БІЛІРУБІ́Н,

прадукт распаду гемаглабіну; адзін з пігментаў жоўці; C33H36O6N4. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Мае чырвона-буры колер у растворы, карычневы — у крышталях. Утвараецца найб. у печані, адтуль з жоўцю выводзіцца ў кішэчнік, дзе асн. маса білірубіну ператвараецца ў мезабілірубін, а потым ва урабілінаген. У тонкім кішэчніку невял. колькасць білірубіну ўсмоктваецца ў кроў і зноў трапляе ў печань. Пры атручэнні, парушэнні функцыі печані (закупорцы жоўцевых пратокаў) колькасць білірубіну ў крыві павялічваецца, што выклікае жаўтуху. Змяненне білірубіну ў крыві — дыягнастычны паказчык.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКААГУЛЯ́НТЫ [ад анты... + лац. coagulans (coagulantis) які вядзе да згусання] у медыцыне, лекавыя сродкі, якія памяншаюць скорасць згусання крыві і перашкаджаюць утварэнню тромбаў. Уплыў антыкаагулянтаў прамога дзеяння (гепарын, гірудзін і інш.) адбываецца праз зніжэнне актыўнасці трамбіну ў крыві, антыкаагулянты ўскоснага дзеяння (дыкумарын, пелентан, фенілін і інш.) — праз парушэнне працэсаў утварэння трамбіну ў печані. Выкарыстоўваюцца пры інфарктах, тромбафлебітах, трамбатычных і эмбалічных інсультах, пасля хірург. ўмяшання і інш. Проціпаказаны пры цяжарнасці, язвавай і нырачнакамянёвай хваробах, схільнасці да крывацёкаў.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКАСО́Л, вітамін K3,

сінтэтычны водарастваральны аналаг вітаміну K3, бісульфітнае вытворнае 2-метыл-1,4-нафтахінону, C11H9NaSO5∙3H2O. Белы або з жаўтаватым адценнем парашок. Садзейнічае павышэнню колькасці пратрамбіну ў крыві печані і ўзмацненню згусальнасці крыві. Па дзеянні ў 2 разы больш актыўны за натуральны вітамін K3 (філахінон). Сутачная патрэбнасць у вікасоле для дарослага чалавека ў норме 1 мг. Лек. сродак для спынення крывацёку, лячэння жаўтухі, гемарою, вострага гепатыту, прамянёвай хваробы і інш., таксама для прафілактыкі K-гіпавітамінозу і K-авітамінозу.

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТО́МА (ад гемата... + ...ома),

абмежаванае збіранне крыві ў тканках з утварэннем у іх поласці, дзе знаходзіцца кроў. Узнікае пры пашкоджанні крывяносных сасудаў ад удараў, паталагічных працэсаў, пасля хірург. аперацый або пры зніжанай згусальнасці крыві. Утвараецца пад скурай, надкосніцай, у мышцах, слізістых абалонках, ва ўнутр. органах і інш. Невял. гематома рассысаецца, вакол вял. развіваецца запаленчы працэс з утварэннем шчыльнай капсулы. Пры ўзнікненні гематомы з’яўляюцца прыпуханне, сярэдняя балючасць, кровападцёк. Лячэнне фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках (напр., гематома ў галаўным мозгу, печані, селязёнцы і інш.) хірургічнае.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Яўген Пятровіч) (н. 21.1.1939, в. Дзернавая Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гематалогіі і пералівання крыві. Д-р мед. н. (1973), праф. (1974). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995), ганаровы д-р Бірмінгемскага ун-та (1991, Вялікабрытанія). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1988 дырэктар Бел. НДІ гематалогіі і пералівання крыві. Навук. працы па клінічнай гематалогіі, гемастазіялогіі, эпідэміялогіі, лейкеміі ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай, трансплантацыі касцявога мозга.

