ДЭ́ЛЬБРУК ((Delbrück) Бертальд) (26.7.1842, г. Путбус, Германія — 3.1.1922),

нямецкі лінгвіст. Вучыўся ў Гале і Берліне. Праф. санскрыту і кампаратывістыкі ў Іене (1870). Залажыў асновы вывучэння параўнальнага сінтаксісу індаеўрап. моў: «Сінтаксічныя даследаванні» (т. 1—5, 1871—88; з Э.​Віндышам), «Асновы параўнальнай граматыкі індаеўрапейскіх моў» (т. 1—5, 1886—1900, з К.​Бругманам). Вывучаў веды, выдаў «Ведыйскую хрэстаматыю» (1874). У працы «Асноўныя пытанні даследавання мовы» (1901) абараняў младаграматычную канцэпцыю мовы, ад якой пазней адышоў.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ГА ((Hugo) Густаў) (1764—1844),

нямецкі юрыст, заснавальнік гістарычнай школы права. Праф. Гётынгенскага ун-та. Аўтар шэрагу навук. прац па праве. Першы абвясціў ідэю самабытнага развіцця права і супастаўляў яго з развіццём мовы і нораваў народа. Задачай права лічыў зацвярджэнне пэўнага і трывалага парадку ў краіне, абараняў непарушнасць усякага станоўчага права. Гал. довадам захавання права лічыў тое, што яно ўжо існуе і што «людзі да яго прывыклі». Сваё вучэнне называў філасофіяй станоўчага права.

т. 5, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РДЭНБЕРГ ((Hardenberg) Карл Аўгуст фон) (31.5.1750, Эсэнродэ, каля г. Гіфгорн, Германія — 26.11.1822),

нямецкі дзярж. дзеяч. Князь (1814). Да 1782 на дзярж. службе ў курфюрстве Гановер. У 1791—98 міністр Прусіі, кіраваў маркграфствамі Ансбах і Байройт. Міністр замежных спраў (1804—06 і 1807) і дзярж. канцлер Прусіі (1810—22). Урад Гардэнберга працягваў ліберальныя пераўтварэнні, распачатыя папярэднімі ўладамі (гл. Штайна—Гардэнберга рэформы). Удзельнік Венскага кангрэса 1814—15. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—5, выд. 1877).

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НДЫГ ((Grundig) Леа) (23.3.1906, г.Дрэздэн, Германія — 10.10.1977),

нямецкі графік. Жонка Г.Грундыга. Вучылася ў АМ у Дрэздэне (1923—26). У 1939—49 у эміграцыі. З 1950 праф. Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. У 1964—70 прэзідэнт (старшыня) Саюза мастакоў Германіі. Творы адметныя псіхал. экспрэсіяй (цыклы афортаў «Пад свастыкай», 1933—38; «Барацьба супраць атамнай смерці», 1957—58), жыццесцвярджальным пафасам (цыклы «Вугаль і сталь для міру», 1951, і інш.).

Г.​Грундыг. Барацьба мядзведзя з ваўкамі. 1928.

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НАРД (Lenard) Філіп Эдуард Антон [7.6.1862, г. Прэсбург (цяпер Браціслава), Славакія — 20.5.1947], нямецкі фізік. Вучыўся ў Будапешцкім, Венскім, Берлінскім і Гайдэльбергскім ун-тах. У 1894—1930 праф. розных ВНУ Германіі. З 1909 кіраўнік Радыелагічнага ін-та ў Гейдэльбергу. Навук. працы па оптыцы, атамнай і малекулярнай фізіцы. Правёў грунтоўныя даследаванні прыроды катодных прамянёў і іх уласцівасцей (1892), эксперыментальна пацвердзіў асн. заканамернасці фотаэфекту (1902). Нобелеўская прэмія 1905. Выступаў супраць тэорыі адноснасці. Актыўна падтрымліваў нацызм.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НТАР ((Cantor) Георг) (3.3.1845, С.-Пецярбург — 6.1.1918),

нямецкі матэматык, заснавальнік тэорыі мностваў. Скончыў Берлінскі ун-т (1867). З 1869 ва ун-це ў г. Гале (у 1879—1913 праф.). Распрацаваў тэорыю бясконцых мностваў і тэорыю трансфінітных лікаў, сістэматызаваў і абгрунтаваў прынцыпы свайго вучэння аб бясконцасці. Сфармуляваў адну з аксіём неперарыўнасці (аксіёма К.). Увёў паняцці лімітавага пункта, вытворнага мноства, развіў адну з тэорый ірацыянальных лікаў.

Тв.:

Рус. пер. — Труды по теории множеств. М., 1985.

т. 7, с. 604

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НЕКЕР ((Kronecker) Леапольд) (7.12.1823, г. Лягніца, Польшча — 29.12.1891),

нямецкі матэматык. Чл. Берлінскай АН (1861). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872). Скончыў Берлінскі ун-т (1845), дзе і працаваў з 1861 (з 1883 праф.). Навук. працы па алгебры і тэорыях лікаў, груп, квадратычных форм і эліптычных функцый. Быў прыхільнікам «арыфметызацыі» матэматыкі, якая, на яго думку, павінна быць зведзена да арыфметыкі цэлых лікаў. Удасканаліў тэхніку лічэння. Увёў сімвал, які носіць яго імя (гл. Кронекера сімвал).

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬБЕ ((Kolbe) Адольф Вільгельм Герман) (27.9.1818, г. Гётынген, Германія — 25.11.1884),

нямецкі хімік-арганік. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1842). З 1847 у Марбургскім (з 1851 праф.), з 1865 у Лейпцыгскім ун-тах. Навук. працы па арган. хіміі. Распрацаваў метады сінтэзу воцатнай к-ты (1845) і саліцылавай к-ты (рэакцыя К.—Шміта — асн. спосаб прамысл. сінтэзу; 1860), электрахім. метад сінтэзу вуглевадародаў (рэакцыя К.; 1849).

Літ.:

Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975. С. 246.

т. 8, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬБЕРС ((Olbers) Генрых Вільгельм Маціяс) (11.10.1758, г. Брэмен, Германія — 2.3.1840),

нямецкі астраном. Чл Лонданскага каралеўскага т-ва (1804), чл. Франц. АН (1810). Вывучаў медыцыну ў Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па назіранні камет і метадах вызначэння іх арбіт. Адкрыў 7 камет, малыя планеты — Паладу (1802) і Весту (1807). Сфармуляваў гіпотэзу аб паходжанні малых планет у выніку выбуху вял. планеты, якая знаходзілася паміж арбітамі Марса і Юпітэра. Выказаў думку пра магчымасць паглынання святла ў міжзорным асяроддзі.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЛЬ ((Mohl) Гуга) (8.4.1805, г. Штутгарт, Германія — 1.4.1872),

нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў цыталогіі раслін. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1854). Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1828). З 1832 праф. Бернскага, з 1835 — Цюбінгенскага ун-таў. Навук. працы па анатоміі і цыталогіі раслін. Апісаў утварэнне і будову вусцейка і эпідэрмісу, дзяленне клетак, будову многіх органаў раслін, назіраў утварэнне крухмалу ў хларафільных зернях. Даказаў клетачнае паходжанне сасудаў раслін. Прапанаваў класіфікацыю раслінных тканак. Увёў паняцце пратаплазмы.

т. 10, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)