АЗІЯ́ЦКІ КЛІ́РЫНГАВЫ САЮ́З,

пагадненне аб урэгуляванні дысбалансаў у міжнар. разліках паміж Бангладэш, Бірмай, Індыяй, Іранам, Непалам, Пакістанам і Шры-Ланкай. За адзінку разлікаў прынята азіяцкая грашовая адзінка, роўная па кошце адзінцы спец. правоў запазычання (СДР) у міжнародным валютным фондзе.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЎСТО́ЙКА,

устаноўленая законам або дагаворам грашовая сума, якая спаганяецца з даўжніка ў выпадку невыканання або неналежнага выканання ім абавязацельства, у прыватнасці ў выпадку пратэрміноўкі выканання; адзін са спосабаў забеспячэння выканання абавязацельстваў. Пагадненне пра Н. складаецца ў пісьмовай форме (інакш несапраўднае). Разнавіднасці Н. — штраф і пеня.

т. 11, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

саюз шляхты ў ВКЛ супраць палітыкі абсалютызму, што намагаўся ўвесці ў Рэчы Паспалітай кароль Аўгуст II Моцны. Створана 23.3.1716 на шляхецкім з’ездзе ў Вільні. Яе маршалкам выбраны ашмянскі харунжы К.​Сулістроўскі. Віленская канфедэрацыя далучылася да Тарнагродскай канфедэрацыі, якая патрабавала вываду саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай. Падтрымалі Віленскую канфедэрацыю войска ВКЛ, магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэр. ўсёй Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пры пасрэдніцтве рас. дыпламатаў паміж каралём і абедзвюма канфедэрацыямі падпісана пагадненне, паводле якога саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада караля абмежавана (не меў права пачынаць вайну без згоды сейма, арыштоўваць шляхціца без суда, раздаваць пасады чужаземцам і некатолікам), а правы шляхты пашыраліся (пацверджана права ліберум вета, абмежавана вайсковая ўлада гетманаў). Пагадненне зацверджана Нямым сеймам 1717.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРА́КТ (лац. contractus),

дагавор, пагадненне з узаемнымі абавязкамі для бакоў, якія дамаўляюцца паміж сабой. Падзяляюцца на віды: па пастаўках прадукцыі — экспартныя, імпартныя, унутр. і інш. здзелкі; н а выкананне работ і аказанне паслуг — інжынерна-кансультацыйныя, вытв., турысцкія, па перавозцы, пагрузцы-разгрузцы грузаў, страхаванні, банкаўскіх і разліковых аперацыях, арганізацыі кірмашоў, выставак, аўкцыёнаў і інш.; па выніках творчай дзейнасці — на гандаль ліцэнзіямі і патэнтамі, аб’ектамі аўтарскага права, вынікамі н.-д. і доследна-канструктарскай дзейнасці; па працы — пагадненне паміж наймальнікам і чалавекам, якога прымаюць на работу, дзе агаворваюцца яго прац. функцыі, месца працы, службовыя абавязкі, памер заработнай платы і інш.; знешнегандлёвы К., у якім адным з бакоў з’яўляюцца замежныя юрыд. асобы і ўстанаўліваюцца правы і абавязкі бакоў у галіне знешнеэканам. дзейнасці; ф’ючэрсны — К. аб пастаўках тавару ў будучым.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКІ ДАГАВО́Р,

пісьмовае пагадненне аўтара (або яго спадкаемцаў) з выдавецтвам, тэатрам, кінастудыяй і да т.п. аб выкарыстанні твора літаратуры, навукі, мастацтва (выдавецкі, пастановачны, сцэнарны і інш. аўтарскі дагавор). Умовы аўтарскага дагавора ў Рэспубліцы Беларусь вызначаюцца цывільным заканадаўствам і інш. нарматыўнымі актамі (гл. таксама арт. Аўтарскае права).

