млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі.і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды, больш шматлікі на ПнУ. Трымаецца статкамі па 3—8 (зрэдку да 20) асобін.
Самы буйны з аленяў: даўж. да 3 м, выш. ў карку да 2,3 м, маса да 825 кг, самкі драбнейшыя. Шэрсць грубая, на спіне цёмна-бурая, на бруху і нагах белаватая. Рогі (толькі ў самцоў) вял., пераважна лапатападобныя, масай да 20 кг, на зіму спадаюць. Галава вял., шыя кароткая, тоўстая. На горле скурны выраст. Тулава масіўнае, кароткае. Ногі доўгія, з вузкімі вострымі капытамі. Корміцца травой, парасткамі і карой дрэў. Нараджае 1—2 цялят. Аб’ект спарт. і прамысл.палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́КАРЫЕВЫЯ (Tayassuidae),
сямейства няжвачных парнакапытных кл. млекакормячых. Вядомы з алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 2 роды, 3 віды: пекары ашыйнікавы (Tayassu tajacu), белабароды (T. pecari) і чакскі (Catagonus wagneri), які занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Пашыраны ў Амерыцы. Жывуць у разнастайных ландшафтах, ад засушлівых месцаў да вільготных трапічных лясоў. Трымаюцца групамі да 100 галоў і больш.
Даўж. да 115 см, выш. ў карку да 57 см. маса да 50 кг. Афарбоўка шэра-карычневая і Па знешнім выглядзе падобны да дзікоў, але больш лёгкага целаскладу. Ногі тонкія, ва пярэдніх 4, на задніх 3 пальцы. На крыжы ёсць залоза тыпу мускуснай. Усёедныя. Палігамы. Нараджаюць 1—2 (зрэдку да 4) дзіцяняці. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБКО́ВЫЯ, рабкі (Pterocletidae, або Pteroclidae),
сямейства (падатрад) птушак атр. голубападобных. Вядомы з алігацэну (каля 30 млн.г. назад). 2 роды: саджы (Syrrhaptes) з 2 відамі і рабкі (Pterocles) з 14 відамі. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Афрыцы, у стэпах, саваннах, паўпустынях і пустынях. Пераважна аселыя птушкі. Трымаюцца чародкамі, гняздуюцца на зямлі. На Беларусі адзначаны выпадкова залётны від саджа, або капытка (S. paradoxus).
Даўж. да 45 см, маса да 550 г. Афарбоўка пясчаная, вохрыстая, жаўтаватая. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба без васковіцы. Ногі кароткія, апераны да пальцаў; у саджы апераны і пальцы. Задні палец малы або адсутнічае. Кормяцца насеннем, зялёнымі ч. раслін, насякомымі. Адкладваюць да 4 яец. Аб’ект спарт.палявання.
Э.Р.Самусенка.
Рабковыя: 1 — саджа; 2 — рабок белабрухі (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭМІ́ДА,
у грэчаскай міфалогіі багіня, дачка Зеўса і Леты, сястра-блізніца Апалона. Спачатку Артэміда — апякунка жывёл і палявання, багіня месяца, пазней — заступніца шлюбу і дзетанараджэння. Яе ўяўлялі прыгажуняй у доўгім адзенні з паўмесяцам на галаве, з факелам ці з лукам і стрэламі ў руках. Лічылі, што нарадзілася Артэміда на в-ве Дэлас. Найб. вядомыя свяцілішчы Артэміды на п-ве Атыка і ў г. Эфес. У Эфесе быў храм Артэміды, прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету (спалены ў 356 да н.э. Герастратам). У рым. міфалогіі вядома як Дыяна. Міф пра Артэміду натхніў ант. скульптараў Праксіцеля, Леахара, грэч. вазапісцаў, пазней — Тыцыяна, П.П.Рубенса, Рэмбранта, пісьменнікаў Дж.Бакачыо, Г.Гейнэ і інш.
Да арт.Артэміда. Артэміда Версальская. Скульпт. Леахар. Канец 4 ст. да н.э. Рымская копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯХІ́Р (Columba palumbus),
птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўропе (за выключэннем Пн), у Паўн.-Зах. Афрыцы, Малой, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, у Гімалаях і Зах.Сібіры. Жыве пераважна ў старых яловых і ялова-лісцевых лясах, у Сярэдняй Азіі — у арчоўніках, зрэдку ў парках, у вял. гарадах. На Беларусі падвід вяхір еўрапейскі (Columba palumbus palumbus); нешматлікі, пераважна на Пн гнездавальная і пралётная птушка. 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. каля 45 см, маса да 620 г (найб. з галубоў Беларусі). Колер шызы, грудзі ружова-шэрыя, па баках шыі і на крылах белыя плямы, на хвасце цёмная паласа. Дзюба жоўтая з чырванаватай асновай, пальцы малінава-чырвоныя. Корміцца насеннем злакавых і бабовых, ягадамі, жалудамі і інш. Гнёзды на высокіх дрэвах. Нясе па 2 яйцы двойчы на год. Аб’ект спарт.палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЬ ПЯЧО́РНЫ (Ursus spelaeus),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. мядзведзяў атр. драпежных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне (300—10 тыс. гадоў назад). Першыя знаходкі рэшткаў выяўлены ў пячорах (адсюль назва). 2 падвіды: вялікі і малы. М.п. вялікі быў пашыраны ў Еўропе, на Каўказе, Урале, Зах. Сібіры, Паўн. Афрыцы; М.п. малы — у горных масівах Еўропы, паўн. Казахстане, на Алтаі. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М.п. вялікага знойдзены каля г. Смаргонь і ў Гродзенскім р-не (урочышчы Мелавыя Горы, Румлаўка). Рэшткі маюць стратыграфічнае значэнне.
