ІНЖЭ́КТАР (франц. injecteur ад лац. injicio укідваю),
1) струменная помпа для напампоўвання вадкасці або газу ў рэзервуары і пасудзіны, дзе створаны павышаны ціск.
Найб. пашыраны І. для падачы сілкавальнай вады ў паравыя катлы (невял. кацельных установак і інш.), парагенератары. У такіх І. струмень пары, які набывае ў паравым конусе вял скорасць, засмоктвае ваду і нагнятае яе ў рэзервуар. Помпы, якія адсмоктваюць газ, пару або вадкасць, наз. эжэктарамі.
2) Дапаможны (звычайна лінейны) паскаральнік зараджаных часціц для ўводу іх у больш магутны (асноўны) паскаральнік. Энергія, якая надаецца часціцам y І., павінна перавышаць мінімальную, неабходную для пачатку работы.асн. паскаральніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЎКІНСКІ ШКЛОЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1861—1942 у маёнтку Ноўка Віцебскага пав. (цяпер вёска ў Віцебскім р-не). Выпускаў у розныя гады бутэлькі, лямпы, лямпавае шкло, каміны, рэзервуары, шклянкі і інш. шкляны посуд. Меў 6 горнаў, 2 паравыя машыны, лакамабіль, паравы кацёл. У 1910 выпушчана 10 млн.шт. шкляных вырабаў. У 1913 на яго базе засн.акц.т-ва шкляных, хрусталёвых і лесапільных прадпрыемстваў «Заходняя Дзвіна», куды ўвайшлі і лесапільная ф-ка маёнтка Ноўка (дзейнічала ў 1864—1914 пры Н.ш.), і пабудаваны ў 1913 хрусталёва-шкляны з-д у Смаленскай губ. У 1913 на Н.ш. (разам з лесапільнай ф-кай) працавала 500 чал. У Вял.Айч. вайну Н.ш. разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАЛЕ́ССЕ»,
шклозавод у Вілейскім р-не. Засн. ў 1769 як гута ў в. Ілья. З 1802 шклозавод у маёнтку Залессе, з 1815 у засценку Стражыслаў, з 1855 за 3 км ад в. Залессе Вілейскага пав. (цяпер пас. Партызанскі Вілейскага р-на). У 1900 працавала 157 рабочых, выраблена сталовага і аптэчнага посуду і лямпаў на 90,7 тыс.руб. У 1910 дзейнічаў паравы рухавік. Прадукцыю збывалі ў Рыгу, Вільню, Гродна і інш. У Вял.Айч. вайну разбураны, у 1944 адноўлены як шклозавод «Залессе». У 1961—73 пабудаваны новыя цэхі, у 1988—90 рэканструяваны. Да 1993 вырабляў сілікат-глыбы (растваральнае шкло) і шклатару (слоікі). Цяпер выпускае піўныя, гарэлачныя, тэхнічныя бутэлькі. У 1996 выраблена 22,3 млн.шт. гарэлачных і 5,5 млн.шт.тэхн. бутэлек. З 1997 адкрытае акц.т-ва шклозавод «Залессе».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НЧАНКА (Іван Яфімавіч) (12.2.1901, с. Натальіна Чырванаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 9.11.1975),
украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ін-тнар. адукацыі (1928). Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў лірыка-псіхал.’быт. апавяданняў «Вясною» (1923), «Апавяданні» (1925), «Дубовыя грады» (1929), «Камуна» (1932), «Навелы» (1940), «Рубін на Саламянцы» (1957), «На Батыевай гары» (1960), «Падарожжа ў Чырванаград» (1973), раманаў «Металісты» (1932), «Напярэдадні» (1938), «Яго пакаленне» (1947). Творы прысвечаны жыццю ўкр. вёскі і гар. ускраіны. Пісаў для дзяцей: зб-кі «Паравы млын» (1926), «Сонца ўзыходзіць» (1929), «Чорныя вароты» (1936), «Мае сябры» (1951), «Дарогі блізкія і далёкія» (1965), «Дыямантавы бераг» (1962, 1969). Аўтар кн. нарысаў «Гіганты пустынь» (1932), «Права на гераізм» (1934). На бел. мову асобныя апавяданні пераклаў М.Базарэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ШНЯ, валюш, сукнавальня,
майстэрня для валення сукна, лямцу, валёнкаў і інш. Існавала на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 20 ст. Лакальная назва фолюш. Звычайна валюшню будавалі каля рэчак, праточных азёр, балот, сажалак, таму што дзейнічала яна, як вадзяны млын, у якім замест жорнавых паставоў выкарыстоўвалі ступы з таўкачамі, дзе выраблялі сукно. З 16 ст. валюшні вядомы ў Нясвіжы, Давыд-Гарадку, вёсках Раманава (цяпер в. Леніна Горацкага р-на), Цімкавічы (Капыльскага р-на) і інш.; у буйных фальварках, часта належалі мяшчанам. У 20 ст. на валюшнях, акрамя вадзянога кола, выкарыстоўвалі паравы рухавік ці электрапрывод. У вёсках бытавалі і ручныя валюшні — своеасаблівыя пераносныя на падстаўцы або стацыянарныя на ножках станкі, дзе змочанае ў гарачай вадзе сукно клалі на рабрыстую паверхню і раскатвалі рабрыстай дошкай, якую за ручку цягалі 2—4 работнікі. Выйшлі з ужытку ў 1930—40-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХАВІ́К,
энергасілавая машына, якая пераўтварае энергію рознага віду ў мех. работу або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. У залежнасці ад тыпу Р. работа можа быць атрымана ад вярчальнага ротара (у ротарных машынах), зваротна-паступальнага руху поршня (у поршневых машын), рэактыўнага апарата і інш. Падзяляюцца на стацыянарныя, перасоўныя і транспартныя. Прыводзяць у дзеянне рабочыя машыны, трансп. сродкі (сухапутныя, водныя, паветраныя, касмічныя), вытв.-тэхнал. ўстаноўкі, камунальныя і быт. машыны і прылады і інш.
