светапогляд, заснаваны на ўпэўненасці ў няўхільнай наканаванасці ўсіх падзей у прыродзе, грамадстве, асабістым жыцці чалавека. Перабольшвае ролю неабходнасці, не пакідаючы месца выпадковасці, свабодзе выбару, творчасці (гл.Свабода). Грунтуецца на веры ў наяўнасць прыродных ці боскіх сіл, што прадвызначаюць неабходнасць. Асуджае людзей на пасіўнасць, бо адмаўляе значэнне свабоднай дзейнасці як сродку рэалізацыі аб’ектыўнай неабходнасці. Адрозніваецца ад прызнання аб’ектыўнай неабходнасці — незалежных ад волі і жаданняў людзей законаў прыроды і грамадства, пазнанне якіх дае магчымасць чалавеку ўплываць на ход падзей у сваіх інтарэсах. Вылучаюць Ф. міфалагічны, рэліг. і філас.-рацыяналістычны.
Міфалагічны Ф. грунтуецца на ўяўленнях пра няўхільную залежнасць людзей і нават багоў ад сляпога лёсу. Рэлігійны Ф. характэрны для монатэістычных рэлігій і выяўляецца ў веры ў божае наканаванне, ва ўсемагутнасць Бога, які стварыў сусвет і прадвызначыў яго лёс (гл.Правідэнцыялізм). Шэраг рэліг. кірункаў (джабратызм у ісламе, кальвінізм у хрысціянстве) прапаведуе абсалютнае прадвызначэнне Богам учынкаў людзей. У большасці ж тэалагічных канцэпцый Ф. абмежаваны, паколькі без прызнання свабоды волі немагчыма абгрунтаваць неабходнасць выбару паміж дабром і злом, маральную адказнасць чалавека перад Богам. Філасофска-рацыяналістычны Ф. найб. ярка выявіўся ў стаіцызме, згодна з якім усе падзеі ў свеце прадвызначаны законамі, іманентнымі самому свету; добраахвотнае прытрымліванне гэтых законаў дазваляе пазбягаць прымусу і таму з’яўляецца ўмовай чалавечай свабоды. У 16—18 ст. прыхільнікі механіст.дэтэрмінізму сцвярджалі, што і з’явы прыроды, і ўчынкі людзей вызначаюцца ланцугом прычынна-выніковых сувязей, якія выключаюць выпадковасці і свабоду дзеянняў (Т.Гобс, П.А.Гольбах і інш.). У 20 ст. элементы Ф. характэрны для філас.-гіст. тэорый О.Шпенглера, А.Дж.Тойнбі, П.А.Сарокіна. Гл. таксама Неабходнасць і выпадковасць, Свабода і неабходнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎДЭМАНІ́ЗМ (ад грэч. eudaimonia шчасце, асалода),
вучэнне, якое асновай маралі і вышэйшай мэтай чалавечага жыцця абвяшчае шчасце. Узнік у Стараж. Грэцыі і аб’ядноўваў разнастайныя філас.-этычныя сістэмы. На думку Дэмакрыта, вышэйшая дабрадзейнасць — задавальненне, а сродак яго дасягнення — розум; сутнасць жа задавальнення заключаецца ў стане гармоніі, цішыні і спакоі духу. У этыцы Арыстоцеля шчасце — канчатковая мэта і вынік чалавечага дзеяння, якое накіроўваецца праз розум і прыводзіць не толькі да дасканалага жыцця, але і да ўдасканалення самога чалавека. Эпікур пад шчасцем разумеў задавальненне, а няшчасце бачыў у пакутах; гэта набліжала яго погляды да геданізму, які развіваўся адначасова з Э. Прадстаўнікі некаторых кірункаў этычнай думкі (кінікі, стоікі) асобна вылучалі ў якасці перадумовы шчасця неабходнасць барацьбы са злом і адмоўнымі схільнасцямі чалавека. Стараж.-грэч. Э. быў у значнай меры абстрактны, хоць і адпавядаў высокаму стану развіцця філас.-этычнай думкі. У той жа час ён меў у сабе важны станоўчы момант — палажэнне, што шчасце залежыць ад актыўнага стаўлення чалавека ды жыцця, ад яго ўласных намаганняў, якія павінны накіроўвацца разумнымі этычнымі ідэямі. Т.ч., Э. процістаяў фаталізму.
