утварэнне ў жывых арганізмах складаных арган. рэчываў з больш простых злучэнняў пры ўдзеле ферментаў. Гал. функцыі біясінтэзу — ажыццяўленне актыўнага абмену рэчываў, утварэнне і аднаўленне структурных частак клетак і тканак (гл.Анабалізм), што цесна звязана з адначасовым процілеглым працэсам расшчаплення складаных арган. рэчываў на больш простыя (гл.Катабалізм), якія з’яўляюцца крыніцай «будаўнічага матэрыялу» і энергіі для біясінтэзу. У выніку біясінтэзу павялічваюцца памеры малекул, ускладняецца іх структура і павышаецца энергет.патэнцыял.
Пачатковыя пастаўшчыкі энергіі для біясінтэзу — зялёныя расліны і фотасінтэзавальныя бактэрыі, што акумулююць сонечную энергію (гл.Фотасінтэз), а таксама некаторыя інш. бактэрыі, якія выкарыстоўваюць энергію акіслення неарган. злучэнняў (гл.Хемасінтэз). З дапамогай гэтай энергіі аўтатрофныя і хематрофныя арганізмы здольны сінтэзаваць простыя арган. рэчывы з неарган. (гл.Асіміляцыя). Усе іншыя (гетэратрофныя) арганізмы выкарыстоўваюць гатовыя арган. рэчывы як матэрыял і крыніцу энергіі для свайго біясінтэзу (гл.Акісляльнае фасфарыліраванне). Асн. крыніца энергіі для біясінтэзу — распад макраэргічных злучэнняў, пераважна адэназінтрыфосфарнай кіслаты (гл.Біяэнергетыка). Для біясінтэзу некаторых клетачных кампанентаў патрабуюцца таксама багатыя энергіяй атамы вадароду, донарам якіх з’яўляецца нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфат (НАДФ). У ходзе біясінтэзу кожны аднаклетачны арганізм, як і кожная клетка мнагаклетачнага арганізма, самастойна сінтэзуе рэчывы, што складаюць яго. Асноўныя з іх — полінуклеатыды (ДНК і РНК), поліцукрыды і бялкі, малекулы якіх разнастайныя па структуры і найбольш складаныя. Утварэнне палімерных арган. злучэнняў з больш простых манамераў суправаджаецца ў кожным выпадку рэакцыяй дэгідратацыі (вывядзеннем малекул вады з рэагуючых злучэнняў). Палімерызацыя адбываецца або «з галавы», або «з хваста». Калі палімерызацыя ідзе «з галавы», актываваная сувязь знаходзіцца на канцы палімеру, што бесперапынна расце, і павінна рэгенерыраваць пры кожным далучэнні манамеру. У гэтым выпадку кожны манамер прыносіць з сабой актываваную групу, якая будзе выкарыстана ў рэакцыі з наступным манамерам дадзенай паслядоўнасці. Калі палімерызацыя ідзе «з хваста», актывізаваная сувязь, якую нясе з сабой новы манамер, будзе выкарыстана для далучэння гэтага манамеру да палімернага ланцуга. Палімерызацыя полінуклеатыдаў і некаторых простых поліцукрыдаў ідзе «з хваста», бялкоў — «з галавы». Характар біясінтэзу, які адбываецца ў клетцы, вызначаецца спадчыннай інфармацыяй, што «закадзіравана» ў геноме.
Біясінтэз можа быць ажыццёўлены і ў эксперым. умовах. У прам-сці шырока выкарыстоўваецца мікрабіял. сінтэз — біясінтэз мікраарганізмамі біялагічна актыўных рэчываў (вітамінаў, некаторых гармонаў, антыбіётыкаў, амінакіслот, бялкоў і інш.). Многія інш. рэакцыі біясінтэзу ўлічваюцца або выкарыстоўваюцца ў розных галінах біятэхналогіі.
Літ.:
Биосинтез белка и нуклеиновых кислот. М., 1965;
Молекулярная биология клетки: Пер. с англ.Т. 1. 2 изд. М., 1994;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 2. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАГРА́ФІЯ (ад грэч. dēmos народ + ...графія),
навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця. Па матэрыялах статыстыкі вывучае: рух і развіццё насельніцтва (нараджальнасць, смяротнасць, прырост, міграцыйныя працэсы, прагноз яго колькасці, складу, размеркавання, шлюбнасць, сям’ю, дзярж. і грамадскія ступені ўплыву на дэмаграфічныя працэсы); насельніцтва і эканам. развіццё (суадносіны эканам. і дэмаграфічнага росту, праблемы і крытэрыі занятасці, дэмаграфічныя праблемы выкарыстання прац. рэсурсаў, іх прафес. і кваліфікацыйны склад, эканам. ўмовы развіцця і ўзнаўлення насельніцтва); насельніцтва і прыродныя рэсурсы і інш. Падзяляецца на дэскрыптную (апісвае насельніцтва на аснове стат. звестак), эканамічную і сацыяльную (даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканам. і сац. працэсамі), гістарычную (гісторыя развіцця народанасельніцтва), матэматычную (апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэм. мовы), патэнцыяльную (агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць), вайсковую (вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканам. і тэхн. патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваен. час) і інш. Цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш. Праз метады стат., матэм. і ўласна дэмаграфічныя Д. распрацоўвае тэорыю ўзнаўлення насельніцтва, дэмаграфічныя прагнозы, абгрунтоўвае дэмаграфічную палітыку. Найб. поўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца перапіс насельніцтва.
Пачынальнікам навукі Д. лічыцца Дж.Граўнт (1620—74). Вялікі ўклад у развіццё Д. зрабілі англ. (У.Пеці, Т.Р.Мальтус, Г.Спенсер), ням. (І.П.Зюсмільх, В.Лексіс, Г.Ф.Кнап, Р.Р.Кучынскі), франц. (А.Дэпарсьё, Ж.Бертыльён), амер. (Р.Пірл, А.Дж.Лотка), галанд. (В.Керсебом), швед. (П.В.Варгенцін), бельг. (А.Кетле), рас. (Д.Бернулі, М.В.Ламаносаў, Л.Эйлер, І.Ф.Герман, К.Ф.Герман, В.І.Грабеншчыкоў, В.Я.Бунякоўскі, Г.В.Пляханаў, М.В.Птуха, С.А.Навасельскі) вучоныя.
