ПЫЛАСО́С,

электрычная прылада для выдалення пылу. Прынцып дзеяння засн. на ўсмоктванні вентылятарам пылу з паветрам. Выкарыстоўваецца таксама для пабелкі, афарбоўкі драўляных і метал. паверхняў, увільгатнення паветра, апырсквання раслін і інш.

Бытавы пыласос.

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРАКЦЫЁН (франц. attraction літар. прыцягненне),

1) эфектны цыркавы ці эстрадны нумар. Праграма, у якой нумары аб’яднаны паводле тэматычнага або сюжэтнага прынцыпу.

2) Прылада для забавы ў месцах грамадскага адпачынку (карусель, кола агляду і інш.).

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТО́МЕТР (ад адаптацыя + ...метр),

аптычная прылада для вызначэння адаптацыі вока: змены яго святлоадчувальнасці пры пераходзе ад вял. асветленасці паверхні ці яркасці аб’екта да цемнаты. Адаптометрам вымяраюць парог (мінім. сілу) светлавога раздражнення, якое ўспрымаецца вокам.

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСІЛО́МЕТР (ад ксіло... + ...метр),

прылада для вымярэння аб’ёмаў прадметаў няправільнай формы (першапачаткова пераважна з драўніны). Уяўляе сабой пасудзіну з сазлучанай з ёй градуіраванай празрыстай трубкай, якая паказвае аб’ём вадкасці, выцеснены апушчаным у пасудзіну прадметам.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРГЕЛІЁМЕТР (ад піра... + грэч. hēlios Сонца + ...метр),

прылада для вымярэння інтэнсіўнасці прамой сонечнай радыяцыі ў абсалютных адзінках. Прынцып дзеяння заснаваны на паглынанні сонечнай радыяцыі і пераўтварэнні яе ў цеплавую энергію. Выкарыстоўваюць для праверкі актынометраў.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯТРО́П (ад гелія... + грэч. tropos паварот, напрамак),

геадэзічная прылада для дакладных вымярэнняў гарызантальных вуглоў у трыянгуляцыі. Асн. частка — плоскае люстэрка, якое адбівае сонечныя прамяні ад аднаго геадэзічнага пункта да другога, дзе выконваюцца вугламерныя вымярэнні тэадалітам.

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБІ́ЛА у беларусаў прылада для лоўлі ракаў. Да завостранай на адным канцы палкі ўнізе прывязвалі мяса жабы, малюскаў. Ракаў, што прычапіліся да прылады, выцягвалі на паверхню вады. Была пашырана ў канцы 19 — пач. 20 ст.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫКА́ТАР РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦІ,

дазіметрычная прылада для выяўлення радыеактыўнага забруджвання мясцовасці і папярэдняга вызначэння дозы іанізавальнага выпрамянення. Бывае пераносны і стацыянарны. Імі забяспечваюцца падраздзяленні радыяцыйнай і хім. разведкі, разведвальныя дазоры, пасты назірання і сувязі, а таксама фарміраванні грамадз. абароны.

т. 7, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭНТРА́ТАР,

1) у акустыцы — прыстасаванне для павелічэння інтэнсіўнасці гуку. Бываюць факусавальныя (сферычнай, цыліндрычнай ці інш. формы) і хваляводныя (напр., у выглядзе труб пераменнага сячэння з цвёрдымі сценкамі). Выкарыстоўваюцца ў хірургічных інструментах, ультрагукавых станках, для ультрагукавой зваркі і інш. 2)У тэлеграфіі — аўтаматычная (ці паўаўтаматычная) прылада, з дапамогай якой паведамленні ад многіх малазагружаных ліній сувязі канцэнтруюць на адным (або больш) тэлегр. апараце. Дае магчымасць без змяншэння колькасці ліній сувязі рабіць тэлегр. станцыі больш кампактнымі.

3) У тэлефанііпрылада з клавішнай камутацыяй для непасрэднай сувязі з некалькімі абанентамі мясц. сувязі або абанентамі гар. тэлеф. сетак. Дае магчымасць адначасова размаўляць з некалькімі мясц. абанентамі, далучаць іх да тэлеф. станцыі і інш. Выкарыстоўваецца для аператыўнай сувязі.

т. 8, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМНАЖА́ЛЬНІК ЧАСТАТЫ́,

радыёэлектронная прылада, якая павялічвае частату падведзеных эл. ваганняў у зададзеную колькасць разоў. Асн. параметр — каэфіцыент памнажэння m. Характэрная асаблівасць — пастаянства m пры зменах у пэўных межах частаты ўваходных ваганняў і параметраў П.ч.

Найб. пашыраныя П.ч. складаюцца з нелінейнай прылады (напр., транзістара, варыкапа, шпулі індуктыўнасці з ферытавым асяродкам, электроннай лямпы) і эл. фільтраў, а таксама з нелінейных элементаў са спец. характарыстыкамі. Нелінейная прылада змяняе форму зыходнага вагання, у выніку чаго ў выхадным спектры выяўляюцца ваганні з кратнымі частотамі, якія вылучаюцца з дапамогай фільтраў. Існуюць П.ч., дзеянне якіх заснавана на сінхранізацыі ваганняў аўтагенератара. П.ч. выкарыстоўваюцца для павышэння частаты генератара (напр., стабілізаванага кварцам на больш нізкай частаце) у радыёперадавальных, радыёлакацыйных, вымяральных і інш. устаноўках.

т. 12, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)