НА́ДАШЫ (Nadasi) Ферэнц (16.10.1893, Будапешт — 20.2.1966),

венгерскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Засл. арт. Венгрыі (1955). Вучыўся ў Будапешце, удасканальваўся ў Э.Чэкеці. У 1913—21 саліст, у 1936—62 балетмайстар і педагог (у 1950—61 дырэктар) Венг. опернага т-ра (Будапешт), выконваў гал. партыі ў яго спектаклях. У 1950—53 педагог Ін-та балета. Сярод лепшых пастановак: «Сільвія» на муз. Л.​Дэліба (1942), «Прывід ружы» на муз. К.​М.​Вебера і «Дзень нараджэння інфанты» Дж.​Карпентэра (абедзве 1948) і інш. Стварыў балетную школу (1937), у пед. працы спалучаў стыль італьян. школы класічнага танца з нац. асаблівасцямі венг. танц. мастацтва. Прэмія імя Л.​Кошута 1958.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАКО́Ў Анатоль Абрамавіч (31.3.1921, г. Растоў-на-Доне, Расія — 10.4.1990),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў студыю т-ра імя М.​Горкага ў Растове-на-Доне (1940). Працаваў у т-рах Расіі. З 1955 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Выконваў гераічныя і характарныя ролі. Сярод работ: Кусонскі, Стрыжэўскі («Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.​Губарэвіча), «Камандзір браняпоезда» («Дні нашага нараджэння» І.​Мележа), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Баян («Клоп» У.​Маякоўскага), Судакоў («Гняздо глушца» В.​Розава), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Вурм, Лейстэр («Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), доктар Ранк («Нора» Г.​Ібсена). Зняўся ў тэлефільме «Атланты і карыятыды».

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБО́ТНІК,

1) выкананне добраахвотна і бясплатна якой-н. грамадска-карыснай працы ў суботу (або іншы выхадны дзень). Як грамадска-паліт. з’ява ўзнік у 1919 па ініцыятыве камуністаў (адсюль назва камуністычны С.), якія ў дэпо Масква-Сарціровачная адрамантавалі 3 паравозы. У СССР штогод праводзіўся Ленінскі (камуніст.) С. у суботу у 2-й пал. крас., у гонар. нараджэння У.​І.​Леніна. З 1969 праводзіліся Усесаюзныя камуніст. С.

На Беларусі пасля распаду СССР праводзяцца С. на карысць грамадства, сродкі ад якіх ідуць на дапамогу дзецям-сіротам, пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. 2) С. наз. таксама сектант, які належыць да секты, што святкуе суботу замест нядзелі.

т. 15, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАЛІТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ, эрытрабластоз плода,

прыроджаная, спадчынная хвароба дзяцей. Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя дні пасля нараджэння ад несумяшчальнасці крыві маці і плода па рэзус-фактары або інш. групавых асаблівасцях (гл. Групы крыві). Рэзус-фактар, які трапляе ў кроў рэзус-адмоўнага чалавека, выклікае імунную рэакцыю з утварэннем антырэзусных цел. Стан сенсібілізацыі да рэзус-фактара пры першай цяжарнасці можа не развіцца і дзіця нараджаецца здаровым, пры наступных цяжарнасцях дзеці могуць нараджацца хворымі. У аснове хваробы — гемоліз (распад) эрытрацытаў і назапашванне ў крыві атрутнага рэчыва (непрамога білірубіну, гл. Кроў). Прыкмета гемалітычнай хваробы нованароджаных: анемія, жаўтуха, парушэнне дзейнасці ц. н. с. (ад атручэння). Лячэнне: заменнае пераліванне крыві, гемасорбцыя, увядзенне плазмы; фотатэрапія.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГАРЫ́ШЫНА Валянціна Іванаўна (н. 4.7.1942, г.п. Лясны Кіраўскай вобл., Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1968). Сярод работ у кераміцы — кампазіцыі «Восеньскі букет» (1983), «Старое люстэрка» (1991); цыкл аб’ёмнай пластыкі з фаянсу «Ноч нараджэння», «Пейзаж з птушкай», «Дрэва, якое спявае» і інш. (1989); серыя дэкар. пластоў «І ўпала на зямлю зорка» (1996) і інш. Аўтар габеленаў «Залаты сад» (1979, з Г.​Гаркуновым) у пасольстве Беларусі ў Індыі, габелены-заслоны «Натхненне» (1982, з Гаркуновым) для Барысаўскага Палаца культуры, «Шчодрасць зямлі бацькоў» (1984). Творчая манера вылучаецца дакладнасцю трактоўкі вобразна-пластычнай ідэі, тонкім адчуваннем колеру.

В.Грыгарышына. Серыя дэкаратыўных пластоў «І ўпала на зямлю зорка...». 1996.

