АКСО́Н (ад грэч. axōn вось),

нейрыт, восевы цыліндр, адростак нейрона, які праводзіць нерв. імпульсы ад цела нерв. клеткі да мышачных і залозістых клетак органаў, якія інервуюцца, або да інш. нейронаў. Ад кожнай нерв. клеткі адыходзіць адзін аксон дыяметрам у некалькі мікронаў, даўж. да 1 м і больш (у некаторых жывёл трапляюцца гіганцкія аксоны таўшчынёй да дзесятых доляў міліметра). Пачатковы сегмент аксон (бугарок) найбольш узбудлівы і з’яўляецца месцам генерацыі нерв. імпульсаў. Канцавыя разгалінаванні (тэрміналі) утвараюць сінаптычныя кантакты з інш. нейронамі, мышцамі або залозістымі клеткамі. Хуткасць перадачы ўзбуджэння залежыць ад структуры і дыяметра аксона, ступені пакрыцця іх міэлінавай абалонкай. Пучкі аксона і дэндрытаў утвараюць нервы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ ЗАБАРО́НЕ І АБМЕЖАВА́ННІ ВЫПРАБАВА́ННЯЎ А́ТАМНАЙ ЗБРО́І 1963,

міжнароднае шматбаковае пагадненне, у якім удзельнічаюць больш за 100 дзяржаў, у т. л. і Рэспубліка Беларусь. Падпісаны у Маскве 5.8.1963 першапачатковымі ўдзельнікамі — Вялікабрытаніяй, ЗША і СССР. БССР падпісала дагавор 8.10.1963, ратыфікавала яго 26.11.1963. Дагавор забараняе праводзіць выпрабавальныя выбухі ядз. зброі і інш. ядз. выбухі ў атмасферы і за яе межамі, у т. л. ў касм. прасторы, пад вадой, у тэр. водах і ў адкрытым моры, і ў інш. асяроддзі, калі такі выбух пацягне за сабой выпадзенне радыеактыўных ападкаў за межамі тэр. дзяржавы, пад юрысдыкцыяй ці кантролем якой гэтыя выбухі праводзяцца.

Ю.​П.​Броўка.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЛІКАВАЕ ПЛАДАВО́ДСТВА,

вырошчванне нізкарослых пладовых дрэў, пераважна яблыні і грушы; адзін з метадаў інтэнсіфікацыі пладаводства. Пашырана ў краінах з цёплым сухім кліматам, у паўд. краінах СНД, на Беларусі — у паўд. і паўд.-зах. раёнах.

Нізкарослыя (1,5—3 м) дрэвы атрымліваюць прышчэпліваннем звычайных сартоў на слабарослыя прышчэпы. У якасці прышчэпаў для яблыні выкарыстоўваюць пераважна парадзізку чырваналістую, для грушы — айву. Дрэвы на такіх прышчэпах пачынаюць рана (на 2—3-і год) плоданасіць, даюць больш вял. і больш цукрыстыя плады, з іх збіраюць больш высокія ўраджаі. У карлікавых садах больш зручна праводзіць інтэгрыраваную барацьбу з хваробамі і шкоднікамі, механізаваную ўборку ўраджаю і інш.

т. 8, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОН (Ігар Сямёнавіч) (н. 21.5.1928, С.-Пецярбург),

расійскі філосаф, сацыёлаг і псіхолаг. Д-р філас. н. (1960), праф. (1963). Скончыў Ленінградскі пед. ін-т (1947). Працаваў у многіх ВНУ і НДІ, у 1975—93 у Ін-це этналогіі і антрапалогіі РАН. Даследуе праблемы гісторыі зах. сацыялогіі, тэорыі асобы і самасвядомасці, псіхалогіі юнацкага ўзросту, антрапалогіі дзяцінства і сексалогіі. Філас. праблемы быцця чалавека разглядае на матэрыяле спец. навук пра чалавека і грамадства, праводзіць ідэю інтэрдысцыплінарнасці.

Тв.:

Позитивизм в социологии. Л., 1964;

Открытие «Я». М., 1978;

Психология юношеского возраста. М., 1979;

Ребенок и общество. М., 1988;

Введение в сексологию. 2 изд. М., 1990;

Вкус запретного плода. М., 1991.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ МАГІЛЁВА Утвораны ў 1990 у Магілёве. Размешчаны ў б. архірэйскім палацы

(пабудаваны ў 1762—85 па ініцыятыве архіепіскапа Г.​Каніскага) і будынку 19 ст. Мае каля 5 тыс. адзінак асн. фонду (2000),

якія размешчаны па перыядах з часоў узнікнення стараж. паселішчаў на тэр. сучаснага горада. Сярод экспанатаў каменныя сякеры 3—2-га тыс. да н.э., язычніцкія абярогі, амулеты, лунніцы 10—12 ст., кафля 16—18 ст., старадрукі 18 ст., сувоі канца 18 ст., абразы канца 18—19 ст., матэрыялы, прысвечаныя падзеям Вял. Айч. вайны, зменам арх. аблічча горада на працягу апошняга стагоддзя. Музей праводзіць тэматычныя выстаўкі.