Р., якія пераўтвараюць прыродныя энергет. рэсурсы (паліва, энергію ветру, вады і інш.) у мех. энергію, наз.першаснымі Р. Да іх адносяцца цеплавыя рухавікі, гідраўлічныя рухавікі, ветрарухавікі. Другасныя Р. пераўтвараюць у работу энергію, атрыманую ад першасных Р. ці ад пераўтваральнікаў і накапляльнікаў энергіі (сонечных батарэй, інерцыйных і спружынных механізмаў і інш.): электрычныя рухавікі (у т. л.асінхронныя электрарухавікі, сінхронныя электрарухавікі), пнеўмарухавікі, інерцыйныя рухавікі, гіравыя, спружынныя, некаторыя гідраўлічныя і інш.
Першым мех. Р. было вадзяное кола, якое выкарыстоўвалася для падачы вады ў арашальныя сістэмы (краіны Стараж. Усходу, Егіпет, Кітай, Індыя). Ветрарухавікі барабаннага тыпу з’явіліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, з 7 ст. ў Персіі пачалі будаваць больш дасканалыя крыльчатыя, якія з 12—13 ст. пашырыліся ў Еўропе для прыводу ветраных млыноў (гл.Вятрак). З 13 ст. рабіліся спробы стварэння вечнага рухавіка. Цеплавы Р. — поршневая параатмасферная машына пабудавана Т.Ньюкаменам у 1705, універсальны цеплавы Р. — паравая машына — Дж.Уатам у 1784, паравая турбінапрамысл. значэння — Ч.А.Парсансам у 1884, практычна прыгодны рухавік унутранага згарання — франц. механікам Э.Ленуарам у 1860, 4-тактавы газавы Р. — Н.А.Ота ў 1876, дызельны — Р.К.Дызелем у 1897 (гл.Дызель). У 1-й пал. 20 ст. створаны газавая турбіна, рэактыўны рухавік, ядзерная сілавая ўстаноўка. Гл. таксама Авіяцыйны рухавік, Аўтамабільны рухавік, Суднавы рухавік.
Літ.:
История техники. М., 1962;
Радость познания. Т. 4. Человек и машины: Пер. с англ.М., 1986.
У.М.Сацута.
Рухавікі: а — паравы Ньюкамена (1 — бак з вадой, 2 — поршань са штокам, 3 — цыліндр, 4 — упырскванне вады, 5 — паравы кацёл); б — газавы 4-тактны Ота (1 — выхад газаў, 2 — упуск паветра, 3 — упуск газу, 4 — слізгальны клапан, 5 — гарэнне газу, 6 — абалонка з ахаладжальнай вадой, 7 — поршань).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ШАЎКА,
вёска ў Нацкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 4,5 км ад Ляхавіч, 240 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Райтанаў. 93 ж., 38 двароў (1997). Помнік архітэктуры — сядзіба (19 — пач. 20 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як маёнтак. Належала Барбары Радзівіл, М.Залескаму, Рэйтанам, Грабоўскім. Пры Рэйтанах у 18 ст. створаны сядзібны комплекс (пл. 14 га) і пастаўлены мураваны сядзібны дом у стылі класіцызму. Тут нарадзіўся і памёр навагрудскі пасол Т.Рэйтан. У 2-й пал. 19 ст. ў маёнтку пабудаваны новы вінакурны завод, паравы млын, пашырана штучнае возера, прасвідраваны артэзіянскія калодзежы. У канцы 19 — пач. 20 ст. пастаўлены новы сядзібны дом у стылі мадэрн, у ім былі карцінная галерэя, паляўнічая зала. У 1905 адкрыты прытулак для дзяцей, шпіталь. У Вял.Айч. вайну ў Грушаўцы размяшчаўся санаторый для лётчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
аператыўнае аб’яднанне баявых суднаў у ліп. — вер. 1919 на стыку 16-й арміі Зах. фронту з 12-й арміяй Паўд.Зах. фронту. Створана на р. Прыпяць і яе прытоках на базе Прыпяцкага атрада рачных суднаў, папоўнена атрадам ваенных маракоў з Чудской, Латвійскай флатылій і Заходнядзвінскай ваеннай флатыліі і караблямі Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Гал. базы — г.Мазыр і ст. Калінкавічы, тылавая — Нароўля, аператыўная — Багрымавічы. У склад флатыліі ўвайшлі 7 узбр. параходаў, 7 мотакатэраў, паравы баркас, некалькі баржаў, Нараўлянская суднарамонтная майстэрня, майстэрні на прыстані Пхоў. У ліп. маракі флатыліі разам з часцямі Чырв. Арміі вызвалілі ад польскіх войск Тураў, у жн. ўдзельнічалі ў стварэнні Мазырскага ўмацаванага раёна. У вер. 1919 вызвалілі Петрыкаў і прадухілілі захоп праціўнікам Мазыра. Пастановай РВССав. Расіі ад 27.8.1919 Прыпяцкая флатылія ўключана ў склад Дняпроўскай ваен. флатыліі (да 26.9.1919 выконвала самастойныя задачы). Камандуючыя: М.А.Іокіш, П.І.Пашкін (з 10.8.1919), камісар А.М.Кульберг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЧЭСТЭР (Manchester),