т. 5, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВІЧ (Домановић) Радоэ (4.2.1873, Оўсіштэ, каля г. Крагуевац, Сербія — 4.8.1908),

сербскі пісьменнік. Скончыў Белградскі ун-т (1894). За выступленне супраць абсалютызму дынастыі Абрэнавічаў зазнаў ганенні. Раннім аповесцям і апавяданням Д. ўласціва ўвага да побыту жыцця тагачасных горада і вёскі («Дзень нараджэння», «Сны і ява», «На раздарожжы» і інш.). З канца 1890-х г. — пачынальнік сербскай сатыры, стваральнік жанру алегарычна-сатыр. прозы: апавяданні «Не разумею!» (1898), «Кляймо» (1899), «Каралевіч Марка другі раз між сербаў» (1901), аповесць «Страдыя» (1902) і інш. Творы Д. на бел. мову перакладаў І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — Сны і ява. Сербская ініцыятыва. Бессардэчныя людзі // Далягляды. Мн., 1979;

Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1956.

І.​Л.​Чарота.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАЗАРЭ́ЙЦЫ»

(ням. Nazarener ад месца нараджэння Хрыста — г. Назарэт),

іранічная назва групоўкі мастакоў «Саюз святога Лукі». Засн. ў Вене ў 1809. Прадстаўлялі кансерватыўны кірунак ням. рамантызму. З 1810 «Н.» (П.Карнеліус, Ф.Овербек, І.​Конрад Готынгер, Ф.​Пфор, І. і Ф.​Фейты, Л.​Фогель, Ю.​Шнор фон Каральсфельд, В. і Р.​Шадавы і інш.) працавалі ў Рыме, дзе вялі жыццё на ўзор сярэдневяковых рэліг. абшчын у манастыры Сан-Ісідора, які пуставаў. «Н.» выступалі супраць інтэрнацыянальнага позняга класіцызму, імкнуліся да эклектычнага аднаўлення рэліг. манумент. мастацтва ў духу майстроў сярэднявечча і Ранняга Адраджэння (пераважна А.​Дзюрэра, П.​Перуджына, Анджэліка і ранняй творчасці Рафаэля). У 1820—30-я г. групоўка «Н.» распалася.

М.Назарчук. Святая і чыстая. 1990.

т. 11, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРУШЭ́ЎСКАЯ Людміла Сцяфанаўна (н. 26.5.1938, Масква),

руская пісьменніца. Скончыла Маскоўскі ун-т (1961). Працавала ў друку, на радыё. У п’есах «Каханне» (паст. 1975), «Чынзана», «Дзень нараджэння Смірновай» (абедзве паст. 1979), «Кватэра Каламбіны» (паст. 1986), «Маскоўскі хор» (паст. 1988), аповесцях «Сваё кола» (1988), «Час ноч» (1992), «Маленькая Грозная» (1998), зб. апавяданняў «Бессмяротнае каханне» (1988) і інш. жыццё сучасніка, паказ штодзённасці як нязведанай сферы рэчаіснасці. Аўтар «Дзікіх жывёльных казак» (1993—94), кінасцэнарыяў і інш. Піша для дзяцей. Творчасць П. адметная жорсткасцю псіхал. аналізу, разнастайнасцю персанажаў і моўных стыляў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. Харьков, 1996;

Бал последнего человека: Повести и рассказы. М., 1996;

Настоящие сказки. М., 1997;

Дом девушек: Рассказы и повести. М., 1998.

т. 12, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗЕ́ВІЧ (Rodziewiczdwna) Марыя (2.2.1863, в. Пянюга Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 16? 11.1944),

польская пісьменніца. З 1881 жыла ў маёнтку Грушава (Кобрынскі р-н Брэсцкая вобл.). Раннія творы напісаны пад уплывам Э.​Ажэшкі. У раманах і аповесцях «Страшны дзядок» (1887), Дзевайціс» (1888), «Шэры пыл» (1889), «Верас» (1903), «Лета лясных людзей» (1920), «Гняздо Белазора» (1931) і інш. закранала бел. тэматыку, апісвала жыццё сялян-палешукоў, хараство палескай прыроды. Апошнім яе творам уласцівы рэлігійнасць, меладраматызм, схематызм.

Тв.:

Pisma. T. 1—36. Poznań, 1926—39.

Літ.:

Зборнік навуковых матэрыялаў, прысвечаных ... 130-годдзю з дня нараджэння ... Марыі Радзевіч. Брэст, 1999;

Martuszewska A. Jak szumi «Dewajtis»;

Studia o powieściach Marii Rodziewiczówny. Kraków, 1989.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 13, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́МАШ Генадзь (сапр. Тумас Яўген Змітравіч; н. 28.7.1940, в. Кукшавічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1964). Працаваў у школе, Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, на Бел. тэлебачанні. З 1974 у Літ. музеі Я.​Коласа, з 1987 у Саюзе бел. пісьменнікаў, у 1994—2002 у Бел. ун-це культуры. Друкуецца з 1957. У паэт. зб. «Лінкос» (1970) зварот да гісторыі сваёй зямлі, нац. праблематыка. Кн. «Родны бераг песняра: Да 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Я.​Коласа» (1982) напісана на багатым фактычным, архіўным матэрыяле, успамінах землякоў паэта. Аўтар літ.-знаўчых артыкулаў. На бел. мову пераклаў творы В.​Каратынскага, Я.​Лучыны, У.​Мэя. Піша для дзяцей (кн. «Лісіца з Расохі», 2001).

т. 16, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)