навука аб прынцыпах і метадах разліку збудаванняў на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і ваганні; раздзел прыкладной механікі.
Асновы будаўнічай механікі выкладзены ў 18—19 ст. у працах Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Дз.І.Жураўскага, У.Р.Шухава і інш. На розных этапах развіцця будаўнічай механікі метады разліку збудаванняў вызначаліся ўзроўнем развіцця матэматыкі, механікі, супраціўлення матэрыялаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. выкарыстанне ЭВМ дало магчымасць укараніць эфектыўныя метады разлікаў; статыстычных выпрабаванняў, канечных элементаў, варыяцыйна-рознаснага і інш. Вельмі важныя даныя будаўнічай механікі пры ўзвядзенні сейсмаўстойлівых і вышынных будынкаў.
На Беларусі даследаванні па пытаннях будаўнічай механікі праводзіліся ў 1920-я г. ў БСГА А.А.Краўцовым, у 1935—41 у БПІ М.В.Венядзіктавым, І.Р.Прытыкіным, у 1938—41 у Бел. лесатэхн. Ін-це М.М.Рудзіцыным, вядуцца ў Бел.політэхн. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-це, Брэсцкім політэхн. ін-це, Полацкім ун-це, Бел. ун-це транспарту, НДІбуд-ва і архітэктуры. Удасканалены метады і алгарытмы аптымізацыі расходу матэрыялаў на шарнірна-стрыжнёвыя, вісячыя і камбінаваныя сістэмы (Л.І.Коршун, П.У.Аляўдзін, Р.І.Фурунжыеў, І.С.Сыраквашка). Даследаваны пытанні статыкі і дынамікі нелінейна дэфармаваных шарнірна-стрыжнёвых і вісячых сістэм (Я.М.Сідаровіч), устойлівасці стрыжнёвых сістэм (А.Ф.Анішчанка, С.С.Макарэвіч, Л.С.Турышчаў). Праведзены статычныя разлікі рамаў, пласцін, абалонак, труб (А.А.Краўцоў, А.А.Кручкоў, Л.Ф.Беразоўскі, Г.А.Герашчанка, А.А.Чэча). Вырашаны шэраг кантактавых задач прыкладной тэорыі пругкасці (С.М.Ягалкоўскі, С.В.Басакоў), прапанаваны метады электроннага мадэлявання нелінейных задач будаўнічай механікі і прыкладной тэорыі пругкасці (У.М.Аўсянка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕ́ТЫКА ХІМІ́ЧНАЯ,
вучэнне аб скарасцях і механізмах хім. рэакцый; раздзел фізічнай хіміі.
К.х. вызначае часавыя заканамернасці працякання рэакцый хімічных, эмпірычную сувязь паміж скорасцю рэакцый і ўмовамі іх правядзення (канцэнтрацыяй рэагентаў, т-рай, ціскам, фазавым станам і інш.), выяўляе фактары, што ўплываюць на скорасць і напрамак рэакцыі (каталізатары, ініцыятары, інгібітары і інш.). К.х. вывучае таксама механізмы складаных хім. працэсаў: высвятляе, з якіх простых хім. рэакцый (элементарных стадый) складаецца хім. працэс, як гэтыя рэакцыі звязаны адна з адной, якія прамежкавыя прадукты ўтвараюцца і ўдзельнічаюць у хім. працэсе, устанаўлівае ролю лабільных прамежкавых часціц (атамаў, свабодных радыкалаў, іонаў, актыўных комплексаў і інш.) у элементарных рэакцыях. Для рашэння гэтых задач у К.х. выкарыстоўваюць хім. і фіз.-хім. метады аналізу зыходных рэчываў і прадуктаў пераўтварэнняў, матэм. метады для тэарэт. абагульненняў, а таксама дасягненні хім. тэрмадынамікі, атамнай і малекулярнай фізікі, аналіт. хіміі, квантавай механікі.
