КУСЦІ́НСКІ (Міхаіл Францавіч) (28.9.1829, в. Завідзічы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 1905),
бел. археолаг. Скончыў Віленскі дваранскі ін-т, Пецярбургскі ун-т. Чл. Маск. археал.т-ва (з 1874, чл.-кар. з 1867). У 1850—90 вывучаў археал. помнікі Віцебшчыны, склаў яе археал. карту, для Пецярбургскай акадэміі мастацтваў зрабіў табліцу курганоў і гарадзішчаў кожнага павета Віцебскай губ. Упершыню на Беларусі пачаў фатаграфаваць працэс раскопак, складаць фотатэку помнікаў старажытнасцей Віцебскай і суседніх губерняў. Даследаваў Гнёздаўскі курганны могільнік пад Смаленскам (гл.Гнёздава), тэр. ў вярхоўях Зах. Дзвіны, Дняпра, Волгі. Вывучаў Барысавы камяні. Аўтар «Успамінаў» (захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы).
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е годы XX в. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ССЕ,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 17 км ад горада і чыг. ст. Глыбокае, 217 км ад Віцебска. 254 ж., 111 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 2-й пал. 14 ст. (не пазней 1387) у грамаце кн.Андрэя Альгердавіча Полацкага. Адносілася да Полацкай зямлі, потым да Полацкага ваяв. У розны час належала Корсакам, Глябовічам, Вепрахоўскім, Цеханавецкім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1863 цэнтр воласці ў Дзісенскім пав. Пры валасным праўленні працавала сельская школа. У 1897 у З. 176 ж. З 1921 у Польшчы, з 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета. 311 ж., 114 гаспадарак (1971).
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.). Каля вёскі — курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКА́-РАЙКАВЕ́ЦКАЯ, культура тыпу Лукі-Райкавецкай,
археалагічная культура плямён, якія ў 8—10 ст. жылі на тэр. Украіны, Малдовы, Пд Беларусі, у Балгарыі, Румыніі. Назва ад селішча ва ўрочышчы Лука каля в. Райкі Бярдзічаўскага р-на Жытомірскай вобл. (Украіна). Насельніцтва жыло на селішчах і гарадзішчах па берагах рэк. Пахавальны абрад — трупаспаленне на грунтавых і курганных могільніках. Кераміка ляпная (таўстасценныя пасудзіны з адагнутымі венчыкамі, аздобленыя па ўсёй паверхні кругавым хвалістым арнаментам) і ганчарная (таўстасценныя гаршкі з адагнутымі венчыкамі, з кругавым хвалістым і лінейным арнаментам па ўсёй паверхні). Культура тыпу Л.-Р. складалася на аснове пражскай культуры, яе пакінулі ўсх. славяне на этапе фарміравання дзяржаўнасці ў раннім сярэдневякоўі. У Беларусі да гэтай культуры належаць гарадзішчы і селішчы Хатомель і Струга Столінскага, Гарадзішча Пінскага, Дружба Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл., курганны могільнік Радасць Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́НАРАЧ,
вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на паўд. беразе воз. Нарач, на аўтадарозе пас. Нарач—в. Брусы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдЗ ад г.п. Мядзел, 150 км ад Мінска, 47 км ад чыг. ст. Княгінін. 692 ж., 246 двароў (1997).
Вядома з 16 ст., мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. З 1740 уласнасць Сташкевічаў, з 1781 — Даброўскіх. З 1795 у Рас. імперыі. У 1868 сяло Свянцянскага пав. Віленскай губ., 208 ж. У 1897—354 ж. З 1921 у складзе Польшчы, у Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Мядзельскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 41 чал. У 1971—379 ж., 140 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Царква. У цэнтры вёскі курганны могільнік (3-я чвэрць 1-га тыс.н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЗБІШЧА,
археалагічныя помнікі (селішча 2-й чвэрці 1-га тыс., курганны могільнік 10—12 ст.) каля в. Ізбішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. На селішчы ранняга жал. веку і полацкіх крывічоў выяўлены рэшткі каменных печаў, агнішчы, гасп. ямы; сярод знаходак ляпная кераміка, посуд банцараўскай і доўгіх курганоў паўн. Беларусі культур, 2 позналатэнскія фібулы 3—4 ст., бронзавая лунніца, бранзалет са змяінымі галоўкамі, гліняная форма для адліўкі ўпрыгожанняў, крэсіва 10—11 ст. На могільніку (120 насыпаў), які належаў жыхарам селішча, пахавальны абрад — трупапалажэнне (большасць — галавой на Пн), у 8 насыпах — трупаспаленне; пахавальны інвентар — бронзавыя скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, шыйныя грыўні, прылады працы, кераміка, выкарыстанне ва ўборах жанчын вял. колькасці шкляных пацерак, у пахаваннях мужчын — жал. сякеры; у адным кургане з заможным пахаваннем знойдзена маніста з 8 падвескамі з куфіцкіх дырхемаў, візант. меліярысіяў, зах.-еўрап. дэнарыяў.
В.У.Казей, Г.В.Штыхаў.
Упрыгожанні 11 ст. з курганнага могільніка Ізбішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Беларусі, у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл., на р. Свіслач (за 43,6 км ад вусця) у бас. Дняпра. Створана ў 1953. Пл. 11,9 км², даўж. 23,7 км, найб.Шыр. 1,2 км, найб.глыб. 8,5 м. Чаша — затопленыя рэчышча і пойма Свіслачы, ложа са шматлікімі мелкаводдзямі, ёсць невял. астравы агульнай пл. 15 га. Дно выслана глеем (60% пл.), каля берагоў — пяском. Катлавіна выцягнутая па даліне ракі, са стромкімі, радзей спадзістымі схіламі, укрытымі лесам (часткова пад ворывам). Берагі пераважна высокія, месцамі да 6—8 м.