І.​А.​Пушкін.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЫ́ШКА»,

бел. нар. гульня. У гульні могуць удзельнічаць ад 5 да 15 чалавек, якія па дамоўленасці выбіраюць «маці» і «ката». «Кот» адыходзіць убок, а дзеці садзяцца і на калені кладуць рукі далонямі адна да адной. «Маці», заціснуўшы «М.» (манету, гузік, каменьчык) таксама паміж далонямі, абходзіць гуляючых і праводзіць сваімі рукамі паміж далонямі кожнага гульца, пакідаючы «М.» ў аднаго з іх, а потым кліча «ката», які павінен адгадаць, у каго «М.». Калі адгадае, той становіцца «катом», калі не, тады «кот» вяртаецца на сваё месца і пасля 3 спроб выбывае з гульні, а яго месца займае той, у каго апошняга была «М.».

Я.​Р.​Вількін.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, якія ўзнікаюць пры ўздзеянні на арганізм прафесійных шкоднасцей. Адрозніваюць 5 асн. груп П.х.: ад уздзеяння хім. прамысл. фактараў (бензол, ртуць, свінец і інш.; гл. Атручэнне), пылу (гл. Пнеўмаканіёз, Сілікоз), статычнага перанапружання мышцаў і апорна-рухальнага апарату, фіз. фактараў (гл. Вібрацыйная хвароба, Прамянёвая хвароба), біял. фактараў. Дадаткова вылучаюць алергічныя захворванні і новаўтварэнні прафес. паходжання.

Бываюць вострыя, падвострыя і хранічныя. Прыкметы залежаць ад часу і інтэнсіўнасці ўплыву прафес. шкоднасцей, рэзістэнтнасці і рэактыўнасці арганізма. Расследаванне выпадкаў П.х. праводзіць спец. камісія. Хворых на П.х. пераводзяць на інш. працу або накіроўваюць на Мед.-рэабілітацыйную экспертную камісію для вызначэння ступені страты прафес. працаздольнасці або групы інваліднасці.

Э.​А.​Вальчук.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ННЕНСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1995, адкрыты ў 1996 у г. Сянно Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 247 м², 1 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў зуб маманта, крамянёвыя і каменныя прылады працы (2-е тыс. да Н.Э.), фрагменты паліванай керамікі 16—17 ст., калекцыі манет ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі, прадметы сял. побыту, ганчарны посуд, вырабы ткацтва, вышыванкі канца 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра дзейнасць падполля і партыз. рух на Сенненшчыне ў Вял. Айч. вайну. У экспазіцыі творы землякоў мастака У.​Гоманава і скульптара З.​Азгура. Музей праводзіць выстаўкі твораў мясц. мастакоў і майстроў дэкар.-прыкладнога мастацтва.

В.​В.​Бандарэвіч.

т. 14, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

навукова-грамадская арг-цыя па садзейнічанні развіццю на Беларусі геагр. навукі і адукацыі, пашырэнні геагр. ведаў. Створана ў 1954 пры АН БССР на базе геагр. ф-та БДУ як Бел. філіял Геагр. т-ва СССР. З 1962 Геагр. т-ва БССР, з 1993 сучасная назва. Мае аддзяленні фіз. і эканам. геаграфіі, этнаграфіі, геаэкалогіі; камісіі школьнай, мед. і меліярац. геаграфіі, антрапагеннага ландшафтазнаўства і інш. Абласныя аддзелы ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве. Больш за 600 індывід. членаў (1996). Праводзіць навук. канферэнцыі і геагр. з’езды, кансультацыі, распрацоўвае навук. тэмы, геагр. экспертызу, выдае тэматычныя зборнікі навук. прац і інш. Член Міжнар. геагр. саюзу. Мае бібліятэку геагр. літаратуры.

В.​С.​Аношка.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т «ДЗЕ́ЦІ ЧАРНО́БЫЛЯ»,

незалежная няўрадавая гуманіт. арг-цыя. Створана ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 незалежная арг-цыя. Гал. кірунак дзейнасці — прафілактыка захворванняў дзяцей-чарнобыльцаў. З гэтай мэтай арганізавана іх аздараўленне на спец. базах, дзе спецыялісты кансультацыйна-дыягнастычнай лабараторыі к-та праводзяць паглыбленае абследаванне. К-там створаны таксама лабараторыі радыелагічнай бяспекі (вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі на забруджаных землях) і сац.-псіхал. рэабілітацыі. Праводзіць сімпозіумы, семінары, канферэнцыі, «круглыя сталы», па матэрыялах якіх выдае зборнікі, памяткі для насельніцтва. Удзельнічае ў міжнар. чарнобыльскіх акцыях, быў арганізатарам на Беларусі Міжнар. маршу «За бяз’ядзерны свет — 1995». Мае абласныя арг-цыі, мінскую гар. і некалькі раённых. Дэвіз к-та «Здаровыя дзеці — здаровая нацыя».

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)