Ансамбль плошчы сфарміраваўся ў 1970-я г. (аўтары праекта забудовы арх. А.Бельскі, В.Данілаў, З.Конаш, З.Озерава, А.Расейкін, А.Фрыдман, Ю.Шпіт, праекта планіроўкі і добраўпарадкавання — А.Данілава, З.Даўгяла, Р.Княжышча, інж.-азеляніцель Л.Нячай). Прастора прамавугольнай у плане плошчы (380 × 190 м) абмежавана Маскоўскім праспектам, вул. Жасткова і набярэжнай Зах. Дзвіны. Плошча мае функцыян. і арх.-маст. значэнне для грамадскага цэнтра і горада ў цэлым. З’яўляецца цэнтрам вял. новага раёна забудовы, мемар. ансамблем, комплексам абслугоўвання і месцам адпачынку. Своеасаблівае аблічча плошчы ствараецца горадабудаўнічымі і ландшафтнымі ўмовамі, цэласнасцю арх.-маст. задумы, падпарадкаванай тэме Вял.Айч. вайны. Кампазіцыйны цэнтр ансамбля — Помнік вызваліцелям на беразе ракі. У аснове азелянення плошчы ландшафтны прынцып, пераважае зялёны газон з маляўнічымі групамі кустоў і невысокіх дрэў. Ён дапаўняецца «альпійскімі горкамі», групамі натуральнага каменю, дэкар. тэматычнай скульптурай і інш. малымі арх. формамі, у цэнтры — фантан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНДРА́РЫЙ (ад грэч. dendron дрэва),
дэндралагічны сад, калекцыі дрэвавых раслін адкрытага грунту, высаджаных паводле пэўнага прынцыпу (сістэматычнага, геаграфічнага, экалагічнага, дэкаратыўнага і інш.). Можа быць самастойным ці ўваходзіць у склад батанічнага сада. Займае пл. ад некалькіх да соцень га. Д. мае навуковае, вучэбнае, культ.-асветнае, доследна-вытв. значэнне: паказвае багацце і разнастайнасць дрэвавай сусв. ці рэгіянальнай флоры, з’яўляецца базай для н.-д. работы па інтрадукцыі, акліматызацыі і селекцыі дрэвава-кустовых раслін, спрыяе пашырэнню рэдкіх і гасп.-каштоўных відаў. Старэйшыя Д. на тэр. СНД у Грузіі ў Тбілісі (1625), у Расіі ў Маскве (1706) і Санкт-Пецярбургу (1714), на Украіне ва Умані (1714; «Сафіеўка»), Белай Царкве (1793—97; «Александрыя»), Харкаве (1804) і Ялце (1812; Нікіцкі батанічны сад), а таксама ў Эстоніі ў Тарту (1803) і інш. Буйны Д. — у Гал.бат. садзе АН Расіі (Масква). На Беларусі самы вял. Д. у Цэнтральным батанічным садзеНац.АН Беларусі. Пл. 95,8 га. Закладзены ў 1932 паводле батаніка-геагр. прынцыпу: Беларусь, Д. Усход і Усх. Азія, Паўн. Амерыка, Еўропа і Сібір, Каўказ і Крым, Сярэдняя Азія. Складаецца з геагр. і лесапаркавай тэрыторый. У калекцыях каля 1500 відаў і форм дрэў, кустоў, павойных раслін. Другі па колькасці відаў Д. Бел.с.-г. акадэміі. Пл. каля 15 га. Закладзены ў 1884 як дрэвавы гадавальнік (з канца 1950-х г. дэндралагічны сад). У калекцыях каля 400 відаў дрэў і кустоў. Д. Жорнаўскай лясной доследнай станцыі (Асіповіцкі р-н) створаны ў пач. 20 ст. У калекцыі каля 200 відаў хвойных і лісцевых парод. Віцебскі Д. закладзены ў 1919 паводле геагр. прынцыпу. Збераглося каля 80 відаў. У калекцыях Д. Бел. ун-та (в. Шчомысліца Мінскага р-на), які закладзены ў 1933, каля 330 відаў і форм дрэвавых парод.
Д. Бел.тэхнал. ун-та (г.п. Негарэлае Дзяржынскага р-на) закладзены ў 1954 паводле геагр. прынцыпу. У калекцыях больш за 500 відаў і форм дрэвавых парод. Д. Глыбоцкага лясгаса закладзены ў 1968. Мае пл. 8,2 га і калекцыю з 530 відаў дрэвавых раслін. Школьныя Д. ў г.п. Ружаны Пружанскага і в. Валеўка Навагрудскага р-наў. У Д. вывучаецца відавы склад, біял. асаблівасці, развіццё, плоданашэнне, экалогія мясц. і інтрадукаваных парод, вызначаецца асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́СТ (Crossularia),
род кустовых раслін сям. агрэставых. Больш за 50 відаў, пашыраных у Паўн. Амерыцы, Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі культывуецца агрэст адхілены (G. reclinata). Каля 10 відаў інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам АН Беларусі як ягадныя і дэкар. расліны.