Замярзае ў пач.снеж., лёд трымаецца да пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 81 см. Праточнасць вялікая, аб’ём воднай масы аднаўляецца за 7—8 сутак. Сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 790 млн.м³. Каля 35% плошчы зарастае. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Асіповіцкая ГЭС), на водазабеспячэнне сажалак рыбгаса «Свіслач» і Асіповіцкага кардонна-руберойдавага з-да. Зона адпачынку «Асіповічы», санаторый «Вяззе». Курганны могільнік, каля в. Лапічы — гарадзішча жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ШКАЎКА,
вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Магілёў—Быхаў. Чыг. станцыя на лініі Магілёў—Жлобін. Цэнтр сельсавета, калгаса і эксперым. базы «Дашкаўка». За 22 км на Пд ад Магілёва. 1850 ж., 704 двары (1997).
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1597 як сяло, заснаванае кн Б.Саламярэцкім, старостам крычаўскім і слуцкім. У 1604 у Вейнянскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1758 мястэчка ў т.зв. Быхаўскім графстве, прыватнае ўладанне, 50 двароў. У 1885 адкрыта школа. У 1897—1197 ж., 195 двароў, нар. вучылішча, царква, параходная прыстань, магазін, млын. маслабойня, крупадзёрка, 3 заезныя дамы. З 1924 у Магілёўскім р-не. У 1971—1807 жыхароў.
Магілёўская абл. доследная с.-г. станцыя і праектна-пошукавая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўчы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). Каля вёскі група археал. помнікаў (стаянка каменнага веку, гарадзішчы, селішча і курганны могільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́САР,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. За 20 км на ПнЗ ад г. і чыг. станцыі Глыбокае, 220 км ад Віцебска. 489 ж., 224 двары (1999).
Ільнозавод, базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мосарскі касцёл Ганны (1792). За 1,5 км на ПнЗ ад вёскі курганны могільнік.
Вядома з 16 ст. як мястэчка. У 16—19 ст. М. валодалі Зяновічы, Валовічы, Далмат-Ісайкоўскія, Млечкі, Бжастоўскія. Апошнія пабудавалі ў 1775—90 у М. палац (не захаваўся), у 1792 — парафіяльны касцёл св. Ганны. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. З 1872 дзейнічала нар. вучылішча. З канца 19 ст. М. — уладанне Пілсудскіх. У 1885 у маёнтку М. 558 ж., у вёсцы М. 117 ж. З 1921 М. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Дунілавіцкага раёна, з 20.1.1960 — Глыбоцкага раёна, з 1960 ва Удзелаўскім с/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІСІ́МКАВІЧЫ,
комплекс археал. помнікаў каля в.Нісімкавічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — гарадзішча, селішчы, курганны і бескурганны могільнікі. Гарадзішча заснавана насельніцтвам мілаградскай культуры, пазней асвоена носьбітамі зарубінецкай культуры. Пры раскопках выяўлены рэшткі пабудовы, 4 агнішчы, фрагменты ляпной керамікі, гліняныя прасліцы і грузікі, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. На пяці селішчах 5—7 і 9—11 ст. выяўлены рэшткі пабудоў калочынскай культуры, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, жал. нажы, цвікі, цуглі, бронзавыя і сярэбраныя ўпрыгожанні, гліняныя прасліцы і тыглі, рэшткі металургічнай вытв-сці і інш. У курганным могільніку 10—12 ст. 43 насыпы (дыям. 5—12 м, выш 0,7—2 м), пахавальны абрад — трупапалажэнне ў насыпе ў дубовых калодах. Знойдзены ганчарны посуд, бронзавыя сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, бранзалеты, лунніцы, фібулы, бурштынавыя, сердалікавыя, шкляныя пацеркі і інш. Належаў радзімічам. Бескурганны могільнік датуецца першымі ст.н.э. (пахавальны абрад — трупаспаленне) і 12—13 ст. (трупапалажэнне). Знойдзены крамянёвыя вырабы, ляпная кераміка, бронзавыя скроневыя кольцы, шыферныя прасліцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́НТУПЫ,
гарадскі пасёлак у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на р.Лынтупка; чыг. станцыя на лініі Полацк—Вільнюс. За 42 км на З ад Паставаў, 307 км ад Віцебска. Аўтадарогамі злучаны з Паставамі і г.п. Свір. 2,1 тыс.ж. (1998).
У гіст. крыніцах упамінаецца з 1385. У 1459 тут пабудаваны касцёл, пры ім шпіталь. 3 сярэдзіны 16 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. Уладальнікамі Л. былі Астроўскія, Гільзены, Бучынскія. У 1591 у мястэчку Л. каля 150 ж., 28 дымоў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1843 цэнтр воласці Свянцянскага пав. У 1885 у Л. 214 ж., 13 двароў, валасное праўленне, школа (пабудавана ў 1865), касцёл, яўр. малітоўны дом, 3 крамы, карчма, праводзіліся кірмашы. У 1897—685 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з ліст. 1940 у Пастаўскім р-не. У Вял.Айч. вайну моцна разбураны ням.-фаш. захопнікамі. З 22.8.1967 гар. пасёлак. У 1975 2 тыс. жыхароў.
Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Лынтупская сядзіба (1-я пал. 19 ст.), Лынтупскі Андрэеўскі касцёл (пач. 20 ст.). На ПнЗ ад Л.курганны могільнік балтаў 10—11 ст.