горад на З Вялікабрытаніі. Адм. ц. метрапалітэнскага графства і гал. горад канурбацыі Вял. Манчэстэр. 2252 тыс.ж. з прыгарадамі (1997). Буйны марскі порт на р. Эруэл і Манчэстэрскім канале, які звязвае М. з Ірландскім м.Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл.-банкаўскі і культ. цэнтр краіны. Развіта разнастайнае машынабудаванне (у т. л.аўтамаб., самалётабуд., хім., эл.-тэхн.), хім. (вытв-сць фарбавальнікаў), тэкст. (апрацоўка баваўняных тканін), швейная, папяровая, паліграф., харч.прам-сць. Манчэстэрскі універсітэт. Ун-т Вікторыі (з 1903). Арх. помнікі: гатычны сабор (15—16 ст.) з капэлай Багародзіцы (14 ст.), шпіталь (15—17 ст.). Гар. музей. Маст. галерэя. Канцэртная зала Фры-трэйд-хол.
Першапачаткова паселішча кельтаў Мансеніян, з 79 н.э.рым. ўмацаваны лагер Манкуніум. У англ. летапісах упершыню згадваецца ў 1086. У 1301 атрымаў гар. правы. У 14—17 ст.гандл.-рамесны цэнтр. Пасля прамысловага перавароту (у 1789 тут устаноўлены першы паравы рухавік) з 19 ст.найб. ў свеце цэнтр баваўнянай прам-сці. У 1840 у М. заснавана Нац. чартысцкая арг-цыя (гл.Чартызм). У 1853 горад атрымаў права Прадстаўніцтва ў брыт. парламенце. Пасля пабудовы ў 1894 Манчэстэрскага канала — буйны порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯ́ТАР,
прыстасаванне для назапашвання (акумуляцыі) энергіі з мэтай далейшага яе выкарыстання. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць акумулятары: гідраўлічныя, механічныя (інерцыйныя), паравыя, пнеўматычныя, цеплавыя, электрычныя.
Гідраўлічны акумулятар назапашвае энергію рабочай вадкасці, што знаходзіцца пад ціскам. Выкарыстоўваецца для выраўноўвання ціску і расходу вадкасці ці газу з рэзкапераменнай нагрузкай. Бываюць гру́завыя, спружынныя, з пругкім корпусам, а таксама пнеўмагідраакумулятары поршневыя, мембранныя, балонныя. Інерцыйны акумулятар звычайна складаецца з масіўнага махавіка, вала, падшыпнікаў і кажуха. Мае мінім. страты энергіі на трэнне і супраціўленне паветра. Выкарыстоўваецца ў ветраэл. станцыях для выраўноўвання абаротаў генератара, прывода аўтаматрыс і аўтобусаў (гіробусаў), у прэсавым абсталяванні і інш.Паравы акумулятар — стальны бак, у якім назапашваецца адпрацаваная ў розных паравых машынах (напр., у паравым молаце) пара без змены агрэгатнага стану, якая затым расходуецца на тэхнал. мэты (напр., у сушыльных і прапарачных камерах) ці ў сан.-тэхн. прыстасаваннях (падагравальніках, цеплаабменніках і інш.). Пнеўматычны акумулятар — рэзервуар са сціснутым паветрам (ці інш. газам), падключаны да паветравода і абсталяваны засцерагальным клапанам, які рэгулюецца на зададзены гранічны ціск. Выкарыстоўваецца ў пнеўматычных сетках для выраўноўвання рабочага ціску і інш.Цеплавыя акумулятары (пастаяннага і пераменнага ціску) — пераважна паравадзяныя, назапашваюць цеплату ў цепласілавых устаноўках. Служаць для выраўноўвання цеплавых і сілавых нагрузак і недапушчэння перабояў у забеспячэнні парай прамысл. установак. Найб. пашыраны электрычны акумулятар.
Гідраўлічны акумулятар: а — гру́завы; б — балонны; 1 — рэзервуар; 2 — поршань; 3 — груз; 4 — балоны са сціснутым паветрам.