Агрэст адхілены вядомы з 11 ст. Родапачынальнік большасці культурных сартоў. Выш.кустоў 60—120 см. Цвіце ў 1-й пал. Мая. Плады — несапраўдныя ягады, голыя або апушаныя, белыя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя, пурпурныя. Маюць цукру 5—12%, арган.к-т 1—2%, пекцінавыя рэчывы, вітамін С, карацін. Пладаносны пачынае на 3-і год. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, атожылкамі. Лепш расце на дастаткова вільготных угноеных сугліністых глебах. Ураджайнасць 10—15 т/га. Сарты, пашыраныя на Беларусі: Яравы, Куршу дзінтарс, Беларускі, Малахіт, Шчодры. Ягады спажываюцца свежыя і перапрацаваныя (джэм, варэнне, мармелад, сок). Агрэст мае радыепратэктарныя ўласцівасці (садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне. Асн. шкоднікі: пільшчыкі, агрэставы пядзенік: хваробы: сфератэка, іржа, антракноз, септарыёз.
Літ.:
Бурмистров А.Д. Ягодные культуры. 2 изд. Л., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
штучныя лясныя насаджэнні. Ствараюцца пасевам, пасадкай дрэў і кустоў на плошчы, раней укрытай лесам, або пад полагам лесу (аднаўленне лесу), а таксама дзе лес адсутнічаў (лесаразвядзенне). Адрозніваюць Л.к. суцэльныя (на ўчастках, дзе лес прыродна не аднаўляецца або адсутнічае), частковыя і падполагавыя (дзе лес аднаўляецца нездавальняюча), папярэднія (пад полагам лесу, прызначанага для высечкі). Суцэльныя Л.к. бываюць чыстыя (з 1 пароды дрэў) і мяшаныя. У якасці гал. парод у зоне мяшаных лясоў культывуюць хвою, елку, дуб, таполю, лістоўніцу і інш., спадарожных — бярозу, ясень, граб, ліпу і інш. Л.к. пашыраюць плошчу высокапрадукц. насаджэнняў, ахоўваюць глебу ад эрозіі, паляпшаюць мікракліматычныя, сан.-гігіенічныя, гасп., рэкрэацыйныя і інш. якасці асяроддзя. Адзін з відаў Л.к. — ахоўныя лясныя насаджэнні: водаахоўныя лясы, зялёныя зоны, лясныя палосы. На Беларусі з 1950-х г. Л.к. створаны на пл. каля 1,6 млн.га, з іх хваёвых — 74% плошчы, яловых — каля 15%, дубовых — каля 8%.
Літ.:
Редько Г.И. Родин А.Р., Трещевский И.В. Лесные культуры. М., 1980;
Сироткин Ю.Д., Праходский А.Н. Лесные культуры. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́Д,
фізіялагічны працэс у дрэў, кустоў, радзей траў, звязаны з ападаннем лісця. Выпрацаванае ў працэсе эвалюцыі прыстасаванне да памяншэння паверхні наземных органаў у неспрыяльных умовах. Скарачае страту вільгаці і прадухіляе паломку галін пад цяжарам снегу. Перад Л. у лісці адбываюцца біяхім., фізіял. і структурныя змены. Разбураецца хларафіл, захоўваюцца караціноіды (абумоўліваюць восеньскую афарбоўку). Пажыўныя рэчывы (бялкі, вугляводы, мінер. злучэнні) 3 лісця адцякаюць у сцябло, плады, насенне, клубні, карэнішча і інш. Каля асновы ліста або чаранка паяўляецца аддзяляльны слой клетак, які лёгка разрываецца. Пад цяжарам ліста, парывамі ветру праводзячы пучок, што ўтрымлівае ліст на сцябле, ірвецца і ліст ападае. Пры рэзкіх паніжэннях т-ры, засусе, паяўленні шкодных газаў у паветры і інш. лісце хутка адмірае без утварэння аддзяляльнага слоя і доўга трымаецца на расліне ў засушаным стане. Ападанне лісця характэрна пераважна для раслін кліматычных паясоў з неспрыяльным сезонам: ва ўмеранай зоне — зімой, у трапічнай — у засуху. Адрозніваюць лістападныя (скідваюць усё лісце на пэўны час) і вечназялёныя расліны. Лістападныя дрэвы ў вільготнатрапічных лясах стаяць без лісця некалькі дзён, ва ўмераным поясе — да 8—9 месяцаў. У вечназялёных раслін (елка, брусніцы, журавіны, хвоя) лісце ападае паступова і зменьваецца раз у 2—30 гадоў. Выкліканы штучна Л. наз.дэфаліяцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОХАПАДО́БНЫЯ (Bryophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. Каля 27 тыс. відаў. 3 класы: антацэротавыя імхі, пячоначныя імхі, лістасцябловыя імхі. Вядомыя з карбону. Пашыраны ўсюды. Растуць на прыродных (глеба, камяні, кара дрэў і кустоў, лісце і сцёблы раслін, слаявіна лішайнікаў, пладовыя целы грыбоў) і антрапагенных (розныя збудаванні з каменю, цэменту, дрэва, саломы, на палях і агародах) субстратах. Уваходзяць у склад першасных раслінных згуртаванняў, уплываюць на мікраклімат, рэгулююць водны рэжым, ахоўваюць глебу ад эрозіі з’яўляюцца торфа- і глебаўтваральнікамі, садзейнічаюць забалочванню с.-г. угоддзяў, пагаршаюць якасць лугоў. На Беларусі каля 430 відаў.
