Гутаперча мае гуту (50—90%), прыродныя смолы, бялкі, вільгаць. Гута — транс-поліізапрэн (геам. ізамер макрамалекулы каўчуку натуральнага), малекулярная маса 35 000—50 000, шчыльн. 940—960 кг/м³. Гутаперча раствараецца ў араматычных вуглевадародах, серавугляродзе. Пры т-ры 50—70 °C размякчаецца і становіцца пластычнай. Вулканізуецца серай. Вулканізаты — добрыя дыэлектрыкі, устойлівыя да ўздзеяння вады (вільгацепаглынанне на працягу 2 гадоў не перавышае 0,2%), канцэнтраваных кіслот, у т. л. салянай і плавікавай. Выкарыстоўваюць для электраізаляцыі падводных і падземных кабеляў, у электра- і радыёпрамысловасці, вытв-сці кляёў і інш. Атрымліваюць сінт. гутаперчу — транс-поліхларапрэн, які па будове і тэхн. уласцівасцях аналагічны гутаперчы натуральнай. На Беларусі для атрымання гутаперчы доўгі час выкарыстоўвалі брызгліну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫНЕ́СКА (Аляксандр Іванавіч) (13.1.1913, г. Адэса, Украіна — ліст. 1963),
Герой Сав. Саюза (1990, пасмяротна). Капітан 3-га рангу (1942). Скончыў Адэскі мараходны тэхнікум (1933), штурманскія курсы (1934) і курсы перападрыхтоўкі (пасля 1937) пры Чырванасцяжным вучэбным атрадзе падводнага плавання ў Ленінградзе. З 1933 на Балт. флоце. З 1939 камандзір падводнай лодкі. У Вял.Айч. вайну вызначыўся як камандзір (1943—45) падводнай лодкі «С-13»: у раёне Данцыгскай (Гданьскай) бухты выявіў і патапіў 13.1.1945 найбуйнейшы лайнер фаш. Германіі «Вільгельм Густлаў» (у свеце наз. «атакай стагоддзя»; сярод загінуўшых былі экіпажы для 70 герм.падводных лодак), а 10 лют. — ням. дапаможны крэйсер «Генерал фон Штойбен» (больш за 3 тыс. вайскоўцаў). Пасля вайны працаваў у гандл. флоце, Ленінградскім параходстве, на заводзе «Мезон» у Ленінградзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРТАВЫ́ КАРАБЕ́ЛЬ,
надводны баявы карабель, прызначаны для нясення дазорнай службы, аховы буйных караблёў і транспартаў ад раптоўных атак падводных лодак, самалётаў і катэраў на пераходзе морам і пры стаянках на адкрытых рэйдах. Выкарыстоўваецца таксама для нясення дазорнай службы на падыходах да сваіх ваенна-марскіх баз і партоў, аховы марской граніцы (пагранічны вартавы карабель). З’явіліся ў 1-ю сусв. вайну для барацьбы з падводнымі лодкамі. Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну, захаваліся ў большасці ваен. флатоў. Сучасныя вартавыя караблі (у некаторых флатах да іх адносяць таксама карветы і фрэгаты) маюць водазмяшчэнне 600—4000 т, скорасць да 35 вузлоў (65 км/гадз), узброены 1—4 універсальнымі 76—127-мм гарматамі, 20—40-мм зенітнымі аўтаматамі (да 10), тарпеднымі апаратамі, рэактыўнымі процілодачнымі бамбамётамі, процілодачнымі ракетамі (могуць несці таксама ракетныя комплексы і процілодачныя верталёты), аснашчаны радыёлакацыйнай і гідраакустычнай апаратурай, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, сувязі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМКНУ́ТЫЯ ЭКАЛАГІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
функцыянальна адзіная сукупнасць арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць агульную тэр. і здольныя да працяглага існавання пры цалкам замкнутым кругавароце рэчываў (пры адсутнасці матэрыяльнага абмену праз яе межы).
Прынцыпы З.э.с. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы біял. сістэм жыццезабеспячэння чалавека ва ўмовах ізаляцыі ад біясферы Зямлі, напр. у касм. або падводных апаратах. Аснову штучна створанай З.э.с. складаюць расліны, якія за кошт энергіі святла ў працэсе фотасінтэзу паглынаюць двухвокіс вугляроду і выдзяляюць кісларод. Біямаса раслін выкарыстоўваецца ў ежу чалавекам і інш. гетэратрофнымі арганізмамі, апошнія могуць уваходзіць у харч. рацыён чалавека. Нявыкарыстаная біямаса раслін, прадукты жыццядзейнасці чалавека і інш. кампанентаў біякомплексу раскладаюцца мікраарганізмамі да вады, двухвокісу вугляроду і мінер. рэчываў, якія зноў выкарыстоўваюцца раслінамі. Створаны эксперым. З.э.с., што ўключаюць чалавека, аднаклетачныя водарасці, вышэйшыя расліны, мікраарганізмы-мінералізатары. За кошт рэгенерацыі ў такіх З.э.с. цалкам забяспечвалася патрэба чалавека ў кіслародзе, вадзе і часткова ў ежы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎНІЦА (Larix),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халоднай і ўмеранай зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі інтрадукавана 13 відаў. Найб. вядомыя Л.: еўрапейская (L. decidua), сібірская (L. sibirica), японская (L. leptolepis).
Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 30—50 м, дыям. да 1 м. Крона конусападобная. Жывуць да 500 гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, моцна разгалінаваная, глыбокая. Ігліца мяккая, вузкалінейная, даўж. 2—5 см, на падоўжаных парастках размешчана спіральна, на кароткіх — пучкамі па 20—50 штук, на зіму ападае. Мужчынскія і жаночыя каласкі знаходзяцца на кароткіх парастках. Цвітуць адначасова з распусканнем пупышак. Шышкі даўж. 1—5 см, яйцападобныя. Насенне крылатае. Драўніна трывалая да гніення, выкарыстоўваецца ў падводных збудаваннях (масты, плаціны, прычалы), судна- і машынабудаўніцтве, з яе атрымліваюць жывіцу, дубільныя рэчывы, воцатную к-ту, цэлюлозу і інш.Тэхн. і дэкар. расліны.
А.Д.Антанюк.
Лістоўніца сібірская: 1 — агульны выгляд (восеньская афарбоўка); 2 — галінка з жаночай і мужчынскай шышкамі; 3 — галінка з мужчынскімі шышкамі; 4 — спелая шышка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́БЕЛІ (Nobel),
шведскія вынаходнікі, прадпрымальнікі і прамыслоўцы. Паходзілі са стараж.швед. роду Рудбекаў, адзін з прадстаўнікоў якога ў 1682 змяніў прозвішча на Нобеліус (пазней трансфарміравалася ў Нобель) па назве мяст. Нёбёлеў, дзе жыў род. Эмануэль (24.3.1801—3.9.1872), вынаходнік падводныхмін. Бацька Людвіга, Роберта, Эміля і А.Б.Нобеля. У 1842—59 жыў з сям’ёй у С.-Пецярбургу, дзе заснаваў мех.з-д. У час Крымскай вайны 1853—56 пастаўляў рас. войскам узбраенне і міны. Людвіг (27.7.1831, Стакгольм — 12.4.1888), канструктар станкоў, нафтапрамысловец, інжынер-тэхнолаг. Ператварыў заснаваны бацькам з-д у буйны маш.-буд.з-д «Людвіг Н.» (цяпер «Рускі дызель» у С.-Пецярбургу). У 1876 разам з братамі Робертам і Альфрэдам заснаваў нафтапрамысловае прадпрыемства ў Баку (з 1879 «Т-ва братоў Нобель»), якое стала найбуйнейшай нафтафірмай у Рас. імперыі. Увёў транспарціроўку нафты па трубаправодах, упершыню ў свеце выкарыстаў марскія і рачныя нафтаналіўныя судны. Эмануэль (22.6.1859—31.5.1932), сын Людвіга. У 1888—1917 узначальваў прадпрыемствы сям’і Н. у Расіі. З 1918 у Швецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПКО́ВІЧ (Пётр Фёдаравіч) (5.4.1887, г. Брэст — 3.4.1946),
расійскі вучоны ў галіне караблебудавання. Чл.-кар.АНСССР (1933). Інжынер-контр-адмірал (1940). Скончыў Пецярб.політэхн.ін-т (1911) і Марское інж. вучылішча ў Кранштаце (1912). З 1911 у ВМФ. У 1912—29 на Балтыйскім суднабуд. з-дзе. З 1920 у Ваенна-марской акадэміі (з 1934 нач. кафедры), з 1930 у Ленінградскім караблебуд. ін-це, у 1932—34 у Ленінградскім ун-це. Навук. працы па матэматыцы, тэорыі карабля, буд. механіцы карабля і падводнай лодкі, тэорыі пругкасці і інш. Пад яго кіраўніцтвам спраектавана і пабудавана некалькі тыпаў падводных лодак, надводных ваен. караблёў і гандл. суднаў. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
Строительная механика корабля. Ч. 1—2. М.; Л., 1941—47.