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНЦІ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ, канвенцыйныя хваробы (ад лац. conventio дагавор, пагадненне),

інфекцыйныя хваробы, што характарызуюцца вял. заразлівасцю і высокай смяротнасцю і ў адносінах да якіх выкарыстоўваюцца дзеянні Міжнар. каранціну ці міжнар. сан. канвенцый. Да К.х. адносяцца: воспа натуральная, жоўтая ліхаманка, халера, чума (да 1979). Гл. таксама Санітарная ахова, Санітарная ахова граніц.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВЕ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1991.

Падпісаны кіраўнікамі Беларусі (С.​Шушкевіч і В.​Кебіч), Расіі (Б.​Ельцын і Г.​Бурбуліс), Украіны (Л.​Краўчук і В.​Фокін) 8.12.1991 у бел. урадавай рэзідэнцыі каля б. хутара Віскулі Пружанскага р-на ў Белавежскай пушчы. Ад імя дзяржаў — заснавальніц СССР яны канстатавалі, што СССР як суб’ект міжнар. права і геапаліт. рэальнасць спыняе існаванне, і падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). у складзе Рэспублікі Беларусь, РСФСР і Украіны. СНД абвяшчалася адкрытай для далучэння інш. дзяржаў. Былі прыняты заявы кіраўнікоў 3 краін аб імкненні СНД праводзіць курс на ўмацаванне міжнар. міру і бяспекі, пра гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў па дагаворах і пагадненнях б. СССР, забеспячэння адзінага кантролю за ядзернай зброяй і яе нераспаўсюджаннем, пра каардынацыю эканам. палітыкі. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД 10.12.1991.

Я.​Р.​Гарэлік.

У час падпісання Белавежскіх пагадненняў 1991.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НЦКАЕ ПРЫМІРЭ́ННЕ,

пагадненне паміж паўн. і паўд. Нідэрландамі ў ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. Падпісана 8.11.1576 у г. Гент па ініцыятыве Генеральных штатаў. Прадугледжвала сумесную барацьбу супраць ісп. войск у Нідэрландах, амністыю ўдзельнікам руху, захаванне каталіцызму на Пд і кальвінізму на Пн краіны і інш. Страціла сілу пасля заключэння Утрэхцкай уніі (1579).

т. 5, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р МІЖНАРО́ДНЫ,

пагадненне паміж дзяржавамі або іншымі суб’ектамі міжнар. права, якое вызначае іх узаемныя правы і абавязкі ў паліт., эканам. ці іншых адносінах; асн. крыніца міжнароднага права. Бываюць двухбаковыя і шматбаковыя, міжурадавыя і міжведамасныя. Паводле зместу — паліт. (аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, аб ненападзе, нейтралітэце, і інш.), эканам. (гандл., аб аказанні эканам. і тэхн. дапамогі, аб пазыках, крэдытах і да т.п.) і дагаворы па спец. пытаннях (у галіне сувязі, транспарту, аховы здароўя, адукацыі, навукі і культуры, прававой дапамогі і інш.). Найменні і формы дагавора міжнароднага разнастайныя: дагавор, пагадненне, канвенцыя, пакт, пратакол, статут і інш. Заключаецца на пэўны тэрмін або бестэрмінова. Калі пасля сканчэння тэрміну дагавор па згодзе бакоў не прадоўжаны, ён спыняецца. Спыненне дагавора міжнароднага можа адбыцца і да сканчэння тэрміну — па згодзе бакоў, шляхам дэнансацыі і, як выключэнне — шляхам аднабаковага анулявання ў выпадку істотнага парушэння дагавора міжнароднага другім бокам ці карэннай змены становішча.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭЙ, Грэй оф Фаладан (Grey of Fallodon) Эдуард (25.4.1862, каля г. Эмблтан, Вялікабрытанія — 7.9.1933), англійскі дыпламат і дзярж. дзеяч, віконт. З 1885 чл. парламента ад Ліберальнай партыі. У 1892—95 нам. міністра, у 1905—16 міністр замежных спраў. Заключыў пагадненне з Расіяй, якое садзейнічала афармленню Антанты. Палітыка Грэя зрабіла ўплыў на падрыхтоўку і развязванне 1-й сусв. вайны.

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)