Невял. (ад 1 мм да некалькіх сантыметраў) пераважна шматгадовыя расліны. Вегетатыўнае цела (падзеленае на сцябло і лісце або ў выглядзе слаявіны) прымацоўваецца да субстрату рызоідамі. У жыццёвым цыкле пераважае гаметафіт; спарафіт абмяжоўваецца спораўтварэннем, прымацаваны да гаметафіту і поўнасцю або часткова паразітуе на ім. У цыкле развіцця адзначаецца правільнае чаргаванне пакаленняў (спарафіта і гаметафіта), развіта таксама вегетатыўнае размнажэнне (ч. цела ці спецыялізаванымі органамі). У залежнасці ад размяшчэння генератыўных органаў бываюць аднадомныя, двухдомныя і шматдомныя. Сляпая галіна развіцця вышэйшых раслін. Вывучае М. брыялогія.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи, плауны, хвощи, папоротники, голосеменные растения. М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЭ́ЗКА РАСЛІ́Н,
частковае ці поўнае выдаленне парасткаў і галін; прыём догляду пладова-ягадных і дэкар. раслін. Дапамагае сфарміраваць крону, павялічвае прадукцыйны перыяд плоданашэння, стымулюе штогадовае ўзнікненне вял. колькасці парасткаў і маладых пладовых утварэнняў.
Фарміравальную абрэзку робяць у маладым садзе, пры абрэзцы загушчаных крон і ўтварэнні новых галін з ваўчкоў, а таксама пасля перапрышчэплівання дрэў. Абрэзку, якая рэгулюе плоданашэнне, робяць у дарослых пладаносных дрэў, каб стварыць умовы для абнаўлення пладовай драўніны, павысіць ураджайнасць. Амаладжальную абрэзку старых дрэў і кустоў робяць, каб аднавіць рост і збалансаваць плоданашэнне. Звычайна ўсе віды абрэзкі раслін праводзяць адначасова ў розных спалучэннях. Асн. прыёмы — пакарочванне (падрэзка) і выразка галін (прарэджванне). Абрэзка раслін дзеля стварэння «жывых агароджаў» і аб’ёмных кампазіцый наз. стрыжкай.
Кудрявец Р.П. Формирование и обрезка плодовых деревьев: [Альбом]. М., 1976.
Да арт.Абрэзка раслін. А. Асноўныя прыёмы абрэзкі пладовых дрэў: 1 — пакарочванне; 2 — прарэджванне. Б. Абрэзка з мэтай змены напрамку росту галін: 7 — на галіну, якая расце ўверх; 2 — на галіну, якая расце да перыферыі кроны; 3 — на вонкавую галіну ў наступным годзе; 4 — тая самая галіна на трэці год. В. Абрэзка пры фарміраванні разрэджана-яруснай кроны: 1—4 — гады пасля пасадкі; злева — да абрэзкі, справа — пасля абрэзкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭ́Р (франц. parterre ад раг па + terre зямля),
1)у тэатральным будынку, кінатэатры, канцэртнай зале — частка глядзельнай залы ніжэй узроўню сцэны (звычайна павышаецца ад сцэны да задніх радоў) з месцамі для гледачоў. Звычайна з’яўляецца асн. па аб’ёме часткай глядзельнай залы. Вырашэнне П. залежыць ад агульнай кампазіцыі інтэр’ера будынка. Існуюць прамавугольныя ў плане, у выглядзе сегментаў, паўкруга ці паўавала, больш складанай формы. У некаторых відовішчных збудаваннях П. вырашаюцца амфітэатрам.
