выданні, якія выходзілі ў 1941—44 на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі. Выдаваўся ням. адміністрацыяй (цывільнай і ваеннай), бел. легальнымі арг-цыямі і фарміраваннямі для прапаганды палітыкі і практыкі ням.-фаш. улад, забеспячэння эфектыўнасці кіравання на захопленых тэрыторыях, захавання лаяльнасці мясц. насельніцтва, барацьбы з партыз. рухам і ўплывам камуніст. ідэалогіі. На тэр. Беларусі выходзіла каля 100 легальных перыяд. выданняў (разам з аднадзёнкамі і нерэгулярнымі выданнямі) на бел., рус., ням., часткова ўкр. мовах (газеты выдаваліся раз у 3—7 дзён, часопісы раз у 1—2 месяцы); на бел. мове выдаваліся адм. структурамі акупац. улад і падкантрольнымі ім установамі-аддзеламі прэсы, прапаганды, культуры гебітскамісарыятаў і гар. упраў, спецыялізаванымі выд-вамі (газ.«Голас вёскі», «Беларуская газэта», «Слонімскі кур’ер», час.«Беларуская школа», «Новы шлях» і інш.) або грамадскімі арг-цыямі — бел.нац. к-тамі, культ. згуртаваннямі, прафс. арг-цыямі, цэнтр. і рэгіянальнымі структурамі Бел.нар. самапомачы, Саюза бел. моладзі (газ.«Беларускі голас», час. «Жыве Беларусь!» і інш.). Тэматычна да гэтай групы выданняў прымыкала бел. перыёдыка ў Германіі (газ. «Раніца», «Беларускі работнік», час. «Беларускі студэнт», «Малады змагар»), распаўсюджанне якой на Беларусі было вельмі абмежавана. На старонках легальнай прэсы друкаваліся загады і распараджэнні акупац. улад, прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі, тэндэнцыйная інфармацыя пра баявыя дзеянні на франтах 2-й сусв. вайны і міжнар. падзеі, агляды перыёдыкі краін саюзнікаў Германіі, публікацыі пра эканам., паліт., сац., ваен. сітуацыю ў Беларусі, дзейнасць легальных арг-цый і фарміраванняў, успаміны бел. эмігрантаў, навукова-папулярныя артыкулы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, праблемах развіцця культуры, асветы, навукі, мовы, агляды культ. жыцця і г.д.Ваен. ўлады тылавога раёна групы армій «Цэнтр», камандаваннерус. калабарацыянісцкіх вайск. фарміраванняў, антысав. арг-цыі прарус. арыентацыі выдавалі на рус. мове газ. «Новый путь» (Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Віцебск, Гомель, Лепель, Магілёў і інш.), «Боевой путь» (Дзятлава), «Казак» (Навагрудак) і інш. Асобную групу складалі перыяд. выданні на ням. мове — зборнікі нарматыўных актаў, загадаў, распараджэнняў і інфармацый акупац. улад, штодзённая газ. «Minsker Zeitung» («Мінская газета»). У паўд.ч. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Украіна», распаўсюджваліся газеты на ўкр. мове — «Наше слово» (Брэст) і «Пиньска газета» (Пінск). З прапагандысцкімі мэтамі выкарыстоўваліся таксама плакаты (іх друкавалі пераважна за межамі Беларусі) і лістоўкі.
