БАТЫ́Й, Бату,

Сан-хан Саін-хан (1208—1255),

мангольскі хан, военачальнік. Сын Джучы, унук Чынгісхана. Кіраваў улусам Джучы з 1227. У 1236 захапіў Дэшт-і-Кіпчак. У 1237—43 узначаліў паход ва Усх. Еўропу: у 1237—40 заваяваў Паўн.-Усх. і Паўн.-Зах. Русь, у 1241—42 уварваўся ў Польскую Галіцыю, Венгрыю і Далмацыю. Аслаблены барацьбой з рус. княствамі вясной 1242 быў вымушаны адступіць на ўсход. У 1243 у нізоўях Волгі заснаваў феад. дзяржаву Залатая Арда са сталіцай Сарай-Бату (каля Астрахані). Удзельнічаў у перавароце ў Манг. імперыі (1251), калі ўлада перайшла да Мункэ.

Батый. Кітайская мініяцюра.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАДА́Р ГЛЕ́БАВІЧ,

князь менскі, магчыма, і гарадзецкі. Сын менскага кн. Глеба Усяславіча. Працягваў барацьбу менскіх князёў за ўстанаўленне дамінуючага становішча Менска ў Полацкай зямлі. У 1158 (паводле інш. крыніц у 1159) выступіў з братамі ў паход супраць полацкага кн. Рагвалода Барысавіча. У 1161 (1162) знаходзіўся ў Гарадцы (месцазнаходжанне не высветлена), разам з Літвою разбіў войска Рагвалода. У 1167 выступіў супраць полацкага кн. Усяслава Васількавіча і заняў полацкі трон, заключыўшы дагавор з вечам. Затым накіраваўся ў Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але, даведаўшыся, што на дапамогу віцябчанам ідзе смаленскі кн. Раман, вярнуўся ў свае землі.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ (Віктар Міхайлавіч) (30.1.1909, Масква — 23.1.1944),

рускі паэт і драматург. Асн. тэма зб-каў вершаў «Паход рэчаў» (1929), «Слова брыгадзіра» (1932), «Сыны дыктатуры» (1934) і інш. — пафас працы. Аўтар папулярных песень «Полечка-поле», «Як за Камай за ракой» і інш., п’есы ў вершах «Слава» (1936), камедый «Дружба» (1938), «Вясна ў Маскве» (1941), кінасцэнарыяў «Свінарка і пастух» (1941, Дзярж. прэмія СССР 1942), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946). Бываў на Беларусі, перакладаў вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1955;

Пьесы. М., 1959.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМГА́ЛЫ, земігола,

старажытнае балцкае племя, якое жыло ў сярэдняй ч. сучаснай Латвіі ў бас. р. Ліелупе. Густынскі летапіс называў іх жэмайтамі. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, гандлявалі з суседнімі плямёнамі. У 11—13 ст. былі на стадыі распаду племяннога ладу і ўтварэння феад. адносін. Паводле Лаўрэнцьеўскага летапісу ў 1106 полацкія князі Усяславічы ўчынілі паход на З., але пацярпелі паражэнне. У 13 ст. З. вялі ўпартую барацьбу з крыжакамі, у 1290 канчаткова заваяваны Лівонскім ордэнам. Пазней разам з інш. плямёнамі ўвайшлі ў склад лат. народнасці.

Літ.:

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 7, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕ́Й,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі герой, сын Зеўса і Данаі. Паводле міфа, дзед П. цар Аргаса (на п-ве Пелапанес) Акрысій, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука, загадаў зачыніць яго разам з маткай у скрыні і кінуць у мора. Выратаваныя рыбакамі, яны жылі на в-ве Серыфас, адкуль мясц. цар Палідэкт паслаў П. ў паход па галаву гаргоны Медузы. Здабыўшы яе пасля шматлікіх прыгод, П. на зваротным шляху выратаваў ад марской пачвары Андрамеду, якая стала яго жонкай. Паводле позніх міфаў, П. і Андрамеда былі ўзнесены на неба і ператварыліся ў сузор’і. П. прыпісвалі заснаванне г. Мікены.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАХА́НСКАЕ ХА́НСТВА,

