Падпісаны 3.9.1783 у Версалі паміж Вялікабрытаніяй з аднаго боку і Францыяй, Іспаніяй, Нідэрландамі — з другога. Разам з мірным пагадненнем паміж Вялікабрытаніяй і ЗША (гл.Парыжскі мір 1783) завяршыў Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, у якой Францыя, Іспанія і Нідэрланды ўдзельнічалі на баку Злучаных Штатаў. Замацаваў папярэднія пагадненні аб міры паміж бакамі. Паводле Версальскага мірнага дагавору Вялікабрытанія ўступіла Францыі в-аў Табага ў Вест-Індыі і Сенегал у Афрыцы, Іспаніі — Фларыду і в-аў Менорка, але атрымала ад Нідэрландаў порт Нагапатынам на Пд Індыі. Акрамя таго, былі пашыраны правы Францыі на рыбалоўства каля берагоў Ньюфаўндленда, скасавана забарона французам будаваць умацаванні ў г. Дзюнкерк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НСА (Wałęsa) Лех
(н. 29.9.1943, в. Папоў, Вроцлаўскае ваяв., Польшча),
дзяржаўны і палітычны дзеяч Польшчы. У 1960—80-я г. электрык на суднаверфях Гданьска. З 1970 актывіст рабочага руху. Як кіраўнік міжвытворчага забастовачнага к-та ў Гданьску ў 1980 падпісаў пагадненні з урадам аб спыненні ўсеаг. забастоўкі ў Польшчы. Адзін з заснавальнікаў незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» (1980, з 1981 яго старшыня). У 1981—82 арыштаваны і інтэрніраваны. З 1987 старшыня Усяпольскай выканаўчай камісіі «Салідарнасць». Праводзіў палітыку дыялогу і захавання мірных метадаў барацьбы. У 1989 сустаршыня перагавораў за «круглым сталом», пасля завяршэння якіх адбылася легалізацыя «Салідарнасці» і ўстанаўленне дэмакр. улады ў Польшчы. Прэзідэнт Польшчы ў 1990—95. Міжнар. прэмія па правах чалавека. Нобелеўская прэмія міру 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ УТВАРЭ́ННІ СССР 1922,
дзяржаўны акт, які юрыдычна аформіў аб’яднанне 4 сав.сацыяліст. рэспублік (РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР) у дзяржаву — Саюз Сав.Сацыяліст. Рэспублік. Зацверджаны 30.12.1922 (разам з Дэкларацыяй аб утварэнні СССР) на І з’ездзе Саветаў СССР; пазней уключаны ў Канстытуцыю СССР 1924. Прадугледжваў адзінае саюзнае грамадзянства для ўсіх грамадзян сав. рэспублік, стварэнне саюзных органаў улады (ЦВК, 10 наркаматаў, Вярх. суда, Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення і інш.), права свабоднага выхаду з Саюза кожнай з рэспублік. Перастаў дзейнічаць у снежні 1991 у сувязі з абвяшчэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД; гл.Белавежскія пагадненні 1991). 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі прыняў пастанову аб дэнансацыі дагавора 1922 у адносінах да Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВА́ЛЬ (Laval) П’ер
(26.6.1883, Шатэльдон, Францыя — 15.10.1945),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Адвакат. Дэп. парламента (1914—26), сенатар (1927—40). Міністр грамадскіх работ (1925), юстыцыі (1926), працы (1930, 1932), калоній (1934), замежных спраў (1932, 1934—35, 1935—36) і прэм’ер-міністр Францыі (1931—32, 1935—36). Ад імя Францыі падпісаў Лаваля—Мусаліні пагадненні 1935, пакты аб узаемадапамозе з СССР (2.5.1935) і Чэхаславакіяй (16.5.1935). У 2-ю сусв. вайну дзярж. міністр ва ўрадзе А.Ф.Петэна (чэрв.—ліп. 1940), нам. прэм’ер-міністра (ліп.—снеж. 1940), міністр замежных спраў (кастр.—снеж. 1940) і прэм’ер-міністр урада «Вішы» (1942—44). З канца 1944 у Германіі. У 1945 перададзены амер. вайскоўцамі ўладам Францыі, засуджаны і пакараны смерцю як галоўны франц.калабарацыяніст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНА́ЎЭР (Adenauer) Конрад
