КРО́ЧЭ ((Croce) Бенедэта) (25.2.1866, Пескасеролі каля г. Неапаль, Італія — 20.11.1952),
італьянскі паліт. дзеяч, гісторык, філосаф, літаратуразнавец, публіцыст, прадстаўнік неагегельянства і італьян.лібералізму. У 1902—20 праф. Неапалітанскага ун-та. У 1903—44 выдаваў літаратуразнаўчы час. «La Critica» («Крытыка»). З 1910 сенатар. У 1920—21 міністр асветы. У 1925 напісаў маніфест супраць фашызму ў Італіі. У 1943 удзельнічаў у аднаўленні Ліберальнай партыі (да 1947 яе старшыня). У 1947 заснаваў у Неапалі Італьян.ін-тгіст. даследаванняў. Выступаў за «абсалютны гістарызм», сцвярджаючы, што рэчаіснасць — гэта гісторыя і нішто іншае. Вылучаў 4 асн. формы актыўнасці духу: эстэтыку, логіку, эканоміку, этыку. Заснавальнік «этыка-палітычнай» школы ў італьян. гістарыяграфіі; адстойваў непарыўную сувязь гісторыі з філасофіяй, лічыў, што гісторыя заклікана не проста рэгістраваць падзеі, але і выхоўваць, дапамагаць усведамленню сучаснасці; актыўнымі творцамі гісторыі лічыў інтэлектуальныя слаі грамадства, яго эліту. Фашызму, яго культуры і ідэалогіі проціпастаўляў ідэалы свабоды, прагрэсу. Аўтар прац «Эстэтыка» (1902), «Логіка» (1909), «Філасофія Дж.Віка» (1912), «Тэорыя і гісторыя гістарыяграфіі» (1917), «Арыёста, Шэкспір і Карнель» (1920), «Гісторыя Італіі з 1871 да 1915 г.» (1928) І ІНШ.
французскі сацыёлаг і этнограф; адзін з гал. прадстаўнікоў структуралізму. Член Франц. акадэміі (1973). Скончыў ун-т у Парыжы (1933). Яго канцэпцыя звязана з сацыялаг. школай Э.Дзюркгейма—М.Моса амер.культ. антрапалогіяй (Ф.Боас, А.Кробер). Пры вылучэнні суадносін біял. і сац. ў паводзінах чалавека лічыў гал. наяўнасць фармальных структур ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, уплыў на паводзіны чалавека традыцый, правіл шлюбу, роднасці, міфаў як асаблівага роду моў, якія мадэліруюць структуру грамадскіх ін-таў. Стварыў арыгінальную тэорыю першабытнага мыслення як мыслення канкрэтнага, метафарычнага, здольнага да абагульненняў, класіфікацыі і лагічнага аналізу; такое мысленне, на яго думку, заклала асновы тэхн. і інтэлектуальнага прагрэсу ў эпоху неаліту. Гнасеалагічны аспект канцэпцыі Л.-С. заключаецца ў прызнанні разумнасці як уласцівасці самога сусвету, саміх рэчаў, а не ўласцівасці, якая прыўносіцца суб’ектам. Працы: «Татэмізм сёння», «Неасвоеная думка» (абедзве 1962), «Міфалогія» (т. 1—4, 1964—71), «Шлях масак» (т. 1—2, 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́Й (Мікалай Аляксеевіч) (3.7.1796, г. Іркуцк, Расія — 6.3.1846),
рускі пісьменнік, крытык, журналіст, гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1831). Выдаваў час. «Московский телеграф» (1825—34, забаронены), у якім выступаў у абарону правоў купецтва, асуджаў дваранскую арыстакратыю за адсутнасць нац. пачуцця, асн. умовай прагрэсу краіны лічыў пашырэнне асветы. Аповесць «Сімяон Кірдзяпа. Руская быль XIV ст.» (1828, апубл. 1832), раман «Клятва каля труны Гасподняй» (1832), п’есы «Дзядуля рускага флоту» (1838), «Кастрамскія лясы» (1841, пра Івана Сусаніна) і інш. на гіст. тэматыку. У аснове аповесцей «Жывапісец», «Асалода вар’яцтва» (абедзве 1833), «Эма» (1834) і інш. канфлікт «мары» і «рэальнага жыцця» ў духу рамантызму. «Гісторыя рускага народа» (т. 1—6, 1829—33, незавершана) палемічна скіравана супраць «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна. Аўтар вершаў, рамана «Абаддона» (1834), празаічнага перакладу «Гамлета» У.Шэкспіра (1837), артыкулаў пра рус. і замежную л-ру, на сац.-эканам. тэмы і інш.
