у беларусаў грузавая 4-колавая павозка з бартавымі драбінамі (дошкамі або рашоткамі) для коннай ці валовай запрэжкі. Паводле пісьмовых крыніц, вядома з 16 ст. У сял гаспадарках бытавала дыяхронна і не ўсюды, у некат. раёнах Падняпроўя і Цэнтр. Беларусі з пач. 20 ст. Паводле спосабу злучэння пярэдняй і задняй частак (ходаў) М. падзяляліся на развадныя (пярэдні і задні хады маглі разводзіцца на больш шырокую, неабходную адлегласць для транспарціроўкі лесу) і неразвадныя, якія мелі своеасаблівы кузаў, часта з высокімі бартамі (драбінамі; да 1 м і болей) і служылі для перавозкі снапоў, саломы, сена. На Палессі бытавалі вузкія М. (каля 0,8 м), зручныя пры яздзе па лясных дарогах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗАВО́Д КО́ЛАВЫХ ЦЯГАЧО́Ў.
Засн. у Мінску на базе цэха доследнай вытв-сці Мінскага аўтамабільнага завода (1959). З 1991 самастойнае прадпрыемства. Выпускае седлавыя цягачы вял. магутнасці, паўпрычэпы да іх, бартавыя аўтамабілі і прычэпы да іх, дарожныя і пазадарожныя аўтамабілі-самазвалы, аўтапаязды для перавозкі труб вял. дыяметра, спец. колавыя шасі пад пад’ёмныя краны падымальнасцю да 50 т і больш, пад мантаж экскаватарнага абсталявання і абсталявання для нафтагазавай прам-сці. Праводзіць абслугоўванне сваёй прадукцыі, гандаль запчасткамі, вузламі і інш.
Узоры прадукцыі Мінскага завода колавых цягачоў: 1 — шасі колавае МЗКТ-7917 са стратэгічнай ракетай «Таполя»; 2 — аўтамабіль-самазвал МЗКТ-6525; 3 — спецыяльнае шасі МЗКТ-79191; 4 — аўтапоезд у складзе цягача седлавога МЗКТ-7429 і паўпрычэпа МЗКТ-9378.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. immobilis нерухомы),
стварэнне поўнай ці частковай нерухомасці пэўных ч. цела пры некат. пашкоджаннях і хваробах (пераломах касцей, шырокім пашкоджанні мяккіх тканак, цяжкіх апёках, пашкоджанні буйных крывяносных сасудаў і нерв. ствалоў, некат. вострых запаленчых працэсах і інш.). Адрозніваюць І. транспартную (ствараецца на час перавозкі хворага да лячэбнай установы) і лячэбную. На амбулаторным этапе лячэння ажыццяўляецца спец., стандартнымі і імправізаванымі сродкамі. Лячэбную І. выкарыстоўваюць для лячэння пераломаў з мэтай стварэння нерухомасці касцявых адломкаў да іх зрастання і ўтварэння касцявога мазаля. Праводзяць амбулаторна і стацыянарна спец. (гіпсавыя, мяккатканыя павязкі і інш.) і складанымі (кампрэсарна-дыстракцыйныя апараты) прыстасаваннямі, выцяжэннем, фіксацыяй касцявых фрагментаў метал. ці пластмасавымі канструкцыямі (спіцы, вінты і інш.). Пашыраны драцяныя драбінныя шыны Крамера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да жн. 1943 у Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл. (кіраўнік К.А.Равуцкі, з вер. 1942 А.Л.Гаўрыленка). Дзейнічала 5 груп (74 чал.): 2 у г. Крычаў (кіраўнікі Гаўрыленка, М.Р.Каінаў), вёсках Бацвінаўка (Б.Я.Грыгор’еў), Касцюшкавічы (С.С.Давыдзенка, з чэрв. 1942 Дз.Я.Грыгор’еў), Міхеевічы (А.М.Крупадзёраў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы, звесткі пра дыслакацыю войск і чыг.перавозкі ворага, арганізоўвалі дыверсіі на чыгунцы і чыг. вузле, уцёкі ваеннапалонных з лагераў, забяспечвалі іх дакументамі і інш. У лютым 1943 фашысты правялі арышты, уцалелыя падпольшчыкі стварылі партыз. атрад. У Крычаве помнік на магіле ваеннапалонных і падпольшчыкаў, што загінулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЦЫЁН [ням. Option ад лац. optio (optionis) выбар],
1) у міжнародным праве выбар асобай грамадзянства (гл.Аптацыя).