(5.1.1876, Кёльн — 19.4.1967),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Германіі, першы федэральны канцлер ФРГ. Юрыст. У 1917—33 і маі—крас. маі—кастр. 1945 обер-бургамістр г. Кёльн. У 1918—19 і 1923 выступаў за аддзяленне Рэйнскай правінцыі ад Прусіі і стварэнне Рэйнскай рэспублікі. У 1920—33 прэзідэнт прускага Дзярж. савета. Пры нацыянал-сацыялістах пазбаўлены пасады обер-бургамістра, у 1944 зняволены. З 1946 старшыня створанага ім Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) у брыт.акупац. зоне, у 1950—66 федэральны старшыня ХДС. У 1948—49 старшыня Парламенцкага савета. У 1949—63 федэральны канцлер, адначасова міністр замежных спраў (1951—55). Ва ўнутр. палітыцы прытрымліваўся прынцыпаў прававой дзяржавы. Урад Адэнаўэра падпісаў Парыжскія пагадненні 1954, ажыццявіў уступленне ФРГ у НАТО (1955), устанавіў дыпламат. адносіны з СССР (1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1866,
вайна Прусіі супраць Аўстрыі за аб’яднанне палітычна раздробленай Германіі і панаванне ў ёй прускага юнкерства. Зачэпкай да вайны стала спрэчка з-за зямлі Шлезвіг-Гольштэйн, заваяванай Аўстрыяй і Прусіяй у вайне супраць Даніі. Прусія заручылася нейтралітэтам Францыі і Расіі, заключыла ваен. саюз з Італіяй, і 16 чэрв. яе войскі ўварваліся ў Гесен, Гановер і Саксонію. Пасля паражэння Аўстрыі каля Садавы 23 жн. ў Празе падпісаны мірны дагавор, паводле якога зямля Шлезвіг-Гольштэйн адышла да Прусіі. Прусія, атрымаўшы права стварыць саюз герм. дзяржаў на Пн ад р. Майн, у вер. 1866 захапіла Гановер, Гесен-Касель, Насаў і Франкфурт-на-Майне. У 1867 яна арганізавала Паўн.-герм. саюз (19 ням. дзяржаў і вольныя гарады Брэмен, Гамбург і Любек). Герм. дзяржавы, размешчаныя на Пд ад Майна, падпісалі з Прусіяй сакрэтныя ваен.Пагадненні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1925, Лакарнскі пакт. Парафіраваны 16.10. 1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) пасля абмеркавання на Лакарнскай канферэнцыі 1925, падпісаны 1.12.1925 у Лондане. Асн. дакумент — т.зв. Рэйнскі гарантыйны пакт паміж Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Італіяй і Францыяй, які прадугледжваў непарушнасць герм.-бельг. і герм.-франц. межаў, вызначаных паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, і захаванне дэмілітарызацыі Рэйнскай зоны. Гарантамі пакта выступалі Вялікабрытанія і Італія. Рэйнскі пакт дапоўнілі пагадненні пра арбітражы, заключаныя Германіяй асобна з Бельгіяй, Францыяй, Польшчай і Чэхаславакіяй, а таксама дагаворы аб гарантыях, заключаныя Францыяй асобна з Польшчай і Чэхаславакіяй (Францыя абавязалася аказваць дапамогу гэтым краінам у выпадку нападу на іх Германіі). Вынікам Л.д. было прыняцце Германіі ў вер. 1926 у Лігу нацый са статусам вял. дзяржавы. У 1936 Германія ў аднабаковым парадку скасавала Л.д. і ўвяла свае войскі ў Рэйнскую зону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЖНЕЎ Леанід Ільіч
(19.12.1906, г. Днепрадзяржынск, Украіна — 10.11.1982),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1961), 4 разы Герой Сав. Саюза (1966, 1976, 1978, 1981). Маршал Сав. Саюза (1976). Скончыў Днепрадзяржынскі металургічны ін-т (1935). Працаваў інжынерам, сакратаром Днепрапятроўскага абкома КП(б)У. У Вял. Айч. вайну ў паліторганах Паўд. і 4-га Укр. франтоў. З 1946 на кіруючых пасадах у Запарожскім, Днепрапятроўскім абкомах КП(б)У, ЦК КП Малдавіі, Гал. палітупраўленні Сав. Арміі і ВМФ, ЦК КП Казахстана. З 1956 сакратар ЦККПСС. У 1960—64 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. З 1964 1-ы сакратар (з 1966 Ген. сакратар) ЦККПСС, адначасова з чэрв. 1977 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР і Старшыня Савета абароны СССР. У гады знаходжання Брэжнева на вышэйшых кіруючых пасадах пачалася палітыка разрадкі, СССР удзельнічаў у т.зв. хельсінскім працэсе, былі заключаны сав.-амер.пагадненні па абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў. Разам з тым у краіне нарасталі негатыўныя працэсы ў эканоміцы, сац. і духоўнай сферах жыцця. Пры Брэжнева былі ўведзены сав. войскі ў Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979), узмацнілася паліт. цэнзура, праследаванне іншадумства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗКАЎСХО́ДНІ КАНФЛІ́КТ,
