ГІСТОРЫЯ.

Са старажытных часоў з мэтай фізічнай загартоўкі моладзі, падрыхтоўкі да працоўнай і ваеннай дзейнасці бел. народ выкарыстоўваў розныя практыкаванні і гульні, якія адлюстроўвалі пэўныя віды яго дзейнасці і дапаўнялі самабытную нацыянальную культуру. Паступова фіз. практыкаванні і гульні складваліся ў своеасаблівую сістэму — ігрышчы.

Шырока вядомы купальскія і калядныя святкаванні-ігрышчы, скокі праз вогнішча, карагоды, бег навыперадкі, барацьба, кулачныя баі, баі на палках, скачкі, плаванне і інш. Стагоддзямі ўдасканальваліся спосабы барацьбы: у абхват, да крыжа, на крыжы. Вядомы бел. нар. гульні азярод (перакідванне дугі праз збудаванне для прасушвання сена), апука, бабкі, була, гуські, гула (кіданне прадмета ў бок праціўніка), пікар, свінка, чыжык, ямкі (точкі), штандар, клянні, пацяг (перацягванне), зубар і інш. Зімой моладзь каталася на касцяных і драўляных каньках, наладжвала калаўроты. Пасля ўваходжання Беларусі ў склад Расіі сталі папулярнымі і гульні іншых народаў Расіі, у т. л. гарадкі, лапта, чахарда і інш., пашыраліся віды бытавых, вытворчых і спартыўных гульняў. У пратаколах Усерасійскіх спаборніцтваў упамінаюцца імёны найб. вядомых спартсменаў Беларусі, сярод якіх у 1890-я г. шырокую вядомасць набыў велагоншчык М.​Ф.​Дзявочка — пераможца гонак паміж Масквой і Ніжнім Ноўгарадам, С.-Пецярбургам і Масквой; віцэ-чэмпіён Расіі па гіравым спорце, арганізатар спартыўных т-ваў «Сокал» у Гродне і Віцебску (1908—10) І.​Л.​Саланевіч. У 1913 атлет і барэц Я.​А.​Чахаўской атрымаў міжнародны прыз (ганаровы залаты пояс) за рэкордны нумар — перанос на адной руцэ 6 чал. (больш за 400 кг). У 1914 мінскі атлет У.​С.​Сакалдзінскі ўстанавіў усерасійскі рэкорд у жыме штангі для атлетаў лёгкай вагі (214 фунтаў — 85,6 кг).

У 1909—10 пад уплывам прагрэсіўнай грамадскасці на Беларусі створаны арг-цыі спартыўнага т-ва «Сокал» (назва ад чэшскай «сокальнай» гімнастыкі, што ўзнікла ў 1860-я г. і была больш цікавай і змястоўнай, чым раней вядомыя нямецкая і шведская). Аддзяленні «Сокала» існавалі пры гімназіях у Магілёве, Мінску, Гродне, Віцебску, Оршы і інш. У іх праводзілі гульні, заняткі па гімнастыцы, развучвалі пабудовы пірамід, арганізоўвалі паказальныя гімнастычныя святы. У 1911—12 створаны т-вы садзейнічання фізічнаму развіццю ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Гродне, аддзяленні яўрэйскага спартыўнага т-ва «Макабі» ў Мінску, Бабруйску, Магілёве, Слуцку і інш. гарадах. У 1911 у Магілёве адбыўся першы розыгрыш Кубка горада па футболе; у ім удзельнічалі каманды гімназіі, камерцыйнага і рэальнага вучылішчаў. У 1913 у Мінску заснавана аддзяленне спартыўнага т-ва «Санітас» («Здароўе»), у якім займаліся пераважна барацьбой і цяжкай атлетыкай. Ініцыятарам стварэння т-ва быў служачы банкаўскай канторы А.​У.​Александровіч, які на II Усерасійскай алімпіядзе (1914, Рыга) заваяваў залаты медаль па гіравым спорце ў паўцяжкай вазе. У Мінску праведзены першы чэмпіянат т-ва па падыманні цяжару і барацьбе; у Гомелі — спаборніцтвы па скачках у вышыню, кіданні дыска і кап’я, бегу на 800, 1000 і 1500 м. Аднак арганізаваны спартыўны рух на Беларусі да абвяшчэння БССР (студзень 1919) быў развіты даволі слаба.

І.​К.​Анісава.

т. 18, кн. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЕ́ЦТВА,

сацыяльны пласт, які займаўся прадпрымальніцтвам пераважна ў галіне гандлю. Атрымлівала прыбытак за кошт перапродажу па больш высокай цане тавараў, што былі куплены ў іх вытворцаў (уладальнікаў). Вядома з глыбокай старажытнасці, у т. л. ў Карфагене, Стараж. Грэцыі, Рыме, эліністычных дзяржавах. У раннім сярэдневякоўі К. найб. інтэнсіўна развівалася ў араб. краінах, Індыі, Кітаі; быў пашыраны тып вандроўнага купца. У сувязі з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і ростам гарадоў у 11—12 ст. пашырылася ў Зах. Еўропе, асабліва ў Венецыі, Генуі, гарадах Ганзы Напачатку К. дзейнічала пераважна ў сферы знешняга, а з 16 ст. і ўнутр. гандлю. Для абароны сваіх інтарэсаў сярэдневяковае К. аб’ядноўвалася ў асобныя карпарацыі — гільдыі, сотні і інш., уваходзіла ў склад гар. патрыцыяту. Разам з гандлем К. займалася ліхвярствам і водкупам. Пасля Вялікіх геагр. адкрыццяў яго гандл. дзейнасць пашырылася на краіны Амерыкі, Азіі, Афрыкі; ствараліся вял. гандл. кампаніі, што імкнуліся ўстанавіць гандл. манаполію і нават ваенна-паліт. панаванне ў цэлых краінах і раёнах свету: брыт. (1600—1858) і нідэрл. (1602—1798) Ост-Індскія, Рас.-Амерыканская (1799—1868). У 16—18 ст. К. спалучала гандл. і крэдытна-пазыковыя аперацыі з прадпрымальніцтвам у прам-сці. У развітым капіталіст. (рыначным) грамадстве купецкі (гандлёвы) капітал паступова страціў самаст. ролю і ператварыўся ў адасобленую частку прамысл. капіталу, а К. стала часткай прадпрымальнікаў. Купцы традыц. тыпу, што вядуць самаст. гандаль, захаваліся пераважна ў рознічным гандлі, аднак самі тэрміны «К.» і «купец» цяпер у бел. мове амаль не ўжываюцца.

