсіву — іератыкі, якая з’яўлялася спрашчэннем іерагліфікі. Абедзве разнавіднасці ўжываліся паралельна каля 3000 гадоў. Іератыкай пісаліся літ., навук. творы, дзелавыя паперы і інш. У 8 ст. да н.э. з іератыкі развіўся новы курсіў — дэмотыка, якая характарызуецца наяўнасцю большай колькасці лігатур і большай курсіўнасцю. Е.п. ўпершыню (1822) дэшыфраваў франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.
М.А.Паўленка.
Да арт.Егіпецкае пісьмо. Узор іератычнага пісьма (зверху); той жа тэкст у іерагліфічнай перадачы.