Літ.:
Библиография оккупационных периодических изданий, выходивших на территории Белоруссии в 1941—1944 гг.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,
баявыя дзеянні сав. войск Паўд.-Зах. фронту (камандуючы ген.-палк. М.П.Кірпанос) пры садзеянні войск Бранскага, правага крыла Паўд. франтоў і Пінскай ваеннай флатыліі па стрымліванні гал. сіл. ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Г.Рундштэт) і часткі сіл групы армій «Цэнтр» у пач.Вял.Айч. вайны. Праведзена 7.7—26.9.1941 з мэтай не дапусціць захопу праціўнікам сталіцы Украіны і прарыву яго на левы бераг Дняпра. Пасля няўдалых прыгранічных баёў сав. войскі не здолелі спыніць праціўніка на лініі ўмацаваных раёнаў былой (да вер. 1939) сав.-польск. мяжы. Злучэнні 1-й ням.-фаш.танк. групы 9 ліп. захапілі г. Жытомір, але 11 ліп. былі спынены сав. войскамі на р. Ірпень (за 15—20 км ад Кіева). На працягу 2-й пал.ліп. — 1-й пал.жн. немцы беспаспяхова лабавымі ўдарамі намагаліся авалодаць Кіевам, які абаранялі воіны 37-й арміі і нар. апалчэння. Контрудары па ворагу нанеслі 5-я (на ПнЗ ад Кіева) і 26-я (на ПдУ ад Кіева) арміі, аднак праціўнік пацясніў іх і акружыў 6-ю і 12-ю арміі Паўд. фронту. У сярэдзіне жн. правы фланг Паўд.-Зах. фронту пачалі абыходзіць злучэнні 2-й танк. групы і 2-й палявой арміі, вылучаных са складу ням.-фаш. групы армій «Цэнтр». Яны разбілі войскі Цэнтр. фронту, 19 жн. захапілі абласны цэнтр БССР Гомель і ў канцы жн. — пач.вер. развілі наступленне на Пд у тыл кіеўскай групоўкі сав. войск. Па загаду Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання 19 жн. на левы бераг Дняпра адведзены ўсе войскі Паўд.-Зах. фронту, акрамя 37-й арміі. 1 вер. 1-я ням.танк. група захапіла ў раёне г. Крамянчуг плацдармам на левым беразе Дняпра, 12 вер. адсюль пачала наступленне на Пн і 15 вер. каля г. Лохвіца злучылася з 2-й танк. групай. У акружэнне трапілі часці 21, 37, 5 і 26-й армій Паўд.-Зах. фронту, камандаванне якога страціла кіраванне войскамі і не здолела арганізаваць іх адыход на У. У адпаведнасці з запозненым загадам Стаўкі 19 вер.сав. войскі пакінулі Кіеў. Толькі частка сав. воінаў выйшла з акружэння, многія загінулі (у т. л. Кірпанос, разам з б.ч. свайго штаба) або трапілі ў палон. У ходзе К.а.а. супраціўленнем на працягу 2,5 месяца сав. войскі адцягнулі значную частку ням.-фаш. сіл з Маскоўскага напрамку. 21.6.1961 Прэзідыум Вярх. Савета СССР устанавіў медаль «За абарону Кіева».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САВА,
тэрыторыя на Пд Саюзнай Рэспублікі Югаславія (СРЮ), у Рэспубліцы Сербія. Мяжуе з Албаніяй (на З) і Македоніяй (на Пд). Пл. 10887 км². Нас. каля 2 млн.чал. (1997), албанцы (больш за 90%), сербы, чарнагорцы і інш. У выніку ваен. дзеянняў (1998) значная ч. насельніцтва пакінула К. і знаходзіцца ў лагерах бежанцаў у Албаніі (албанцы) і ва ўнутр. раёнах Югаславіі (сербы і чарнагорцы). Адм. ц. — г. Прышціна. Большую ч. тэрыторыі займаюць міжгорныя катлавіны Косава Поле і Метохія. Клімат умерана кантынентальны. Рэкі Белы Дрын і Ібар. Па схілах гор — шыракалістыя лясы, шмат лугоў і горных пашаў. Вырошчваюць збожжавыя (кукуруза, пшаніца, ячмень), тытунь, агародніну, садавіну, вінаград. У гарах гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Здабыча свінцова-цынкавай руды, выплаўка свінцу і цынку. Хім., цэм., дрэваапр., папяровая, тэкст., гарбарная, харч.прам-сць. Рамёствы і саматужныя промыслы. Развіты аўтамаб. транспарт.
Тэр. К. ў 2 ст. да н.э. заваявана рымлянамі, з канца 4 ст.н.э. ў складзе Візантыі, у 6—7 ст. заселена славянамі. З 9 ст. ў складзе Балг, царства, з 11 ст. зноў у Візантыі, з пач. 12 ст. ў Сербскай дзяржаве. У 14—15 ст. заваявана Турцыяй. У 16—18 ст. адбывалася масавая эміграцыя сербаў і каланізацыя К. албанцамі-мусульманамі. Паводле Лонданскага мірнага дагавора 1913 падзелена паміж Сербіяй і Чарнагорыяй. З 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1945—63 аўт. вобласць, у 1963—69 аўт. край К. і Метохія, у 1969—74 аўт. край, у 1974—90 сацыяліст.аўт. край К. ў складзе Сербіі. З канца 1980-х г. у К. актывізаваўся рух алб.этн. большасці за выхад края са складу Сербіі і Югаславіі, які падтрымлівае Албанія. 23.3.1989 сербскія ўлады скасавалі аўт. статус К. як суб’екта федэрацыі. 5.7.1990 распусцілі мясц. парламент і ўвялі прамое кіраванне краем з Бялграда. З пач. 1998 паліт. сітуацыя ў К. абвастрылася: сутыкненні алб. дэманстрантаў з сербскай паліцыяй; выбары парламента і прэзідэнта непрызнанай «Рэспублікі Косава» — 22.3.1998 перамаглі партыя «Дэмакратычны саюз К.» і яе лідэр І.Ругова; баі паміж югаслаўскай арміяй і падп. «Вызваленчай арміяй К.»