Вонкавым выглядам падобны на сучасных амер. мядзведзяў грызлі, але большых памераў. Галава вельмі вялікая адносна памераў цела, чэрап з уздутай лобнай часткай. Пераважна расліннаедны Аб’ект палявання чалавека каменнага веку, пра што сведчаць наскальныя малюнкі ў пячорах Зах. Еўропы і Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РЫКС (Oryx gazella),
сернабык, парнакапытная жывёла сям. пустарогіх. 1 від, 3 падвіды (часта лічаць відамі). Пашыраны ў Афрыцы, на Пд Аравійскага п-ва і Сінайскім п-ве, у Іраку, Сірыі. О. белы, або аравійскі (O.g. leucoryx), акліматызаваны ў ЗША. Жывуць у стэпах, паўпустынях і пустынях парамі, невял. групамі, часам утвараюць статкі. Падвіды О. белы і О. шаблярогі, або шаблярогая антылопа (O.g. dammah, або O.g. tao), занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 2,35 м, выш. ў карку да 1,4 м, Maca да 200 кг. Самцы і самкі маюць доўгія (да 1,2 м) прамыя або дугападобныя рогі з вострымі канцамі. Афарбоўка цела шэра-пясочная, з рэзка акрэсленымі цёмнымі меткамі. Расліннаедныя. Здольныя доўгі час абыходзіцца без вады Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Аб’ект палявання і прыручэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНЫ БЫК, тур (Bos primigenius),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных; продак еўрап. свойскай буйн. раг. жывёлы. Быў пашыраны ў лесастэпах і стэпах Усх. паўшар’я ў 2-й пал. антрапагенавага перыяду. На Беларусі трапляўся да пач. 17 ст. ў Белавежскай пушчы, лясах Панямоння і Прыбужжа. Апошні тур (самка) у прыродных умовах забіты ў Польшчы ў 1627, на тэр.Зах. Сібіры дажыў да 18 ст.
Выш. ў карку да 2 м, маса да 1,5 т. Падобны да сучасных свойскіх быкоў, за выключэннем пераважна чорнай афарбоўкі цела і белай паласы ўздоўж спіны. У канцы антрапагену П.б. распаліся на буйную і дробную расы. Лічыцца, што буйная засталася ў дзікім стане (была аб’ектам палявання), а дробная прыручана ў Грэцыі каля 4 тыс.г. назад.
сямейства птушак атр. курападобных. 7 родаў, 12 відаў. Пашыраны ва Усх. Інданезіі, на Філіпінах, у Нов. Гвінеі, Аўстраліі, астравах Ціхага ак. Жывуць пераважна ў трапічных лясах, таксама на каралавых астравах з беднай расліннасцю і ў сухіх зарасніках паўпустыняў. Вядуць наземны спосаб жыцця. Найб. вядомыя кустовая індычка (Alectura lathami), плямістая курыца (Leipon ocellata), малеа (Macrocephalon maleo), джунглевая курыца (Megapodius freycinet).
Даўж. 25—65 см. Ногі добра развітыя (адсюль назва). Яйцы (вельмі буйныя) не наседжваюць, а закопваюць у нагрэты сонцам пясок, гнілое лісце (адсюль другая назва). Самец наглядае за т-рай «інкубатара», згортвае і разгортвае пясок і лісце. Птушаняты выбіраюцца самастойна, апераныя, хаваюцца і хутка пачынаюць лётаць. Аб’екты палявання дзеля мяса; яйцы збіраюць. 1 від і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЎК (Canis lupus),
млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Жыве ў адкрытых стэпах, паўпустынях, тундрах, лесастэпах, лясах, акрамя суцэльных масіваў. Актыўны ноччу, днём хаваецца ў хмызняках і ярах. На Беларусі трапляецца ўсюды.
Даўж. цела 1,1—1,6 м, маса звычайна 32—50 кг, зрэдку да 79 кг. Самкі крыху меншыя за самцоў. Шыя кароткая, вушы востраканцовыя. Ногі доўгія з кіпцюрамі. Поўсць на спіне і баках буравата-карычневая або цёмна-шэрая з чарнаватым адценнем уздоўж спіны, бруха светла-шэрае. Восенню і зімой трымаецца вывадкамі, у час размнажэння — парамі. Утварае з свойскімі сабакамі гібрыды, падобныя да валкоў вонкавым выглядам і паводзінамі. Нараджае вясной у сярэднім 5—6 ваўчанят, зрэдку да 15. Драпежнік, корміцца пераважна капытнымі жывёламі, палюе зграямі. Выконвае ролю санітара, шкодзіць паляўнічай і сельскай гаспадарцы. Аб’ект круглагадовага палявання.