Тв.:
Избр. произв. и письма. Л., 1986;
Избр. историческая проза. М., 1990;
Клятва при Гробе Господнем. М., 1994;
История русского народа. Т. 1—3. М., 1997.
Літ.:
Шикло А.Е. Исторические взгляды Н.А.Полевого. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАРТЫЗА́ЦЫЯ (ад позналац. amortisatio пагашэнне),
паступовы перанос кошту асноўных вытворчых фондаў на кошт атрыманай на гэтых фондах гатовай прадукцыі. Абумоўлена неабходнасцю кампенсацыі зносу фондаў і забеспячэння поўнай іх замены пры выбыцці з вытв-сці. На гэта робяцца амартызацыйныя адлічэнні — уключэнне часткі кошту асн. фондаў у сабекошт прадукцыі. Яны вызначаюцца пераважна як працэнт (норма амартызацыі) ад кошту асн. фондаў і налічваюцца на працягу амартызацыйнага перыяду. Такія адлічэнні паступова назапашваюцца на рахунках прадпрыемства і разам з прыбыткам з’яўляюцца крыніцай фонду для набыцця новых машын, абсталявання, павышэння тэхн. ўзроўню вытв-сці, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і прадпрыемства. Нарматывы амартызацыі і метады яе налічэння зацвярджаюцца органамі дзярж. кіравання. У якасці нарматываў выкарыстоўваюцца норма амартызацыі і патонная стаўка. Норма амартызацыі — цэнтралізавана ўстаноўлены гадавы працэнт пагашэння кошту асн. фондаў ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і практычна для ўсіх відаў асн. фондаў. Залежыць ад нарматыўнага тэрміну службы асн. фондаў: чым ён карацейшы, тым большая норма амартызацыі. У здабыўных галінах тэрмін службы некаторых асн. фондаў (спецыялізаваныя будынкі, горныя выпрацоўкі і інш.) вызначаецца не фізічным зносам, а памерамі запасаў карысных выкапняў. Для гэтых відаў асн. фондаў у якасці нарматыву амартызацыі выкарыстоўваецца патонная стаўка — велічыня кошту асн. фондаў у разліку на 1 т запасаў карысных выкапняў. Гадавыя амартызацыйныя адлічэнні пры гэтым вызначаюцца як здабытак патоннай стаўкі на гадавы аб’ём здабычы карысных выкапняў.
У залежнасці ад метадаў налічэння адрозніваюць раўнамерную, паскораную і ўзрастаючую амартызацыю. Пры раўнамернай амартызацыі кошт асн. фондаў пераносіцца на сабекошт прадукцыі роўнымі часткамі на працягу ўсяго амартызацыйнага перыяду, што не адпавядае дынаміцы фізічнага і маральнага зносу асн. фондаў, не забяспечвае своечасовае фарміраванне фін. сродкаў прадпрыемства для абнаўлення тэхнікі. Пры паскоранай амартызацыі ў першы год службы асн. фондаў на сабекошт прадукцыі пераносіцца найб. частка іх кошту. Пры ўзрастаючай амартызацыі сума амартызацыйных адлічэнняў штогод павялічваецца і дасягае макс. велічыні ў апошні год амартызацыйнага перыяду. Гэта стымулюе замену старой тэхнікі на новую, таму што к канцу амартызацыйнага перыяду яе эксплуатацыя становіцца не эфектыўнай.