Ва ўсх. славян К. пачало фарміравацца ў 9—10 ст. пераважна з княжацкіх дружыннікаў, якія ўдзельнічалі ў зборы даніны і яе збыце на знешніх рынках. Плаванне купецкіх караванаў са стараж.-рус. цэнтраў, у т. л. Полацка, у Візантыю апісана ў творы Канстанціна VII Багранароднага «Аб кіраванні імперыяй» (сярэдзіна 10 ст.). Гандаль Кіеўскай Русі з Візантыяй рэгуляваўся дагаворамі 911, 944, 971. Фарміраванню К. значна спрыялі міжнар. гандлёвыя камунікацыі: шлях «з варагаў у грэкі», заходнядзвінскі, дняпроўска-бугскі шляхі. З 11 ст. К. папаўнялася з гар. і сельскіх рамеснікаў. Гандлем займаліся таксама манахі, вольныя сяляне, пазней і залежныя ад феадалаў людзі і нават халопы, якія выконвалі даручэнні сваіх уладальнікаў. З бел. гарадоў у пісьмовых крыніцах 12—14 ст. найлепш асветлена дзейнасць К. Полацка і Віцебска. Паводле дагавора 1229 і інш. дагавораў полацкіх князёў К. Полацка і Віцебска магло свабодна гандляваць у Рызе, Любеку, на Готландзе. Дзейнасці К. спрыяла ўвядзенне з канца 14 ст. ў бел. гарадах магдэбургскага права. К. адыгрывала вядучую ролю ў сац. жыцці гарадоў, яго прадстаўнікі ўваходзілі ў органы гар. самакіравання. У 16—17 ст. бел. К. падтрымлівала гандл. сувязі з Рыгай, Краляўцом (Кёнігсбергам), Канстанцінопалем, гарадамі Польшчы, Расіі, Украіны, Венгрыі і інш. На Захад бел. купцы вывозілі пераважна вял. партыі футра, воску, сырых і вырабленых скур, пянькі, хмелю; прывозілі дарагую тканіну, метал. і шкляныя вырабы, паперу, галантарэю, спецыі. Пашыраным заняткам было і ліхвярства. Пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. гандл. дзейнасць купцоў Беларусі заняпала. У Расіі К. як гандл.-прамысл. гар. саслоўе аформлена ў 1775 і 1785. У адпаведнасці з Даравальнай граматай гарадам 1785 К. падзялялася на 3 гільдыі. Большасць бел. купцоў была аднесена да самых бедных — у 3-ю гільдыю. Купцы карысталіся асабістымі і гасп. прывілеямі (асабліва 1-я і 2-я гільдыі), плацілі падаткі ў казну, да 1898 карысталіся пераважным правам на заняткі прадпрымальніцтвам. У 1863 скасавана 3-я гільдыя і доступ у К. стаў адкрытым прадстаўнікам інш. саслоўяў. У 1840 у Беларусі гільдзейскіх купцоў было 1078 чал., у 1860—1650 чал., у 1897—18 282 чал. (у Рас. імперыі — 225,6 тыс. чал.). Як саслоўе К. скасавана 23.11.1917.

Літ.:

Преображенский А.А., Перхавко В.Б. Купечество Руси, IX—XVII вв. Екатеринбург, 1997;

Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1975;

Швед В.В. Торговля в Беларуси в период кризиса феодализма (1830—1850-е гг.). Гродно, 1995;

Торговля, промышленность и город в России XVII — начала XIX в.: Сб. ст. М., 1987.

т. 9, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

1) агульнаэлінскія святкаванні і спарт. спаборніцтвы ў Стараж. Грэцыі. Адбываліся раз у 4 гады ў Алімпіі ў гонар бога Зеўса. Звестак пра першыя Алімпійскія гульні не захавалася, іх адлік вядзецца ад 776 да н.э., калі былі ўведзены запіс пераможцаў і нумарацыя Алімпіяд. Складаліся з культавых абрадаў і спарт. спаборніцтваў. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх грэч. дзяржаў. На час Алімпійскіх гульняў абвяшчаўся абавязковы для ўсіх грэкаў «свяшчэнны мір» і не вяліся ваен. дзеянні. Да спаборніцтваў дапускаліся толькі вольнанароджаныя грэкі (пазней і рымляне) і толькі мужчыны. Кіравалі гульнямі эланодыкі (суддзі). Спаборніцтвы праводзіліся спачатку па бегу на 1 стадый (дыстанцыя, роўная даўжыні стадыёна — 197,27 м), затым на 2 і больш стадыі; з 708 да н.э. — таксама па барацьбе, пенталоне (пяцібор’е — бег, кіданне дыска і кап’я, скачкі ў даўжыню, барацьба), кулачным баі, гонках на калясніцах і інш. Пераможцаў Алімпійскіх гульняў (алімпіёнікаў) узнагароджвалі аліўкавым вянком, іх ушаноўвалі як нац. герояў на радзіме і па ўсёй Грэцыі (атрымлівалі сац. і паліт. прывілеі), часам абагаўлялі, у іх гонар ставілі статуі, чаканілі манеты. Алімпійскія гульні праводзіліся і пасля падпарадкавання грэч. зямель Рыму. Пасля ўсталявання хрысціянства Алімпійскія гульні як праява паганства забаронены ў 394 н.э. рым. імператарам Феадосіем I.

2) Буйнейшыя міжнар. комплексныя спарт. спаборніцтвы сучаснасці. Праводзяцца з 1896 кожны высакосны год летам паводле правілаў і палажэнняў, вызначаных Алімпійскай хартыяй. Праграмныя і арганізац. асновы Алімпійскіх гульняў, як і ўсяго алімпійскага руху, закладзены П. дэ Кубертэнам. Па яго ініцыятыве Парыжскі міжнар. спарт. кангрэс (1894) прыняў рашэнне пра аднаўленне Алімпійскіх гульняў. Арганізуе і праводзіць гульні алімпійскі горад і нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) краіны, у якой горад знаходзіцца, пад кіраўніцтвам і кантролем Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Парадкавы нумар Алімпійскіх гульняў захоўваецца незалежна ад таго, праводзіліся яны ці не (гл. табл.). Праграма Алімпійскіх гульняў уключае не менш як 15 алімпійскіх відаў спорту (абавязкова — лёгкая атлетыка, гімнастыка, плаванне, цяжкая атлетыка, барацьба, бокс, фехтаванне, веславанне, веласпорт, футбол, баскетбол). Арганізатары гульняў могуць уключаць і паказальныя выступленні па 1—2 відах спорту, не прызнаных МАК. На час Алімпійскіх гульняў удзельнікі размяшчаюцца ў алімпійскай вёсцы.Пачынаючы з 1924 праводзяцца і зімовыя Алімпійскія гульні, якія маюць уласную нумарацыю і адбываліся да 1994 у адзін год з летнімі. Апрача агульнай алімпійскай сімволікі Алімпійскія гульні маюць і ўласную (эмблемы, талісманы і г.д.).

Сярод традыц. рытуалаў Алімпійскіх гульняў — запальванне алімпійскага агню ў час адкрыцця гульняў (агонь, запалены ў стараж. Алімпіі ад сонечных промняў, эстафетай спартсменаў дастаўляецца ў алімпійскі горад), алімпійская клятва, якую ад імя ўсіх удзельнікаў прамаўляе адзін з лепшых спартсменаў краіны правядзення Алімпійскіх гульняў, клятва суддзяў, узнагароджанне пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў алімпійскімі медалямі, узняцце дзярж. сцяга і выкананне нац. гімна ў гонар пераможцы. З 1908 на Алімпійскіх гульнях пашыраны т.зв. неафіц. агульнакамандны залік — вызначэнне месца нац. камандаў на колькасці медалёў і заліковых ачкоў. Алімпійскім гульням спадарожнічае пэўная культ. праграма, выпускаюцца алімпійскія сувеніры, манеты, значкі, маркі і інш. атрыбутыка.