У лют. і сак. 1999 у г. Рамбуе (Францыя) пад наглядам зах. дзяржаў і Расіі адбыліся перагаворы паміж дэлегацыямі СРЮ і косаўскіх албанцаў, каб выпрацаваць план шырокай аўтаноміі К. пры захаванні тэр. цэласнасці Югаславіі. Калі Бялград адверг патрабаванне зах. дзяржаў размясціць у К. ўзбр. кантынгент НАТО, разглядаючы гэта як парушэнне свайго суверэнітэту над краем, камандаваннеНАТО 24.3.1999 без санкцыі ААН пачало ваен. аперацыю супраць Югаславіі.
Літ.:
Югославский кризис и Россия: Док, факты, коммент. (1990—1993). М., 1993;
История Югославии. Т. 1—2. М., 1963;
Арш Г.Л., Сенкевич И.Г., Смирнова Н.Д. Краткая история Албании. М., 1965;
Ключник В. Балканы пахнут порохом // Армия. 1998. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),
паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.
Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.
На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛгал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.
У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел.сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял.Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп.дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс.аддз. сувязі (1999).
Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм.камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав.ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял.Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.
Літ.:
Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁВА АБАРО́НА 1941,
абарончыя баі сав. войск і апалчэнцаў горада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—26 ліп. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася часцямі 61-га стралк. корпуса (ген.-маёр Ф.А.Бакунін) 13-й арміі Зах. фронту і апалчэнцамі згодна з планам абароны, які абмеркаваны і ўдакладнены 1 ліп. на нарадзе з удзелам прадстаўнікоў Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання Маршалаў Сав. Саюза К.Я.Варашылава і Б.М.Шапашнікава. Жыхары горада і навакольных вёсак разам з вайскоўцамі за кароткі тэрмін (штодзённа працавалі 30—40 тыс.чал.) выкапалі процітанкавы роў больш як на 25 км, будавалі траншэі, бліндажы і эскарпы; сапёры паставілі мінныя палі, на некат. вуліцах былі ўзведзены барыкады. Фарміравалася Магілёўскае народнае апалчэнне 1941. Абарона горада ўскладалася непасрэдна на 172-ю стралк. дывізію (ген.-маёр М.Ц.Раманаў) і прыдадзеныя ёй часці і падраздзяленні. На правым беразе Дняпра абарону трымалі 388-ы (палк. С.Ф.Куцепаў) і 514-ы (падпалк. С.А.Боніч) стралк. палкі, на левым — 747-ы полк (падпалк. А.В.Шчаглоў); потым 514-ы полк быў пераведзены ў рэзерв камандзіра корпуса, а на яго месца стаў 394-ы полк 110-й стралк. дывізіі. На паз шыях бліжэйшых да горада вёсак — Казіміраўка, Пашкава, Гаі, Мікалаеўка, Палыкавічы — стаяў зводны полк у складзе знішчальнага батальёна і батальёна супрацоўнікаў міліцыі. Развед. падраздзяленні дывізіі ў міжрэччы Бярэзіны і Дняпра (за 35—50 км ад Магілёва) 3 ліп. ўступілі ў бой з перадавымі часцямі ням. 46-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген. Г.В.Гудэрыяна, а 6 ліп. пад націскам намнога большых сіл праціўніка адышлі ў глыб сваёй абароны.