татарская феад. дзяржава са сталіцай у Астрахані. Узнікла ў выніку распаду Залатой Арды, адасобілася ў 1459—60. Асн. занятак насельніцтва — качавая жывёлагадоўля, паляванне, рыбалоўства. Уладу хана абмяжоўвалі феадалы. Падданае насельніцтва плаціла хану ясак. Барацьба за Астраханскае ханства паміж Крымскім ханствам і Нагайскай Ардой прывяла ханства да збліжэння з Расіяй і падпісання ў 1533 саюзнага дагавора. У 1554 рас. ўрад, зацікаўлены ў выхадзе да Каспійскага м., з дапамогай войска паставіў на чале Астраханскага ханства свайго васала Дэрвіш-Алі. Намаганне апошняга выйсці з-пад залежнасці ад Масквы выклікала новы паход рас. войскаў. У 1556 Астраханскае ханства далучана да Рас. дзяржавы.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ (Іаан) (царк. Іаіль; 1707, Мінскае ваяв. — жн. 1798),

бібліяфіл, царк. дзеяч. Меў шырокую свецкую і царк. адукацыю. Працаваў на Міншчыне, Чарнігаўшчыне, дзе вывучаў гісторыю Кіеўскай Русі. Ведаў шмат моў. У 1776—87 архімандрыт Спаса-Яраслаўскага манастыра, рэктар духоўнай семінарыі ў Яраслаўлі. Сабраў каштоўную б-ку. У ліку манускрыптаў меў «Слова пра паход Ігаравы», які прадаў А.​І.​Мусіну-Пушкіну. Некаторыя даследчыкі прыпісваюць Быкоўскаму магчымае аўтарства «Слова...». Аўтар кнігі-трактата пра ісціну (1787).

Літ.:

Моисеева Г.Н. Спасо-Ярославский хронограф и «Слово о полку Игореве». 2 изд. Л., 1984;

Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫХ ЛЕЎ (Heinrich der Löwe, каля 1129 — 6.8.1195),

герцаг Саксоніі [1142—80] і Баварыі [1156—80]. З княжацкага роду Вельфаў. Разам з Альбрэхтам Мядзведзем узначальваў крыжовы паход супраць славян 1147. У выніку наступных паходаў (з 1160) на заваяваных ім землях бодрычаў заснаваў у ніжнім цячэнні Эльбы Мекленбургскае герцагства (1170), захапіў Памеранію (паміж вусцямі Одэра і Віслы); стаў найб. магутным ням. князем. У 1176 з-за адмовы ўдзельнічаць у ваен. паходзе ў Паўн. Італію пасварыўся з герм. імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам. Апошні ў 1180 дамогся імператарскага суда над Генрыхам Львом, які быў пазбаўлены ўладанняў (акрамя гарадоў Браўншвайг і Люнебург) і ў 1181 выгнаны з імперыі ў Англію, адкуль вярнуўся толькі ў 1194.

т. 5, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВУ́Р ((Cavour) Каміла Бенса) (10.8.1810, г. Турын, Італія — 6.6.1861),

адзін з гал. дзеячаў эпохі Рысарджымента ў Італіі, дыпламат. Граф. Скончыў Турынскую ваен. акадэмію (1829). Удзельнік рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. Міністр земляробства, прам-сці і гандлю (1850—52), фінансаў (1851—52) і прэм’ер-міністр (1852—61, з перапынкам у 1859) Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1855 уцягнуў Сардзінію ў Крымскую вайну 1853—56. Заключыў тайны антыаўстр. саюз з Францыяй (1858), Турынскі дагавор 1860 (гл. ў арт. Аўстра-італа-французская вайна 1859). Выкарыстаў паход «Тысячы» на чале з Дж.Гарыбальдзі для заняцця Папскай вобл. і Сіцыліі. Пасля абвяшчэння аб’яднанага Італьян. каралеўства (сак. 1861) яго першы прэм’ер-міністр.

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЕР ((Bayer) Готліб) (Тэафіль) Зігфрыд (6.1.1694, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 10.2.1738),

нямецкі гісторык і філолаг. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т. З 1725 працаваў на кафедры старажытнасцяў і ўсх. моў Пецярбургскай АН. Працы па арыенталістыцы, філалогіі (у т. л. слоўнік кіт. мовы), гіст. геаграфіі і гісторыі Стараж. Русі (напісаны на аснове візант., сканд. крыніц і пачатковага рус. летапісу ў лац. перакладзе), у т. л. «Пра варагаў», «Пра першы паход русаў на Канстанцінопаль», «Паходжанне русаў», «Геаграфія Русі і суседніх абласцей у 948 г. з Канстанціна Багранароднага», «Геаграфія Русі і суседніх абласцей у 948 г. з паўночных пісьменнікаў» і інш., якія друкаваліся ў спец. выданні Акадэміі навук на лац. мове «Каментарыі». Пачынальнік нарманскай тэорыі.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)