2) У садова-паркавым мастацтве — адкрытая частка саду ці парку на роўнай мясцовасці з газонамі, кветнікамі, вадаёмамі, бардзюрамі з кустоў. На П. часта размяшчаюць скульптуру, фантаны, курціны, асобныя дрэвы. П., падзеленыя на ўчасткі правільнай формы з узорамі, створанымі стрыжаным самшытам, каляровым пяском, тоўчанай цэглай і інш., характэрны для рэгулярных паркаў 17—18 ст. (у Версалі, Петрадварцы). Больш свабодныя па абрысах П. ў пейзажных парках, звычайна ў выглядзе лужкоў (паркі Стоу ў Англіі, у Паўлаўску). На Беларусі пашырыліся ў 17—18 ст. у рэгулярных парках, т.зв. італьянскіх садах, уяўлялі сабой прамавугольныя ўчасткі, акаймаваныя алеямі са шпалерамі (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль) у 19 — пач. 20 ст. выкарыстоўваліся ў кампазіцыях пейзажных паркаў (паркі ў Гомелі, Нясвіжы). П. шырока выкарыстоўваюцца ў ландшафтнай архітэктуры і азеляненні пры стварэнні буйных горадабудаўнічых ансамбляў (П. на плошчах Незалежнасці і Перамогі ў Мінску і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́ЖНЫ ПАРК, англійскі парк,
тып парку, якому ўласцівы свабодная планіроўка, маляўнічае размяшчэнне кампазіцыйных элементаў, што імітуе прыродны ландшафт. Пры стварэнні такіх паркаў творча перапрацоўваліся матывы натуральнай прыроды; партэры замяняліся лужкамі, геам. па форме басейны і каналы — азёрамі і рэчкамі, строгі рытм пасадак — асобнымі або свабодна згрупаванымі дрэвамі (курцінамі), прамыя алеі — сцяжынкамі. Для больш эфектнага выгляду ў кампазіцыю П.п. ўводзіліся невял. збудаванні ў выглядзе гатычнага сабора, замка, грота, бутафорскія пабудовы ў псеўдакіт. стылі і інш. малыя формы архітэктуры, каскады. У стварэнні паркавых перспектыў выкарыстоўваліся кулісы (сценкі са стрыжаных дрэў і кустоў). У многіх парках пейзажныя прынцыпы кампазіцыі спалучалі з рэгулярнымі.
П.п. ўзніклі ў сярэдзіне 18 ст. ў Еўропе. У іх развіцці важную ролю адыгралі філас. ідэі Асветніцтва, а таксама мастацтва Кітая. Першыя П.п. ў Еўропе створаны ў Вялікабрытаніі (арх. Ч.Брыджмен і інш.) і Францыі (арх. Р.Л.Жырардэн). З канца 18 ст. пашыраны ў Расіі (паркі ў Паўлаўску, Кузьмінках Маскоўскай вобл.), на Украіне (Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка»), На Беларусі П.п. з’явіліся на мяжы 18—19 ст. ў сядзібных, палацавых комплексах (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Краскаўская сядзіба, Столінская сядзіба «Манькавічы», Вердаміцкі парк, Лагойскі палацава-паркавы ансамбль і інш.).
Участак пейзажнага парку з «Храмам дружбы» ў г. Паўлаўск Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНО́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адна з абласцей Неарктыкі. Займае сярэднюю ч.Паўн. Амерыкі (ад Канады да Мексікі) і п-аў Каліфорнія (акрамя яго паўд. часткі). Размешчана паміж Канадскай біягеаграфічнай вобласцю і Неагеяй. Уключае 3 падвобласці: Каліфарнійскую, Скалістых гор, або Цэнтральную, і Усходнюю, або Атлантычную.
У флоры яе зах.ч. пераважае ксерафітны тып расліннасці, у цэнтр. і ўсх.ч. — хваёва-шыракалістыя і шыракалістыя лясы, на Пд расліннасць мае субтрапічны характар. З рэліктаў захаваліся гіганцкая секвоя, тсуга, псеўдатсуга, туя. Найб. пашыраны розныя віды хвоі, дуба, клёна, платана, вяза, арэха, ясеня і інш. Шмат ліян, эпіфітаў. Характэрны зараснікі калючых кустоў — чапараль. У пустынях вял. колькасць кактусаў і інш. сукулентаў. Горныя лясы пераважна з хвоі і дуба. У фауне трапляюцца палеарктычныя і неатрапічныя групы жывёл, але ядро складаюць «агульнасанорскія», сярод якіх шмат эндэмікаў: апладонтавыя (горны бабёр), крот-зорканос, землярыйка-крот, каліфарнійскі кондар, вілахвосты каршун, бегаючая зязюля, спячы ляляк, гумавая змяя, грымучыя змеі, амбістомы, хвастатая жаба і інш.Найб. тыповыя прадстаўнікі: бізон, віларог, лугавы сабачка, кенгуровы пацук, каёт, віргінскі алень, скунс, куніца-рыбалоў, апосум, лугавы цецярук, кайманава чарапаха, ядазуб, жаба-бык і інш.