ГЕНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ КАРТАГРАФІ́ЧНАЯ,

працэсы адбору і абагульнення зместу пры складанні геагр. карт. Мае на мэце захаваць і выдзеліць на карце асноўныя тыповыя рысы і характэрныя асаблівасці з’яў, якія адлюстроўваюцца. Кірункі і ступень генералізацыі картаграфічнай залежаць ад прызначэння карты, яе тэматыкі, магчымасцей маштабу, геагр. асаблівасцей мясцовасці, сродкаў картаграфічнага выканання і крыніц, па якіх складаюцца карты. Напр., поўнае ўяўленне аб горных сістэмах Каўказа можна атрымаць на дробнамаштабнай, моцна генералізаванай карце.

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗІНО́ (франц. casino ад італьян. casino домік),

клуб, ігральны дом з рэстаранам і азартнымі гульнямі (карты, рулетка і інш.).

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНА́ТНАЯ СЕ́ТКА ў тапаграфіі,

сетка каардынатных ліній (X=const, Y=const) на тапаграфічных картах і планах. Лініі К.с. паралельныя адлюстраванню восевага мерыдыяна зоны (вось X у дадзенай каардынатнай зоне) і адлюстраванню экватара (вось Y для аналагічных зон). Іх праводзяць праз 1 або 2 км у маштабе карты, адносна рамак карты яны павернуты на вугал, роўны збліжэнню мерыдыянаў. Значэнні К.с. выносяць за рамку ліста. Адлік X праводзіцца ад экватара да полюсаў, а Y — ад восевага мерыдыяна зоны. К.с. называюць таксама кіламетровай сеткай.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНО́ПТЫКА (ад грэч. synoptikos здольны ахапіць вокам),

раздзел метэаралогіі, які вывучае працэсы фарміравання надвор’я з мэтай яго прагназіравання. Гл. таксама Сінаптычная метэаралогія, Сінаптычныя карты.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА,

навука пра глебы, іх склад, уласцівасці, паходжанне, развіццё, геагр. пашырэнне, рацыянальнае выкарыстанне.

Як навука пачала развівацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Германіі, калі з’явіліся тэорыі гумуснага (А.​Тэер) і мінер. (Ю.​Лібіх) жыўлення раслін. Генетычны і агранамічны кірункі глебазнаўства атрымала ў Расіі ў 2-й пал. 19 ст. ў працах В.В.Дакучаева, П.А.Костычава, В.Р.Вільямса і інш.

На Беларусі даследаванні па глебазнаўству пачаліся ў сярэдзіне 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це. Вядуцца ў Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (з 1969 каардынатар работ па вывучэнні глеб Беларусі), а таксама на кафедрах глебазнаўства БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Бел. тэхнал. ун-та. Развіццю навук. глебазнаўства садзейнічалі працы І.С.Лупіновіча, П.П.Рагавога, А.Р.Мядзведзева, М.П.Булгакава, У.М.Пілько, С.Н.Іванова, Т.Н.Кулакоўскай, Т.А.Раманавай, І.М.Багдзевіча, М.І.Смяяна і інш. Складзены глебавыя карты і аграхім. картаграмы с.-г. угоддзяў кожнай гаспадаркі, адм. раёна і вобласці Беларусі. Праведзена баніціроўка глеб, складзены карты глебава-геаграфічнага раянавання і глебава-эразійныя карты. Вядзецца маніторынг змены асн. уласцівасцей глеб з мэтай распрацоўкі прагнозу іх рацыянальнага выкарыстання, у т. л. глеб, забруджаных радыенуклідамі.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫНЯ́ СЯЧЭ́ННЯ РЭЛЬЕ́ФУ,

рознасць вышынь дзвюх суседніх гарызанталей на тапаграфічнай карце ці плане. У залежнасці ад маштабу і прызначэння карты (плана) карыстаюцца вышынямі 0,5; 1; 2,5; 10 м і інш.

т. 4, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЎЭР, Броўвер (Brouwer) Адрыян (1605 ці 1606, г. Аўдэнардэ, Бельгія — 1.2.1638), фламандскі жывапісец. Майстар быт. жанру і пейзажа. Прадстаўнік дэмакр. кірунку ў мастацтве фламандскага барока. Вучыўся ў Бруселі. У 1621 пераехаў у Галандыю, з 1631 у Харлеме, у 1631 жыў у Антверпене. Пісаў пераважна сцэны з нар. побыту («Бойка сялян у час гульні ў карты», «Сцэна ў шынку», «Курцы», «Горкі напітак», усе каля 1630—38). Карціны вызначаюцца гратэскавасцю вобразаў, сарказмам, тэмпераментам, манумент. і ўраўнаважанай кампазіцыяй. Сярод пейзажаў: «Дзюны», «Пейзаж з усходам месяца» і інш. Браўэр — адзін з лепшых каларыстаў 17 ст.

