РУ́ТА,

рака ў Навагрудскім і Карэліцкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Сэрвач (бас. р. Нёман). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 132 км². Пачынаецца каля в. Рутка 1-я Навагрудскага р-на, цячэ ў межах Навагрудскага ўзв. праз г.п. Карэлічы, упадае ў Сэрвач за 2,5 км на ПдУ ад Карэліч. У г.п. Карэлічы створана сажалка (пл. 0,53 км²).

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РШСКІ ЗАЛІЎ,

лагуна каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Балтыйскага м., у Літве і Калінінградскай вобл. Расіі. Аддзелены ад мора Куршскай касой, злучаецца з ім Клайпедскім пралівам (шыр. 390 м). Пл. 1610 км². Даўж. 93 км, сярэдняя шыр. 17,3 км. Глыб. да 7 м. Упадае р. Нёман (Нямунас). Зімой замярзае (ледастаў каля 80 сут). Рыбалоўства. На беразе К.з. — гарады Клайпеда і Нерынга (Літва).

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́НІЦА,

рака ў Слонімскім, Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 195 км². Пачынаецца на ПдЗ ад в. Плаўскія Слонімскага р-на, цячэ ў межах Слонімскага ўзв. Даліна выразная, трапецападобная, шыр. да 900 м. Пойма забалочаная, вузкая. Рэчышча ў верхнім цячэнні звілістае, на працягу 15 км каналізаванае. Берагі стромкія і абрывістыя.

т. 9, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРКІ́С,

рака ў Літве і Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 202 км (на Беларусі 12 км). Пл. вадазбору 4440 км² (на Беларусі 100 км²). Пачынаецца за 2 км на Пд ад в. Мікулішкі Ашмянскага р-на, цячэ ў межах Ашмянскага ўзв., 2 км на мяжы з Літвой і каля в. Гаравыя Грыгі перасякае яе. У межах Беларусі каналізаваная.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ПА,

рака ў Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 147 км². Пачынаецца каля в. Грабава Зэльвенскага р-на, цячэ праз воз. Азяранскае, упадае ў р. Шчара на ПнЗ ад в. Пясчанка Мастоўскага р-на. Рэчышча на працягу 9 км каналізаванае. Пойма да возера амаль на ўсім працягу забалочаная.

т. 14, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ДЗЕЛЬКА, Скідзяліца, Скідзялянка,

рака ў Мастоўскім і Гродзенскім р-нах, левы прыток р. Котра (бас. р. Нёман). Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 450 км². Цячэ па Нёманскай нізіне. Пачынаецца за 5 км на ПнУ ад в. Заполле Мастоўскага р-на, упадае ў р. Котра каля в. Некрашы Гродзенскага р-на. Рэчышча на працягу 22,5 км (ад вытоку да упадзення р. Спушанка) каналізаванае.

т. 14, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІЦА,

вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на Пд ад г. Ліда, 140 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Нёман, на шашы Ліда—Слонім. 3079 ж., 1214 двароў (1995).

Вядома з 15 ст. як велікакняжацкае і прыватнае ўладанне. З 1486 мястэчка. У канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр староства і павета. У 1553 М.​Радзівіл Руды заснаваў у Беліцы кальвінскі збор, тут праходзілі кальвінісцкія сіноды. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Лідскім пав. У 1886 цэнтр воласці, 883 ж., 100 двароў. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Лідскім р-не. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 у Беліцы 913 ж., 285 двароў.

У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, хлебапякарня, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі драўлянага дойлідства — капліца (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянкі мезаліту, неаліту і бронзавага веку.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЗА (франц. vase ад лац. vas пасудзіна),