Літ.:
Гусак А.А., Гусак Е.А. П.Ф.Папкович: (К 100-летию со дня рождения) // Весці АНБССР. Сер. фіз.-мат. навук. 1987. № 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКСІ́Д ВАДАРО́ДУ,
перакіс вадароду, хімічнае злучэнне вадароду з кіслародам; найпрасцейшае і найб. пашыранае неарган. пераксіднае злучэнне, H2O2. Атрыманы ў 1818 франц. хімікам Л.Ж.Тэнарам.
Вязкая бясколерная вадкасць (tпл -0,41 °C), шчыльн. 1450 кг/м³, tкіп 150,2 °C. Раствараецца ў вадзе (неабмежавана), этаноле, дыэтылавым эфіры; канцэнтраваныя водныя растворы выбухованебяспечныя. Пры награванні і пад уздзеяннем святла лёгка раскладаецца на ваду і кісларод. Утварае крышт. сальваты, якія выкарыстоўваюць як цвёрдыя носьбіты П.в. (напр., злучэнне з мачавінай CO(NH2)2 H2O2 — гідраперыт). Праяўляе ўласцівасці акісляльніку (акісляе, напр., нітраты, бензол) і аднаўляльніку. У прам-сці атрымліваюць у асн. акісленнем алкілантрагідрахінонаў паветрам. Выпускаюць пераважна ў выглядзе 30—90%-ных раствораў; 30%-ны раствор з дабаўкамі стабілізатараў (звычайна фасфатаў натрыю) наз.пергідролем. Выкарыстоўваюць для атрымання арган. і неарган. пераксідаў, адбельвання тлушчаў, тэкст. матэрыялаў, паперы і інш., дэзінфекцыі сцёкавых вод, як крыніцу кіслароду на падводных лодках і інш Выклікае апёкі скуры, слізістых абалонак і дыхальных шляхоў, ГДК 1,4 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАБА́ЧАННЕ,
атрыманне бачнага відарыса аб’екта, што знаходзіцца ў непразрыстым або празрыстым асяроддзі, з дапамогай гуку; від інтраскапіі. Засн. на пранікальнай здольнасці гукавых хваль. Бывае лінзавае (для стварэння акустычнага відарыса выкарыстоўваюць лінзы акустычныя), галаграфічнае (грунтуецца на прынцыпах акустычнай галаграфіі) і лакацыйнае (засн. на рэхалакацыі).
Найчасцей у гукабачанні выкарыстоўваюць ультрагук у дыяпазоне ад 20 кГц да 10 МГц. Схема гукабачання ўключае звычайна крыніцу ультрагуку, аб’ект назірання, акустычны аб’ектыў (стварае ультрагукавы відарыс) і пераўтваральнік гукавога відарыса ў бачны. Выкарыстоўваецца ў дэфектаскапіі, акіяналогіі, гідралакацыі, мед. дыягностыцы і інш. Пры падводным гукабачанні яго апаратура (гукавізары) можа ўстанаўлівацца на падводных апаратах, прызначаных для пошукавых, даследчых і інш. мэт.
Літ.:
Грегуш П. Звуковидение: Пер. с англ.М., 1982;
Ощепков П.К., Пирожников Л.Б. Звуковидение. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОНД (франц. sonde),
1) у медыцыне — інструмент для даследавання (лячэння) пустацелых органаў, каналаў, ран і інш. Дазваляе вызначыць глыбіню і шырыню поласці, наяўнасць іншародных цел, змесціва органа, уводзіць дыягнастычныя і лекавыя сродкі і інш. 2) У метэаралогіі — шар з прыладамі для рэгістрацыі метэаралагічных даных верхніх слаёў атмасферы. Атрыманая інфармацыя перадаецца, напр., па радыё (радыёзонд) і рэгіструецца ў пункце выпуску З.) У ваеннай тэхніцы — металічны стрыжань (шчуп), які служыць, напр., для пошуку мін, снарадаў, авіябомбаў і інш. боепрыпасаў, якія знаходзяцца ў зямлі.
4) У электратэхніцы — металічны электрод для вывучэння (разам з электрометрам) размеркавання патэнцыялу ў эл. ланцугу.
5) У горнай справе — сукупнасць электродаў для вымярэння ў свідравіне эл. праводнасці горных парод. Дазваляе атрымліваць звесткі аб пародах, якія перасякала свідравіна, без падымання ўзораў на паверхню.
6) У рыбалоўстве — суднавая апаратура для кантролю параметраў рыбалоўнага трала і падводных абставін у час тралення. Служыць таксама для навядзення трала на скопішча рыбы, вызначэння ступені напаўнення яго рыбай і інш. 7) У акустыцы — прылада для вымярэння гукавога ціску ў зададзеным пункце гукавога поля. Уяўляе сабой вузкі акустычны хвалявод, злучаны з прыёмнікам гуку, напр. мікрафонам.