помнік архітэктуры позняга барока з элементамі класіцызму ў в. Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1796 як уніяцкая Марыянай Біспінг. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы прамавугольны ў плане храм пакрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад з прамавугольнымі аконнымі праёмамі падзелены развітым антаблементам на 2 ярусы. Ніжні ярус аздоблены ордэрнымі элементамі, яго сярэдняя частка-выступ завершана трохвугольным франтонам. Верхні ярус — квадратная ў плане вежа, накрытая высокім 8-гранным шатром з люкарнамі (у 2-й пал. 19 ст. перабудавана завяршэнне вежы, зроблены дэкар. галоўкі на даху), з рудыментамі валют па баках. У інтэр’еры 3-ярусны іканастас 1892.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫЯ І ПАЎНО́ЧНЫЯ ДЫНА́СТЫІў Кітаі, Нань Бэй Чао,
перыяд кіт. гісторыі (4—6 ст.), калі Кітай быў падзелены на 2 асобныя дзяржавы. Паўд. Кітаем у гэты час кіравалі дынастыі кіт. паходжання: Сун [420—478], Цы [479—501], Лян [502—556], Чэнь [557—588], На Пн Кітая панавалі дынастыі выхадцаў з плямён сяньбі, якія захапілі гэту ч. краіны ў канцы 4 ст.: Тоба Вэй (Паўн. Вэй) [386—535], Усх. Вэй [534—550], Зах. Вэй [535—557], Паўн. Цы [550—557], Паўн. Чжоў [557—581]. Гэты час характарызаваўся паліт. няўстойлівасцю, частай зменай дынастый, войнамі паміж Паўн. і Паўд. Кітаем. У 581 палкаводзец Ян Цзянь скінуў апошняга імператара Паўн. Чжоў, аб’яднаў да 588 увесь Кітай пад сваёй уладай і заснаваў адзіную дынастыю Суй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСТАВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ ВІЗІТА́ЦЫІ ДЗЕ́ВЫ МАРЫ́І,
помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны каля 1615 у г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. па фундацыі Гераніма Хадкевіча пад уплывам касцельнай архітэктуры Дж.Трэвана. У 1741 і 1855 касцёл рамантаваўся, у 1794 пры ім існаваў шпіталь, у 2-й пал. 18 — 1-й пал. 19 ст. дзейнічала школа. Храм — мураваная 3-нефавая базіліка з трансептам, паўкруглай апсідай і 2 нізкімі сакрысціямі па баках алтарнай часткі. Гал.зах. фасад бязвежавы, падзелены пілястрамі на 3 часткі і завершаны ступеньчатым атыкам. Рэліквіяй касцёла быў абраз анёлаў-ахоўнікаў работы мастака Ф.Смуглевіча (1797—1807). Пад будынкам крыпта (пахавальня) — 9 памяшканняў, злучаных пераходамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВОДАНАПО́РНЫЯ ВЕ́ЖЫ,
помнікі вытворчай архітэктуры; 2 вежы, пабудаваныя ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Гродне ў эклектычным стылі. Мураваныя 8-гранныя ў плане збудаванні (выш. 22 м) падзелены па вышыні на 6 частак. Кожная з іх мае звязаныя паміж сабой 4 адсекі (размешчаны інж. абсталяванне і службовыя памяшканні). У цэнтры — трубы для падачы вады ў рэзервуар у верхняй частцы вежы.
Фасады паўн. вежы, пабудаванай у 1910-я г., багата дэкарыраваны. Карнізы з арнаментамі, паясы, дэнтыкулы падзяляюць будынак знадворку на 4 ярусы. Спалучэнне чырвонай цэглы і белай тынкоўкі надае пабудове маляўнічасць. Паўд. вежа, пабудаваная ў 19 ст., мае падобную структуру. Дэкор яе фасадаў больш стрыманы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЯ ГА́ТЫ, Сах’ядры,
горы ў Індыі, зах. ўзвышаны край п-ва Індастан. Даўж. каля 1800 км, выш. да 2698 м (г. Анаймуды). Зах. схіл — стромкі ступеньчаты абрыў Дэканскага пласкагор’я да Аравійскага м.; усх. — спадзіста-нахіленыя раўніны, якія зніжаюцца ў бок цэнтр.ч. Дэканскага пласкагор’я і п-ва Індастан. На Пд горставыя масівы (Нілгіры, Анаймалай, Палні, Кардамонавы горы) з рэзкімі контурамі грабянёў. На Пн плоскавяршынныя ступеньчатыя ўзвышшы. З.Г. падзелены папярочнымі тэктанічнымі далінамі.