На Магілёў наступалі 4 пяхотныя і танк. дывізіі са складу 2-й танк. групы ням.-фаш. войск: на Бабруйска-Магілёўскім напрамку палкі 23-й і 7-й пяхотных дывізій, на Мінска-Магілёўскім — 263-й і 15-й пяхотных дывізій, якія падтрымлівала 3-я танк. дывізія. Пазней, калі вораг фарсіраваў Дняпро, у тыл 172-й дывізіі сав. войск выйшлі 258-я і 78-я пяхотныя, а з 17 ліп. на штурм горада накіраваны часці 34-й і 10-й пяхотных ням. дывізій. Асабліва жорсткія баі адбыліся на Буйніцкім полі. Паводле звестак штаба 172-й дывізіі за 10 дзён баёў адбіта 27 атак, падбіта і спалена 179 танкаў і бронетранспарцёраў, захоплены 2 танкі, 12 мінамётаў, 25 кулямётаў. Аднак 14 ліп. дывізія апынулася ў акружэнні: спыніўся падвоз боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў. Немцы захапілі бліжэйшыя да горада вёскі. 24 ліп. праціўнік прарваўся на ўскраіны Магілёва. Камандаваннесав. войск адхіліла ультыматум захопнікаў аб капітуляцыі і вырашыла з баямі выходзіць з акружэння. У ноч на 26 ліп. 388-ы полк з прыдадзенымі часцямі і падраздзяленнямі прарваўся з горада на 3, 747-ы, 394-ы і зводны палкі — на У і за р. Сож злучыліся з часцямі 13-й арміі. Сав. воіны і апалчэнцы на працягу 23 дзён скоўвалі буйныя сілы ворага ў перыяд Смаленскай бітвы 1941, нанеслі адчувальныя страты ўдарным сілам групы армій «Цэнтр». На Буйніцкім полі пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1941—44,
баявыя дзеянні сав. войск і сіл флоту па абароне Ленінграда ад ням. і фінл. войск і іх разгроме 10.7.1941—9.8.1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі войскі Паўн., Паўн.-Зах., Ленінградскага, Волхаўскага, Карэльскага і 2-га Прыбалтыйскага франтоў, Балтыйскі флот, Ладажская і Анежская ваен. флатыліі, якім дапамагалі жыхары Ленінграда і партызаны. Для кіравання войскамі франтоў 10.7.1941 Дзярж.к-т абароны стварыў Гал.камандаваннеПаўн.-Зах. напрамку на чале з К.Я.Варашылавым, якому падпарадкаваў Паўн., Паўн.-Зах. франты, Паўн. і Балтыйскі флаты. У ліп.—вер. 1941 група ням. армій «Поўнач» (4-я танк. група, 16-я і 18-я арміі) разам з фінл. войскамі (Карэльская і Паўд.-Усх. арміі) разгарнулі наступленне на Ленінград. Маючы колькасную і тэхн. перавагу над сав. войскамі (напр., па тэхніцы і ўзбраенні ў 5—6 разоў), ням. часці ў вер. 1941 прарваліся да ўзбярэжжа Фінскага заліва і Ладажскага воз., выйшлі да ўскраін Ленінграда і поўнасцю акружылі яго з сушы (з 8.9.1941 да 18.1.1943). У ходзе 30-месячнай блакады горада войскі Ленінградскага фронту (камандуючыя з 12.9.1941 Г.К.Жукаў, з 10.10.1941 І.І.Фядзюнінскі, з 26.10.1941 ген.-лейт. М.С.Хозін, з 9.6.1942 Л.А.Говараў), сілы Балтыйскага флоту (віцэ-адм. У.П.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліі (контр-адм. В.С.Чарокаў) адбілі атакі праціўніка. Каля 500 тыс. ленінградцаў будавалі абарончыя рубяжы. У ліп.—вер. 1941 сфарміравана 10 стралк. дывізій нар. апалчэння, 16 артыл.-кулямётных батальёнаў, 6 знішчальных палкоў, каля 200 партыз. атрадаў. Дастаўка матэрыяльных сродкаў забеспячэння горада і войск ажыццяўлялася па пракладзенай у ліст. 1941 па лёдзе Ладажскага воз.аўтамаб. дарозе, якую называлі «дарогай жыцця». Гэтым шляхам да крас. 1942 эвакуіравана ў глыб СССР больш за 500 тыс. ленінградцаў, у горад дастаўлена 361 тыс.