Першыя даследаванні скорасці хім. рэакцый у 1870-я г.праведзены М.А.Мяншуткіным. У 1930-я г. фізікахімікі амер. Г.Эйрынг і англ. М.Паляні на базе квантавай механікі і статыст. фізікі стварылі тэорыю абс. скарасцей рэакцый, М.М.Сямёнаў і С.Н.Хіншэлвуд — тэорыю ланцуговых працэсаў. Значны ўклад у развіццё кінетыкі ланцуговых рэакцый зрабілі сав. фізікахімікі В.М.Кандрацьеў, М.М.Эмануэль. Тэарэт. канцэпцыі і кінетычныя даныя К.х. выкарыстоўваюць пры стварэнні схем складаных хім. працэсаў, аналізе пытанняў будовы хім. злучэнняў і іх рэакцыйнай здольнасці, для вырашэння тэхнал. і тэхн. задач.
Літ.:
Эйринг Г., Лин С.Г., Лин С.М. Основы химической кинетики.: Пер. с англ.М., 1983;
Денисов Е.Т. Кинетика гомогенных химических реакций. 2 изд. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТР (франц. métre ад грэч. metron мера),
1) адзінка даўжыні, адна з 7 асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца м. 1 м = 100 см = 1000 мм. У СІ М. з’яўляецца таксама адзінкай даўжыні хвалі, фокуснай адлегласці і інш. велічынь, што маюць фіз. сэнс даўжыні.
2) Мера даўжыні, што ўзнаўляе адзінку даўжыні — М. Паводле вызначэння, прынятага 17-й Ген. канферэнцыяй па мерах і вазе (1983), М. — даўжыня шляху, які праходзіць святло ў вакууме за 1/299792458 долю секунды.
Першапачаткова (1791, Францыя) М. вызначаны як 1/10 000 000 частка 1/4 даўжыні зямнога мерыдыяна. Для дакладнага вызначэння М. ў 1792—99 праведзеныгеад. вымярэнні дугі Парыжскага мерыдыяна. Першы эталон М. зроблены ў 1792 у выглядзе плацінавай лінейкі, адлегласць паміж канцамі якой раўнялася 1 м. Ён перададзены на захоўванне ў Нац. архіў Францыі і атрымаў назву «архіўны М.». З 1889 міжнар. прататыпам М. служыў плаціна-ірыдыевы брус з нанесенымі на адной з яго плоскасцей штрыхамі, які захоўваецца ў Міжнар. бюро мер і вагі ў г. Сеўр каля Парыжа. У 1960—83 М. вызначылі як даўжыню, роўную 1 650 763,73 даўжыні хвалі ў вакууме эл.-магн. выпрамянення, якое адпавядае пераходу паміж узроўнямі 2p10 і 5d5 атама крыптону-86. Натуральныя першасныя эталоны М., прынятыя ў 1960 і 1983, даюць магчымасць узнаўляць меры даўжыні з хібнасцю да ±10−8м. М. пакладзены ў аснову метрычнай сістэмы мер. У практыцы вымярэнняў шырока выкарыстоўваюцца кратныя і дольныя адзінкі: кіламетр, дэцыметр, сантыметр, міліметр, мікраметр, нанаметр і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́КТАРНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца дзеянні над вектарамі і іх уласцівасці. Яго развіццё ў 19 ст. выклікана патрэбамі механікі і фізікі. Пачалося з даследаванняў У.Гамільтана і Г.Грасмана па гіперкамплексных ліках. Падзяляецца на вектарную алгебру і вектарны аналіз.