На Беларусі дэмаграфічныя даследаванні пачаліся ў 1880-я г. (праводзілі медыкі-гігіеністы Л.І.Галынец, А.А.Бекарэвіч, В.В.Кошалеў, С.М.Урванцоў). У савецкі час аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923 і 1926, натуральны рух насельніцтва, асаблівасці яго ўзнаўлення, пытанні сям’і і шлюбу і інш. (С.Слупскі, Д.М.Паслаўскі, С.Я.Вальфсон, Б.Я.Смулевіч). У 1960—70-я г.гал. цэнтрам вывучэння дэмаграфічных пытанняў стаў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. Дэмаграфічнымі пытаннямі займаюцца Камітэты па народанасельніцтве і міграцыі; міграцыйная служба, НДІ і аддзелы дэмаграфіі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу, Мін-ве працы, Нац.АН. Праблемы Д. даследуюць А.А.Ракаў, С.А.Польскі, Л.П.Шахоцька, Л.І.Спіжанкоў, Б.А.Манак, М.Р.Юркевіч, А.Н.Пешкава, Г.Ц.Максімаў, І.В.Насонава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. militaris ваенны),
сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен.-прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.
Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т. л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн.чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння 1/3 насельніцтва і 1/2прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал. чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.
Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.
Літ.:
Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;
Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;
История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;
Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВЫ ЧАЛАВЕ́КА,
комплекс паліт., грамадз., сац.-эканам., культ. і інш. правоў і свабод, якія характарызуюць прававое становішча асобы ў грамадстве і дзяржаве. У большасці краін замацоўваюцца ў канстытуцыях, розных юрыд. дакументах і прававых нормах, у якіх дзяржава абавязваецца паважаць і гарантаваць П.ч. Правы і свабоды, аб’ектыўна абумоўленыя сістэмай грамадскіх адносін і замацаваныя заканадаўча, становяцца прававым статусам асобы, юрыд. (суб’ектыўнымі) П.ч. Правы, свабоды і іх гарантыі прызнаюцца найвышэйшай каштоўнасцю чалавецтва. Безумоўная рэалізацыя асн. палажэнняў сістэмаўтваральных дакументаў у галіне П.ч. садзейнічае ўдасканаленню грамадства, рэалізацыі асн. грамадскіх ідэалаў.
Гісторыя П.ч. ў старажытнасці была звязана з самавызначэннем чалавека праз прыналежнасць да роду, калі яе крыніцамі станавіліся традыцыі і звычаі (гл.Звычаёвае права). Першай юрыд. формай П.ч. былі неад’емныя правы грамадзяніна ант. поліса. Яны развіты і ўдасканалены ў рымскім праве. Вял гуманітарны патэнцыял мела вядомая формула Пратагора «мера ўсіх рэчаў — чалавек», Сярэдневякоўе не спрыяла гуманізацыі грамадства і рэалізацыі натуральных П.ч., аднак характарызавалася развіццём асабістых свабод прадстаўнікоў асобных карпарацый, саслоўяў і розных іерархій права (сакральнае права, натуральнае права, людскі закон, пазітыўнае права). Важную ролю ва ўсталяванні П.ч. адыгралі таксама пазасаслоўнае прызнанне асн. свабод, з’яўленне міравых судоў, вопыт барацьбы за незалежнасць швейц. кантонаў, Нідэрландская і Англ. рэвалюцыі. Ідэі аб П.ч. атрымалі развіццё ў Вялікай хартыі вольнасцей (1215), у Петыцыі аб праве (1628), Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), асабліва франц. Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна (1789), якая абвяшчала свабоду, роўнасць, братэрства, нар. суверэнітэт, аўтарытэт закона. Гэтыя ідэалы пазней сталі асновай канцэпцыі, паводле якой кожны чалавек ад нараджэння набывае пэўны комплекс прыродных правоў — на жыццё, свабоду асобы, сумлення, слова, уласнасці і інш.
Важным этапам у жыццядзейнасці сусветнай супольнасці стала прынятая 10.12.1948 Ген. асамблеяй ААНУсеагульная Дэкларацыя правоў чалавека. Паводле гэтай Дэкларацыі дзяржава павінна паважаць П.ч. і асн. свабоды для ўсіх, незалежна ад расы, полу, мовы і рэлігіі, паліт. і інш. перакананняў, нац. або сац. паходжання, маёмаснага або інш. становішча; чалавек мае права на жыццё, свабоду і бяспеку асобы; права на працу і належны жыццёвы ўзровень. ААН прыняты таксама Дэкларацыя правоў дзіцяці (1959), Міжнар. пакт аб грамадз. і паліт. правах (1966), Дэкларацыя аб ліквідацыі ўсіх форм нецярпімасці і дыскрымінацыі (1981), Дэкларацыя аб праве на развіццё (1986) і інш Пытанні захавання і абароны правоў чалавека знайшлі адлюстраванне ў Заключным акце Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1975) і інш. дакументах. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абвяшчае рэалізацыю правоў і свабод грамадзян; усе грамадзяне роўныя перад законам і маюць права на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў; маюць права на працу, адпачынак, адукацыю, ахову здароўя і інш (гл.Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь).
Літ.:
Права человека: Сб. междунар.-правовых док. 1999;
Головатенко А.Ю. Права человека и статус личности: История и современность М., 1999;
Котляр И.И. Права человека в современной Беларуси. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУКА́ЦЫЯ (ад лац. educatio выхаванне),
працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у навуч. установах або самаадукацыяй. У больш шырокім плане — культурнаадукац. прастора, якая ахоплівае сям’ю, разнастайныя навуч.-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сац.-пед. інфармаструктуру, адукац. працэсы на вытв-сці і ў грамадска-культ. жыцці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафес.-кваліфікацыйны патэнцыял народа. Бел.нац. Сістэма адукацыі ўключае агульную, прафес. адукацыю, сямейнае, грамадскае выхаванне, самаадукацыю і самавыхаванне. У залежнасці ад аб’ёму і тэрмінаў навучання адрозніваюць: адукацыю агульную — пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні; прафесійную адукацыю — дапрафес. (прафесійная арыентацыя, адбор) і сярэдняя прафес. падрыхтоўка; вышэйшую адукацыю — падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры; адукацыя дарослых (паслядыпломная адукацыя). Паводле формы навучання адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная, паводле адносін да царквы — свецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфесійная (кантралюе царква). Змест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнар. і нац. стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі.