т грузаў. Абарону Ленінграда аблегчылі контрнаступленне сав. войск пад Ціхвінам (ліст.—снеж. 1941), актыўныя дзеянні Волхаўскага фронту і партызан у тыле праціўніка. 18.1.1943 войскі Ленінградскага і Волхаўскага франтоў прарвалі кальцо блакады на Пд ад Ладажскага воз. і ўтварылі калідор у 8—10 км, дзе былі пракладзены аўтамаб. дарога і чыгунка. У выніку Ленінградска-Наўгародскай наступальнай аперацыі (14.1—1.3.1944) ліквідавана пагроза Ленінграду, праціўнік адкінуты на 220—280 км. 10—20.6.1944 сав. войскі разбілі фінл. аператыўную групу «Карэльскі перашыек», 21 чэрв. — 9 жн. — групу «Алонец» і замацаваліся на сав.-фінл. мяжы. У выніку бамбардзіровак і артыл. абстрэлаў у Ленінградзе разбурана каля 14 тыс. будынкаў, у т. л. помнікі культуры, ад голаду ў выніку Ленінградскай блакады загінула ад 600. да 900 тыс.чал. Абаронцы горада стрымлівалі да 15—20% ням.узбр. сіл ад іх агульнай колькасці на сав.-герм. фронце. У баях за Ленінград вызначыліся і многія воіны-беларусы, у т. л. камандуючы эскадрай караблёў віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-лейт. артылерыі У.П.Свірыдаў, Герой Сав. Саюза, снайпер Ф.А.Смалячкоў, камандзір звяна знішчальнага авіяпалка Дз.Я.Аскаленка, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка У.А.Шыманскі, які накіраваў свой падбіты самалёт на варожую дальнабойную гармату.
Літ.:
Битва за Ленинград, 1941—1944. М., 1964;
Краснознаменный Балтийский флот в битве за Ленинград, 1941—1944 гг.: [Сб. ст.). М., 1973;
Еругин Н.П. О тех, кто выстоял: Зап. фронтовика. 2 изд. Мн., 1989;
Адамович А., Гранин Д. Блокадная книга. 5 изд. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ БІ́ТВЫ 1812 Баі за Полацк паміж рас. 1-м пях. корпусам ген. П.Х.Вітгенштэйна і франц. корпусам маршала Ш.Удзіно 17—18 жн. і 18—19 кастр. 1812. Пасля Клясціцкіх баёў 1812 на падыходах да Полацка 16 жн.рас. войскі занялі в. Гамзелева. 17 жн. Вітгенштэйн атакаваў франц. пазіцыі, пад прыкрыццём авангардаў ген.-маёра Б.Б.Гельфрэйха (4 пях. батальёны, 4 кав. эскадроны і 300 казакоў з 12 гарматамі) і палк. Я.І.Уластава (1 егерскі полк і 2 грэнадзёрскія батальёны). Рас. войскі (каля 20 тыс.чал. і 99 гармат) размясціліся паўкругам. насупраць горада паміж р. Палата і Дзвіна. Баварскі корпус ген. Л.Гув’ена Сен-Сіра размясціўся на левым беразе р. Палата за Спаскім манастыром, корпус Удзіно — паміж р.Палата і Дзвіна і меў выхад на дарогу Себеж—Невель. Агульная колькасць франц. войска дасягала 45 тыс. Бой цягнуўся каля 14 гадзін з пераменным поспехам. Абодва бакі панеслі вял. страты. Цяжка паранены Удзіно перадаў камандаванне Сен-Сіру, які перагрупаваў войскі і ў 5 гадзін раніцы пачаў наступленне супраць левага фланга рас. войск. Ген.-маёр А.Ю.Гамен, які ўзначальваў цэнтр рас. войска, з 2 палкамі і 3 батальёнамі атакаваў і адкінуў непрыяцеля. Франц. кавалерыя, якая спрабавала прарваць цэнтр, была разбіта і адкінута да Полацка. Рас. войскі ўтрымалі асн. пазіцыі, але з-за перавагі сіл праціўніка вымушаны былі адысці да р. Дрыса. За 2 дні баёў яны страцілі каля 5,5 тыс. забітымі і параненымі; французы і баварцы — 8 тыс. У выніку 1-й Полацкай бітвы французы адмовіліся ад наступлення на Наўгародска-Пецярбургскім напрамку і не змаглі падтрымаць корпус, які асаджаў Рыгу.