Адносіны дзяржавы да амартызацыі характарызуюць яе адносіны да навукова-тэхн. прагрэсу. Пры паскоранай (5 гадоў і менш) амартызацыі ў развітых краінах тэрміны спісання абсталявання перавышаюць тэрміны яго рэальнага зносу, што азначае падатковую субсідыю прадпрыемствам. Гэта павышае ўзровень накаплення і самафінансавання, спрыяе нарошчванню асн. капіталу ў навукаёмістых галінах, прагрэс. структурным зрухам у эканоміцы. На паскарэнне тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу накіраваны і інш. метады амартызацыі ў гэтых краінах: вытв. метад, метад раўнамернага прамалінейнага спісання кошту абсталявання, метад спец. амартызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ ГРАМА́ДСТВА,
адно з вызначэнняў сучаснага стану грамадства ў індустр. развітых краінах, якое звязана з якасна новым узроўнем вытв-сці, перапрацоўкі і распаўсюджання інфармацыі. Тэорыя І.г. ўзнікла ў 1970-я г., калі новая тэхнал. рэвалюцыя, усеагульная камп’ютэрызацыя і інфарматызацыя грамадства прывялі да глабальных змен у навук., тэхн., сац., духоўнай і інш. сферах яго жыццядзейнасці, паглыблення творчага, інтэлектуальнага пачатку ў матывацыі прац. дзейнасці, вытв-сці матэрыяльных і культ. каштоўнасцей. Такое грамадства ў розных тэарэт. канцэпцыях (Д.Бел, З.Бжазінскі, А.Тофлер, А.Кінг, Дж.Нейсбіт) разглядаецца як адна з разнавіднасцей постіндустрыяльнага грамадства або як якасна новая ступень у развіцці грамадскага прагрэсу, якая прыходзіць на змену постіндустрыялізму. Асн. рысы І.г.: камп’ютэрызацыя, шырокае развіццё інфарм. тэхналогій і інфраструктур, у т. л. сродкаў масавай камунікацыі, інтэлектуалізацыя чалавечай дзейнасці; дэцэнтралізацыя і дэмакратызацыя; паглыбленне працэсаў інтэрнацыяналізацыі і фарміраванне наднац. эканам., сацыякульт. і паліт. структур. Паказчыкамі сац. і паліт. ўзроўню І.г. з’яўляюцца таксама ўсебаковая інфармаванасць насельніцтва, бесперашкодная работа ўсіх службаў і сродкаў масавай інфармацыі, неабмежаваны доступ карыстальнікаў інфармацыі да банкаў даных, свабодны абмен інфармацыяй, хуткае прымяненне і ажыццяўленне на гэтай аснове практычных рашэнняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКІ (Максім Максімавіч) (8.9.1851, г. Харкаў, Украіна — 5.4.1916),
расійскі гісторык, юрыст, сацыёлаг, этнограф. Акадэмік Пецярбургскай АН (1914, чл.-кар. 1899). Скончыў Харкаўскі ун-т (1872), адукацыю працягваў у Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі. Праф. Маскоўскага (1878—87), Пецярбургскага (1905—16) ун-таў і шэрагу ун-таў Еўропы і Амерыкі. З 1895 віцэ-старшыня, з 1907 старшыня Міжнар. ін-та сацыялогіі, чл.Т-ва сацыялогіі ў Парыжы. Вымушаны доўгі час працаваць за мяжой, К. часта выкарыстоўваў замежную тэматыку і матэрыялы для вырашэння рас. праблем, звязаных з развіццём капіталізму. Асн. законам сацыялогіі лічыў закон прагрэсу. Як гісторык выкарыстоўваў гіст.-параўнальны метад, асабліва з мэтай супастаўлення дзярж., паліт. і эканам. дакапіталіст. грамадстваў Еўропы, у т. л. і Расіі. Аўтар прац па гісторыі абшчыны, Франц. рэвалюцыі канца 18 ст., праблемах зах.еўрап. феадалізму і агульных пытаннях сац. развіцця, этнаграфіі.
Тв.:
Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;
Закон и обычай на Кавказе. Т. 1—2. М., 1890;
Происхождение современной демократии. Т. 1—4. М., 1895—97;
Экономический рост Европы до возникновения капиталистического хозяйства. Т. 1—3. М., 1898—1903;
Социология. Т. 1—2. М., 1910.