Бел. спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх г. з 1952 у складзе зборнай каманды СССР, аб’яднанай каманды СНД (1992), з 1994 (зімовыя Алімпійскія гульні ў Лілехамеры) — самастойнай нац. камандай. Імі заваявана (у т. л. і на зімовых Алімпійскіх гульнях) 81 залаты, 39 сярэбраных і 36 бронзавых медалёў. Шматразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі былі гімнасты С.Багінская, В.Корбут, В.Шчэрба (6 залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях у Барселоне), фехтавальшчыкі А.Бялова, Т.Самусенка і В.Сідзяк, барэц А.Мядзведзь, вясляр У.Парфяновіч і інш.

Літ.:

Олимпийская энциклопедия. М., 1980.

Г.​К.​Кісялёў.

Алімпійскія гульні
Алімпіяды Год правядзення Месца правядзення Прадстаўленыя нац. алімпійскія к-ты
I 1896 Афіны 13
II 1900 Парыж 21
III 1904 Сент-Луіс 12
IV 1908 Лондан 22
V 1912 Стакгольм 28
VI 1916 Берлін*
VII 1920 Антверпен 29
VIII 1924 Парыж 44
IX 1928 Амстэрдам 46
X 1932 Лос-Анджэлес 38
XI 1936 Берлін 49
XII 1940 Токіо, пасля адмовы — Хельсінкі*
XIII 1944 Лондан*
XIV 1948 Лондан 58
XV 1952 Хельсінкі 69
XVI 1956 Мельбурн 67
XVII 1960 Рым 84
XVIII 1964 Токіо 94
XIX 1968 Мехіко 113
XX 1972 Мюнхен 122
XXI 1976 Манрэаль 88
XXII 1980 Масква** 81
XXIII 1984 Лос-Анджэлес 140
XXIV 1988 Сеул 160
XXV 1992 Барселона 172
XXVI 1996 Атланта

* Гульні не праводзіліся ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.
** Адзін з групавых турніраў Алімпіяды па футболе праводзіўся ў Мінску.

Да арт. Алімпійскія гульні: эмблема Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996); запальванне алімпійскага агню ў Лілехамеры (1994; уверсе); вокладка часопіса «World of Gymnastics» з выявамі чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў у Барселоне; дэлегацыя Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры, 1994.
Да арт. Алімпійскія гульні. Алімпійскі агонь на вуліцах Мінска. 1980.
Да арт. Алімпійскія гульні. Старт фінальнага забегу на 100 м на гульнях 1-й Алімпіяды (1896).
Да арт. Алімпійскія гульні. Спаборніцтва па стральбе з пісталета на гульнях 5-й Алімпіяды (1912).
Да арт. Алімпійскія гульні. Беларуская гімнастка В.​Корбут — уладальніца 3 залатых медалёў на гульнях у Мюнхене (1972).

т. 1, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНІКІ́Я (грэч. Phoinike),

старажытная краіна ў паўн. і цэнтр. частках усх. ўзбярэжжа Міжземнага м. (цяпер тэр. Сірыі і Лівана). Першыя паселішчы фінікійцаў тут вядомы з 5—4-га тыс. да н.э. У канцы 3-га тыс. да н.э. яны ператварыліся ў гарады-дзяржавы Бібл, Тыр, Угарыт, Сідон і інш. Геагр. становішча Ф. спрыяла развіццю гандлю з Месапатаміяй і Егіптам, авалоданню марскімі шляхамі ў Міжземным м. (гл. Фінікійскія падарожжы). У сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. Ф. захапілі егіпцяне. У 14 ст. да н.э. з імі змагаліся за панаванне над Ф. хеты. У канцы 13 — пач. 12 ст. да н.э. гарады Ф. дамагліся паліт. незалежнасці ад Егіпта. У 10 ст. да н.э. цар Тыра Ахірам стварыў на тэр. Ф. аб’яднанае Тыра-Сідонскае царства. У канцы 10 ст. да н.э. Тыр паступова страціў вяршэнства і гарады Ф. зноў сталі самастойнымі. У канцы 2-га — пач. 1-га тыс. да н.э. Ф. каланізавала Зах. і Цэнтр. Міжземнамор’е і заснавала калоніі на Кіпры, Сіцыліі і Сардзініі, Пд Францыі, у Іспаніі, на Пн Афрыкі (Карфаген, Утыка). У 8 ст. да н.э. Ф. захапілі асірыйцы, аднак гарады захавалі ўнутр. аўтаномію. Пасля краху Асірыі (605 да н.э.) за кантроль над Ф. змагаліся Новававілонскае царства і Егіпет. У 539—332 да н.э. Ф. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы, флот Ф. ўдзельнічаў у грэка-персідскіх войнах (5 ст. да н.э.) на баку персаў. У 332 да н.э. Ф. заваявана Аляксандрам Македонскім. Элінізацыя Ф. спрыяла гандл. і эканам. ўплыву яе гарадоў ва ўсім Міжземнамор’і. З 63 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Сірыя.