2-я Полацкая бітва мела за мэту акружыць і знішчыць франц. войскі. 17 кастр. армія Вітгенштэйна (каля 55 тыс.чал., 122 гарматы) сканцэнтравалася каля Полацка. Франц. маршал Сен-Сір меў у Полацку 30—32 тыс.чал. Бой пачаўся раніцай 18 кастр. кавалерыйскімі сутычкамі, у выніку якіх франц. кавалерыя страціла больш за палову свайго складу і амаль усіх штаб-афіцэраў. Сабраўшы большую частку свайго корпуса, Сен-Сір пачаў атаку супраць усіх 3 калон рас. войск. Абодва бакі мелі вял. страты, бой скончыўся безвынікова. Рас. войскі занялі пазіцыі насупраць Полацка перад гар. валамі і на левым беразе Дзвіны. 19 кастр. Вітгенштэйн атакаваў горад з фронту і моцным артыл. агнём прымусіў праціўніка пакінуць умацаваны лагер і адысці ў Полацк. У 2 гадзіны ночы рас. авангарды ген.-маёра А.Б.Фока і палк. Турчанінава ўварваліся ў горад; пачалі вулічныя баі. Сен-Сір быў вымушаны вывесці войскі з Полацка і разбурыў масты цераз Дзвіну. Спробы французаў адбіць горад 20 кастр. былі безвыніковымі. За 2 дні баёў рас. войскі страцілі 8 тыс.чал., французы — каля 4 тыс.чал. забітымі і параненымі і больш за 2 тыс. палоннымі. Пасля вызвалення Полацка франц. войска вымушана было адступіць па спустошанай раней дарозе.
Літ.:
Жилин П.А. Отечественная война 1812 г. 3 изд. М., 1988;
Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г.Мн., 1962;
Троицкий Н.А. 1812. Великий год России. М., 1988.
Ш.І.Бекцінееў.
Да арт.Полацкія бітвы 1812. Бітва каля Полацка 18.8.1812. З гравюры Д.Ругендаса. 1810-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАВА МЯЦЕ́Ж 1917,
карнілаўшчына, узброенае выступленне рас.вярх. галоўнакамандуючага Л.Г.Карнілава супраць Часовага ўрада 25—31.8(7—13.9).1917 з мэтай устанаўлення ваен. дыктатуры ў Расіі. Пачаўся пасля заключэння ў жн. 1917 паміж ваен. міністрам А.Ф.Керанскім і Карнілавым сакрэтнага пагаднення пра замену ўрадавымі войскамі збальшавізаваных часцей Петраградскага гарнізона і наступным утварэнні больш моцнага Часовага ўрада ва ўмовах пагаршэння становішча на фронце (захоп Рыгі герм. войскамі) і актывізацыі курсу бальшавікоў на ўзяцце ўлады шляхам узбр. паўстання. Паводле загаду Карнілава карпусы генералаў А.М.Крымава і Дз.П.Баграціёна рушылі з Магілёва ў бок сталіцы. 26.8(8.9).1917 Часовы ўрад абвінаваціў Карнілава ў імкненні выйсці за межы дамоўленасці, загадаў яму здаць пасаду галоўнакамандуючага і неадкладна прыбыць у Петраград, які быў аб’яўлены на ваен. становішчы. У адказ Карнілаў абвінаваціў Часовы ўрад у тым, што ён трапіў пад уплыў бальшавікоў і дзейнічае на карысць герм.ген. штаба. 28.8(10.9).1917 цэнтр. выканаўчыя к-ты Саветаў у Петраградзе выказаліся ў падтрымку ўрада ў барацьбе супраць Карнілава. Былі створаны цэнтр для ліквідацыі мяцяжу (К-тнар. барацьбы з контррэвалюцыяй) і грамадскія антыкарнілаўскія к-ты. Аднымі з галоўных кіраўнікоў і арганізатараў барацьбы з карнілаўшчынай выступілі бальшавікі. Яны пачалі мабілізацыю рабочых і салдат, атрады якіх сканцэнтраваліся пад Петраградам, Нарвай, Ноўгарадам, Псковам. Супраць карнілаўскіх войск былі накіраваны салдаты рэв. часцей петраградскага гарнізона, маракі Балт. флоту, чырвонагвардзейцы. Бальшавіцкія агітатары растлумачвалі салдатам і казакам карнілаўскіх часцей контррэв. сэнс карнілаўшчыны. У гэтых умовах войскі Крымава і Баграціёна пачалі далучацца да ўрадавых сіл (узбр. сутыкненняў практычна не было), усе іх часці былі вернуты на месцы сваёй дыслакацыі. Пасля ліквідацыі пагрозы ўзбр. барацьбы была створана Надзвычайная следчая камісія для высвятлення акалічнасцей удзелу ў мяцяжы вышэйшых кіраўнікоў арміі. 30.8(12.9).1917 вярх. галоўнакамандуючым прызначаны Керанскі, а яго нам. — ген. М.В.Аляксееў, які выехаў у Магілёў для перагавораў з Карнілавым. 1(14).9.1917 магілёўскі гарнізон абвясціў аб падтрымцы Часовага ўрада. Генералы Карнілаў, А.С.Лукомскі, І.П.Раманоўскі, С.А.Маркаў, І.Г.Эрдэлі, А.І.Дзянікін былі арыштаваны. Іх трымалі ў турме г. Быхаў, адкуль яны 20.11.1917 уцяклі на Дон.