У новы час ідэі Э. ўспрынялі і развівалі Б.Спіноза, К.Гельвецый. П.Гольбах. Напр., Спіноза сцвярджаў, што кожны павінен дзейнічаць у адпаведнасці са сваёй прыродай незалежна ад знешніх уплываў; такія дзеянні адкрываюць чалавеку шлях да самага высокага шчасця — пазнання Бога і містычнага спалучэння з ім. Гельвецый, схіляючыся да больш геданістычнага і эгаістычнага разумення шчасця. прытрымліваўся думкі, што паколькі людзі імкнуцца да прыемнасцей. то і маральнасць павінна падпарадкоўвацца закону чалавечага інтарэсу. Гольбах звязваў уяўленні аб шчасці з засваеннем людзьмі філас.-навук. ісцін і дзейнасцю выдатных асоб. Ідэі франц. філосафаў знайшлі свой працяг у англ.утылітарызме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МІР 1918, Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.І.Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.Д.Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.І.Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр.нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч.тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ.ПаколькіСав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн.км² з насельніцтвам больш за 50 млн.чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр.укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.
Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр.укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел.нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач.ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас.ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.
У.Е.Снапкоўскі.
Да арт.Брэсцкі мір 1918. Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ З РАСІ́ЯЙ 1609—18,
вайна за вяртанне Смаленскай зямлі і за ўтварэнне федэрацыі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. У сувязі з няўстойлівым становішчам у Маскоўскай дзяржаве баярская апазіцыя, жадаючы пазбавіцца ад цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону каралевічу Уладзіславу, сыну караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта III Вазы. Узнік план далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне швед. корпуса на чале з Я.Дэлагардзі на тэр. Расіі для барацьбы з атрадамі Лжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт III быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне швед. войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаўся як варожы акт. У вер. 1609 пачалася аблога Смаленска, але толькі 13.6.1611 горад быў узяты. 4.7.1610 войска С.Жулкеўскага (6,5 тыс.чал.) разбіла рус. войска каля Клушына і падышло да Масквы, дзе ў выніку перавароту цар Шуйскі быў скінуты, а царом абвешчаны Уладзіслаў. Баяры, жыхары Масквы і інш. гарадоў прынеслі яму прысягу. У вер. 1610 войска Рэчы Паспалітай заняло Маскву. 1-е рус. апалчэнне ўзяць Маскву не змагло. У 1612 2-е апалчэнне на чале з К.Мініным і Дз.Пажарскім вызваліла Маскву, у лют. 1613 Земскі сабор абраў царом 16-гадовага М.Ф.Раманава. У наступныя гады Жыгімонт III спрабаваў заваёўваць землі на У, але фінансавыя цяжкасці не дазволілі сабраць вял. войска. У 1617—18 Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, але штурм горада вынікаў не даў. Паводле заключанага Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адыходзілі смаленскія (за выключэннем Вязьмы), да Польск. каралеўства — ноўгарад-северскія і чарнігаўскія землі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Расіі».
А.П.Грыцкевіч.
