НАРМА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА,
навучальная ўстанова ў некаторых краінах Зах. Еўропы, Лац. Амерыкі і Афрыкі, якая рыхтуе настаўнікаў пераважна для пач. школ. Тэрмін навучання 2—6 гадоў. Узніклі ў Аўстрыі ў 2-й пал. 18 ст., Францыі ў канцы 18 ст., англа-саксонскіх краінах у 19 ст.
т. 11, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́СТЭРВЕГ ((Diesterweg) Фрыдрых Адольф Вільгельм) (29.10.1790, г. Зіген, Германія — 7.7.1866),
ням. педагог-практык. Паслядоўнік І.Г.Песталоці. Вучыўся ва ун-тах у Гайдэльбергу, Гербарне, Цюбінгене ў 1811—20. Выкладаў у гімназіях, узорных школах, наст. семінарыях. У 1827—66 выдаваў пед. час. «Рэйнскія лісткі...». Быў супраць саслоўных і нац. абмежаванняў у галіне адукацыі, канфесійнага навучання і апекі школы царквой. Імкнуўся да аб’яднання ням. настаўніцтва, выступаў за мірнае пераўтварэнне грамадскіх адносін, у якім асн. ролю адводзіў асвеце, падзяляў ідэі агульначалавечага выхавання. Асн. прынцыпамі выхавання лічыў прыродаадпаведнасць, культураадпаведнасць, саманадзейнасць. Распрацаваў дыдактыку развіваючага навучання. Аўтар больш як 20 падручнікаў і дапаможнікаў па матэматыцы, ням. мове, прыродазнаўстве, геаграфіі, астраноміі, у т. л. вядомай працы «Дапаможнік да адукацыі нямецкіх настаўнікаў» (т. 1—2, 1835). Пед. ідэі Д. зрабілі ўплыў на развіццё адукацыі ў Германіі і пашырыліся за яе межамі.
т. 6, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ,
сярэднія агульнаадук. навуч. ўстановы ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Клімавіцкая мужчынская гімназія. Існавала ў 1911—17. Утрымлівалася за кошт дзярж. казны і спец. сродкаў. Тэрмін навучання 5, з 1914—8 гадоў. У 1916 было 305 навучэнцаў. Прымаліся дзеці розных саслоўяў і веравызнанняў. Пры гімназіі дзейнічалі балалаечны аркестр, гіст. музей; вучнёўская (2476 кніг) і фундаментальная (3380 кніг) б-кі. Клімавіцкая жаночая гімназія. Існавала ў 1912—18. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. Тэрмін навучання 6 гадоў. У 1915 адкрыты дадатковы пед. клас. У 1916 было 311 навучэнак розных саслоўяў і веравызнанняў. У гімназіях вывучаліся закон Божы, рус., ням., франц. мовы, педагогіка, матэматыка, фізіка, уводзіны ў філасофію, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства і інш. Наладжваліся літ. і муз. вечары, дабрачынныя спектаклі, канцэрты і інш.
А.Л.Еўдакімава.
т. 8, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́СТР (ад лац. magister начальнік, настаўнік),
1) у Стараж. Рыме тытул некаторых службовых асоб (М. конніцы).
2) У Візантыі — высокі прыдворны тытул.
3) У сярэдневяковай Зах. Еўропе — кіраўнік духоўна-рыцарскага каталіцкага ордэна (часцей Вялікі М.); выкладчык т. зв. сямі свабодных мастацтваў (гуманіт. навук).
4) У Расіі 19 — пач. 20 ст. ніжэйшая вучоная ступень.
5) У некаторых краінах вучоная ступень сярэдняя паміж бакалаўрам і доктарам навук. Прысуджаецца асобам, якія скончылі ун-т або прыраўнаваную да яго навуч. ўстанову, маюць ступень бакалаўра, прайшлі дадатковы курс навучання (1—2 гады), здалі спец. экзамены і абаранілі магістэрскую дысертацыю. На Беларусі ўведзена ў 1995 з тэрмінам навучання 1,5—2 гады на базе вышэйшай адукацыі; папярэднічае званню кандыдата навук. Рыхтуюць М. магістратуры пры Нац. ін-це адукацыі, ун-тах і інш. ВНУ універсітэцкага тыпу.