Дзярж. палітыка Беларусі ў галіне адукацыі грунтуецца на прынцыпах: даступнасць усіх відаў адукацыі; стварэнне ўмоў для выбару формаў навучання; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў; нац.-культ. аснова адукацыі; навуковасць; арыентацыя на сусв. ўзровень, вывучэнне і выкарыстанне вопыту развітых краін свету, запазычанне іх дасягненняў і стандартаў; гуманізм, увага да схільнасцяў і інтарэсаў асобы, магчымасць свабоднай самарэалізацыі; сувязь з грамадскай практыкай, якая гарантуе ўзаемадзеянне адукацыі з вытв-сцю, спрыяе сацыялізацыі асобы, яе адаптацыі да розных формаў жыццядзейнасці; экалагічная накіраванасць; адзінства навучання, духоўнага і фіз. ўдасканалення; дэмакратызм (праз яго ўсталёўваецца павага і давер паміж педагогамі, навучэнцамі і бацькамі); свецкі характар, які адначасова забяспечвае грамадзянскае навучанне і выхаванне ў дзярж.навуч. установах і ахову свабоды сумлення і веравызнання чалавека; заахвочванне адукаванасці; пераемнасць і бесперапыннасць адукацыі; выкарыстанне і развіццё нар. педагогікі беларусаў; падтрымка самаадукацыі і самавыхавання, інтэлектуальных і духоўных імкненняў асобы; абавязковасць базавай адукацыі ў якасці вызначальнага ўзроўню навучання і выхавання. Гал. мэты нац. сістэмы адукацыі: спрыянне гарманічнаму развіццю асобы, поўнай рэалізацыі яе стваральных здольнасцяў; фарміраванне і ўмацаванне нац. свядомасці і адначасова пачуцця павагі да іншых краін і народаў свету; авалоданне дзярж. мовай; захаванне і памнажэнне інтэлектуальнай уласнасці і культ.-гіст. каштоўнасцяў бел. народа і інш.нац. супольнасцяў рэспублікі; падрыхтоўка да самаст. жыцця; садзейнічанне інтэлектуальным памкненням асобы.
Усе жыхары Беларусі забяспечваюцца роўнымі правамі і магчымасцямі для атрымання агульнай і прафес. адукацыі з улікам нац. традыцый, індывід. патрэб, здольнасцяў; бясплатным навучаннем у дзярж. базавых школах, а таксама інш.навуч. установах. Нац. сістэма адукацыі падтрымлівае асабліва здольных і таленавітых дзяцей; ажыццяўляе сац. дапамогу ў навучанні дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, з разумовымі ці фіз. недахопамі, сірот, інвалідаў з маленства, дзяцей, якія не маюць апекі бацькоў. З мэтай забеспячэння цэласнай сістэмы навуч.выхаваўчай работы па фарміраванні ўсебакова развітой асобы ў Рэспубліцы Беларусь распрацаваны шэраг заканадаўчых, дырэктыўных, нарматыўных дакументаў: законы «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991), «Аб правах дзіцяці» (1993); канцэпцыі адукацыі і выхавання, выхавання ў нац. школе Беларусі, навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці (усе 1993), а таксама комплексная праграма развіцця адукацыі і выхавання на Беларусі на перыяд да 2000 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАЯ́РСКІ КРАЙ.
У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 7.12.1934. Размешчаны пераважна ў межах Усх. Сібіры, у бас.р. Енісей; уключае таксама архіпелаг Паўн. Зямля і прылеглыя астравы. Пл. 2339,7 тыс.км². Нас. 3107 тыс.чал. (1997), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 1,3 чал. на 1 км² (0,01 чал. на 1 км² на Пн, 25 чал. на 1 км² у паласе каля Транссібірскай магістралі). Жывуць рускія (87,6%), украінцы (3,5), татары (1,6), немцы (1,4), беларусы (1), чувашы (0,8), народы Поўначы (эвенкі, даўганы, ненцы, якуты, нганасаны, кеты — 0,5%) і інш. У складзе К.К. Таймырская (Даўгана-Ненецкая) аўтаномная акруга, Эвенкійская аўтаномная акруга. Цэнтр — г.Краснаярск. Найб. гарады: Нарыльск, Ачынск, Канск, Жалезнагорск, Мінусінск, Лесасібірск, Назарава.
Прырода. Край прасціраецца ад берагоў Паўн. Ледавітага ак. да гор Паўд. Сібіры амаль на 3 тыс.км. На Пнп-аў Таймыр з гарамі Быранга (выш. да 1146 м), якія абрываюцца на Пд да забалочанай Паўн.-Сіб. нізіны. На З — усх. частка Зах.-Сіб. раўніны. У цэнтры Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), з найб. вышынямі на Енісейскім кражы (да 1104 м) і плато Путарана (да 1701 м). Паўд.ч. занята адгор’ямі Усх. Саяна (выш. да 2922 м) і Зах. Саяна (выш. да 2456 м) і Мінусінскай катлавінай. Край багаты карыснымі выкапнямі. Геал. запасы вугалю больш за 3 трлн. т. Распрацоўваецца Канска-Ачынскі вугальны басейн (638 млрд.т), перспектыўныя Тунгускі (2299 млрд.т) і Таймырскі (235 млрд.т) басейны. Буйныя радовішчы жал. (Ніжнеангарскае, Тагарскае), медна-нікелевых і спадарожных руд (малібдэн, кобальт, вальфрам, плаціна), металаў, баксітаў, золата, графіту, фасфарытаў, слюды, нафты і газу, кухоннай солі, паўкаштоўных камянёў. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -36 °C на Пн да -18 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 13 да 20 °C. Ападкаў ад 200—300 мм на Пн да 800—1200 мм за год у гарах Паўд. Сібіры. На Пн ад р. Ніжняя Тунгуска шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас.Паўн. Ледавітага ак. Найбольшая р. Енісей з прытокамі Ангара, Падкаменная і Ніжняя Тунгуска, Сым, Елагуй; рэкі Хатанга, Пясіна, Таймыра і прытокі Обі — Чулым і Кець. Рэкі багатыя гідраэнергіяй, суднаходныя. Азёры — Таймыр, Пясіна, Лама, Кета і інш. Краснаярскае вадасховішча. Глебы на Пн забалочаныя, тарфяныя, на Пд мярзлотна-таежныя, шэрыя лясныя, чарназёмныя і каштанавыя. На п-ве Таймыр пашырана мохава-лішайнікавая тундра. Пад лесам каля 150 млн.га. Пераважае тайга з лістоўніцы, піхты, хвоі, кедра. На Пд ад зоны тайгі паласа мяшаных і драбналістых лясоў. Астраўныя лесастэпы (Ачынскі, Краснаярскі, Канскі) пераходзяць у стэпы Мінусінскай катлавіны. Жывёльны свет разнастайны. У тундры водзяцца лемінг, пясец, заяц-бяляк, алень, у тайзе — лось, кабарга, вавёрка, бурундук, буры мядзведзь, расамаха, гарнастай, собаль, ліс і інш. Запаведнікі «Сталбы» і Таймырскі.