Паўд. ч. складзена з гнейсаў і чарнакітаў, паўн. — з базальтаў. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў на наветраных зах. схілах 2000—5000 мм за год, на ўсх. — 600—700 мм. Зах. схілы ўкрыты вільготнымі вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі, усх. — саваннамі і рэдкалессямі. Некалькі рэзерватаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГУ́МЕНСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1795—1923 у Мінскай губ. Цэнтр — г. Ігумен (сучасны Чэрвень). Пл. 9,4 тыс.км², нас. 234 792 чал. (1897). Падзелены на 22 воласці (1912); Амяльнянскую (з 13.12.1922 Кнорынская), Белічанскую, Брадзецкую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Магілёўскім пав.), Верхменскую, Грабёнскую, Даўжанскую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Быхаўскім пав.), Дудзіцкую, Дукорскую, Кліноцкую, Магільнянскую (з 29.7.1920 у Нясвіжскім пав.), Навасёлкаўскую, Пагарэльскую, Пагосцкую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Магілёўскім пав.), Пярэжырскую, Пухавіцкую, Слабада-Пырашаўскую, Смілавіцкую, Уздзенскую (з 1.8.1923 у Мінскім пав.), Хутарскую (б. Юравіцкая), Цітвянскую, Шацкую, Якшыцкую. З 18.9.1923 у сувязі з перайменаваннем г. Ігумен у Чэрвень наз.Чэрвеньскі павет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 18 ст. на левым беразе р. Нёман. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. без пладовага саду каля 4 га. У кампазіцыі парку — Любчанскі замак. На квадратным унутр. двары замка размешчаны круглы партэр з кальцавымі пасадкамі дэкар. кустоў. У канцы 18 ст. паміж вежамі скапаны абарончы вал, за ровам разбіты партэр з кветнікамі і баскеты. За імі з трох бакоў замак абкружае пладовы сад, падзелены рэгулярнай сістэмай алей. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў парку групамі і паасобку пасаджаны экзоты. Растуць арэх шэры, хвоя веймутава, лістоўніцы еўрап. і сібірская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТУНЫ́ (Gyrinidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 1600 відаў, пашыраных пераважна ў тропіках. Жывуць у прэсных вадаёмах, круцяцца на паверхні вады ў пошуках здабычы (адсюль назва). На Беларусі 7 відаў з 2 родаў. Найб. пашыраны вяртун-паплавок (Gyrinidae natator) і вяртун змрочны (Gyrinidae villosus).
Даўж. да 8 мм. Цела цёмнае, бліскучае. Пярэднія ногі хапальныя, падоўжаныя, сярэднія і заднія плавальныя (плоскія, падобныя да вёслаў). Вочы падзелены на 2 палавіны, адна з якіх здольная бачыць над вадой, другая — пад вадой. Удзень плаваюць часцей чародамі, пры небяспецы ныраюць; у цёмны час лётаюць. Драпежныя: кормяцца дробнымі вадзянымі насякомымі (у т. л. лічынкамі малярыйных камароў) і інш. Лічынкі жывуць у глеі, акукліваюцца на беразе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГМІ́НА (ад польск. gmina воласць),
нізавая адм.-тэр. адзінка ў Польшчы ў 1809—1954 і з 1973, у т. л. ў Зах. Беларусі ў 1921—39. Захопленыя Польшчай у 1920 землі Беларусі таксама былі падзелены на гміны. Сярэдняя плошча гміны і колькасць населеных пунктаў у ёй у кожным ваяводстве былі розныя. Існавалі сельскія і гарадскія гміны. Сельскай гмінай кіравалі войт, гмінныя рада і ўправа (апошняя складалася з войта і лаўнікаў). Фактычна ўсімі справамі гміны распараджаўся войт. У гарадах Польшчы і Зах. Беларусі існавалі гарадскія гміны. Органамі кіравання іх былі бургамістр (у вял. гарадах наз. прэзідэнт), магістрат і гар. савет. У Польшчы падзел на гміны ліквідаваны ў 1954 і замест іх утвораны грамады. Адноўлены гміны ў 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГРО́С,
горная сістэма ў Іране, на ПдЗ Іранскага нагор’я. Даўж. 1600 км, шыр. 200—300 км, пераважныя выш. 2—3 тыс.м, найб. 4548 м (г. Зердкух). Складаная сістэма з 15—20 паралельных хрыбтоў, якія працягнуліся з ПнЗ на ПдУ і падзелены падоўжнымі і папярочнымі вузкімі каньёнападобнымі цяснінамі і катлавінамі. Невялікія ледавікі. Складзена пераважна з вапнякоў і сланцаў мезазою і кайназою. Карст. У цэнтр.ч. і на ПнУ агаляецца дамезазойскі фундамент з вял. салянымі купаламі. Радовішчы нафты. Клімат субтрапічны, сухі. Пераважаюць горна-пустынныя ландшафты. У міжгорных катлавінах азёры, саланчакі, аазісы (фінікавая пальма, цытрусавыя, вінаград). Зах.ч. сярэдняга пояса найб. вільготная (лясы і рэдкалессі з дубу, вязу, клёну і інш.); вышэй — альпійскія лугі і нізкарослая хмызняковая расліннасць.