Вектарная алгебра разглядае лінейныя дзеянні над вектарамі (складанне, адніманне вектараў, множанне вектараў на лік), а таксама скалярны здабытак, вектарны здабытак і змешаны здабытак вектараў. Сума
вектараў і — вектар, праведзены з пачатку да канца , калі канец і пачатак супадаюць. Складанне вектараў мае ўласцівасці:
;
;
;
; дзе — нулявы вектар, — вектар, процілеглы вектару (гл.Асацыятыўнасць, Камутатыўнасць). Рознасць вектараў і — вектар такі, што
; рознасць ёсць вектар, які злучае канец вектара з канцом вектара , калі яны адкладзены з аднаго пункта. Здабыткам вектара на лік α наз. вектар α , модуль якога роўны
і які накіраваны аднолькава з вектарам , калі α > 0, і процілеглы пры α < 0. Калі α = 0 ці , то α = . Уласцівасці множання вектара на лік:
;
;
;
. Пры каардынатным заданні вектараў розным дзеяннем над вектарамі адпавядаюць дзеянні над іх каардынатамі. У вектарным аналізе вывучаюцца вектарныя і скалярныя функцыі аднаго ці некалькіх аргументаў і дыферэнцыяльныя аперацыі над гэтымі функцыямі (гл., напр., Градыент, Дывергенцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРАЗНА́ЎСТВА, лімналогія,
галіна гідралогіі; навука пра кантынентальныя вадаёмы запаволенага водаабмену (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Вывучае комплекс узаемазвязаных фіз., хім. і біял. працэсаў у вадаёмах; даследуе азёрныя катлавіны, донныя адклады, водны баланс і рэжым узроўню, тэрміку, лядовыя і аптычныя з’явы, гідрахімію, рух азёрнай вады, берагі, рыбапрадукцыйнасць і інш. Выкарыстоўвае метады геахіміі, геафізікі, геалогіі, гідрабіялогіі, вынікі лабараторных аналізаў станцый і пастоў сістэмы Гідраметслужбы, аэрафотаздымку.
Заснавальнік навуковага азёразнаўства — швейц. вучоны Ф.А.Фарэль (1885; працы па тэорыі і методыцы азёразнаўства). У развіцці азёразнаўства вял. значэнне маюць працы рус. вучоных Дз.М.Анучына (вывад аб сувязі азёраў з усімі кампанентамі ландшафтаў), Л.С.Берга (апісанні азёраў Зах. Сібіры, Аральскага, Ісык-Куля) і А.І.Ваейкава (выявіў сувязь вагання ўзроўню вял. азёраў з іх водным балансам і інш.). На Беларусі першыя гідралагічныя даследаванні азёраў праведзены А.М.Семянтоўскім (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.).
Сістэматычнае вывучэнне азёраў пачалося з арганізацыі н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928). Комплексныя даследаванні азёраў праводзяцца на біял. і геагр. ф-тах БДУ (складанні азёрнага кадастру, прыродна-гасп. класіфікацыі, стварэнне ахоўных тэрыторый на базе азёраў), выконваюцца маніторынгавыя даследаванні па міжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш як 500 азёраў і 20 вадасховішчаў (вывучаны гісторыя развіцця ў галацэне, вызначана іх генетычная прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі; В.П.Якушка). У ін-тах геал. навук і праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі вывучаюцца азёры як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытв. мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУГАВО́ДСТВА,
1) галіна раслінаводства, якая займаецца вытв-сцю зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу і травяной мукі, паляпшэннем прыродных і стварэннем штучных сенажацей і пашы для жывёлагадоўлі; састаўная ч.кормавытворчасці. Асн. задача Л. — паляпшэнне натуральнага і сеянага травастою, што звычайна прадугледжвае поўнае знішчэнне дзярніны ў працэсе ўзворвання, унясенне ўгнаенняў, сяўбу шматгадовых траў. На Беларусі лугі даюць прыкладна 1/3 усіх кармоў для жывёлагадоўлі. 3 агульнай плошчы сельгасугоддзяў 9,3 млн.га (1998) сенажаці займаюць 1,3 млн.га (14%), паша — 1,7 млн.га (18,3%), з іх палепшаныя адпаведна 1 і 1,2 млн.га. Найб. плошчы лугоў на Пн і Пд рэспублікі. У 20 ст. на Беларусі праведзенывял. работы па паляпшэнні натуральных лугоў і асваенні новых зямель. Найб. плошчы новых зямель асвоены ў Бел. Палессі, дзе асушаныя плошчы з мелкім заляганнем торфу пераважна выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На пач. 1998 у рэспубліцы на асушаных землях 814,5 тыс.га сенажацяў і 780,5 тыс.га пашы. Палепшаныя і культурныя (сеяныя) сенажаці і паша высокапрадукцыйныя, могуць даваць 7—8 т/га сена. Важнай задачай Л. з’яўляецца асваенне сенажацезваротаў — папераменнае выкарыстанне адной і той жа лугавой плошчы пад сенажаць і пашу, падтрыманне іх высокапрадукцыйнага стану. Л. развіта ў краінах, дзе лугі адыгрываюць значную ролю ў вытв-сці кармоў, найб. у ЗША, Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Германіі.