Літ.:
Сафронов Б.Г. М.М.Ковалевский как социолог. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЭКАНО́МІКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1931 у Мінску. Аддзелы (1997): заканамернасцей развіцця эканам. адносін; эфектыўнасці вытв. патэнцыялу; рыначнай інфраструктуры; рэгіянальнай эканомікі; эколага-эканам. праблем; эканомікі навукі.
Асн. кірункі даследаванняў: арг-цыя вытворчасці; удасканаленне сістэмы планавання; паскарэнне навук.-тэхн. прагрэсу; пытанні рэфармавання адносін уласнасці і стварэння змешанай эканомікі; удасканаленне фін. крэдытных адносін. Мэта даследаванняў — распрацоўка нац.-дзярж. мадэлі рыначнай эканомікі Беларусі і адэкватнага ёй дзейснага механізму гаспадарання. Аспірантура з 1945. Выдадзены працы: «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму, 1900—1917» (1963); «Эканоміка Савецкай Беларусі, 1917—1967» (1967), «Тэхнічны прагрэс і пытанні эканомікі» (1969); «Вытворчыя аб’яднанні: Рэгіянальны аспект арганізацыі» У.С.Фацеева (1987); зб. «Рыначнае рэфармаванне эканомікі Беларусі» (вып. 1—2, 1996—97); «Эканоміка Беларусі: шляхі стабілізацыі і сацыяльна-эканамічнага абнаўлення» (1995); «Інвестыцыйная палітыка Беларусі: (Аналіз, праблемы, прапановы)», «Інфляцыя. прырода, сутнасць і рэгуляванне, «Праблемы рэфармавання беларускай эканомікі» І.М.Абрамава, В.С.Булко, І.В.Калеснікавай (усе 1996) і інш. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі В.М.Лубяка, В.С.Нямчынаў, І.А.Пятровіч, Ф.С.Марцінкевіч, чл.-кар. М.І.Вядута, Ф.А.Дронаў; працуюць акад.Нац.АН Беларусі Г.М.Лыч, чл.-кар. П.Г.Нікіценка.
расійскі філосаф, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), вывучаў філасофію ў Германіі (1875—76). З 1876 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та, Новарасійскага ун-та ў Адэсе (з 1883) і Маскоўскага ун-та (з 1886). З 1889 адзін з арганізатараў і рэдактар час. «Вопросы философии и психологии». Логіку вызначаў як навуку пра пазнанне, а пазнавальную дзейнасць — як сукупнасць «псіхічных абаротаў». У сацыялогіі адмаўляў суб’ектыўны метад, імкнуўся стварыць аб’ектыўную форму прагрэсу. Эвалюцыяніраваў ад пазітывісцкага адмаўлення навук. значэння філасофіі («Адносіны філасофіі да навукі і мастацтва», 1883) да спробы стварыць самастойную філас. сістэму. Сваю філас. пазіцыю называў «монадуалізмам» («Пра душу ў сувязі з сучаснымі вучэннямі аб сіле», 1886). Па сутнасці яна была плюралістычнай канструкцыяй, заснаванай на прызнанні двух ці больш зыходных субстанцыяльных пачаткаў, аб’яднаных на нейтральнай аснове. Абараняў прынцып свабоды волі («Крытыка паняцця свабоды волі і сувязі з паняццем прычыннасці», 1889), імкнуўся даказаць узаемадзеянне псіхічных і матэрыяльных працэсаў, увёў паняцце псіхічнай энергіі («Жыцёвыя задачы псіхалогіі», 1890; «Паняцце душы і псіхічнага жыцця ў псіхалогіі», 1897, і інш.).
Тв.:
Психология чувствований в ее истории и главных основах. СПб., 1879—1880;
К вопросу о реформе логики. Нежин, 1882;
О научном значении пессимизма и оптимизма как мировоззрений. Одесса, 1884;
Джордано Бруно и пантеизм. Одесса, 1885;
Философия и ее общие задачи: Сб. статей. СПб., 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЭ́ЙНЕРНЫЯ ПЕРАВО́ЗКІ,
найбольш эканамічны від транспарціроўкі грузаў ва ўнутр. і міжнар. зносінах пры дапамозе здымных трансп. прыстасаванняў — кантэйнераў. Ажыццяўляюцца рознымі відамі сухап., воднага і паветр. транспарту, дазваляюць значна скараціць трансп. выдаткі і паскараюць перавозку. Упершыню К.п. выкарыстаны ў Расіі ў 1889, у пач. 1930-х г. у СССР паявіліся універсальныя кантэйнеры для бястарнай перавозкі штучных грузаў.