Да арт. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Аблога Смаленска беларуска-польскім войскам у 1610. Гравюра Г.Келера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІ РУХ,
зарадзіўся на пач. 1920-х г. са з’яўленнем на паліт. арэне фашызму, актывізаваўся з усталяваннем фаш. рэжымаў у Германіі, Іспаніі і інш. краінах. Да пач. 2-й сусв. вайны прайшоў у сваім развіцці некалькі этапаў, узбагаціўся практыкай барацьбы супраць спроб фаш. пераваротаў у Аўстрыі і Францыі (1934), Іспаніі (1936—39). Тэарэт. асновы антыфашысцкага руху распрацаваны прадстаўнікамі камуністычных, сацыял-дэмакр., хрысц.-дэмакр. партый. Гэта дало магчымасць ужо ў канцы 1920-х г. прыпыніць пагрозу фашызму, арганізаваўшы адзіны пралет. фронт, які ў далейшым стаў апорай шырокага дэмакр. фронту з удзелам пэўных слаёў буржуазіі. VII Кангрэс Камінтэрна (1935) выпрацаваў тактыку адзінага Народнага фронту. Аднак сектанцтва, дагматычны падыход да развіцця антыфашысцкага руху кіраўніцтва СССР і КПСС, якое абвінаваціла с.-д. партыі ў т.зв. сацыял-фашызме, і іх рэакцыя ў адказ, курс СССР на супрацоўніцтва з фаш. Германіяй у 1939—41, рэпрэсіі ў адносінах да шэрагу кампартый (асабліва Польшчы і Германіі) перашкодзілі рэалізацыі ідэй Нар. фронту. Найб. развіцця антыфашысцкі рух дасягнуў у час 2-й сусв. вайны, калі асновай барацьбы супраць фашызму стала антыгітлераўская кааліцыя. Усюды разгарнуўся Рух Супраціўлення, які стаў працягам антыфашысцкага руху даваен. перыяду. Значны ўклад у антыфашысцкі рух зрабілі і патрыёты Беларусі, якія ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму стварылі разгалінаваную сетку патрыят. і антыфаш. падполля, прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і развіцці партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну (гл. таксама Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Гэта дало магчымасць Беларусі стаць адной з членаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пасля ваен.-паліт. разгрому асн. ачагоў фашызму (Германія, Італія, Японія) праблемы антыфашысцкага руху не былі зняты з парадку дня. У заканадаўстве шэрагу краін свету распрацаваны спец. законы, накіраваныя на забарону фашызму і ўмоў для яго дзейнасці, паколькіэканам., паліт., этн. і сац. ўмовы для адраджэння фаш. пагрозы захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
наступальная аперацыя войск Зах. фронту Сав. Расіі 4—23 ліп. ў савецка-польскую вайну 1920. Задача аперацыі — разгром сіл Паўн.-Усх. фронту Польшчы і вызваленне Беларусі. У пач. ліпеня войскі Зах. фронту (каманд. М.М.Тухачэўскі) у складзе 3-й, 4, 15, 16-й армій і Мазырскай групы войск мелі 81 тыс. штыкоў, 10,5 тыс. шабляў, 722 гарматы, 2913 кулямётаў. Паўн.-Усх. фронт Польшчы (каманд.ген. С.Шаптыцкі) складаўся з 1-й, 4-й армій і Палескай групы, налічваў каля 72 тыс. штыкоў і шабляў.
Гал. ўдар наносілі 4, 15 і 3-я арміі з Полацка-Лепельскага р-на на Свянцяны з тым, каб акружыць і знішчыць гал. сілы праціўніка ў раёне Глыбокае—Докшыцы. 4 ліп. ўдарная групоўка перайшла ў наступленне; 4-я армія прарвала фронт праціўніка, 5 ліп. заняла Германавічы. Часці і злучэнні 15-й арміі наступалі ўздоўж чыг. Полацк—Маладзечна, 4 ліп. яны прасунуліся на 15—20 км, 5 ліп. вызвалілі Глыбокае; 3-я армія фарсіравала р. Бярэзіна і заняла Докшыцы, 6-га ліп. — Параф’янава. У ноч на 7 ліп. ў наступленне перайшла 16-я армія, якая пасля фарсіравання р. Бярэзіна дзейнічала ў напрамку Ігумен—Мінск. Мазырская група вяла баявыя дзеянні з 19 чэрв.; 29 чэрв. яна вызваліла Рэчыцу і Мазыр, 10 ліп. — Бабруйск, 9 ліп. 3-і конны корпус — Свянцяны, 11 ліп. 16-я армія — Мінск, 15-я армія — Маладзечна.