2) Навука, якая распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя спосабы павышэння прадукцыйнасці прыродных і стварэння сеяных (культурных) сенажацей і пашы, спосабы рацыянальнага іх выкарыстання. Звязана з раслінаводствам, аграхіміяй, глебазнаўствам, меліярацыяй, земляробствам і інш. На Беларусі развіваецца пераважна ў Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, у Бел.НДІ земляробства і кормавытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАРЫ́С АПТЫ́ЧНЫ,
карціна, якая атрымліваецца ў выніку праходжання прамянёў святла, што ідуць ад аб’екта, праз аптычную сістэму (лінзы, прызмы, люстэркі і інш.) і аднаўляе яго контуры і дэталі. Утвараецца паводле законаў геаметрычнай оптыкі і з’яўляецца асновай зрокавага ўспрымання розных аб’ектаў на сятчатцы вока і іх утварэння на фотаплёнцы, кінаэкране, фотакатодзе і інш.
Адрозніваюць відарыс аптычны сапраўдны і ўяўны. Сапраўдны відарыс аптычны ўтвараецца збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння і можа назірацца візуальна, праектавацца на экран і фатаграфавацца. Калі прамяні, што выходзяць з аптычнай сістэмы, разыходзяцца, то ўяўны відарыс аптычны ўтвараецца ў пунктах перасячэння прадаўжэнняў гэтых прамянёў, што праведзены ў бок, процілеглы іх распаўсюджанню. Уяўны відарыс аптычны немагчыма атрымаць на экране ці сфатаграфаваць, аднак ён можа выконваць ролю аб’екта для інш. аптычнай сістэмы (напр., вока ці збіральнай лінзы), якая пераўтварае яго ў сапраўдны. Наяўнасць аберацый аптычных сістэм прыводзіць да ўтварэння аберацыйных плям, што выклікае афарбоўку відарыса аптычнага і парушае яго геам. падабенства з арыгіналам. У выніку таго, што на аб’ектывах, акулярах, дыяфрагмах і інш. аптычных дэталях адбываецца дыфракцыя святла, відарыс аптычны пункта ў ідэальных (безаберацыйных) сістэмах выглядае як складаная дыфракцыйная карціна, характарыстыкі якой залежаць ад раздзяляльнай здольнасці аптычных сістэм.
Літ.:
Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;
Марешаль А., Франсон М. Структура оптического изображения: Пер. с фр.М., 1964.
В.В.Валяўка.
Утварэнне відарысаў аптычных: а — уяўнага відарыса M′ пункта M у плоскім люстэрку; б уяўнага відарыса M′ пункта M і сапраўднага відарыса N′ пункта N ва ўвагнутым сферычным люстэрку; в — сапраўднага A′B′ і ўяўнага M′N′ відарысаў аб’ектаў AB і MN у збіральнай лінзе; i, j — вуглы падзення, а i′, j′ — вуглы адбіцця прамянёў святла; C — цэнтр сферы; F, F′ — фокусы лінзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́, Каложская царква,
помнік мураванай стараж.-рус. архітэктуры, адзін з помнікаў Гродзенскай школы дойлідства. Пабудаваны ў 2-й пал. 12 ст. ў Гродне на высокім правым беразе Нёмана, побач з замкавай гарой, на тэр.б. Каложскага пасада. Часткова разбурана ў 1853 у выніку апоўзня, паўд. апсіда абвалілася ў 1889. Праведзены работы па кансервацыі (1910 і 1935) і кансервацыйна-рамонтныя (1970, 1985—87). Захаваліся паўн. і частка зах. Сцяны, 3 апсіды і 2 зах. круглыя (дыяметр каля 1,2 м) падкупальныя слупы.