Літаратура. У 1930-я г. ў Паўн. Ф. ва Угарыце знойдзены клінапісныя тэксты сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., якія адлюстроўвалі найстараж. пласт прыгожага пісьменства Ханаана і звязаны з міфалагічна-рэліг. і фалькл. традыцыямі. Найб. поўна захаваўся міфалагічны цыкл пра барацьбу вярх. бога Балу (Баала) Магутнага з богам смерці Муту (Мотам), у т. л. паэма «Барацьба Баала Магутнага з Мотам» (пісьмовая фіксацыя каля 14 ст. да н.э.), якая мела сакральны змест: смерць і ўваскрэсенне Баала сімвалізавалі прыродны цыкл. Сярод узораў гераічнага эпасу — эпас пра Карату (Керэта), фрагменты эпасу пра саперніцтва волата-паляўнічага Акхата з багіняй Анат. Захаваліся надмагільныя і буд. надпісы, гіст. тэксты канца 2—1-га тыс. да н.э. Паэт. характар мае надпіс на саркафагу цара Ахірама з г. Бібл (каля 1300 да н.э.) з праклёнам таму, хто парушыць спакой грабніцы; надпіс з Каратэпэ (каля 720 да н.э.) пра справы і перамогі цара Азітавада. З 4 ст. да н.э. пачалася элінізацыя культуры і л-ры Ф., але і сама яна паўплывала на грэч. культуру. Спроба сінтэзу дзвюх культур, уключэння фінікійскай міфалогіі ў агульнаэлінскую сістэму ў кнізе Філона Біблскага (2—1 ст. да н.э., дайшла ў фрагментах), які абапіраўся на стараж. сістэматызацыю міфаў Санхунйатона (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.). Своеасаблівая галіна л-ры Ф. развівалася ў 1-м тыс. да н.э. ў Карфагене. Яе гал. жанр — «перыпл» («плаванне») — авантурная аповесць пра марскія падарожжы: «Перыпл» Гімількона (вядомы ў пераказе рым. географа Авіена), «Перыпл» Ганона (захаваўся ў грэч. перакладзе). Развівалася таксама гіст. проза, на якую абапіраліся рым. гісторыкі Юсцін у скарочаным варыянце «Філіпавых гісторый» Пампея Трога і Салюстый у «Югурцінскай вайне». Паступова л-ра Ф. ўсё больш злівалася з элінскай.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва Ф. засвоіла і плённа перапрацавала элементы стараж.-егіп., месапатамскіх (акадскіх), крыта-мікенскіх, хета-хурыцкіх традыцый. Для ранніх пабудоў фінікійцаў, як і хетаў, характэрна муроўка з каменных абчасаных блокаў на падмурку з дробнага каменю і шчэбеню. Найб. стараж. іх збудаванні — сакральныя абеліскі з неапрацаваных маналітаў пад адкрытым небам (Храм абеліскаў у Бібле, пач. 2-га тыс. да н.э.). У 1-м тыс. да н.э. ўзводзілі прамавугольныя ў плане храмы тыпу «біт-хілані» з 2 калонамі пры ўваходзе (Храм Саламона ў Іерусаліме). Для аздаблення інтэр’ераў (расл. арнамент, гірлянды з кветак і пладоў) выкарыстоўвалі бронзу і кедр. У калоніях Ф. ў Зах. Міжземнамор’і з канца 1-га тыс. да н.э. пераважалі збудаванні эліністычнага тыпу. Пахавальныя пабудовы ўяўлялі сабой падземныя скляпы з нахіленым калідорам-дромасам. Узводзілі таксама т.зв. мегазілы (круглая база са скульпт. выявай ільвоў з 2 цыліндрамі над ёй). Гарады (звычайна размешчаныя на паўастравах) мелі зубчастыя крапасныя сцены з вежамі, шматпавярховыя дамы, храмавыя і гасп. пабудовы, часам некалькі гаваней (Карфаген). Шырокую вядомасць мела дэкар.-прыкладное мастацтва: пурпурныя ваўняныя тканіны, пасудзіны і ўпрыгожанні са шкла (паўпразрыстыя, з накладнымі паліхромнымі геам., расл. і зааморфнымі ўзорамі, фігуркамі жывёл), майстры з Сідона асвоілі выдзіманне празрыстага шкла. Майстэрствам вызначаліся ювелірныя вырабы і медная пластыка (крыху схематызаваныя статуэткі багоў з медзі і бронзы, арнаментаваныя кінжалы, разныя вырабы са слановай косці, залатыя чашы і інш. посуд). Керамічныя вырабы спалучалі мясц. традыцыі і ўплыў крыта-мікенскага мастацтва (вытанчаныя грушападобныя пасудзіны са звужаным дном і 2 ручкамі, пакрытыя манахромнай і паліхромнай размалёўкай). З манум. пластыкі Ф. вядомы каменны саркафаг цара Ахірама (канец 11 — пач. 10 ст. да н.э.). Мастацтву зах. калоній Ф. ў 1-м тыс. да н.э. ўласцівы т. зв. грэка-пунічны стыль — спалучэнне мясц. і элінскіх традыцый (масіўныя фігуры багоў, маскі з тэракоты; шэдэўр — скульпт. галава жанчыны, т.зв. Дама з Эльчэ, канец 5 ці 4 ст. да н.э.).

Літ.:

Циркин Ю.Б. Финикийская культура в Испании. М., 1976;

Яго ж. От Ханаана до Карфагена. М., 2001;

Шифман И.Ш. Угаритское общество (XIV—XIII вв. до н.э.). М., 1982;

Финикийская мифология. СПб., 1999.

Да арт. Фінікія. Блюда з сюжэтнай выявай.

А.​Г.​Зельскі (гісторыя), Г.​В.​Сініла (літаратура, архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

т. 16, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТСМЕНЫ БЕЛАРУСІ НА АЛІМПІЙСКІХ ГУЛЬНЯХ

Спартсмены Беларусі ўпершыню прынялі ўдзел у Алімпійскіх гульнях у 1952 (XV Алімпіяда, г. Хельсінкі) у складзе зборнай каманды СССР (4 лёгкаатлеты і 2 фехтавальшчыкі). Лепшым дасягненнем бел. атлетаў было 4-е месца А.​Юліна ў бегу на 400 м з бар’ерамі.

На XVI Алімпійскіх гульнях (1956, г. Мельбурн, Аўстралія) удзельнічала 8 бел. спартсменаў. Першы алімпійскі сярэбраны медаль сярод бел. спартсменаў заваяваў М.​Крываносаў (кіданне молата).

На XVII Алімпійскіх гульнях (1960, Рым) выступалі 10 бел. спартсменаў. Залатыя медалі заваявалі: па веславанні на каноэ-двойцы Л.​Гейштар і С.​Макаранка, барэц А.​Караваеў, фехтавальшчыца на рапірах (камандны залік) Т.​Пятрэнка (Самусенка). Сярэбраныя медалі атрымалі У.​Гараеў (трайны скачок) і М.​Мілігула (спарт. гімнастыка, камандны залік); бронзавыя медалі — фехтавальшчыкі на шпагах А.​Паўлоўскі і А.​Чарнушэвіч (камандны залік).

На XVIII Алімпійскіх гульнях (1964, Токіо) удзельнічала 10 спартсменаў з Беларусі. Чэмпіёнамі сталі А.​Валчэцкая (спарт. гімнастыка, камандны залік), Р.​Клім (кіданне молата) і А.​Мядзведзь (вольная барацьба). Сярэбраны медаль заваявала Т.​Самусенка (камандны залік).

На XIX Алімпійскіх гульнях (1968, Мехіка) выступілі 15 бел. спартсменаў. Свой другі залаты медаль атрымаў А.​Мядзведзь (вольная барацьба). Л.​Петрык (спарт. гімнастыка) заваявала залатыя медалі ў вольных практыкаваннях і ў камандным заліку, бронз. медаль — за практыкаванні на гімнастычным бервяне. Два залатыя медалі заваявала А.​Новікава (Бялова) у фехтаванні, у асабістым і камандным заліку. Залаты медаль атрымала фехтавальшчыца Т.​Самусенка (камандны залік). Сярэбраныя медалі заваявалі Р.​Клім (кіданне молата), А.​Ніканчыкаў і Ю.​Смалякоў (фехтаванне на шпагах, камандны залік); бронз. медаль — В.​Пархімовіч (стральба з малакалібернай вінтоўкі з 3 становішчаў).

На XX Алімпійскіх гульнях (1972, г. Мюнхен, Германія) удзельнічалі 22 бел. спартсмены. Трэці залаты алімпійскі медаль заваяваў А.​Мядзведзь (вольная барацьба), 3 залатыя медалі — В.​Корбут (спарт. гімнастыка; практыкаванне на бервяне, вольныя практыкаванні і камандны залік); яна ж атрымала і сярэбраны медаль за выкананне практыкаванняў на брусах. Т.​Лазаковіч (спарт. гімнастыка) заваявала залаты медаль у камандным заліку, сярэбраны — за практыкаванні на бервяне і 2 бронз. — у асабістым мнагабор’і і вольных практыкаваннях. Гімнастка А.​Кошаль атрымала залаты медаль у камандным заліку. Залатыя ўзнагароды ў камандным заліку заваявалі фехтавальшчыцы на рапірах А.​Бялова і Т.​Самусенка; шабліст В.​Сідзяк — залаты медаль у асабістым заліку і сярэбраны ў камандным. Залатога медаля ўдастоены Н.​Гарбачоў (веславанне на байдарцы-двойцы). У складзе зборнай каманды СССР залаты медаль атрымаў баскетбаліст І.​Ядзешка. Сярэбраныя ўзнагароды ў камандным заліку атрымалі гімнасты А.​Малееў і У.​Шчукін. Лёгкаатлет У.​Лавецкі заваяваў сярэбраны медаль у эстафеце 4x100 м.