12 ліп. Антанта прад’явіла сав. ўраду ультыматум (т.зв. ноту Керзана) з патрабаваннем спыніць наступленне войск Зах. фронту. Але паколькі польскі ўрад не звярнуўся з прапановай мірных перагавораў, сав. бок адхіліў ультыматум і прыняў рашэнне працягваць наступленне. 17 ліп. 15-я армія вызваліла Ліду, 19 ліп. 4-я армія — Гродна, 16-я армія — Баранавічы. Завяршылася аперацыя 23 ліп. вызваленнем Пінска часцямі Мазырскай групы. За 20 дзён войскі Зах. фронту прасунуліся больш чым на 300 КМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,
форма колькаснага і якаснага абазначэння гіст. развіцця ў часе. Тыпалагічна адрозніваюць П.г. лінейную, што прадугледжвае падзел гісторыі на раўназначныя па сваіх маштабах і глыбіні ступені, кожная наступная з якіх вырастае з папярэдняй, і іерархічную, што выражаецца ў супадпарадкаванні асобных з’яў і этапаў развіцця, якія з’яўляюцца ч. больш агульнага і складанага працэсу (напр., сярэднявечча, ранняе сярэднявечча). Самая стараж. П.г. ўзыходзіць да ўсх. і грэчаскай міфалогіі, якая разглядала гісторыю чалавецтва як паступовы пераход ад самага шчаслівага — «залатога» да самага заняпалага і адсталага — «жалезнага веку». Як альтэрнатыва ёй у Стараж. Грэцыі ўзнікла ўяўленне аб культ. прагрэсе чалавецтва і яго паступальным руху да нейкай ідэальнай мэты. Гэтай ідэяй была прасякнута іудзейска-хрысціянская канцэпцыя гісторыі. У эпоху Адраджэння (14—16 ст.) еўрап. гуманісты зрабілі першую спробу ўсеагульнай перыядызацыі гісторыі. У 17 ст. канчаткова склалася класічная схема трохчасткавай еўрап. гісторыі: «Стараж. свет — Сярэднія вякі — Новы час», якая пазней у мадыфікаваным выглядзе пераўтворана ў «рабаўладанне—феадалізм—капіталізм» і была пашырана на гісторыю ўсяго чалавецтва. Паводле традыцыі, што склалася ў гіст. навуцы, развіццё нееўрап. свету таксама падзяляецца ў адпаведнасці з рамкамі еўрап. гісторыі. Разам з тым гісторыя нееўрап. свету не ўпісваецца нават у самую агульную трохчленную схему еўрап.гістарыяграфіі, паколькі дынаміка яго развіцця ў адрозненне ад лінейна-прагрэсіруючай еўрапейскай мела спіралепадобную цыклічнасць. У бел. гістарыяграфіі існуюць 2 асн. падыходы да П.г. нац. гісторыі: т.зв. дзяржаўніцкі і фармацыйны. Першы з іх аформіўся ў 1-й чвэрці 20 ст. ў працах В.Ю.Ластоўскага і У.М.Ігнатоўскага, якія, грунтуючыся на дзярж. прыналежнасці, вылучалі ў яе гісторыі полацкі, літоўска-бел. (ВКЛ), польскі (у складзе Рэчы Паспалітай), рас. і сав. перыяды. У 1940—80-я г. ў бел. гістарыяграфіі панавала фармацыйная канцэпцыя П.г. Зараз у даследаваннях многіх бел. гісторыкаў незалежна ад іх паліт. арыентацыі назіраецца прысутнасць дзяржаўніцкага прынцыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯДО́ТАЎ Георгій Пятровіч (13.10.1886. г. Саратаў, Расія — 1.9.1951),
расійскі рэліг. філосаф, гісторык і публіцыст. Вучыўся ў пецярбургскіх тэхнал. ін-це і ун-це, у Іенскім ун-це (Італія). У 1914—18 прыват-дацэнт Пецярбургскага ун-та, у 1920—22 праф. і заг. кафедры Саратаўскага ун-та. У 1925 эмігрыраваў у Францыю, дзе выкладаў у Рус.правасл. багаслоўскім ін-це. У 1943—51 праф. Свята-Уладзімірскай духоўнай акадэміі ў Нью-Йорку. Адзін з заснавальнікаў час. «Новый град» (Парыж, 1931—39), у якім развіваў ідэі хрысціянскага сацыялізму. У цэнтры яго філас. даследаванняў гістарыясофія, у межах якой аналізаваў праблемы сэнсу і перспектыў гісторыі, прызначэння і лёсу культуры і цывілізацыі, своеасаблівасць рус. культуры і гісторыі, рэліг.-маральныя асновы жыцця грамадства («Святыя Старажытнай Русі», 1931; «І ёсць і будзе: Разважанні аб Расіі і рэвалюцыі». 1932; «Сацыяльнае значэнне хрысціянства», 1933; зб.арт. «Новы град», 1948, і інш.). Лічыў, што жывая хрысц. свядомасць не ўспрымае ні веры ў прагрэс грахоўнай і смяротнай культуры, ні абыякавага сузірання яе распаду і гібелі. Паводле Ф., думка аб асабістай смерці і канцы гісторыі можа выклікаць настрой безнадзейнасці, а можа стаць і вытокам праверкі сумлення і паглыблення жыццёвага вопыту; таму заклікаў да сац. дысцыпліны і адказнасці кожнага за выкананне сваіх абавязкаў. Эсхаталагічныя ідэі Ф. вылучаюць і падкрэсліваюць момант папярэдняй незададзенасці і непрадбачанасці сапраўднага руху гісторыі, паколькі Бог у якасці яе тварца не пазбаўляе чалавека свабоды волі і права выбару.
