ЛОТ (ням. Lot),
1) стараж. адзінка масы (вагі); спачатку, са з’яўленнем у 11 ст. маркі, роўная 1/16 яе (вагі) або 1/24 фунта (15,288 г). Пасля ўвядзення кёльнскай маркі, абавязковай для ўсёй «Свяшчэннай Рымскай імперыі», Л. складаў 14,619 г. 2) Мера абазначэння колькасці высакароднага металу (звычайна серабра) у сплаве або вырабе. Чыстае серабро адпавядала 16 Л. Такім чынам, 1 Л. роўны 1/16 колькасці чыстага серабра.
т. 9, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКА (грэч. metrikē ад metron мера, памер),
1) у вершаскладанні — сістэма правіл, выпрацаваных на аснове ўзораў пабудовы верша, найб. прыдатных і ўласцівых пэўнай мове. Напр., М. антычнага верша, М. беларускага верша і г.д. М. называюць таксама раздзел вершазнаўства, які вывучае сукупнасць правіл вершаскладання ў пэўнай л-ры.
2) У музыцы — сукупнасць усіх праяў метра ў музыцы ці канкрэтным муз. творы. М. называюць таксама вучэнне пра муз. метр.
т. 10, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́СЫЛКА,
1) у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. выдаленне асобы па судзе або ў адм. парадку са сталіцы, пэўных губерняў ці гарадоў з правам або без права выбару месца жыхарства па-за дадзенай мясцовасцю.
2) Мера крымінальнага пакарання (асноўнага або дадатковага), якая паводле заканадаўства СССР і Рэспублікі Беларусь заключалася ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства і забароне пражываць у пэўных мясцовасцях. На Беларусі адменена ў 1994.
т. 4, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТ’ЯГРА́ХА (санскр. літар. — упартасць у ісціне),
форма грамадска-паліт. барацьбы ненасільнага характару ў калан. Індыі, распрацаваная М.К.Гандзі. Уяўляла сабой масавае несупрацоўніцтва індыйцаў з калан. ўладамі, што ўключала дэманстрацыі, байкот брыт. устаноў і тавараў, адмову ад выплаты падаткаў (як апошняя мера). Упершыню выкарыстана індыйцамі-эмігрантамі ў Паўд. Афрыцы ў пач. 20 ст. ў барацьбе за свае правы, у 1920—30-я г. — гал. форма барацьбы Індыйскага нацыянальнага кангрэса супраць брыт. калан. панавання ў Індыі.
т. 14, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБЕ́Ж,
у крымінальным праве адкрытае выкраданне маёмасці, учыненае без насілля або з насіллем, няшкодным для жыцця і здароўя. Належыць да групы злачынстваў супраць уласнасці. Акалічнасцямі, якія абцяжарваюць грабеж, з’яўляюцца насілле над пацярпелым, выкраданне паводле папярэдняй змовы групай асоб, пранікненне ў жыллё, памяшканне або інш. сховішча, буйныя памеры выкрадзенага або ўчыненне злачынства асабліва небяспечным рэцыдывістам. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь караецца пазбаўленнем волі на працяглы тэрмін (максімальная мера пакарання — 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці).
Э.І.Кузьмянкова.
т. 5, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТРЫМА́ННЕ ў крымінальным працэсе,
кароткатэрміновая мера прымусу, што ўжываецца да асобы, якая падазраецца ва ўчыненні злачынства, з мэтай высвятлення дачынення затрыманага да злачынства і вырашэння пытання пра магчымы (у выпадку неабходнасці) яго арышт. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тэрмін З. не можа перавышаць 72 гадз. Орган дазнання або следчы абавязаны на працягу 24 гадз паведаміць пракурору, а апошні на працягу 48 гадз з моманту атрымання паведамлення даць санкцыю на арышт падазронага або вызваліць яго.
С.С.Груша.
т. 7, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВААДНО́СІНЫ,
урэгуляваныя нормамі права грамадскія адносіны, удзельнікі якіх з’яўляюцца носьбітамі суб’ектыўных правоў і абавязкаў. П. — індывідуалізаваныя адносіны, г.зн. адносіны паміж пэўнымі асобамі (грамадзянамі; арг-цыямі, дзярж. органамі і грамадзянамі і г.д.), якія звязаны правамі і абавязкамі, што вызначаюць забяспечаную законам меру магчымых і належных паводзін. Мера паводзін азначае ўстанаўленне яго межаў (рамак), а яго магчымасць і належнасць рэалізуецца ў пэўных дзеяннях і рэальных паводзінах. П. ўзнікаюць пры наступленні прадугледжаных законам юрыд. фактаў (дагавору, адм. акта, правапарушэння, падзеі і Г.Д.).
т. 12, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЖАНЬ,
старажытная мера (адзінка) даўжыні. Назва ад стараж.-слав. «сягаці» — выцягваць, распасціраць рукі. С. карысталіся на Беларусі і ў Расіі з 11 ст. да ўвядзення метрычнай сістэмы мер (1918). Адрознівалі прамы С. — адлегласць паміж канцамі пальцаў выцягнутых (распасцёртых) рук (раўняўся 1,52 і 1,76 м) і касы — адлегласць паміж пальцамі нагі і рукі, выцягнутых па дыяганалі (2,16 і 2,48 м). У 18 — пач. 20 ст. 1 С. = 3 аршынам = 48 вяршкам =2,1336 м (гл. таксама Аршын, Вяршок).
т. 14, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ (ад лац. linea льняная нітка, шнурок),
старажытная мера (адзінка) даўжыні, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. У розныя часы ў розных краінах мела рознае лікавае значэнне. На Беларусі і ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст. 1 Л. = 0,1 цалі = 2,54 мм. У Л. вымяралі калібр стралковай зброі (адсюль «трохлінейная вінтоўка»), памер шкла для газавых лямпаў. У сістэме англ. мер 1 Л. = 1/12 цалі = 2,117 мм. У гадзіннікавай прамысловасці многіх краін да нашага часу выкарыстоўваецца швейц. Л., роўная 2,0833 мм.
т. 9, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАЗРО́НЫ,
асоба, затрыманая па падазрэнні ва ўчыненні злачынства, а таксама асоба, якой абрана мера стрымання да прад’яўлення абвінавачання. Паводле крымін.-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, П. з’яўляецца ўдзельнікам крымін. працэсу, які ўступае ў працэсуальныя адносіны на стадыі ўзбуджэння крымін. справы і папярэдняга следства. У працэсуальным становішчы ён можа знаходзіцца толькі на працягу вельмі кароткага тэрміну (не больш за 3 сутак), пасля чаго павінна быць вырашана пытанне пра прад’яўленне яму абвінавачання і меры стрымання, калі для гэтага будуць законныя падставы.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)