Гаспадарка. К.к. мае магутны эканам.патэнцыял. На долю прам-сці прыпадае 70% усёй прадукцыі, на сельскую гаспадарку — 12%. Асн. галіны: горназдабыўная, электраэнергет., металургічная, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лясная. Паліўна-энергет. комплекс фарміруецца на гідраэнергіі Енісея (Краснаярская, Усць-Хантайская ГЭС) і вугалі Канска-Ачынскага вугальнага басейна. Дзейнічаюць Бярозаўскі, Назараўскі і Ірша-Барадзінскі вугальны разрэзы. У 1996 здабыта 38,5 млн.т вугалю. Вытв-сць электраэнергіі 49 млрд.кВтгадз (1996). Вядзецца здабыча жал. руды (1,7 млн.т), каляровых і рэдкіх металаў, графіту, слюды, барыту, кааліну. Каляровая металургія спецыялізуецца на вытв-сці нікелю, медзі, кобальту, селену, золата, серабра, плаціны, паладыю, ірыдыю (Нарыльск), гліназёму (Ачынск), алюмінію (Краснаярск). Якасную сталь выплаўляе металургічны з-д «Сібэлектрасталь» у Краснаярску. Машынабудаванне і металаапрацоўка: з-ды па вытв-сці збожжаўборачных камбайнаў, электрарухавікоў, радыётэхнікі, тэлевізараў, халадзільнікаў, абсталявання для лясной і алюмініевай прам-сці (Краснаярск), аўтамаб. і трактарных прычэпаў (Сасноваборск), абсталявання для папяровай прам-сці (Канск), нізкавольтнай апаратуры (Дзіўнагорск), комплекс электратэхн. вытв-сці (кабель, высакавольтная апаратура, электранагравальныя прылады, Мінусінск). Суднабудаванне ў Краснаярску, суднаверф у Енісейску. Развіта лясная і дрэваапр.прам-сць. Лесапілаванне і дрэваапрацоўка ў Лесасібірску, Ачынску, Енісейску, Багучанах, Ігарцы; цэлюлозна-папяровая вытв-сць у Краснаярску; мэблевая ў Мінусінску, Назараве, Заазерным. Вытв-сць (1996): дзелавой драўніны 5.4 млн.м³, піламатэрыялаў 1,6 млн.м³, паперы 50,3 тыс.т, кардону 58,4 тыс.т. На аснове хім. перапрацоўкі драўніны развіта вытв-сцьсінт. каўчуку, хім. валакна, шын, гумава-тэхн. вырабаў (Краснаярск). У Ачынску нафтаперапр.з-д. Прам-сцьбуд. матэрыялаў у Краснаярску, Ачынску, Канску, Дзіўнагорску, Назараве. Лёгкая прам-сць: баваўняны камбінат у Канску, шаўковы ў Краснаярску, гарбарна-абутковыя ф-кі ў Краснаярску і Канску, швейныя ф-кі. Харч.прам-сць працуе на мясцовай с.-г. сыравіне. Рыбазаводы ў Дудзінцы і Ігарцы. Пл.с.-г. угоддзяў больш за 5 млн.га, у т. л. пад ворывам 3,3 млн.га, пад пашай 1,3 млн.га. Асн. ворныя землі ў лесастэпавых і стэпавых раёнах Мінусінскай катлавіны. Сеюць яравую пшаніцу, жыта, авёс, проса, грэчку. Вырошчваюць бульбу, лён, сланечнік, цукр. буракі, агародніну. Збор (млн.т, 1995): збожжа — 2,2, бульбы — 1,1, агародніны — 0,2. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна-, коне- і авечкагадоўля, на Пн — аленегадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 944, 7, свіней — 655,2. Вял. значэнне маюць зверагадоўля і пушны промысел (Эвенкійская аўт. акруга). Пчалярства, збор кедравых арэхаў. Даўж. чыгункі 2,1 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 19,6 тыс.км. Гал. чыгунка — Транссібірская магістраль, самая паўн. чыгунка — Нарыльск—Дудзінка. Даўж. суднаходных шляхоў 6,2 тыс.км. Суднаходства па р. Енісей з выхадам да Паўн. марскога шляху. Парты — Дудзінка, Дыксан, Хатанга, Ігарка. Курорты Учум і Шыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІНАВО́ДСТВА,
1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі, што займаецца вырошчваннем культурных раслін для вытворчасці раслінаводчай прадукцыі. Забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлю — кармамі, многія галіны прам-сці (харч., камбікормавую, тэкст., фармацэўтычную і інш.) — сыравінай расліннага паходжання. Уключае паляводства (вырошчванне збожжавых культур, тэхнічных культур, кармавых культур, кармавых траў, бульбаводства, насенняводства), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства, лесаводства. Існуе больш за 20 тыс. раслін, якія вырошчваюць і выкарыстоўваюць. Важнейшае гаспадарчае значэнне маюць 640, з іх 90 адносяцца да палявых культур. Аснова Р. і ўсёй с.-г. вытворчасці — збожжавая гаспадарка. Пад збожжавымі культурамі занята больш за пал. апрацаваных зямель свету. Рэгіёны іх распаўсюджання прыкладна супадаюць з асн. рэгіёнамі размяшчэння насельніцтва. У 1998 сусв.