2) У аўтарскім праве апцыён выкарыстоўваецца пры заключэнні дагавораў пра выданне твораў аўтара адной дзяржавы ў інш. дзяржаве. Выд-ва пасля пагаднення пра апцыён з замежным аўтарам вывучае твор і вырашае пытанне пра магчымасць яго выдання. Канчатковы адказ выд-ва дае ва ўстаноўлены тэрмін, да заканчэння якога аўтар не можа заключыць дагавор з інш. выд-вамі аб выданні твора на той жа мове. Ніякіх плацяжоў пагадненне пра апцыён не прадугледжвае.
3) Агаворка ў дагаворы марской перавозкі аб праве замены аднаго грузу або аднаго порта назначэння іншым.
4) Прывілей на біржах, які даецца пры выплаце пэўнай прэміі на атрыманне тавару па раней устаноўленай цане на працягу пэўнага тэрміну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАНЦЭ́РТ»,
умоўная назва аперацыі партызан па разбурэнні чыг. камунікацый на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну з мэтай сарваць перавозкіням.-фаш. войск у час наступлення Чырв. Арміі, другі этап аперацыі «рэйкавая вайна». Праводзілася з 19 вер. да пач.ліст. 1943. За час аперацыі падарвана каля 150 тыс. рэек, у т. л. больш за 90 тыс. на тэр. Беларусі. Бел. партызаны пусцілі пад адхон 1041 варожы цягнік, вывелі са строю 807 паравозаў, 6360 вагонаў-платформ і цыстэрнаў, узарвалі 72 чыг. масты, знішчылі больш за 400 кмтэлеф.-тэлегр. ліній і інш. Прапускная здольнасць чыгунак была зніжана на 40%. Аперацыя «К.» была вял. дапамогай у ажыццяўленні наступальных аперацый сав. войск у 1943.
У.І.Лемяшонак.
Да арт.«Канцэрт». Варожы эшалон, скінуты пад адхон партызанамі. Дзятлаўскі раён. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСТО́ЎСКІ КАНА́Л,
у Гродзенскім раёне Беларусі і Сувалкаўскім ваяв. Польшчы. Злучае Нёман з р. Бебжа (бас. Віслы). Даўж. 102 км, на тэр. Беларусі 22 км. Сярэдняя глыбіня 1,8 м. Утвораны з сістэмы каналаў, азёраў (Нецка, Белае і інш. на тэр. Польшчы), сажалак, каналізаваных участкаў рэк і пратокаў паміж азёрамі. На Беларусі ўключае частку р. Чорная Ганча (даўж. 9 км) паміж в. Лясная і в. Сонічы і асобнае рэчышча (даўж. 6 км), якое злучае гэтую рэчку з Нёманам (каля в. Нямнова). Мае 18 шлюзаў, з іх 4 на тэр. Беларусі. Пабудаваны ў 1824—39 як водны шлях для перавозкі грузаў з бас. Віслы і Нёмана да Балтыйскага м. На б.ч. быў даступны для суднаў водазмяшчэннем да 100 т, часткова выкарыстоўваўся для сплаву лесу. Страціў ролю транспартнага шляху. Помнік гідратэхн. буд-ва. Аб’ект турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЬЮ́АРА ПАСУ́ДЗІНЫ (ад прозвішча Дж. Дзьюара),
пасудзіны з падвойнымі сценкамі, паміж якімі ствараецца высокі вакуум (з ціскам да 1,3 мПа). Служаць для цеплаізаляцыі рэчываў, што змяшчаюцца ў іх пры нізкай або высокай т-ры.