Цагляны 6-слуповы 3-апсідны крыжова-купальны храм. Даўжыня каля 21,5 м, шыр. 13,5 м. Таўшчыня сцен каля 1,2 м. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Фасады ўпрыгожаны лапаткамі ступеньчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняй ч. сцен вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. У час рэстаўрацыйных работ 1985—86 знойдзены фрагменты фрэсак на ўнутр. сцяне і шматлікія графіці на сценах. У 1894 В.В.Гразновым выяўлены ў муроўцы будынка галаснікі, знакі на цэгле, ім выказана думка, што царква мела фрэскавую размалёўку. Падлога храма першапачаткова была выкладзена з паліваных квадратных, трохвугольных і фігурных плітак, у 18 ст. — з мармуровых пліт. Фрагмент падлогі 12 ст. захаваўся ў бакавой апсідзе. Фундамент храма складзены з валуноў сярэдняй велічыні і заглыблены на 1,5 м. Каля царквы выяўлены сляды манастыра 15—18 ст. Царкву даследавалі: у 19 ст. В.В.Гразноў, у пач. 20 ст. П.П.Пакрышкін, у 1935 Ю.Ядкоўскі, у 1946 І.І.Хозераў, у 1982, 1983—84 А.А.Трусаў, П.А.Рапапорт.
Літ.:
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Беларуси. XI—XVII вв. Мн., 1988.
А.А.Трусаў.
Гродзенская Барысаглебская царква. З акварэлі Н.Орды. 19 ст.Гродзенская Барысаглебская царква. Бакавы фасад. Рэканструкцыя П.П.Пакрышкіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
спуск на лыжах па спец. абсталяваных на горных схілах трасах з дакладным фіксаваннем часу спуску. Уключае спаборніцтвы па слаламе, слаламе-гіганце, скарасным спуску, а таксама двухбор’е (слалам і скарасны спуск) і трохбор’е (усе дысцыпліны). Слалам — спуск па трасе даўж. 450—500 м, з перападам вышынь паміж стартам і фінішам 60—150 м. Траса размечана варотамі (шыр. 3,5—4 м, адлегласць паміж імі ад 0,7 да 15 м), праз якія павінны праехаць спартсмены. За пропуск варот ці перасячэнне іх адной лыжай слаламіст падлягае дыскваліфікацыі. Скорасць на трасе да 40 км/гадз. Пераможца вызначаецца па суме часу 2 спроб на розных трасах. У слаламе-гіганце даўж. трасы 800—2000 м, перапад вышынь 200—500 м, шыр. варот да 8 м, адлегласць паміж імі 15—20 м. Скорасць праходжання трасы да 65 км/гадз. У мужчын пераможца вызначаецца па суме часу ў 2 спробах на 2 розных трасах, у жанчын 1 спроба. Скарасны спуск па трасе даўж. 2000—4000 м з перападам вышынь 500—1000 м. Шлях лыжніка вызначаецца рэльефам і размешчанымі на трасе варотамі. Скорасць 100 і болей км/гадз.