Тв.:

Диагностика нарушений гемостаза. Мн., 1983;

Руководство по гемостазиологии. Мн., 1991.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАЎТВАРЭ́ННЕ,

працэс утварэння лімфы, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Механізм Л. звязаны з фільтрацыяй плазмы крыві праз крывяносныя капіляры і выхадам вадкасці (з растворанымі ў ёй малекуламі бялкоў, ліпідаў і інш.) у міжклетачныя поласці. Частка тканкавай вадкасці зваротна ўсмоктваецца ў кроў, частка паступае ў лімфатычныя капіляры і ўтварае лімфу. Рэгуляцыя Л. накіравана на павелічэнне ці памяншэнне фільтрацыі вады і інш. элементаў плазмы крыві: мясц. рэгуляцыя забяспечваецца біялагічна актыўнымі рэчывамі, што выдзяляюцца клеткамі, цэнтральная — вегетатыўнай нерв. сістэмай.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАГЛАБІ́Н (ад гема... + лац. globus шар),

Hb, чырвоны жалезазмяшчальны пігмент крыві і гемалімфы чалавека, пазваночных і некат. беспазваночных жывёл. Выконвае функцыю пераносу кіслароду з органаў дыхання да тканак і вуглякіслага газу ад тканак да органаў дыхання. У большасці беспазваночных гемаглабін раствораны ў крыві, у пазваночных і некат. беспазваночных знаходзіцца ў чырвоных крывяных клетках — эрытрацытах. Малекулярная маса гемаглабіну эрытрацытаў млекакормячых 64 500, растворанага ў плазме да 3 000 000. Паводле хім. прыроды гемаглабін — складаны бялок — хромапратэід, які складаецца з бялку глабіну і жалезапарфірыну — гему. У вышэйшых жывёл і чалавека гемаглабін уключае 4 субадзінкі — манамеры з малекулярнай масай каля 17 000; 2 манамеры маюць па 141 астатку амінакіслот (β-ланцугі), 2 іншыя — па 146 астаткаў (α-ланцугі). Колькасць гемаглабіну ў крыві чалавека ў сярэднім 13—16 г% (78—96% па Салі); у жанчын гемаглабіну крыху менш, чым у мужчын. Якасць гемаглабіну змяняецца ў антагенезе.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКІЦЯ́НСКАЯ (Аляксандра Аляксандраўна) (н. 1.12.1921, г. Бугульма, Татарстан, Расія),

бел. вучоны ў галіне гематалогіі і імуналогіі. Д-р мед. н. (1972). Засл. ўрач Беларусі (1984). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1948). У 1948—88 у Бел. НДІ пералівання крыві (з 1974 кіраўнік аддзела). Навук. працы па метадах дыягностыкі і лячэнні хвароб крыві, імунатэрапіі лейкозаў і анемій, распрацоўцы імунастымулявальных прэпаратаў.

Тв.:

Электрофорез клеток крови в норме и патологии. Мн., 1974 (разам з С.​С.​Харамоненка);

Иммуностимулирующие свойства эритрофосфатида — нового лечебного препарата (у сааўт.) // Докл. АН БССР. 1991. Т. 35, №2.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАТЭМІ́Я (ад азот + грэч. haima кроў),

празмерная колькасць у крыві азотазмяшчальных прадуктаў бялковага абмену. Абумоўліваецца недастатковасцю выдзяляльнай функцыі нырак і мочавыдзялення, павышаным распадам бялку.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВО́РЫ ФІЗІЯЛАГІ́ЧНЫЯ,

група водных раствораў солей, якія паводле асматычнага ціску, саставу, актыўнай рэакцыі асяроддзя і буферных уласцівасцей блізкія да плазмы крыві і пазаклетачнай вадкасці чалавека і жывёл. Першы Р.ф. (раствор Рынгера) прапанаваны ў 1883 для правядзення фізіял. эксперыментаў над халаднакроўнымі жывёламі, у 1901 — Р.ф. Рынгера—Лока для цеплакроўных жывёл, варыянты якога адрозніваюцца суадносінамі асн. інгрэдыентаў. У саставе Р.ф. хларыды натрыю, калію, кальцыю, гідракарбанат натрыю, таксама хларыд магнію, глюкоза, фасфаты. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне (пры абязводжванні арганізма, страце крыві, парушэнні водна-салявага балансу, атручэннях і інш.), у мед.-біял. эксперыментах і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)