ваеннае і палітычнае проціборства на рэгіянальным узроўні Ізраіля з араб. краінамі і Арганізацыяй вызвалення Палесціны (АВП). На глабальным узроўні — паміж ЗША, што падтрымлівалі Ізраіль, і СССР (да 1991), які дапамагаў дружалюбным яму араб. рэжымам. Бярэ пачатак ад утварэння Ізраільскай дзяржавы (1948). У аснове канфлікту палесцінская праблема і ўзаемаадносіны Ізраіля і араб. краін (гл.Араба-ізраільская вайна 1948—49, Ізраільска-арабскія войны). Праблема вяртання акупіраваных ізраільцянамі тэрыторый (Сінайскі п-аў, сектар Газа, Галанскія вышыні, Зах. бераг р. Іардан, частка г. Іерусалім) і барацьба палесцінцаў (у т. л. тэрарыстычныя акцыі) за стварэнне ўласнай дзяржавы зрабілі Б. Усход асяродкам самага працяглага канфлікту ў сусв. палітыцы. Пры пасрэдніцтве ЗША першым крокам да міру з’явіліся Кэмп-Дэвідскія пагадненні паміж Егіптам і Ізраілем (1979). Да 1993 па праблеме Блізкаўсходняга канфлікту ішла дыпламат. барацьба, у ходзе якой Ізраіль прызнаў АВП адзіным прадстаўніком араб. народа Палесціны, а АВП прызнала Ізраіль як дзяржаву. 13.9.1993 у Вашынгтоне бакі падпісалі мірны дагавор і палесцінцы атрымалі права на самакіраванне ў сектары Газа і гарадах Іерыхон і Віфлеем. 26.10.1994 падпісаны мірны дагавор паміж Ізраілем і Іарданіяй. У чэрв. 1995 пачаліся перагаворы паміж Ізраілем і Сірыяй па праблеме вываду ізраільскіх войскаў з Галанскіх вышыняў. Гал. перашкодай на шляху да канчатковага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту з’яўляецца дзейнасць экстрэмісцкіх сіл як у Палесцінскім руху супраціўлення (ХАМАС і інш. арг-цыі), так і ўнутры ізраільскага грамадства (забойства прэм’ер-міністра І.Рабіна ў ліст. 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАА́ГСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ,
1) міжнародныя пагадненні аб нормах права ва ўзброеных канфліктах (раней наз.законы і звычаі вайны), правах і абавязках нейтральных краін, шляхах мірнага вырашэння міжнар. спрэчак, прынятыя на 1-й і 2-й мірных канферэнцыях у Гаазе ў 1899 і 1907.
1-я Гаагская канферэнцыя (1899, 27 дзяржаў-удзельніц) прыняла 3 канвенцыі (пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864), а таксама 3 дэкларацыі.
2-я Гаагская канферэнцыя (1907, 44 дзяржавы-ўдзельніцы) прыняла 13 канвенцый: пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра абмежаванне выпадкаў выкарыстання сілы для спагнання па дагаворных даўгавых абавязацельствах; пра адкрыццё ваен. дзеянняў; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў і асоб у сухапутнай вайне; пра становішча варожых гандл. суднаў пры адкрыцці ваен. дзеянняў; пра ператварэнне гандл. суднаў у ваенныя; пра ўстаноўку аўтам. кантактных падводных мін; пра бамбардзіроўку марскімі сіламі ў час вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864; пра некаторыя абмежаванні ў карыстанні правам захопу ў марской вайне; пра заснаванне міжнар. прызавога суда; аб правах і абавязках нейтральных краін у марской вайне.
Гаагскія канвенцыі адыгралі значную ролю ў міжнар.-прававой рэгламентацыі правіл вядзення вайны.
2) Канвенцыя 1954 пра абарону культ. каштоўнасцей у час узбр. канфлікту — міжнар. шматбаковае пагадненне, якое абавязвае дзяржавы паважаць і захоўваць у час ваен. дзеянняў культ. каштоўнасці, забараняе іх вываз з акупіраваных тэрыторый.
3) Канвенцыі па міжнар. прыватным праве 1902—05, 1951, 1956, 1961 і інш.