БРА́СЛАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1942 да ліп. 1944 у Браславе; налічвала 13 чал. Арганізатары і кіраўнікі А.​А.​Васілеўскі і Э.​А.​Ціранаў. Падпольшчыкі вялі антыфаш. прапаганду, здабывалі для партызан дакументы, разведданыя пра варожыя гарнізоны, зброю, боепрыпасы, медыкаменты, выратавалі 150 сав. і парт. работнікаў і ваеннапалонных; трымалі сувязь з Азяраўскім камсамольска-маладзёжным падполлем.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Гродне. Складалася з 6 груп (60 чал.): б. ваеннаслужачых і сав. работнікаў (кіраўнік М.​А.​Волкаў), рабочых мясакамбіната (В.​Д.​Разанаў), рабочых з-да па рамонце аўтамаб. тэхнікі (С.​П.​Лямаў), 3 групы чыгуначнікаў лакаматыўнага дэпо (Н.​Н.​Багатыроў, С.​П.​Панасюк, Г.​І.​Святлічны). Падполле працавала ў цесным кантакце з партызанамі брыгад імя Ленінскага камсамола Баранавіцкай, імя К.​Каліноўскага Беластоцкай абл., са спецгрупамі Чырв. Арміі. Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перавязачныя сродкі, адзенне, разведданыя аб праціўніку і варожай агентуры, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і газеты. Падпольшчыкі групы Лямава вывелі са строю каля 150 машын, шмат абсталявання аўтарамонтных майстэрняў, групы Панасюка знішчылі воданапорную калонку на ст. Гродна; большасць «адрамантаваных» групай чыгуначнікаў паравозаў хутка выходзіла са строю, закладзеныя імі ў тэндэры толавыя шашкі, замаскіраваныя пад вугаль, вывелі са строю каля 20 паравозаў, падарваны таксама 2 эшалоны, учынена крушэнне 2 сустрэчных цягнікоў на ст. Гродна і інш.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАДЗІШЧА́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Каладзішчанскім с/с Мінскага р-на ў Вял. Айч. вайну. У ліп. створана група на чыг. ст.

Калодзішчы (кіраўнікі М.​М.​Афанасьеў, С.​Э.​Эрдман), у кастр. — у пас. Калодзішчы (А.​Я.​Радзюк, А.​С.​Старасціна), у канцы 1941 — група з тэхн. работнікаў ням. лазарэта (Л.​М.​Сакалова), вясной 1942 — маладзёжная група (М.​І.​Казлоўскі М.​І.​Каласоўскі, В.​Л.​Панасюк), у в. Старына і Вадапой (Я.​І.​Міранкоў). Да канца 1942 падполле налічвала 5 груп (каля 70 чал.), якія аб’яднала і ўзначаліла чл. Мінскага патрыят. падполля М.Ф.Млаковіч. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, падп. газ. «Звязда», лістоўкі, зрывалі мерапрыемствы гітлераўцаў, мелі сувязь з партыз. брыгадамі «Разгром», «Дзядзькі Колі», імя Шчорса і інш., перадалі ім шмат зброі, 1000 камплектаў амуніцыі з пакінутых пры адступленні сав. войскамі армейскіх складоў, медыкаменты, бланкі ням. дакументаў, разведданыя. Арганізавалі ўцёкі з лагераў смерці і пераправілі да партызан больш за 400 сав. ваеннапалонных і мясц. жыхароў, ням. афіцэра сувязі ВВС з каштоўнымі дакументамі, разам з партызанамі правялі некалькі дыверсій на чыгунцы.

Л.​В.​Аржаева.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў жн. 1941 — вер. 1942 у г.п. Расоны і раёне Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала групы (больш за 100 чал.): у Расонах (38 чал., арганізатар і кіраўнік настаўнік П.​М.​Машэраў), вёсках Альбрэхтава (П.​А.​Альшанікаў), Грачушына (У.​А.​Яфрэменка), Клясціцы (С.​П.​Пархімовіч, І.​М.​Малахаў, Б.​Я.​Руба), Мілавіды (І.​М.​Марачкоўскі), Пірагі (У.​А.​Хамчаноўскі), Ражнова (М.​М.​Іваноў), Шалашнікі (М.Я. і П.Я. Гігелевы), Ізбішча, Роўнае Поле, Сінск, Фаміно, Юхавічы і інш. Пазней да падпольшчыкаў далучыліся чырвонаармейцы, што ўцяклі з палону. Узначальваў падполле к-т, які наладзіў сувязі з Гарбачэва-Мурагоўскім, Заборскім, Межаўскім, Сельніцкім, Сакалішчанскім падполлямі, Прошкаўскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, праводзілі агітац. работу, здабывалі бланкі дакументаў акупац. улад, збіралі разведданыя, рыхтавалі дыверсіі, перашкаджалі акупантам вывозіць да чыгункі нарабаваныя ў насельніцтва прадукты харчавання. Сталі ініцыятарамі разгортвання ў раёне масавага партыз. руху. Каб выратаваць сем’і ад рэпрэсій акупантаў, кіраўніцтва арг-цыі распрацавала план адыходу падпольшчыкаў да партызан. Да восені 1943 амаль усе падпольшчыкі сталі партызанамі Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Памяць аб загінуўшых падпольшчыках увекавечана ў мемар. комплексе ў Расонах, у в. Сельнікі пастаўлена стэла.