вытв-сць збожжа склала 2111 млн.т; яго вядучыя вытворцы — Кітай (21,4% валавога збору), ЗША (16,6%) і Індыя (11,1%). Найважн. збожжавыя культуры — пшаніца, рыс і кукуруза. Па плошчы пшаніца займае 1-е месца сярод с.-г. культур. Яе вырошчваюць больш за 70 краін Еўропы, Азіі, Амерыкі і інш. У 1998 у свеце сабрана 589 млн.т пшаніцы. Вядучыя вытворцы — Кітай, ЗША і Індыя (больш за 40% сусв. вытворчасці). Рыс вырошчваюць на меншых плошчах, але па валавым зборы ён амаль не ўступае пшаніцы, таму што ў некат. рэгіёнах прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць 2—3 ураджаі за год. Асн. рысасеяльныя краіны — Кітай, Індыя, Інданезія, Бангладэш, Пакістан. Буйнейшыя вытворцы кукурузы — ЗША і Кітай. Сярод тэхн. культур найб. значэнне маюць валакністыя (бавоўнік, лён, джут, кенаф, каноплі і інш.), цукровыя (цукр. трыснёг, цукр. буракі, цукр. і вінная пальмы), алейныя (сланечнік, рапс, арахіс, клешчавіна, какосавая і алейная пальмы, масліна і інш.), эфіраалейныя (мята, герань, базілік, ружа, лаванда і інш.), а таксама каўчуканосныя, дубільныя, фарбавальныя, лекавыя, наркатычныя і інш.Найважн. валакністая тэхн. культура — бавоўнік, асн. вытворцы — Кітай, ЗША, Пакістан. Ва ўмераных шыротах вырошчваюць лён-даўгунец (Кітай, Францыя, Беларусь). Асн.цукр. культуры — цукр. трыснёг і цукр. буракі. У 1999 у свеце атрымана больш за 133 млн.т цукру (у т. л. каля 60% з цукр. трыснягу). Буйнейшыя вытворцы — Бразілія і Індыя (разам даюць каля 30% сусв. вытв-сці). Бульба — універсальная культура, мае харч., тэхн. і кармавое значэнне. Сусв.вытв-сць 296 млн.т (1998), гал. вытворцы Кітай і Расія, адпаведна 16% і 10,6% агульнай вытворчасці. Значнае месца ў Р. займаюць агародніцтва, пладаводства і вінаградарства. У 1998 сусветная вытв-сць агароднінных і бахчавых культур склала 606 млн.т. Буйнейшы вытворца — Кітай (137 млн.т). Найб. развіта вытв-сць пладовых культур у Міжземнамор’і, Каліфорніі, Фларыдзе. Б.ч. вінаграднікаў на Пд і ЗЗах. Еўропы (Італія, Іспанія, Францыя) і ў Паўн. Афрыцы.
На Беларусі Р. ў значнай ступені падначалена патрэбам жывёлагадоўлі. У 1990-я г. на Беларусі адбыліся значныя змены ў структуры пасеваў с.-г. культур ва ўсіх катэгорыях гаспадарак (гл.табл.). Скарацілася доля збожжавых і зернебабовых культур. У складзе гэтай групы паменшылася ўдз. в. жыта, ячменю, аўса; павялічылася доля азімай і яравой пшаніцы. З тэхн. культур павялічылася доля рапсу, паменшылася доля лёну-даўгунцу, доля цукр. буракоў засталася нязменнай. Больш як у 2 разы павялічыліся пасевы агароднінных культур. Вырасла доля кармавых культур з-за павелічэння ўдз. в. шматгадовых і аднагадовых траў. У калгасах і саўгасах за апошняе дзесяцігоддзе скараціліся плошчы асн.с.-г. культур, у т. л. бульбы амаль у 3 разы. У гаспадарках насельніцтва, наадварот, назіраецца іх рост, у т. л. пад збожжавымі, бульбай, агароднінай і кармавымі. Больш за 80% валавых збораў бульбы, агародніны, пладоў і ягад вырошчваюць у асабістых падсобных гаспадарках: насельніцтва ўсё больш пераходзіць на самазабеспячэнне гэтай прадукцыяй. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — асн. вытворцы збожжа, ільновалакна і цукр. буракоў. У размяшчэнні галін Р. найб. змены адбыліся на ПдУ рэспублікі, што абумоўлена вынікамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або спынена вырошчванне лёну-даўгунцу, грэчкі, бабовых, агароднінных культур. Некат. розніца адзначаецца паміж развіццём Р. на З і У рэспублікі. На З (Брэсцкая, Гродзенская і зах. раёны Мінскай вобл.) прыродны, працоўны і вытв.патэнцыял лепшы, чым на У, таму эфектыўнасць Р. там больш высокая.
2) Навука аб культ. раслінах і іх вырошчванні. Гал. задача — вывучэнне біял. асноў і распрацоўка найб. дасканалых спосабаў вырошчвання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур пры найлепшай якасці прадукцыі. Р. цесна звязана з генетыкай, селекцыяй, фізіялогіяй раслін, аграхіміяй, біяхіміяй, земляробствам. Асн. метады даследавання — вегетацыйны, палявы, лабараторна-палявы і вытворчы.
Т.Л.Казакова.