Бел. чыгунка арганізуе перавозку грузаў ва універсальных сярэднетанажных (грузападымальнасць 3 і 5 т) і буйнатанажных (грузападымальнасць 20, 24 і 30 т) кантэйнерах паркаў краін СНД і Балтыі ў прамых чыгуначных, змешаных і міжнар. зносінах; рэгулюе кантэйнерныя паркі, укараняе і ажыццяўляе кантэйнерныя цягнікі і маршрутныя групы; развівае бесперагрузачныя перавозкі грузаў у кантэйнерах і каардынуе дзеянні з інш. відамі транспарту; кантралюе ўлік работы кантэйнернага парку на чыгунцы; ажыццяўляе ўвесь комплекс тэхн.прагрэсу, звязанага з К.п. На Бел. чыгунцы дзейнічае 37 станцый для перапрацоўкі сярэднетанажных і 16 для буйнатанажных кантэйнераў. Аб’ём перавозак па чыгунцы за 1997 склаў 35,4 тыс. буйнатанажных і 32,8 тыс. сярэднетанажных кантэйнераў. У напрамку Захад—Усход за 1997 перавезена 28 859 буйнатанажных кантэйнераў. Сумесна з Літ. і Рас. чыгункамі падрыхтавана перавозка кантэйнераў са Скандынаўскіх краін чаўнаковымі кантэйнернымі цягнікамі Клайпеда—Вільнюс—Мінск—Масква. Завершана падрыхтоўка для арганізацыі перавозак кантэйнераў з Японіі, Карэі і краін Д. Усходу хуткаснымі кантэйнернымі цягнікамі Находка—Масква—Брэст за 9 сутак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
грамадска-паліт. газета ліберальна-кадэцкага інфарм.-асв. кірунку. Выдавалася з 25.8.1912 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Да № 1091 (1915) наз. «Минская газета-копейка». Арыентавалася на яўр. грамадскасць рас. культуры. У праграмным арт. «Нашы задачы» вызначыла свой кірунак абстрактна, у сэнсе безумоўнай падтрымкі прагрэсу і крытыкі ўсяго, што вядзе да вяртання ў мінулае. Асвятляла рэгіянальныя, сац.-эканам. праблемы, дзейнасць мясц. самакіравання, Дзярж. думы, мела аддзел гар. хронікі, перадрукоўвала матэрыялы сталічных газет. Знаёміла чытачоў з жыццём і творчасцю рус. і яўр. пісьменнікаў (Л.Андрэеў, В.Верасаеў, А.Купрын, Шолам-Алейхем), друкавала крытычныя разборы прачытаных у Мінску лекцый, змяшчала нарысы пра творчасць Л.Талстога, М.Някрасава і інш., агляды мінскіх маст. выставак, твораў Л.Альпяровіча, Я.Кругера, Ф.Рушчыца, нататкі пра тэатр. і муз. падзеі ў горадзе. Выступала за дэмакр. самавызначэнне народаў, аднак дапускала асіміляцыю на глебе агульначалавечай культуры. Падтрымлівала выступленні сацыял-дэмакратаў супраць падрыхтоўкі да вайны, у 1917—18 — Часовы ўрад, кааліцыю бурж. партый з сацыялістамі, агітавала за скліканне ўсерас. Устаноўчага сходу і за перадачу яму заканадаўчай улады. Надрукавала ў перакладзе на рус. мову апавяданне Я.Коласа «Дудар» (пад назваю «Гусляр. Казка Якава Колас», 5.8.1913). Публікавала інфармацыю пра бел.нац. рух. Выпускала літ. дадатак — час. «Минский огонек» (1912), «Вечерние известия Минской газеты-копейки» (1914—15), «Вечерние известия Минской газеты» (1915—17).