адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Самая яркая зорка 2,9 бачнай зорнай велічыні; 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і назіраецца самая яркая і вял. на зямным небе планетарная туманнасць (вуглавыя памеры 15′ × 12′, сапраўдны сярэдні папярочнік каля 300 000 а.а.). На тэр. Беларусі відаць з сярэдзіны лета і ўвосень. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІХО́Ру атмасферы, віхар,
маса паветра, ахопленая вярчальным рухам вакол рухомай восі. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да некалькіх тысяч кіламетраў. Скорасць ветру можа дасягаць ураганнай сілы (да 100 м/с). Да віхраў адносяць цыклон і яго трапічную разнавіднасць тайфун, тромб і тарнада, смерч. На Беларусі з сак. да вер. зрэдку адзначаюцца смерчы. Меншыя па памерах віхры часта бываюць летам у сухое надвор’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВАДАК,
птушаняты або дзіцяняты адной кладкі ці аднаго прыплоду, якія жывуць пэўны час з бацькамі. Пасля набыцця імі здольнасцей да самаст. існавання вывадак звычайна распадаецца. Памеры залежаць ад патэнцыяльнай пладавітасці віду: у вывадку птушак бывае да 25 птушанят (шэрая курапатка), у звяроў — да 20 дзіцянят; на іх істотна ўплываюць кліматычныя, кармавыя і інш. ўмовы. Часам (напр., у дзікіх гусей) некалькі вывадкаў аб’ядноўваюцца ў адзін (аб’яднаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ЎНІК,
памяшканне для зімовага ўтрымання пчаліных сямей у раёнах з халодным кліматам. Размяшчаюць на сухім участку, зацішным ад ветру. Адрозніваюць З. наземныя, паўпадземныя і падземныя. Іх памеры вызначаюцца колькасцю пчаліных сямей і тыпам вуллёў. Аптымальная т-ра ў памяшканні 0—4 °C, вільготнасць 75—85%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫО́РНІСЫ (Ichthyornithes),
надатрад вымерлых веерахвостых птушак. 2 роды, 9 відаў. Падобныя на сучасных олушавых. Вядомы з верхнемелавых адкладаў у ЗША і Узбекістане. Жылі на марскіх узбярэжжах.
Памеры з сучасных галубоў. Галава вялікая, крылы развітыя, грудзіна з кілем, ногі маленькія, пазванкі амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя). Зубы дробныя, вострыя, загіналіся назад, ніжнія сківіцы не зрасталіся. Добра лёталі, карміліся рыбай. Па рэштках І. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ ШПІЯНА́Ж,
адна з назваў злачыннай дзейнасці, Накіраванай на процізаконнае набыццё звестак, якія маюць эканам. ці камерцыйную каштоўнасць. Мэта П.ш. — авалоданне камерцыйнай або банкаўскай тайнай і выкарыстанне яе без згоды ўладальніка, здзейсненыя з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за т.зв.камерцыйны шпіянаж. Адказнасць за гэта злачынства ўзмацняецца, калі ў выніку яго быў нанесены ўрон у асабліва буйным памеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́ЛА,
прылада працы стараж. чалавека, якая выкарыстоўвалася ў эпоху ніжняга палеаліту (шэльская і ашэльская культуры). Выраблялася з каменю двухбаковай адбіўкай. Мела міндале- або коп’епадобную, часам авальную форму. Адзін канец Р. быў завостраны з зігзагападобнымі лёзамі па баках, другі — авальны, часта неапрацаваны. Памеры да 20 см. Падобнае на Р. вастрыё знойдзена на адным з самых стараж. паселішчаў на тэр. Беларусі — Бердыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДУ́ШНЫ ПАДА́ТАК,
асноўны прамы падатак у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Уведзены ў 1724. Ім абкладалася ўсё мужчынскае насельніцтва падатковых саслоўяў паводле перыяд. перапісаў. На Беларусі П.п. уведзены замест падворнага абкладання (гл.Падымнае) у канцы 18 ст. ў памеры каля 1 руб. серабром. У снеж. 1772 жыхары ўсх. Беларусі вызвалены ад П.п. на паўгода, у крас. 1793 у цэнтр. Беларусі — на 2 гады. У 1797—1807 ва ўсіх бел. губернях дзярж. падаткі браліся ў меншым памеры, але да 1811 яны збіраліся тут не асігнацыямі, а серабром, рэальны курс якога быў намнога вышэйшы. У 1863 П.п. з цэхавых рамеснікаў і мяшчан заменены падаткам на нерухомую маёмасць і да сярэдзіны 1870-х г. быў чыста сельскім падаткам. Памеры яго павялічваліся. У 1867 па рэгіёнах Рас. імперыі П.п. вагаўся ад 1,15 да 2,61 руб. з рэвізскай душы, а па 5 зах. губернях (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) — ад 1,34 да 1,85 руб. ў залежнасці ад губерні. Да дзярж. падушных збораў належалі таксама земскі падушны збор з сялян на казённыя выдаткі і грамадскі збор з дзярж. сялян, уведзены на пач. 1840-х г. У сярэдзіне 1860-х г. у Еўрап. Расіі падушныя зборы складалі каля 70% агульнай сумы прамых падаткаў. У 1870-я г. ў 5 зах.губ. П.п. дасягаў у залежнасці ад губ. 1,52—2,44 руб. з рэвізскай душы. У 1867—85 аклад падушных збораў складаў тут у сярэднім 2,8 млн.руб., або больш за 1/3 агульнай сумы сял. збораў. Феад. характар П.п., вял. нядоімка, адмовы насельніцтва плаціць, узмацненне сял. руху прымусілі ўрад з 1887 адмяніць падушныя зборы ў еўрап.ч. краіны.
Літ.:
Троицкий С.М. Финансовая политика русского абсолютизма в XVIII в. М., 1966;
Неупокоев В.И. Государственные повинности крестьян Европейской России в конце XVIII — начале XIX в. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯК,
ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі вадкіх рэчываў — алею, квасу, вады і інш. Часам у ім заварвалі чай, настойвалі зёлкі. Шарападобная, радзей крыху падоўжаная пасудзіна з кароткім вузкім горлам з літком або без яго, з 1—2 ручкамі. Памеры ад цацачных (0,1 л) да вялікіх (8—10 л). Рабілі глякі чорна-задымленыя, паліваныя, зрэдку гартаваныя, упрыгожвалі глянцаваным і лінейна-хвалістым контррэльефным арнаментам, ангобнай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАГА́МІЯ (ад іза... + ...гамія),
тып палавога працэсу, пры якім палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца, маюць аднолькавыя знешнія памеры (марфалагічныя рысы), аднак розныя біяхім. і фізіял. ўласцівасці. Палавое размнажэнне на першых этапах свайго эвалюц. развіцця праяўляецца ў больш прымітыўным выглядзе. Пры іх зліцці ўтвараецца зігота, з якой развіваецца новы даччын арганізм. Пашырана ў аднаклетачных водарасцей, ніжэйшых грыбоў і ў многіх прасцейшых, адсутнічае ў мнагаклетачных жывёл. Гл. таксама Аагамія, Анізагамія, Гетэрагамія.