Пасяўныя плошчы сельскагаспадарчых культур на Беларусі (у гаспадарках усіх катэгорый; тыс.га)
1985
1990
1995
1999
Уся пасяўная плошча
6241
6126
6150
6123
Збожжавыя і зернебабовыя
2816
2645
2692
2513
у т. л. жыта
1015
917
969
641
пшаніца
195
140
177
411
ячмень
918
1030
1033
811
авёс
380
360
335
293
грэчка
38
18
18
23
зернебабовыя
270
172
119
238
Тэхнічныя культуры
266
248
205
277
у т. л. лён
200
149
98
76
цукр. буракі
59
46
55
55
рапс
3
49
48
136
Бульба
708
638
725
661
Агародніна
47
41
77
93
Кармавыя культуры
2404
2554
2451
2578
Да арт.Раслінаводства: 1 — жытнёвы палетак; 2 — ільняное поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі. Размешчана на З краіны, мяжуе з Польшчай і Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25 тыс.км². Нас. 1215,6 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі (гл. адпаведныя арт.), 12 гарадоў, у т. л. 6 абл. падпарадкавання — Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Навагрудак, Слонім, Смаргонь, 21 гар. пасёлак, 195 сельсаветаў, 4414 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (130—190 м). Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, выцягнутая ўздоўж Нёмана. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны — 80 м над узр. мора. На Пн і ПнУ — Лідская раўніна (да 170 м) і Ашмянскае ўзвышша (да 320 м), на крайнім ПнУ — ч.Нарачана-Вілейскай нізіны. На Пд і У марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, на ім найвышэйшы пункт вобласці — Замкавая гара (323 м). Карысныя выкапні: жал. руды (Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых руд у Карэліцкім р-не і шэраг рудапраяўленняў уздоўж граніцы з Літвой у Гродзенскім р-не), торф (пераважна на Нёманскай нізіне), мел, цагельныя і чарапічныя гліны, цэментная сыравіна (гал. радовішчы ў Ваўкавыскім р-не), сілікатныя пяскі, вапняковая сыравіна, пясчана-гравійны матэрыял. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,6 °C у Карэліцкім і Навагрудскім р-нах да -5 °C на ПдЗ у Бераставіцкім і Свіслацкім р-нах, у ліп. 17—18,2 °C. Вегетац. перыяд 189—200 сут. Гадавая колькасць ападкаў 520—640 мм (у Навагрудку 706 мм), 71% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Амаль уся тэр. вобласці адносіцца да бас. Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебяды, Котры (справа), Ушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосны (злева). На ПнУ — р. Вілія (з Ашмянкай). На ПнЗ пачынаецца р. Нараў — прыток Віслы. Вядомы Аўгустоўскі канал, які злучаў басейны Нёмана і Віслы. Найб. азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь (у межах Свіцязянскага ландшафтнага заказніка), Свір і Вішнеўскае (на мяжы з Мінскай вобл.). Глебы с.-г. угоддзяў значна завалунены і эрадзіраваны, часткова пераўвільготнены і забалочаны. Дзярнова-падзолістыя глебы складаюць 78,9% пл.с.-г. угоддзяў, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 17,5%. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя глебы — 56,9%, ёсць сугліністыя — 23,1%, пясчаныя і тарфяныя — па 10%. Асушаныя землі займаюць 18,5% с.-г. угоддзяў. Сярэдняя лясістасць 33%, ад 10 — 12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім р-нах да 50% у Свіслацкім. Лясы пераважна хваёвыя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чорнаальховых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская (часткова). Балоты, пераважна нізінныя, займаюць 6,6% тэр. вобласці, б.ч. іх асушана. Пад лугамі 14,4%, 2/3 іх нізінныя. На тэр. вобласці частка нац. парку Белавежская пушча, 10 прыродных заказнікаў рэсп. значэння, 50 помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню падверглася 6,8% тэр. вобласці.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (65,1%), палякі (24,7%), жывуць таксама рускія (7,7%), украінцы (1,4%) і інш. Гарадскога нас. 61,4%. Сярэдняя шчыльн. 48,6 чал. На 1 км², сельскага нас. 18,9 чал. На 1 км², вагаецца ад 12,7 чал. на 1 км² у Свіслацкім да 22,8 чал. на 1 км² у Шчучынскім і Лідскім раёнах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гродна (301), Ліда (101), Слонім (53), Ваўкавыск (44), Смаргонь (38), Навагрудак (31). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1993 адмоўны). З 1994 адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва вобласці.
Гаспадарка. У гасп. комплексе пераважае прамысловасць, у якой занята 27,6% працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. За 1991—94 аб’ём прамысл. вытв-сці панізіўся на 33%, асабліва вял. спад адбыўся ў хім. (на 63%), буд. матэрыялаў (на 44%), лёгкай (на 42%) прам-сці. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў хім., машынабуд., дрэваапр., цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. галін. У 1994 у Гродзенскай вобласці было атрымана (у % да агульнарэсп. вытв-сці): азотных угнаенняў 100, сернай кіслаты 44,6, лакафарбавых матэрыялаў 71,7, бульбаўборачных машын 100, радыёэлектронных прылад 73, фанеры 24,4, паперы 28,3, кардону 21,2, драўняна-стружкавых пліт 26, цэменту 53, шыферу 65, вапны 61,6, баваўнянай пражы 32,3, шарсцяных тканін 22, тытунёвых вырабаў 100, піва 15,7. Асн.прамысл.патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. У Гродне выпускаюцца азотныя ўгнаенні, капралактам, капронавае валакно, разнастайная машынабуд. прадукцыя, шарсцяныя тканіны, баваўняная пража і ніткі, швейныя вырабы, абутак, тытунёвыя вырабы і інш. У Лідзе размешчана вытв-сцьс.-г. Машын, аўтобусаў, лакаў і фарбаў, электратэхн. вырабаў, абутку, харч. канцэнтратаў, піва і інш. Слонім вядомы прадукцыяй камвольна-прадзільнай ф-кі і кардонна-папяровага з-да; Ваўкавыск — з-дам дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, малочна-кансервавым камбінатам дзіцячых прадуктаў, а таксама размешчаным паблізу (пас. Краснасельскі) аб’яднаннем «Ваўкавыскцэментнашыфер»; Навагрудак — з-дам газавай апаратуры, металаапр. аб’яднаннем, прадпрыемствамі лёгкай і харч. прам-сці; Смаргонь — машынабудаваннем, камбінатам сілікатабетонных вырабаў. Шырока вядома прадукцыя шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы Лідскага р-на. Самае буйное прадпрыемства дрэваапр. прам-сці ВА «Мастоўдрэў». Невял. і сярэднія прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, драўніны, па здабычы торфу, вытв-сці буд. матэрыялаў размеркаваны па раённых цэнтрах, гар. і рабочых пасёлках.
Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 22,8% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытв-сці Гродзенская вобласць займае вядучае месца сярод абласцей краіны. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, а таксама цукр. буракоў на З і лёну на У. У прыгарадных зонах значных гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,5% тэрыторыі, ворныя землі — 35,9% (1994). Пры ўдзельнай вазе вобласці ў агульных сельгасугоддзях і ворных землях каля 14% вобласць дае (1995) 17,2% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 17,5% бульбы, 15% ільновалакна, 39% цукр. буракоў, 16,2% мяса (у жывой вазе), 16% малака. На долю раслінаводства прыпадае (1994) 45%, жывёлагадоўлі — 55% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Доля раслінаводства з 1990 павышаецца, жывёлагадоўлі — зніжаецца. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1), павялічваюцца плошчы пад цукр. буракамі. Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі і льном-даўгунцом.
На пач. 1995 у Гродзенскай вобласці 329 фермерскіх гаспадарак, якія мелі 4,3 тыс.га зямлі, у т. л. 3,3 тыс.га ворыва. Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 58,5% (1990) да 90% (1994), агародніны з 34,2% да 79,4%, пладоў і ягад да 95%. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіта свінагадоўля, у прыгарадных зонах значных гарадоў — птушкагадоўля. Пагалоўе жывёлы з 1991 зніжаецца (гл.табл. 2). Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак павялічылася па вытв-сці мяса з 16% (1990) да 26,9% (1994), малака з 32% да 41,4%, яец з 45,7% да 52,3%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 672 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс, Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы, якія звязваюць вобласць з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з астатнімі абласцямі краіны. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,6 тыс.км. Асн. магістралі Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўж. водных шляхоў 521 км. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправодаў Дашава—Мінск і «Ззянне Поўначы»: Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна. У Гродне аэрапорт. Прыгранічнае становішча вобласці спрыяе развіццю яе эканам. сувязей з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
893
870,6
Збожжавыя і зернебабовыя
417,9
407,7
Тэхнічныя культуры
54,3
38,5
у тым ліку:
лён-даўгунец
27
12,6
цукровыя буракі
14,2
17,8
Бульба
92,7
107,3
Агародніна
3,9
10,9
Кармавыя культуры
324,2
306,2
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1990
1994
Буйная рагатая жывёла
977,1
787,1
у т.л. каровы
334,5
314,7
Свінні
905,5
731,3
Авечкі і козы
63,1
29,5
Птушка
7765,7
6794,7
Да арт.Гродзенская вобласць. Краявід у Навагрудскім раёне (уверсе). Машынная зала Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс.км². Нас. 1241,3 тыс.чал. (1998). Цэнтр — г.Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх.ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах. — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — частка Аршанскага ўзвышша, на ПнУ — Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч. прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн.прамысл.патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім. прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-даўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч.прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.
Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл.табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн.чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі рэспублікі. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,96 тыс.км². Нас. 1554,6 тыс.чал. (без Мінска, на 1.1.1999). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі (гл. адпаведныя арт.), 20 гарадоў, у т. л. 7 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк, 23 гар. пасёлкі, 307 сельсаветаў, 5248 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці характарызуецца чаргаваннем узгорыста-марэнных узвышшаў з раўніннымі і нізіннымі ўчасткамі. На ПнЗ — Мінскае ўзвышша, дзе знаходзіцца самы высокі пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м) і Ашмянская града, на ПнУ — адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні ПнЗ займае Нарачана-Вілейская нізіна, ПнУ — Верхнебярэзінская нізіна, усх.ч. — Цэнтральнабярэзінская раўніна, паўд. — Стаўбцоўская раўніна, Капыльская града і ўскраіна Палескай нізіны. Пераважаюць выш. 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. — 130 м (урэз р. Арэса пры выхадзе за межы вобласці). Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі (гл.Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей), торф (1277 радовішчаў; 1-е месца па запасах на Беларусі), буд. матэрыялы (мел, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна), сапрапелі. Выяўлены Аколаўскае радовішча жалезных рудаў, Любанскае радовішча гаручых сланцаў. Ёсць мінер. воды (Ждановіцкая, Мінская і Нарачанская мінер. крыніцы). Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,2 °C на ПдЗ да -7,5 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,4 °C на Пд да 17,3 °C на Пн. Вегетац. перыяд 186—195 дзён. Гадавая колькасць ападкаў 580—670 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Большая ч.тэр. вобласці адносіцца да бас.р. Дняпро. На ПнУ працякае р. Бярэзіна з прытокамі Сха, Бобр з Можай і Начай, Клява (злева), Гайна з Цной і Усяжай, Пліса, Уша, Уса, Свіслач з Волмай (справа), на Пд — Пціч і Случ з прытокамі (бас.р. Прыпяць). З і ПнЗ вобласці адносяцца да бас.р. Нёман. На З бярэ пачатак Нёман з прытокамі Лоша, Уса, Сула, Уша, Бярэзіна з Іслаччу. На ПнЗ цячэ р. Вілія з прытокамі. Частка вады з Віліі перакідваецца ў р. Свіслач па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Найб. азёры: на ПнЗ — Нарач, Мядзел, Мястра, Свір, на ПнУ — Сялява і Палік. Вадасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае і інш. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (44,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,4%), тарфяна-балотныя (18,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (8%) і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (53,4%) і сугліністыя (35,2%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 27% с.-г. угоддзяў, найб. у Любанскім, Салігорскім і Слуцкім р-нах. Пад лесам 36% тэр. вобласці, найб. (да 49—51%) у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім р-нах. Пераважаюць хвойныя (75,5%) і драбналістыя (22,7%) лясы. Пад лугамі каля 14%, больш за палавіну іх нізінныя. Пад балотамі 14,3% тэрыторыі, амаль усе асушаны. На тэр. вобласці частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны нац. парк Нарачанскі і шэраг іншых асабліва ахаваных прыродных тэрыторый рэсп. значэння: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»; заказнікі: біялагічныя — Рудакова, Некасецкі; гідралагічныя — Прошыцкія Балоты, Чарэмшыца; ландшафтны — Блакітныя Азёры; заалагічныя — Антонава, Лебядзіны; лясны — Прылуцкі; паляўнічы — Налібоцкі (частка); журавіннікі — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, 32 помнікі прыроды рэсп. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 1,67 тыс.км²тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду (найб. — тэр. Валожынскага і Бярэзінскага р-наў).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (88,8%), жывуць таксама рускія (6,9%), палякі (2%), украінцы (1,3%). Гарадскога насельніцтва (без г. Мінска) 52%. Сярэдняя шчыльн. 38,9 чал. на 1 км² (з Мінскам — 82,2 чал. на 1 км²), сельскага — 18,4 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Барысаў (154, Салігорск (102), Маладзечна (99), Слуцк (63), Жодзіна (60). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1991 ён стаў адмоўным), з 1995 адбываецца абсалютнае зніжэнне колькасці насельніцтва.