Невял. пасудзіны робяць з высокатрывалага шкла, значнага аб’ёму для прамысл. выкарыстання — з металу. З-за высокага вакууму паміж сценкамі практычна адсутнічае канвекцыйны цеплаабмен. Прамянёвы цеплаабмен памяншаюць паліраваннем і пакрыццём унутр. сценак тонкім слоем серабра, выкарыстаннем матэрыялаў з малым каэф. цеплаправоднасці. Пасудзіны для вадкага гелію і вадароду маюць экран, які ахаладжаецца вадкім азотам або паветрам. Дз.п. выкарыстоўваюць для захоўвання і перавозкі звадкаваных газаў, захоўвання рэчываў (тэрмасы), у крыягеннай тэхніцы (крыястаты), у электроніцы і навук. даследаваннях.
Дзьюара пасудзіны: а — шкляная лабараторная; б — металічная прамысловая для вадкага гелію або вадароду (1 — адсарбцыйная камера, 2 — вакуумная шматслойная ізаляцыя, 3 — вадкі азот для ахаладжэння, 4 — экран, 5 — вакуумная прастора).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́М,
плывучае збудаванне (судна, плыт і інш.) для рэгулярнай перавозкі сухапутных транспартных сродкаў (аўтамабіляў, чыг. вагонаў), грузаў і пасажыраў цераз водную перашкоду паміж пэўнымі берагавымі пунктамі. Бываюць самаходныя і несамаходныя.
Па вял. суднаходных рэках П. перамяшчаецца па кабелі, пракладзеным па дне, або буксірным суднам; на невял. рэках перацягваецца з дапамогай троса, замацаванага на процілеглых берагах; для паромнай пераправы праз пралівы, азёры звычайна выкарыстоўваюць спец. абсталяваныя судны. Водазмяшчэнне іх да 20 тыс.т і больш, умяшчальнасць каля 100 чыг. вагонаў, пасажыраўмяшчальнасць да 2000 чал. Паромныя зносіны найб. развіты ў Японіі, Зах. Еўропе (праз Ла-Манш). У ваен. мэтах П. выкарыстоўваюцца пры фарсіраванні водных перашкод; робяцца з штатных пантонных паркаў (гл.Пантон) і мясц. плывучых сродкаў (баржы, лодкі і інш., на якіх замацоўваецца грузавая платформа).
Пасажырскі паром для зносін паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй (мае вароты для аўтамабіляў на носе і карме).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАПО́РТ,
прадпрыемства, якое забяспечвае рэгулярныя перавозкі грузаў, пошты, пасажыраў сродкамі паветранага транспарту. Бывае міжнар., дзяржаўнага (нацыянальнага) і мясц. значэння. Уключае комплекс інж. збудаванняў і тэхн. сродкаў: аэрадром, аэравакзал, ангары, сістэмы кіравання паветр. рухам, радыёнавігацыі і пасадкі лятальных апаратаў (прыводныя радыёстанцыі, радыёлакацыйныя станцыі), метэаралагічнага забеспячэння і інш. Увесь комплекс часам займае тэрыторыю ў некалькі тысяч гектараў (напр., аэрапорт Унукава і Шарамецьева ў Маскве, Арлі ў Парыжы, Кенэдзі ў Нью-Йорку).
Пры буд-ве аэрапорта ўлічваюць зручнасць трансп. сувязяў паміж горадам і аэравакзалам, бяспеку адначасовых палётаў з суседніх аэрадромаў, дазволены ўзровень шумоў на заселеных тэрыторыях і інш. На Беларусі дзейнічаюць міжнар. аэрапорты Мінск-1 і Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне; нацыянальныя і мясцовыя — у абласных цэнтрах, а таксама ў Полацку, Пінску, Мазыры, Салігорску і інш.