На XXI Алімпійскіх гульнях (1976, г. Манрэаль, Канада) выступаў 21 бел. спартсмен. В.​Корбут заваявала залаты медаль у камандным заліку і сярэбраны — у практыкаваннях на бервяне. У веславанні на байдарцы-двойцы У.​Раманоўскі заваяваў залаты і сярэбраны медалі на дыстанцыях адпаведна 1000 і 500 м. Залатых узнагарод удастоены велагоншчык У.​Камінскі (шашэйная гонка на 100 км), цяжкаатлет В.​Шарый (з алімпійскім рэкордам), А.​Газаў (стральба па мішэні «бягучы кабан» (з алімпійскім рэкордам). Фехтавальшчыца А.​Бялова заваявала залаты медаль у камандным і бронзавы ў асабістым заліку сярод рапірыстак; шабліст В.​Сідзяк — залаты медаль у камандным і бронзавы ў асабістым заліку; рапірыст А.​Раманькоў — сярэбраны медаль у асабістым заліку. Сярэбраныя медалі заваявалі А.​Кедзяраў (стральба па мішэні «бягучы кабан») і С.​Каплякоў (плаванне, эстафета 4×200 м). У скачках у ваду бронз. медалі атрымалі У.​Алейнік (вышка) і А.​Касянкоў (трамплін). Лёгкаатлет Я.​Гаўрыленка заваяваў бронз. медаль у бегу на 400 м з бар’ерамі.

На XXII Алімпійскіх гульнях (1980, Масква) прымалі ўдзел 38 бел. спартсменаў. Залатыя медалі заваявалі фехтавальшчыкі-шаблісты В.​Сідзяк і М.​Алёхін (камандны залік), сярэбраныя — рапірысты У.​Лапіцкі і А.​Раманькоў, А.​Бялова і І.​Ушакова (камандны залік), а Раманькоў атрымаў і бронз. медаль у асабістым заліку. 3 залатыя медалі заваяваў У.​Парфяновіч (веславанне на байдарках — у адзіночцы на дыстанцыі 1000 м, у двойцы — на дыстанцыях 500 і 1000 м), А.​Мельнікава — бронз. медаль у веславанні на байдарцы-адзіночцы (500 м). Залатыя медалі заваявалі: гімнастка Н.​Кім (у вольных практыкаваннях і ў камандным заліку). Залатыя медалі заваявалі А.​Логвін (шашэйная камандная велагонка на 100 км), Л.​Тараненка (цяжкая атлетыка з сусветным і алімпійскім рэкордамі), А.​Партноў (скачкі ў ваду з трампліна), А.​Хлопцава (акадэмічнае веславанне, двойка парная), В.​Угрумаў (конны спорт, выездка ў камандным заліку, а таксама бронз. медаль у асабістым заліку), Т.​Івінская (Белашапка) у баскетболе. Сярэбраных медалёў удастоены У.​Алейнік (скачкі ў ваду з вышкі), А.​Газаў (стральба па мішэні «бягучы кабан»), Б.​Ісачэнка (стральба з лука), І.​Каныгін (грэка-рымская барацьба), А.​Каршакевіч (гандбол), П.​Пачынчук (спарт. хадзьба).

На XXIV Алімпійскіх гульнях (1988, Сеул) у складзе зборнай каманды СССР выступілі 49 бел. спартсменаў. У спарт. гімнастыцы С.​Багінская стала залатой медалісткай у апорным скачку і камандным заліку, сярэбранай — у вольных практыкаваннях і бронз. — у асабістым мнагабор’і. Залаты медаль у спарт. гімнастыцы заваявала і С.​Баітава (камандны залік). У веславанні на каноэ-двойцы на дыстанцыях 500 і 1000 м 2 залатыя медалі заваяваў В.​Рэнейскі. Залатымі прызёрамі Алімпіяды сталі: В.​Яноўскі (бокс), К.​Маджыдаў (грэка-рымская барацьба), М.​Лобач (маст. гімнастыка), І.​Шылава (стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, з алімпійскім рэкордам), А.​Курловіч (цяжкая атлетыка, з алімпійскім рэкордам), А.​Раманькоў (фехтаванне на рапірах, камандны залік); ён жа атрымаў і бронз. медаль у асабістым заліку. Т.​Ледаўская атрымала залаты і сярэбраны медалі адпаведна ў эстафеце 4×400 м і ў бегу на 400 м з бар’ерамі. Залатыя медалі заваявалі бел. гандбалісты А.​Каршакевіч, Г.​Свірыдзенка, А.​Тучкін, К.​Шаравараў, Ю.​Шаўцоў у складзе зборнай каманды СССР па гандболе. Лёгкаатлет І.​Лапшын заваяваў сярэбраны медаль у трайным скачку. Бронз. медалі атрымалі: І.​Басінскі (стральба з малакалібернага пісталета), В.​Якуша (акадэмічнае веславанне, двойка парная), баскетбалісткі І.​Сумнікава і Г.​Савіцкая ў складзе зборнай каманды СССР.

На XXV Алімпійскіх гульнях (1992, г. Барселона, Іспанія) у складзе аб’яднанай каманды СНД удзельнічалі 55 бел. спартсменаў 6 залатых медалёў заваяваў гімнаст В.​Шчэрба (у асабістым і камандным заліку, у апорным скачку, практыкаваннях на брусах, кані і кольцах). Залаты медаль у спарт. гімнастыцы заваявала і С.​Багінская (камандны залік). Залатымі прызёрамі сталі: К.​Лукашык (стральба з малакалібернага пісталета), А.​Курловіч (цяжкая атлетыка), А.​Барбашынскі, Андрэй Мінеўскі і М.​Якімовіч (гандбол, у складзе зборнай каманды), І.​Сумнікава і А.​Швайбовіч (баскетбол), Д.​Даўгалёнак і А.​Масейкаў (веславанне на каноэ-двойцы), А.​Рудкоўская (плаванне на 100 м брасам); яна ж бронз. прызёр у складзе каманды (камбінаваная эстафета 4×100 м). Сярэбранымі ўзнагародамі адзначаны: Л.​Тараненка (цяжкая атлетыка), С.​Смаль (вольная барацьба), І.​Астапковіч (кіданне молата) і Н.​Шыколенка (кіданне кап’я). Бронз. медалі заваявалі: В.​Аруджаў (вольная барацьба), С.​Дземяшкевіч (грэка-рымская барацьба), К.​Хадатовіч і А.​Хлопцава (акадэмічнае веславанне, чацвёрка парная), Н.​Зверава (тэніс).