Першыя правілы гарналыжнага спорту распрацаваны ў 1922 англічанінам А.Лунам. Першыя спаборніцтвы (скарасны спуск) адбыліся ў 1923 у Швейцарыі. З 1930 праводзяцца чэмпіянаты свету па гарналыжным спорце, з 1936 ён у праграме Алімпійскіх гульняў. З 1966 штогод разыгрываецца Кубак свету. Найб. пашыраны гарналыжны спорт у Аўстрыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, ФРГ, Швецыі, Нарвегіі, ЗША, Канадзе і інш. Сярод вядомых майстроў — трохразовыя алімпійскія чэмпіёны Т.Зайлер (Аўстрыя), Ж.К.Кілі (Францыя), уладальнікі Кубка свету І.Стэнмарк (Швецыя), А.Томба (Італія) і інш. З развіццём сусв. індустрыі турызму вельмі папулярным, у т. л. на Беларусі, стаў аматарскі гарналыжны спорт. На Беларусі першыя спаборніцтвы па слаламе праведзены ў 1939, цэнтр падрыхтоўкі бел. гарналыжнікаў — спорткомплекс Раўбічы. Як асобную гарналыжную дысцыпліну вылучаюць фрыстайл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАГРА́ФІЯ (ад металы + ...графія),
раздзел металазнаўства, які вывучае структуру металаў і сплаваў з дапамогай аптычнай і электроннай мікраскапіі, дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Даследуе заканамернасці ўтварэння структуры, яе змен пад уплывам знешніх уздзеянняў.
Вывучэнне паверхні металу няўзброеным вокам, праз лупу або мікраскоп з павелічэннем да 10 разоў дазваляе выявіць макраструктуру (крышталічную, хім. або мех. неаднастайнасць у выглядзе буйных зярнят, дэфектаў і дамешкаў). Даследаванне паліраванай і траўленай паверхні пры дапамозе мікраскопа з павелічэннем у 50—1500 разоў дазваляе выявіць мікраструктуру (памеры і формы зярнят, размеркаванне структурных фаз, уключэнняў і дэфармацый). Металаграфскае траўленне (уздзеянне кіслотным і інш. актыўным рэагентам) дае магчымасць устанавіць унутр, структурную будову сплаву. З дапамогай трансмісійнага мікраскопа вядуць электронна-мікраскапічнае даследаванне (выяўляюць фрагменты структуры памерам у некалькі нанаметраў, назіраюць скопішчы дыслакацый і скажэнняў крышт. рашоткі); электроннага сканіруючага мікраскопа — атрымліваюць відарысы дэфектаў структуры з вял. глыбінёй рэзкасці пры павелічэнні да 20 тыс. разоў (вывучаюць паверхні разбурэння, аб’ёмныя ўключэнні і інш.); рэнтгенаўскага дыфрактометра — атрымліваюць інфармацыю аб крышталеграфічных параметрах асобных фаз, унутр. напружаннях, раствораных у металах атамах. Адначасова з металаграфскімі даследаваннямі будовы металаў і сплаваў вывучаюць умовы, што выклікаюць змену іх унутр. структуры (уздзеянне награвання і ахаладжэння, пластычнай дэфармацыі, адпачыну, рэкрышталізацыі, спякання, насычэння хім. элементамі і інш.), а таксама даследуюць фіз. (мех.) уласцівасці. Даныя выкарыстоўваюць для вывучэння працэсаў атрымання метал. матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі. М. выкарыстоўваецца як адзін з метадаў кантролю якасці пры ліцці, тэрмаапрацоўцы, апрацоўцы ціскам, зварцы і інш. Першыя даследаванні структуры з выкарыстаннем аптычнага мікраскопа праведзены ў 1931 П.А.Аносавым.
На Беларусі М. выкарыстоўваюць пры распрацоўцы новых матэрыялаў у Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі, Бел. навукова-вытв. канцэрне парашковай металургіі, БПА, у металургічнай і металаапрацоўчай прам-сці.
Літ.:
Смолмен Р., Ашби К. Современная металлография: Пер. с англ.М., 1970;
Лившиц Б.Г. Металлография. 3 изд. М., 1990;
Приборы и методы физического металловедения: Пер. с англ.Вып. 1—2. М., 1973—74.