пасудзіна дэкар. ці утылітарнага прызначэння. Выкарыстоўваюцца для пластычнага і каляровага ўзбагачэння інтэр’ера, часам як творы манум.-дэкар. мастацтва (на фасадах будынкаў, агароджах). Вырабляюцца са шкла, фарфору, фаянсу, гліны, хрусталю, вырабных камянёў, металаў. Вядомы са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі ў залежнасці ад формы і прызначэння гліняныя вазы мелі розныя назвы (амфара, кратэр і інш.). Выраб і ўпрыгожванне вазы размалёўкай (вазапіс) — важная галіна ант. мастацтва. Тэктанічная яснасць формаў, іх функцыян. апраўданасць, гарманічнасць прапорцый зрабілі стараж.-грэч. вазы класічнымі ўзорамі для еўрап. мастацтва наступных эпох. На Беларусі ў 18—19 ст. вазы выраблялі ганчары Слуцка, Барысава, Магілёва і інш. на радзівілаўскіх і Целяханскай фаянсавай мануфактурах (гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы). Цяпер вазы вырабляюць на Мінскім і Добрушскім фарфоравых, Барысаўскім хрусталёвым заводах, шклозаводзе «Нёман», аб’яднанні «Беларуская мастацкая кераміка», Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Відарысы вазы выкарыстоўваюцца як дэкар. матыў у размалёўцы па шкле, метале, кераміцы, у ткацтве.

М.​М.​Яніцкая.

Дэкаратыўныя вазы. Т.​Пятроўская. 1977.
Да арт. Ваза. Каляровае шкло шклозавода «Нёман» 1920—40-я г.

т. 3, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЬБІЧ (Юрка) (сапр. Шчарбакоў Георгій; 15.6.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. — 4.1.1975),

бел. пісьменнік і культ. дзеяч. У 1922—33 працаваў у Маскве на хім. заводзе. Пераехаў на Беларусь, удзельнічаў у напісанні гісторыі віцебскіх, гомельскіх і барысаўскіх фабрык. Быў удзельнікам Віцебскай, Гомельскай, Беластоцкай экспедыцый, узначальваў Аршанскую экспедыцыю па даследаванні, уліку і ахове помнікаў гісторыі, архітэктуры і мастацтва. У час Вял. Айч. вайны супрацоўнічаў з фашыстамі, быў членам т.зв. Цэнтр. ўрада бел. культ. згуртавання. З 1944 у Германіі, у 1946 стварыў бел. літ. згуртаванне і час. «Шыпшына», арганізаваў выданне час. праваслаўных беларусаў «Звіняць званы св. Сафіі». Пасля пераехаў у ЗША. Друкаваўся з 1929 у час. «Узвышша». Першая кн. прозы «Смерць Ірмы Лаймінг» (1932). У 1937 выдаў кн. «Формула супраціўлення касцей», у 1944 у Берліне — зб. публіцыстыкі «Веліжскія паўстанцы» і «Нацыянальныя святыні». Аўтар кн. «Плыве з-пад Святое гары Нёман» (ч. І, Мюнхен, 1956), «Мы дойдзем» (Нью-Йорк, 1974, на рус. мове). Пакінуў успаміны пра бел. пісьменнікаў.

Тв.:

Плыве з-пад Святое гары Нёман: Рэпр. выд. Мн., 1995.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЬВЯ́НКА,

рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 170 км. Пл. вадазбору 1940 км². Пачынаецца паміж вёскамі Лідзяны і Кулявічы Свіслацкага р-на, цячэ ў Ваўкавыскім, Пружанскім, Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах. Асн. прытокі: Шчыба, Ружанка, Іванаўка, Сасва, Самараўка, Юхнаўка.

Даліна трапецападобная, яе шыр. ад 500 м да 3—4 км у ніжнім цячэнні. Пойма забалочаная, роўная, шыр. да 2,5 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні 400—600 м. Рэчышча моцназвілістае, яго шыр. ў межань 15—20 м. На працягу 44,2 км каналізаванае: ад вытоку да в. Краскі Ваўкавыскага р-на (16 км) і на ўчастку за 2 км на Пн ад г.п. Зэльва — 2 км на Пн ад в. Ліхінічы Мастоўскага р-на (28,2 км). Берагі пясчаныя, стромкія і абрывістыя. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Жыўленне мяшанае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 11 м​5/с. На рацэ вадасховішчы Зэльвенскае і Паперня, г.п. Зэльва, г. Масты (пры ўпадзенні Зальвянкі ў Нёман).

Рака Зальвянка ў ніжнім цячэнні.

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)