Я.​Ф.​Шунейка.

А.Браўэр. Бойка сялян у час гульні ў карты. 1630-я гады.

т. 3, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТЫНГ (англ. carting),

гонкі на картах — мікрааўтамабілях без падвескі. Узнік у 1930-я г. ў ЗША. Першыя спарт. карты пабудаваны ў ЗША (1956). Сучасныя карты падзяляюць на 6 міжнар. класаў, на Беларусі да іх далучаны 2 нацыянальныя. Трасы К. вызначаюцца складанай канфігурацыяй з вял. колькасцю паваротаў пераважна малых радыусаў. Першы чэмпіянат свету адбыўся ў Рыме (1964). Камандныя першынствы Еўропы праводзяцца з 1963. На Беларусі спаборніцтвы па К. праводзяцца з 1964. Бел. федэрацыя К. заснавана ў 1993. Бел. спартсмены, пераможцы і прызёры міжнар. і рэсп. спаборніцтваў: А.​Ю.​Кавалік, М.​К.​Маеўскі, М.​В.​Рудзько, І.​А.​Угольнік, А.​А.​Шымакоўскі; Дз.​В.​Цвірко — чэмпіён Беларусі 1995—97.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАТЭЛУРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,

адзін з кірункаў геафізічнай разведкі, заснаваны на вывучэнні пераменных у часе і па частаце варыяцый прыродных тэлурычных эл. токаў у прыпаверхневай ч. Зямлі. Тэлурычныя токі ствараюцца варыяцыямі магнітнага паля Зямлі і эл. канвекцыйнымі працэсамі ў зямной кары і атмасферы, характар іх варыяцый залежыць ад геал. будовы. Адрозніваюць метады: тэлурычных токаў (ТТ), магнітатэлурычнага зандзіравання (МТЗ) і магнітатэлурычнага прафілявання (МТП).

У метадзе ТТ сінхронна вымяраецца рознасць патэнцыялаў варыяцый тэлурычнага поля на базавым і радавых пунктах. Атрымліваюць тэлураграмы, па якіх вымяраюць параметры поля ТТ і складаюць карты рэльефу паверхні высакаомнага гарызонта ў асадкавым чахле або крышт. фундамента. У метадзе МТЗ дадаткова да эл. характарыстык поля ТТ вымяраюць магнітную складаючую і вылічваюць адносіны эл. складаючай да магнітнай для розных частот, будуюць крывую ўяўнага ўдзельнага супраціўлення, якую параўноўваюць з тэарэтычнымі. У адрозненне ад МТЗ у метадзе МТП адносіны эл. складаючай да магнітнай вылічваюць для фіксаванай частаты.

На Беларусі ў выніку даследаванняў ВА «Белгеалогія» і Ін-та геал. навук Нац. АН Беларусі па метадах ТТ і МТЗ складзены карты сярэдняй напружанасці поля ТТ і пашырэння электраправодных слаёў, карты рэльефу фундамента, паверхні саляносных адкладаў і інш.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛАГІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,

комплекс геал. даследаванняў на пэўнай тэр. з мэтай складання геалагічных картаў і выяўлення перспектыў на карысныя выкапні. У якасці асновы пры геалагічнай здымцы выкарыстоўваюць тапаграфічныя карты. Вылучаюць віды геалагічнай здымкі: на асобных лістах, групавую (на некалькіх лістах адначасова), для давывучэння знятых лістоў, аэрафота- і космааэрафотагеал., глыбінную і інш.

Падзяляецца на дробнамаштабную (для стварэння аглядальных геал. картаў), сярэднемаштабную (для прагнозных картаў) і буйнамаштабную (для пошукавых картаў). Уключае падрыхтоўчы, палявы і камеральны этапы. На ўсіх этапах праводзіцца дэшыфраванне аэрафота- і космаматэрыялаў. Завяршаецца геалагічная здымка стварэннем геал. карты, справаздачы або тлумачальнай запіскі.

На ўсёй тэр. Беларусі зроблена сярэднемаштабная геал. здымка (1:200 000), на асобных лістах — буйнамаштабная (1:50 000). Геолагаздымачныя работы вядзе Беларуская гідрагеалагічная экспедыцыя.

т. 5, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)