На XXVI Алімпійскіх гульнях (1996, г. Атланта, ЗША) Рэспубліка Беларусь упершыню была прадстаўлена самастойнай нац. камандай. У яе складзе былі 162 спартсмены: 34 лёгкаатлеты, 16 гімнастаў, 11 плыўцоў, 18 па акадэмічным веславанні, па 10 цяжкаатлетаў і стралкоў, па 8 у грэка-рымскай барацьбе і маст. гімнастыцы, па 7 барцоў вольнага стылю і веласіпедыстаў, 6 па парусным спорце, па 5 баксёраў і па скачках у ваду, 4 дзюдаісты, 3 па веславанні на байдарках і каноэ, па 2 у бадмінтоне, стральбе з лука, па 1 па тэнісе, настольным тэнісе, фехтаванні і водным слаламе. Залатыя медалі заваявала К.​Хадатовіч (акадэмічнае веславанне, байдарка-адзіночка). Сярэбраныя медалі заваявалі: Н.​Сазановіч (сямібор’е), А.​Паўлаў і С.​Ліштван (грэка-рымская барацьба), А.​Мядзведзеў (вольная барацьба), І.​Басінскі (стральба з адвольнага пісталета), У.​Дуброўшчык (кіданне дыска). Бронз. ўзнагародамі адзначаны: гімнаст В.​Шчэрба (4 бронз. медалі: асабістае мнагабор’е, апорны скачок, практыкаванні на брусах і перакладзіне), В.​Цыленьць (грэка-рымская барацьба), В.​Капцюх і Э.​Зверава (кіданне дыска), Н.​Волчак, Т.​Давыдзенка, М.​Знак, Н.​Лаўрыненка, А.​Мікуліч, А.​Панькіна, Я.​Паўловіч, В.​Скрабатун і Н.​Стасюк — (у акадэмічным веславанні, васьмёрка). У неафіцыйным камандным заліку каманда Беларусі заняла 18-е месца сярод 197 краін-удзельніц (200 заліковых ачкоў).

На XXVII Алімпійскіх гульнях (2000, г. Сідней, Аўстралія) у складзе каманды Беларусі 138 спартсменаў: 30 лёгкаатлетаў, па 12 гімнастаў і стралкоў, 10 па акадэмічным веславанні, 9 плыўцоў, 8 па маст. гімнастыцы, па 7 барцоў вольнага і грэка-рымскага стылю, па 5 — у дзюдо, веславанні на байдарках і каноэ, настольным тэнісе, цяжкай атлетыцы, па 4 у парусным спорце, тэнісе і фехтаванні, па 2 у скачках у ваду, на батуце, сінхронным плаванні, сучасным пяцібор’і і стральбе з лука, 1 баксёр. Залатыя медалі заваявалі: К.​Хадатовіч (Карстэн) у акадэмічным веславанні на байдарцы-адзіночцы, Я.​Карольчык (штурханне ядра), Э.​Зверава (кіданне дыска). Сярэбранымі медалямі адзначаны: Ю.​Раскіна (маст. гімнастыка, асабісты залік), Т.​Ананька, Т.​Бялан, А.​Глазкова, І.​Ільянкова, М.​Лазук, В.​Пужэвіч (маст. гімнастыка, камандны залік), І.​Басінскі (кулявая стральба. адвольны пісталет); ён жа атрымаў і бронз. медаль у стральбе з пнеўматычнага пісталета. Бронз. медалі заваявалі: стралкі С.​Мартынаў (адвольная вінтоўка) і Л.​Яўглеўская (пісталет), цяжкаатлеты Г.​Аляшчук і С.​Лаўрэнаў, дзюдаіст А.​Ларукоў, у грэка-рымскай барацьбе Дз.​Дзябелка, лёгкаатлеты І.​Астапковіч (кіданне молата), І.​Ятчанка (кіданне дыска), Н.​Сазановіч (сямібор’е), у сучасным пяцібор’і П.​Доўгаль. У неафіцыйным камандным заліку каманда Беларусі заняла 16-е месца сярод 199 краін-удзельніц (225 заліковых ачкоў).

На XXVIII Алімпійскіх гульнях (2004, Афіны) у камандзе Беларусі 147 спартсменаў па 23 відах спорту: 39 лёгкаатлетаў, 11 па акадэмічным веславанні, па 9 у вольнай барацьбе, плаванні і кулявой стральбе, па 8 у маст. гімнастыцы і цяжкай атлетыцы, 7 па дзюдо, па 6 у боксе, веласпорце, веславанні на байдарках і каноэ, 5 у настольным тэнісе, 4 у грэка-рымскай барацьбе, па 3 у спарт. гімнастыцы, скачках у ваду, скачках на батуце, сучасным пяцібор’і, па 2 у сінхронным плаванні, стральбе з лука, тэнісе і фехтаванні, па 1 у конным і парусным спорце. Каманда Беларусі заваявала 15 медалёў: 2 залатыя, 6 сярэбраных і 7 бронзавых. Залатымі прызёрамі сталі Ю.​Несцярэнка (бег на 100 м) і І.​Макараў (дзюдо). Сярэбраныя медалі заваявалі К.​Карстэн (акадэмічнае веславанне, байдарка-адзіночка), Г.​Бацюшка і А.​Рыбакоў (цяжкая атлетыка), В.​Зуеў і М.​Арыпгаджыеў (бокс), І.​Ціхан (кіданне молата). Бронз. узнагарод удастоены В.​Макаранка (грэка-рымская барацьба), Н.​Цылінская (веласпорт, трэк), Ю.​Бічык і Н.​Гелах (акадэмічнае веславанне, двойка расхінная), І.​Ятчанка (кіданне дыска), С.​Мартынаў (стральба кулявая), Т.​Стукалава (цяжкая атлетыка), Р.​Петрушэнка і В.​Махнеў (веславанне на байдарках і каноэ, байдарка-двойка). У неафіцыйным камандным заліку Беларусь заняла 26-е месца сярод 202 краін-удзельніц, а па колькасці медалёў — 18-е месца.

У зімовых Алімпійскіх гульнях бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1964. На IX зімовых Алімпійскіх гульнях (г. Інсбрук, Аўстрыя) у складзе зборнай каманды СССР выступаў канькабежац Э.​Матусевіч (заняў 6-е месца на дыстанцыі 1500 м). Ён жа быў адзіным прадстаўніком Беларусі і на X зімовых Алімпійскіх гульнях (1968, г. Грэнобль, Францыя), дзе заняў 8-е месца. На XIV зімовых Алімпійскіх гульнях (1984, г.

Сараева, Югаславія) бел. спартсменка Т.​Маркашанская заняла 13-е месца ў лыжнай гонцы на 20 км. Першым з бел. спартсменаў, які атрымаў бронз. медаль на XV зімовых Алімпійскіх гульнях (1988, г. Калгары, Канада), быў канькабежац І.​Жалязоўскі на дыстанцыі 1000 м, 4-м у бегу на 1500 і 6-м на дыстанцыі 500 м.