Тв.:
Христианин в революции. Париж, 1957;
Лидо России: (Статьи 1918—1950). Париж, 1974;
Россия и свобода. Нью-Йорк, 1981;
Судьба и грехи России: Избр. ст. по философии рус. истории и культуры. Т. 1—2. СПб., 1991—92;
О святости. интеллигенции и большевизме: Избр. ст. СПб., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСТО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,
тып лінгвістычнага даведніка, у якім адлюстраваны лічбавыя паказчыкі выкарыстання моўных адзінак (афіксаў, словаформ, лексем, словазлучэнняў) у тэкставай выбарцы пэўнага аб’ёму. Да лічбавых паказчыкаў адносяць: частату ўжывальнасці пэўнай адзінкі; колькасць тэкстаў, у якіх выкарыстоўваецца пэўная моўная адзінка; частату ўжывальнасці мнагазначнай лексемы асобна для кожнага з яе значэнняў; частату выкарыстання слоў пэўнай часціны мовы; частату кожнай з першай тысячы самых ужывальных моўных адзінак і інш. Ч.с. выкарыстоўваюць пры вызначэнні лексічных мінімумаў і напісанні вучэбных дапаможнікаў па мовах, распрацоўцы кодаў для машыннага перакладу, устанаўленні крытэрыяў моўнай нормы, вырашэнні тэарэт. пытанняў фанетыкі, лексікалогіі, граматыкі, стылістыкі пэўнай мовы, іх генет. або тыпалагічнай блізкасці. Першы Ч.с. на Беларусі — спіс найбольш частых слоў, ужытых у артыкуле «Рэалісты» Дз.І.Пісарава, складзены М.Г.Булахавым (1969). Найб. поўны паводле аб’ёму рэестравага матэрыялу і велічыні абследаванай тэкставай выбаркі «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.С.Мажэйкі і А.Я.Супруна (вып. 1—5, 1976—92), кожны выпуск якога пабудаваны на матэрыяле маст. прозы, публіцыстыкі, вуснай нар. творчасці, паэзіі, гутарковай мовы. Зводны «Частотны слоўнік беларускай мовы» Мажэйкі (2003; 1801 тыс. словаўжыванняў) апрача матэрыялаў папярэдняга Ч.с. ўключае вынікі стат. аналізу дзелавых, навук., вучэбных і энцыклапедычных тэкстаў. Ч.с. ствараюць і на ЭВМ (падрыхтаваны «Частотны слоўнік словаформаў» П.Ф.Глебкі ў 2 т.). Да бел. Ч.с. у пэўнай ступені можна аднесці шэраг гіст. канкардансаў [поўны паказальнік слоў з ілюстрацыямі пэўнага літ. тэксту; напр., «Частотны слоўнік» (т. 10, 1992) у рукапісным «Канкардансе беларускай мовы XIX ст.» ў 11 т.] і слоўнікаў мовы пісьменнікаў, паколькі ў іх прадстаўлены і стат. параметры: «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ў 8 т. (т. 1—5, 1997—2003) і інш.
Літ.:
Алексеев П.М. Статистическая лексикография: (типология, составление и применение частотных словарей). Л., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,
часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.