Калі стала вядома пра выступленне Карнілава, у буйнейшых гарадах Беларусі пачалі ўтварацца антыкарнілаўскія к-ты. Выканком Зах. фронту ў Мінску звярнуўся з адозвай да арміі і насельніцтва з патрабаваннем падпарадкоўвацца толькі Часоваму ўраду, выказаўся за неабходнасць арышту Карнілава, устанавіў кантроль за адпраўкай войск на Петраград. З прадстаўнікоў Франтавога к-та, выканкомаў Мінскага Савета і гар. думы быў створаны Часовы рэв.к-тЗах. фронту (старшыня — эсэр А.М.Кажэўнікаў, нам. — бальшавік К.І.Ландар). Усе распараджэнні к-та рабіліся ад імя ваен. камісара Зах. фронту меншавіка У.В.Жданава. К-т сканцэнтраваў у сваіх руках агульнае кіраўніцтва ўсімі рэв. арг-цыямі Зах. фронту. Каб захаваць спакой і знізіць небяспеку, былі абмежаваны дэмакр. свабоды, уведзена цэнзура і ўсталяваны нагляд за друкарнямі Мінска, прыняты захады па недапушчэнні выкарыстання Карнілавым войск Зах. фронту, кантралявалася перамяшчэнне войск на ўсіх вузлавых станцыях Мінскай ваен. акругі. У Віцебску супраць Карнілава дзейнічала ваен. бюро. Антыкарнілаўскія к-ты (пераважна з эсэраў і меншавікоў) былі створаны і ў Гомелі, Магілёве, Оршы, Бабруйску, Мазыры і інш. Бальшавікі, аўтарытэт якіх вырас у сувязі з ліквідацыяй мяцяжу, абвінавацілі Часовы ўрад і вышэйшае ваен.камандаванне у тых жа злачынствах, што і Карнілава.
Літ.:
Иоффе Г.З. «Белое дело»: Генерал Корнилов. М., 1989;
Сяменчык М.Я. Карнілаўшчына на Беларусі: На шляхах да гіст. праўды // Пытанні гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі: 36. арт.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ФРОНТ,
1) аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рас. армій у 1915—18 на Петраградскім напрамку ў 1-ю сусв. вайну. Утвораны 17.8.1915 у выніку падзелу Паўночна-Заходняга фронту 1914—15 на П.ф. і Заходні фронт 1915—18. У ліп. 1917 лінія фронту праходзіла на Пн ад воз. Богінскае (Браслаўскі р-н), дзе была мяжа з Зах. фронтам, уздоўж р.Зах. Дзвіна, па марскім узбярэжжы да г. Рэвель (Талін) і паўд. частцы Фінскага заліва; тэатр ваен. дзеянняў ахопліваў і Фінляндыю. У склад П.ф. ўваходзілі 12-я, 5 і 1-я арміі. Камандаванню фронтам у аператыўным плане падпарадкоўваліся Балт. флот, гарнізоны марскіх крэпасцей, а з 30.9.1917 і Петраградская ваен. акруга. Вайсковым тылам была Дзвінская ваенная акруга. Войскі П.ф. сумесна з Зах. фронтам правялі Нарачанскую аперацыю 1916, у 1917 сіламі 12-й арміі — Мітаўскую аперацыю, удзельнічалі ў чэрвеньскай наступальнай аперацыі, адбіцці герм. наступлення ў час Рыжскай аперацыі. У войсках значны ўплыў мелі бальшавікі [у кастр. 1917 было больш за 13 тыс. членаў РСДРП(б)]. Рэв. часці фронту ўдзельнічалі ў ліквідацыі Карнілава мяцяжу 1917, у Кастр.узбр. паўстанні 1917, абароне Петраграда. З ліст. 1917 камандаванне фронтам ажыццяўлялася пад кантролем франтавога ВРК. 1-ы з’езд салдацкіх дэпутатаў П.ф. 10—15.12.1917 падтрымаў перамогу сав. улады на фронце, абраў выканаўчы к-т і кіраўніцтва П.ф. на чале з Б.П.Позернам (камісар СНК па П.ф.). 23.3.1918 П.ф. расфарміраваны. Галоўнакамандуючыя: ген. ад інфантэрыі М.У.Рузскі (жн. — 19.12.1915, 14.8.1916—8.5.1917); ген. ад кавалерыі П.А.Плеве (19.12.1915—19.2.1916); ген. ад інфантэрыі А.М.Курапаткін (19.2. — 4.8.1916); ген. ад кавалерыі В.І.Гурка (часова выконваючы абавязкі, жн. 1916, гл. ў арт.Гуркі); ген. ад кавалерыі А.М.Драгаміраў (12.5—14.6.1917); ген. ад інфантэрыі У.Н.Клямбоўскі (14.6—11.9. 1917); ген.-лейт. М.Дз.Бонч-Бруевіч (выконваючы абавязкі, 11—29.9. 1917); ген. ад інфантэрыі У.А.Чарамісаў (22.9. — 27.11.1917); ген.-лейт. Я.Д.Юзафовіч (27.11. — 5.12.1917); ген.-лейт. В.Ф.Навіцкі (5—15.12.1917).
Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск на паўн. напрамку ў грамадз. вайну. Утвораны паводле загада РВС Рэспублікі ад 11.9.1918 з мэтай абароны Сав. Рэспублікі на паўн.стратэг. напрамку. У яго склад уваходзілі войскі Паўн. ўчастка атрадаў заслоны, Петраградскага раёна абароны, 6-й і 7-й армій, Анежскай і Паўн.-Дзвінскай флатылій, крэпасць Кранштат. Увосень і зімою 1918 войскі фронту стрымлівалі наступленне англа-амер. інтэрвентаў і белагвардзейцаў; у студз. 1919 правялі Шэнкурскую аперацыю. На Нарвенскім і Пскоўскім напрамках, дзе дзейнічалі войскі фронту, у сувязі з пагаршэннем ваен. становішча (гл.Петраградская абарона 1919) у лют. 1919 створаны новы Зах. фронт, у склад якога ўвайшлі кіраўніцтва П.ф. і 7-я армія. Камандуючыя: Дз.П.Парскі (вер.—ліст. 1918); Дз.М.Надзёжны (ліст. 1918 — лют. 1919).
Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у Вял.Айч. вайну на паўн.-зах.стратэг. напрамку ў чэрв.—жн. 1941. Утвораны 24 чэрв. на базе ўпраўлення і войск Ленінградскай ваен. акругі ў складзе 14-й, 7, 23-й армій і ВПС акругі. З 28 чэрв. ў аператыўным падпарадкаванні фронту знаходзіўся Балт. флот; потым у яго склад увайшлі 8-я (14 ліп.) і 48-я (19 жн.) арміі Паўн.-Зах. фронту. Войскі фронту ўдзельнічалі ў прыгранічных бітвах 1941, баях у Карэліі і на Кольскім п-ве, у абароне Ленінграда (гл.Ленінградская бітва 1941—44). 21.8.1941 П.ф. падзелены на Ленінградскі і Карэльскі франты. Камандуючы — ген.-лейт. М.М.Папоў.
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Тарасов В.В. Борьба с интервентами на Севере России (1918—1920 гг.). М., 1958;
История ордена Ленина Ленинградского военного округа. 3 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,
абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.
У 1810-я г.франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.
Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх.ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.
У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус.зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс.чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс.чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс.чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс.чал.) — П.К.Эсена каля Рыгі, П.І.Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.Ф.Эртэля каля Мазыра.
21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх.камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл.Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл.Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.
Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.
У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл.Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.Рэнье (гл.Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл.Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.Віктора і П.Ф.Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл.Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.Касінскага.
Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.
Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс.чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс.чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.
Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс.чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.
Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс.чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус.камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс.чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.І.Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.
Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).
Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн.руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.
У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.
Літ.:
Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;
Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;
Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г.М., 1992.
В.В.Антонаў.
Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.І.Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.