На XVI зімовых Алімпійскіх гульнях (1992, Альбервіль, Францыя) з Беларусі выступалі 3 біятланісты і 1 канькабежац у складзе зорнай каманды СНД. Залаты медаль заваяваў бел. біятланіст Я.​Рэдзькін у гонцы на 20 км. Сярэбраны медаль у эстафетнай гонцы заваяваў А.​Папоў; ён быў 4-м у гонцы на 20 км. Канькабежац І.​Жалязоўскі заняў 6-е месца на дыстанцыі 1000 м і 8-е ў бегу на 500 м.

На XVII зімовых Алімпійскіх гульнях (1994, г. Лілехамер, Нарвегія) Беларусь упершыню выступала асобнай нац. камандай. У яе складзе былі 32 спартсмены: 10 біятланістаў, 9 лыжнікаў, 5 фігурыстаў, 4 фрыстайлісты, 2 канькабежцы і па 1 у лыжным дваябор’і і скачках на лыжах з трампліна. Сярэбраныя ўзнагароды заваявалі С.​Парамыгіна (біятлон, гонка на 76,5 км; яна ж была 4-й у гонцы на 15 км), І.​Жалязоўскі (скарасны бег на каньках на дыстанцыі 1000 м). У неафіцыйным заліку зборная каманда Беларусі заняла 16-е месца (37 ачкоў).

На XVIII зімовых Алімпійскіх гульнях (1998, г. Нагана, Японія) каманда Рэспублікі Беларусь складалася з 57 спартсменаў: 22 хакеісты, 10 лыжнікаў, 9 біятланістаў, 6 фрыстайлістаў, 4 канькабежцы і па 2 спартсмены ў фігурным катанні, лыжным дваябор’і і скачках на лыжах з трампліна. Бронз. медалі заваявалі: А.​Айдараў (біятлон), гонка на 20 км) і Дз.​Дашчынскі (фрыстайл, акрабатычныя скачкі). У неафіцыйным заліку зборная каманда Беларусі заняла 20-е месца (20,5 ачка).

На XIX зімовых Алімпійскіх гульнях (2002, г. Солт-Лейк-Сіці, ЗША) каманда Беларусі складалася з 62 спартсменаў: 23 хакеісты, 14 лыжнікаў, 10 біятланістаў, 5 фрыстайлістаў, 2 фігурысты і па 1 у шорт-трэку, лыжным дваябор’і і скачках на лыжах з трампліна. Бронз. медаль заваяваў фрыстайліст А.​Грышын (у акрабатычных скачках). Хакейная зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца. У неафіцыйным заліку каманда Беларусі заняла 19-е месца (30 ачкоў).

А.​А.​Сярэдзін.

т. 18, кн. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАРО́ЖЖА ў літаратуры,

1) тып фабулы, які грунтуецца на дакумент.-фактаграфічным аднаўленні або маст. адлюстраванні вандроўніцтва. Звычайна заснавана на паслядоўным паказе з’яў рэчаіснасці, з якой сустракаецца герой-падарожнік і якая выклікае яго ўнутр. рэакцыю. Крытэрыі ацэнкі «чужога» свету задаюцца роднай для вандроўніка культурай або агульначалавечымі каштоўнасцямі. Вядучыя жанравыя формы П. — мемуары, біягр. раман, сустракаюцца і паэт. (Дж.​Байран, Г.​Гейнэ і інш.) і драматург. (Э.​Растан) апісанні П.

2) Маст. прыём пабудовы сюжэта і кампазіцыі з адпаведным прынцыпам арганізацыі і падачы матэрыялу для стварэння эфекту верагоднасці апавядання. Звычайна выкарыстоўваецца пісьменнікамі з мэтай зацікавіць чытача навізной інфармацыі, вастрынёй сюжэтных сітуацый.

3) Від дакументалістыкі, заснаваны на падачы пісьменнікам-апавядальнікам сапраўдных геагр., прыродазнаўчых, этнагр. і сац.-гіст. звестак пра наведанне ім пэўнай зямлі ці краіны (нарысы, дзённікі, дарожныя нататкі, мемуары).

4) Літ. жанр (раман-П., дарожныя нататкі і інш.). Мае 2 асн. тыпы: рэальнае (дакумент.) і ўяўнае (маст.) П. Ўзнікненне П. звязваецца з эпасам першабытных народаў (стараж.-егіп. казка «Апавяданне чалавека, што пацярпеў караблекрушэнне», 20—17 ст. да н.э.; паэма пра Гільгамеша, 19—18 ст. да н.э.; «Рамаяна», 4 ст. да н.э.; «Адысея», 8—7 ст.; біблейская кніга «Зыход» і некат. інш.). У эпоху антычнасці П. апісваліся стараж.-грэч. лагаграфамі, адлюстроўваліся ў творах Герадота, Страбона, Тацыта, Ю.​Цэзара, Вергілія, Авідзія і інш., стараж.-грэч. рамане, у часы сярэднявечча — у лац. паломніцкай л-ры, візант. «дарожніках», гераічным эпасе, рыцарскіх і (пазней) авантурных раманах, некат. жыціях святых, творах натуразнаўчага і гіст. зместу («Александрыя» Псеўда-Калісфена, каля 3 ст.; «Тапаграфія» Казьмы Індзікоплава, 6 ст.; «Сінайскі пацярык» Іаана Мосха, 7 ст. і інш.). П. выкарыстоўвалася і як літ. прыём. На гэтай аснове ўзніклі маст. апавяданні, напісаныя ў форме П. (апокрыф «Блуканне Багародзіцы па пакутах», «Боская камедыя» Дантэ). З 13 ст. пачаў фарміравацца дзённікавы тып апавядання. Асабліва пашырыліся разнастайныя апісанні П. ў эпоху Вял. геагр. адкрыццяў, папулярнасць дарожных нататкаў расла (з сярэдзіны 16 ст. П. перыядычна публікуюцца; у Брытаніі пачала выдавацца шматтомная серыя «Пра геаграфічныя адкрыцці, здзейсненыя англічанамі»), што абумовіла ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж дакумент. апісаннямі і маст. л-рай (плаванне Васка да Гамы паслужыла асновай сюжэта паэмы «Лузіяды» Л.​Камоэнса), пашырэнне звароту ўсёй маст. л-ры і часткова філасофіі да сюжэтна-кампазіцыйных асаблівасцей, зместу і выяўл.-інфармац. магчымасцей л-ры П. (Ф.​Рабле, М.​Сервантэс, філас.-утапічныя творы Т.​Мора, Т.​Кампанелы, С.​Сірано дэ Бержэрака), выкарыстанне прыёмаў маст. апавядання ў дакумент. апісаннях вандровак (Дж.​Кук, Ж.​Лаперуз, В.​Берынг і інш.). У эпоху Асветніцтва склалася своеасаблівая жанравая разнавіднасць П. — раман-П., у якім спалучаны элементы авантурнага, філас., павучальнага, псіхал. раманаў (Д.​Дэфо, Дж.​Свіфт, Т.​Смолет). З 18—19 ст. П. выкарыстоўваецца пераважна як прыём, асн. задача якога — перадача ўяўных уражанняў герояў і меркаванняў аўтара, што дае магчымасць вырашаць у межах л-ры П. публіцыст., філас. і інш. задачы: «Сентыментальнае падарожжа» Л.​Стэрна (1768), «Лісты рускага падарожніка» М.​Карамзіна (1791—95), «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Радзішчава (1780-я г., апубл. 1790), «Італьянскае падарожжа» І.​В.​Гётэ (т. 1—3, 1816—29), «Падарожжа ў Арзрум...» А.​Пушкіна (1836), «Мёртвыя душы» М.​Гогаля (1842, апубл. 1855), «Фрэгат «Палада» І.​Ганчарова (1858), «Запіскі паляўнічага» І.​Тургенева (1847—74), паэма «Каму на Русі жыць добра» А.​Някрасава (1863—77) і інш. Разнастайнымі становяцца формы літ. П. ў канцы 19—20 ст. (творчасць Ж.​Верна, «Аліса ў краіне цудаў» Л.​Кэрала (1865), «Прасцякі за мяжой» М.​Твэна (1869), «Востраў скарбаў» Р.​Л.​Стывенсана (1883), «Востраў Сахалін» А.​Чэхава (1893—94), «Па Русі» М.​Горкага (1912—17), «Лядовая кніга» Ю.​Смуула (1958) і інш. Вял. папулярнасць маюць дакумент. літ. П., дакумент.-нарысавыя П., нап. географамі, біёлагамі, этнографамі і інш. вучонымі (Ж.​І.​Кусто, Б.​Зянковіч і інш.).