Гаспадарка. Вядучымі галінамі гасп. комплексу вобласці з’яўляюцца сельская гаспадарка (занята 27,8% працуючых) і прам-сць (занята 26,2%). Прамысловасць мае развітую галіновую структуру і цесныя вытв. сувязі з прамысл. комплексам Мінска. На тэр. вобласці размешчаны філіялы і падраздзяленні буйнейшых мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Прамысл. спецыялізацыю вызначаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (23,2% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі), хім. (28,2%), харч. (21,5%), дрэваапр. (7,5%) і лёгкая прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў. За 1991—99 удзельная вага машынабудавання і металаапрацоўкі крыху знізілася, паменшала доля лёгкай прам-сці, павялічылася доля хімічнай. У вобласці вырабляецца (1997, у % да рэсп. вытв-сці): мінер. угнаенняў 83,8, у т. л. калійных 100; грузавых аўтамабіляў 8,4, фотаапаратаў 96,7, металарэзных станкоў 7,3, піяніна 100, бялізнавага трыкатажу 72,6, верхняга трыкатажу 13,5, цукру-пяску 45,8, макаронных вырабаў 64, мяса 20,7, калбасных вырабаў 17,5, масла 17,2. Асн.прамысл.патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Бел. аўтамабільны з-д (кар’ерныя самазвалы) і з-ды цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне, «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага электраабсталявання, інструментальны, аўтаагрэгатаў у Барысаве, станкабудаўнічы, сілавых паўправадніковых вентыляў, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, з-д фотаапаратаў «Зеніт» у Вілейцы. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Беларуськалій» у Салігорску, з-дамі хіміка-фармацэўтычным, гумава-тэхн. вырабаў, пластмасавых вырабаў у Барысаве. Асн. прадпрыемствы лясной, дрэваапр., і цэлюлозна-папяровай прам-сці ў Барысаве (дрэваапр., папярова-лесахім. і фанерна-запалкавы камбінаты, ф-ка піяніна і інш.), мэблевыя ф-кі ў Маладзечне, Вілейцы, Слуцку. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі жалезабетонных вырабаў, зборнага жалезабетону, буд. дэталяў, цагельнымі і асфальтавымі, аб’яднаннем па здабычы пяску і гравію. Найб. буйнымі прадпрыемствамі лёгкай прам-сці з’яўляюцца трыкатажныя ф-кі ў Салігорску і Жодзіне, тэкст. аб’яднанне ў Слуцку, швейныя ф-кі ў Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Дзяржынску, філіялы мінскіх абутковых фабрык. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў, 2 шклозаводы, 3 ф-кі маст. вырабаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках. Найб. з іх цукрова-рафінадны камбінат у Слуцку і цукр. камбінат у Гарадзеі. Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, а на ПдЗ — з пасевамі цукр. буракоў. Пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур. У прыгарадных зонах гарадоў развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. Пад сельгасугоддзямі 1,9 млн.га (47,5% тэр. вобласці), у т. л. пад ворывам 1,3 млн.га (32,5%). Найб. асвоены землі на ПнЗ — у Нясвіжскім, Капыльскім, Слуцкім і Клецкім р-нах пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэрыторыі. Пры ўдзельнай вазе ў сельгасугоддзях краіны 19,2% у вобласці атрымліваюць (1996, у % да вытв-сці ў краіне): збожжа 22,3, бульбы 24,7, агародніны 21,7, ільновалакна 16,3, цукр. буракоў 29,4, мяса 23,4, малака 22,4. На долю раслінаводства прыпадае 42,3% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (іл.табл. 1).
У 1997 сабрана (тыс.т; у дужках — 1990): збожжа 1287 (1483), бульбы 1707 (2807), агародніны 252 (232), ільновалакна 5 (13), цукр. буракоў 352 (440). Жывёлагадоўля дае 57,7% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак яе ўдзельная вага ў параўнанні з 1990 знізілася. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі (гл.табл. 2). Змяншаюцца аб’ёмы прадукцыі рыбнай гаспадаркі на базе азёр і сажалак.
У 1997 атрымана (у дужках 1990): 1149 тыс.т малака (1713 тыс.т), 961 млн.шт. яец (1018 млн. шт), закуплена жывёлы і птушкі ў жывой вазе 120 тыс.т. (356 тыс.т). На пач. 1998 у вобласці 522 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 11,2 тыс.га зямлі. Доля асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 49% у 1990 да 81% у 1996, агародніны з 24% да 73%, малака з 22% да 40%, мяса з 13% да 24%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 888 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст, Вільнюс—Мінск—Гомель, Асіповічы—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк, якія звязваюць вобласць з інш. абласцямі рэспублікі, Расіяй, Прыбалтыкай, Украінай, Польшчай. Электрыфікаваны лініі ад Мінска да Масквы і Брэста, Маладзечна і Асіповіч. Гал.чыг. вузел Мінск, меншы па значэнні — Маладзечна. На долю чыг. транспарту прыпадае больш за 90% грузаабароту. Працягласць аўтамаб. шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 13,4 тыс.км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Зах. Еўропа (будуецца).
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1. Пасяўныя плошчы вобласці (тыс. га)
Гады
1990
1997
Уся пасяўная плошча
1280,5
1326,5
Збожжавыя і зернебабовыя
550,3
558,1
Лён-даўгунец
24,2
12,4
Цукровыя буракі
14,4
14,1
Бульба
155,9
187,6
Агародніна
10,8
20,1
Кармавыя культуры
513
524,9
Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1990
1997
Буйная рагатая жывёла
1522,9
1016,1
у т. л. каровы
549,6
444,5
Свінні
1226,4
866,6
Авечкі і козы
115,3
34,4
Птушка
13 148
11 976
Да арт.Мінская вобласць. Краявід у Клецкім раёне.Да арт.Мінская вобласць. Акультураная паша ў Вілейскім раёне.