т. 9, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т Існаваў у 1953—59 у г. Полацк Віцебскай вобл. Засн. на базе пед. вучылішча. Рыхтаваў настаўнікаў 8—10-х класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 4 гады. Меў ф-ты рус. і бел. мовы і л-ры, фізіка-матэматычны. Аб’яднаны з Віцебскім пед. ін-там.
т. 12, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ МАРЫІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Існавала ў Віцебску ў 1870—1917. Засн. на базе Марыінскай жаночай школы (з 1863). Утрымлівалася на сродкі грамадскіх арг-цый, органаў гар. самакіравання і дабрачынныя ахвяраванні. Прымалі пераважна дачок дваран, чыноўнікаў, святароў (у 1900 было 413 навучэнак). Тэрмін навучання 7 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка, франц. і ням. мовы, дамаводства, чыстапісанне, рукадзелле, маляванне, спевы, танцы. Выпускніцы не мелі права на паступленне ва ун-т з-за скарочанага аб’ёму выкладання ў гімназіі дакладных і прыродазнаўчых навук. Той, хто жадаў, мог скончыць дадатковы 8-ы (педагагічны) клас (выкладалася педагогіка, методыка навучання ў пач. класах, праводзілася пед. практыка ў пач. школах) і атрымаць атэстат настаўніцы пач. класаў. Штогод гімназія выпускала 80 чал. За гады існавання падрыхтавана каля 3 тыс. вучаніц, у т. л. 1 тыс. настаўніц.
С.В.Сяліцкі.
т. 4, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы з лац. мовай навучання. Узніклі ў Зах. Еўропе ў перыяд ранняга сярэдневякоўя і былі асн. формай адукацыі да 13 ст., калі з’явіліся гар. школы з роднай мовай навучання. Выкладанне на лац. мове вялося ў царк. школах, калегіумах, некаторых гар. школах, ун-тах. У залежнасці ад тыпу школы і ўзроўню адукацыі ў Л.ш. выкладаліся чытанне, пісьмо, лац. граматыка, набажэнскія спевы, дыялектыка, арыфметыка, рыторыка і інш., вучылі складанню дзелавой дакументацыі і карэспандэнцыі на лац. мове. Элементарныя Л.ш. былі бясплатныя і даступныя ўсім слаям насельніцтва. У перыяд Рэфармацыі (з 16 ст.) роля Л.ш. як сярэдняга звяна ў адукацыі павялічылася, метады выкладання ў іх (сістэма лекцый, дыспуты) з цягам часу ўвайшлі ў практыку ун-таў. У 16—18 ст. на аснове Л.ш. ствараліся сярэднія навуч. ўстановы, якія давалі класічную адукацыю (гімназіі або педагогіумы).
т. 9, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ФЕ́ЛЬЧАРСКА-АКУШЭ́РСКАЯ ШКО́ЛА.
Існавала ў Віцебску ў 1906—13. Засн. ўрачом У.В.Счасновічам як прыватная школа. Для выкладання запрашаліся спрактыкаваныя ўрачы, акушэры-гінеколагі, якія спалучалі мед. практыку з навук. дзейнасцю. Праграма навучання сярэдняга акушэрскага персаналу забяспечвала цесную сувязь тэарэт. ведаў з практыкай. Штогод школа выпускала 30—60 чал.
т. 4, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЛАВЫ́Я ГУ́ЛЬНІ,
метад імітацыі прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў у розных штучна падабраных сітуацыях, якія набліжаюцца да рэальных, сапраўдных. Ажыццяўляюцца шляхам гульні (гульняў) па зададзеных правілах групы людзей або чалавека з ЭВМ, пераважна ў галіне менеджменту, у камерцыйнай. фін. і іншых сферах. Выкарыстоўваюцца для навучання і адбору кіраўнікоў, н.-д. мэт, выпрацоўкі кіраўніцкіх рашэнняў.
т. 6, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЕ ПЕДАГАГІ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя А.С.Пушкіна. Засн. ў 1940 у г. Пінск. Імя Пушкіна прысвоена ў 1949. Рыхтуе выхавальнікаў дашкольных устаноў, настаўнікаў пач. класаў агульнаадук. школ. Спецыяльнасці (2000/2001 навуч. г.): педагогіка і псіхалогія дашкольная; педагогіка і методыка пач. навучання; музычнае выхаванне. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.
т. 12, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)