У бел. л-ры найб. пашыраная разнавіднасць П. — дарожныя нататкі і нарысы. Першым можна лічыць т.зв. «Прамову Іаана Полацкага», змешчаную ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 987. Ў 13—15 ст. П. апісваюцца ў хаджэннях (шляхі ў Палесціну ігуменам Даніілам, каля 1107, у «Хаджэннях» архімандрыта Графенія, 1376 іераманаха Варсанофія, 1456), у жыціях («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Ефрасінні Полацкай»), у «Аповесці мінулых гадоў» (апісанні шляху «з варагаў у грэкі», краін), у бел. летапісах і хроніках пра ваен. паходы князёў. Спалучэнне элементаў паломніцкіх хаджэнняў і летапіснай манеры апавядання, характэрныя рысы «Хаджэння Ігнація Смаляніна ў Царград» (1389—91) і «Хаджэння іераманаха Варсанофія ў Егіпет, Сінай і ў Палесціну 1461—62 гг.», дзённікавы тып фіксацыі падзей, багацце асабістых уражанняў вядзе да суб’ектывацыі апавядання, вылучэння на першы план вобраза суб’екта вандроўкі і яго індывідуалізацыі. З 16 ст. ўсталёўваецца дзённікава-нарысавая форма падачы (Эразм Цёлк), а ў канцы 16 ст. канчаткова афармляецца такі тып літ. П., у якім структуратворчым момантам апавядання выступаюць уражанні і ўспаміны героя-вандроўніка («Перагрынацыя...» М.​К.​Радзівіла Сіроткі). У 16—17 ст. у выглядзе дзённіка П. напісаны ўспаміны С.​Старавольскага, Г.​Пельгрымоўскага, І.​Б.​Сапегі, І.​Бялкоўскага, М.Л. і Т.Г. Абуховічаў, П.​Барстоўскага, А.​Каменскага-Длужыка, Ф.​Котава, Т.​Білевіча, у 18 ст. — Я.​Сапегі, Я.​Комара, Л.​Сяніцкага і інш. Элементы літ. П. сустракаюцца ў «Дыярыушах» Я.​П.​Сапегі, С.​Маскевіча, А.​Філіповіча, Я.​Цадроўскага і інш. У 18 ст. блізкімі да рамана-П. можна лічыць аўтабіягр. «Авантуры майго жыцця» С.​Пільштыновай-Русецкай, дзе шмат займальных расказаў пра пераезды, уцёкі, вандроўкі, замалёвак жыцця ў Турцыі, Аўстрыі і Расіі. П. шырока распаўсюджана ў л-ры Беларусі 19 і 20 ст.: «Падарожжа па Амерыцы 1797—1807» Ю.​Нямцэвіча (выд. 1959), «Агляд Малой Азіі ў цяперашнім яе стане» М.​Урончанкі (ч. 1—2, 1838—40), «Успаміны пра падарожжы ў Сібір, побыт у Бярозаве і Саратаве» Е.​Фялінскай (т. 1—3, 1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—55) і «Заходнерускія нарысы» (1858) П.​Шпілеўскага, «Літаратурныя клопаты» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1857), «Араўканія і яе жыхары» І.​Дамейкі (1860), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) У.​Сыракомлі, «Па Мінскай губерні (нататкі з паездкі ў 1886 г.)» М Янчука (апубл. 1889), нарыс «Са святочнай паездкі» Я.​Лучыны (1893), «Папулярна-прыродазнаўчае апісанне побыту ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» К.​Ельскага (1898), мемуары А.​Абуховіча (канец 19 ст.), «Пра Сібір і Камчатку» Б.​Дыбоўскага (апубл. 1930), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914), «З летніх уражанняў» М Багдановіча (1916), «З Румынскага фронту» (1917) і «Паездка на Асінбуд» (1929) Я.​Коласа, «1200 вёрст па Беларусі» М.​Чарота (1924), «Па чатырох краінах» Ц.​Гартнага (1927—28), «Падарожжа на Новую зямлю» М.​Зарэцкага (1929), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.​Галавача (1934), «У Чэхаславакіі» Я Купалы (1935), «Шляхамі вайны» (1945) і «Пад сонцам Індыі» (1957) М.​Лынькова, «Вачыма друга: Польскі дзённік» Я.​Брыля (1956), «Паездка ў Прагу» І.​Мележа (1956), «Казкі янтарнай краіны» У.​Караткевіча (1963), «Дзівасіл» В.​Палтаран (1968), «На святой зямлі» У.​Сядуры (1969), «Астравеччына, край дарагі...» (1977) і «З літаратуразнаўчых вандраванняў» А.​Мальдзіса (1987), «За чужымі далямі» А.​Кудраўца (1981), «Дарога да акіяна» Г.​Пашкова (1998) і інш. З сярэдзіны 19 ст. рысы маст. П. шырока выкарыстоўваюцца ў розных родах і жанрах бел. л-ры; ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», «Шчароўскіх дажынках» Дуніна-Марцінкевіча (1857), лірычных цыклах вершаў Ф.​Багушэвіча (1897), нап. з нагоды паездкі ў Коўна, і М.​Танка, прысвечаных паездцы ў Італію, творах З.​Бядулі («10 дзён падарожжа па Беларусі», 1925), Б.​Сачанкі («Зямля маіх продкаў», 1964), Брыля («Душа — не падарожніца», 1968), Пашкова («Палескія вандроўнікі», 1998) і інш. Прыёмы і сродкі літ. П. шырока ўжываюцца ў прыгодніцкай літаратуры і фантастычнай літаратуры.

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;

Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975. С. 254—271;

Гуминский В.М. К вопросу о жанре «путешествий» // Филология. 1977. Вып. 5;

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэтыч. нарыс развіцця бел. паломніцкай літаратуры XII—XVI стст. Мн., 1999.

С.​Л.​Гаранін.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)