Л.​А.​Папкоўскі.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў 1941—44 у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Складалася з 3 груп (кіраўнікі Я.​А.​Точын, Ц.​Р.​Марозаў, А.М. і З.​М.​Шэвень), аб’ядноўвала больш за 40 чал. Падпольшчыкі запісвалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі звесткі аб праціўніку для партызан, выводзілі са строю сельгастэхніку, учынялі дыверсіі (спалілі маслазавод, паліцэйскі ўчастак і інш.). Фашысты высачылі падпольшчыкаў, арыштавалі і закатавалі.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ТКАВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з сак. да ліст. 1942 у г.п. Жыткавічы Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 20 чал. (кіраўнік Е.​Я.​Гораў), мела сувязь з партыз. і дыверсійна-разведвальнай групамі. Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод салдат ворага, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан бланкі ням. дакументаў, медыкаменты, звесткі пра рух воінскіх эшалонаў і ахову чыгункі, размяшчэнне войск праціўніка. Пусцілі пад адхон 9 эшалонаў ворага. Пасля арышту кіраўніка і некалькіх удзельнікаў падполля патрыёты пайшлі да партызан.

т. 6, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Віцебску і прыгарадзе ў Вял. Айч. вайну. Аб’ядноўвала каля 1,5 тыс. чал., 66 падп. груп. Адным з першых узніклі групы ў мед. установах (кіраўнікі К.​С.​Акаловіч, М.​Л.​Мурашка, Р.​Ф.​Махноў), Стадыённым пасёлку (А.​Я.​Белахвосцікаў), Маркаўшчыне (В.​А.​Вярбіцкі), электрападстанцыі (У.​А.​Казлоўскі), на вузле сувязі (А.​Г.​Канаплёў, пазней Л.​Дз.​Бярозкіна), Чэпінскім лесаскладзе (М.​А.​Купалаў), чыг. вузле (Ф.​К.​Мехаў, А.​А.​Гагуля), торфапрадпрыемстве (Л.​І.​Хрыпач), таракамбінаце (В.​Дз.​Шалуха) і інш. Да канца 1941 у горадзе было больш за 20 груп, у 1942 — 56. З сак. 1942 падполле дзейнічала пад кіраўніцтвам падп. абкомаў КП(б)Б (1-ы сакратар І.​А.​Стулаў) і ЛКСМБ (В.​І.​Лузгін). Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, распаўсюджвалі лістоўкі, рабілі дыверсіі на ваен. аб’ектах, здабывалі зброю, узрыўчатку, боепрыпасы, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных (зімой 1941—42 каля 3 тыс. чал.) і выводзілі іх з горада. У вер. 1942 для ўзмацнення кіраўніцтва падполлем у Віцебск паслана група з 17 чал. на чале з В.Харужай. Падпольшчыкі мелі больш за 50 канспіратыўных кватэр і явак, у некаторых з іх хавалі зброю, боепрыпасы, л-ру. З утварэннем у лютым 1942 Віцебскіх «варот» была наладжана сувязь з сав. тылам; падпольшчыкі дапамагалі закінутым на акупіраваную тэр. сав. спецгрупам выконваць іх заданні. У барацьбе з акупантамі дапамогу падполлю аказвалі ням. і чэшскія антыфашысты. З пач. 1942 актыўна дзейнічалі групы І.​А.​Бекішава, Г.​К.​Грабяньковай, М.​Я.​Нагібава, А.​І.​Ліпці, Т.​А.​Ламаносенка і інш. За 1942 падпольшчыкі зрабілі 102 дыверсіі, пусцілі пад адхон 14 эшалонаў, знішчылі 36 чыг. цыстэрнаў з гаручым, 32 аўтамаб. і 2 чыг. масты і інш. У канцы 1942 — пач. 1943 патрыёты правялі шэраг буйных дыверсій у горадзе і прылеглых раёнах, на чыгунцы і інш. аб’ектах праціўніка, у лют. — ліст. 1943 кожныя 3 дні ў горадзе адбываліся дыверсіі або тэрарыстычныя акты. Падпольшчыкі садзейнічалі пераходу да партызан у лютым 1943 волгататарскага батальёна, які прыбыў для ўдзелу ў карных аперацыях. Спрабуючы знішчыць падполле і разграміць партыз. рух, з канца 1942 гітлераўцы праводзілі буйныя карныя экспедыцыі супраць партызан і адначасова засылалі ў падполле правакатараў. У выніку іх дзейнасці разгромлены многія падп. групы. Але на працягу 1943 створана 10 новых груп пераважна з сав. ваеннапалонных. З набліжэннем лініі фронту з вер. 1943 гітлераўцы пачалі эвакуацыю. Па ўзгадненні з падп. кіраўніцтвам і партызанамі падпольшчыкі з кастр. паступова пакідалі горад і ўліваліся ў партыз. атрады. У барацьбе з гітлераўцамі загінуў кожны трэці віцебскі падпольшчык. У гонар падпольшчыкаў у Віцебску пастаўлены помнік.

Літ.:

Пахомов Н.И., Дорофеенко Н. И., Дорофеенко Н.В. Витебское подполье. 2 изд. Мн., 1974.

Н.​І.​Дарафеенка.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НІНСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКАМАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.

Дзейнічала з ліст. 1941 да чэрв. 1942 у в. Калініна Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Падпольшчыкі (кіраўнікі І.​Ф.​Канцавой, Л.​М.​Кавальскі) прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, дапамагалі параненым чырвонаармейцам, трымалі сувязь з мясц. партыз. атрадамі, удзельнічалі ў дыверсіях на Гомельскім вагонарамонт. з-дзе і чыг. вузле. У чэрв. 1942 пры спробе падарваць эшалон ворага з жывой сілай падпольшчыкі арыштаваны: 4 з іх павешаны, 8 закатаваны ў гомельскай турме.

т. 7, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле

т. 15, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тураўскае камсамольска-маладзёжнае падполле

т. 16, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)