раздзел астраноміі, які даследуе касм. аб’екты пры дапамозе апаратуры, выведзенай за межы зямной атмасферы.
Празрыстасць атмасферы Зямлі абмежавана 2 вузкімі спектральнымі ўчасткамі ў дыяпазонах бачнага святла і радыёхваль. Выпрамяненне інш. частот ад касм. аб’ектаў паглынаецца атмасферай. Значныя перашкоды для наземных назіранняў абумоўлены таксама воблакамі, рухам паветр. мас, запыленасцю, пераламленнем святла на тэрмічных неаднароднасцях і інш. Уплыў атмасферы на назіранні зводзіцца да нуля на вышыні 34 км. П.а. дала магчымасць праводзіць даследаванні ва ўсім дыяпазоне эл.-магн. хваль, у т. л. ў рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. Атрыманы ультрафіялетавыя спектры многіх зорак, высакаякасныя дэталёвыя фатаграфіі Сонца; у інфрачырв. частцы спектра некаторых халодных зорак выяўлены палосы вады. Даследаванні праводзяцца з дапамогай стратастатаў, ракет, ШСЗ, касм. станцый, а таксама ў абсерваторыях, размешчаных на ШСЗ (напр., з 1990 на арбіце працуе касм. тэлескоп Хабла — рэфлектар з дыяметрам люстэрка 2,4 м; вышыня 600 км над Зямлёй; ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ЖНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
астраметрычная прылада для вызначэння момантаў праходжання нябесных свяціл праз вертыкал пры іх сутачным руху. Вынайдзены ў 1689 О.Ромерам.
Стацыянарны П.І. складаецца з астр. трубы (дыяметр -18 см, фокусная адлегласць -2 м) з гарыз. воссю вярчэння даўжынёй каля 1 м, якая ўстаноўлена на слупах-фундаментах. У службе часу выкарыстоўваюцца П.і. пераноснага тыпу. У факальнай плоскасці аб’ектыва знаходзіцца акулярны мікрометр з сеткай верт. і гарыз. ніцей. Візірная лінія П.і. ўстанаўліваецца ў плоскасці мерыдыяна — для атрымання з назіранняў прамога ўзыходжання зорак і папраўкі гадзінніка, ці першага вертыкала — для вызначэння схілення зорак і шыраты месца назірання (гл.Нябесныя каардынаты). Моманты перасячэння відарысам зоркі верт. ніцей рэгіструюцца хранометрам. Пры фотаэл. рэгістрацыі хібнасць аднаго вымярэння прамога ўзыходжання зоркі на стацыянарным П.і. складае ±0,015 с, адной папраўкі гадзінніка на пераносным П.і. — ±0,005 с.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Общая астрометрия. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНЦЫ́,
рознакаляровыя кольцы вакол Сонца, Месяца або яркіх зорак. Утвараюцца ў выніку дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз кроплі вады або ледзяныя крышталікі ў тонкіх вадзяных або ледзяных воблаках. Вуглавая адлегласць паміж кольцамі адваротна прапарцыянальная радыусу кропляў: чым драбнейшыя кроплі, тым большыя вянцы. Адрозніваюцца ад гало меншым радыусам кольцаў (не больш за 5°). У метэаралогіі вянцы выкарыстоўваюць для вывучэння воблакаў і туманаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮСЫ СВЕ́ТУпаўночны і Паўднёвы,
пункты перасячэння восі свету з нябеснай сферай. Паблізу Паўн. П.с. знаходзіцца Палярная зорка. Не ўдзельнічаюць у сутачным вярчэнні нябеснай сферы, але з прычыны прэцэсіі павольна перамяшчаюцца адносна зорак па эліпсе, які не замыкаецца, з вуглавым памерам вял. паўвосі 26°27′ і робяць поўны абарот за 26 тыс. гадоў. Пры гэтым з-за нутацыі маюць месца невялікія ваганні П.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАПО́ЛЬСКІ (Арыстарх Апалонавіч) (13.7.1854, Масква — 16.5.1934),
рускі астрафізік. Акад. Пецярбургскай АН (1903). Скончыў Маскоўскі ун-т (1877). З 1879 у Маскоўскай абсерваторыі, з 1888 у Пулкаўскай (у 1917—19 яе дырэктар). Даследаваў нябесныя свяцілы, шырока выкарыстоўваў фатагр. метады, першы ў Расіі пачаў праводзіць спектраграфічныя даследаванні, напрыклад, спектры пераменных і падвойных зорак, кольцаў Сатурна; з дапамогай зоркавага спектрографа выявіў вярчэнне Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРКУЛЕ́С (лац. Hercules),
сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Самая яркая зорка 2,8 візуальнай зорнай велічыні; 140 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У Геркулесе знаходзіцца тыповае шаравое зорнае скопішча. У напрамку да Геркулеса рухаецца Сонечная сістэма (гл.Апекс). У Геркулесе выяўлены рэнтгенаўскі пульсар Her X-1, які атаясамліваецца з аптычна пераменнай зоркай HZ Her. На тэр. Беларусі сузор’е найлепей відаць вясной і летам. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАЛІ́Ў (лац. Aquarius),
адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Самая яркая зорка 2,9 бачнай зорнай велічыні; 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і назіраецца самая яркая і вял. на зямным небе планетарная туманнасць (вуглавыя памеры 15′ × 12′, сапраўдны сярэдні папярочнік каля 300 000 а.а.). На тэр. Беларусі відаць з сярэдзіны лета і ўвосень. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІЯПЕ́Я (лац. Cassiopeja, нар. назва Касцы),
сузор’е Паўн. паўшар’я неба; знаходзіцца ў Млечным Шляху. Найб. яркія зоркі α, β, γ, σ, ε (2,2; 2,3; 2,4; 2,7; 3,4 візуальнай зорнай велічыні) размешчаны ў выглядзе расцягнутай літары W. У сузор’і 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У К. выяўлена магутная галактычная крыніца радыёвыпрамянення Cas A. На тэр. Беларусі відаць круглы год. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕГА́С (лац. Pegasus),
экватарыяльнае сузор’е неба; адно з самых вялікіх сузор’яў. Найб. яркія зоркі 2,4; 2,4; 2,5; 2,8; 3,0 візуальнай зорнай велічыні; 100 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. 3 яркія зоркі П. разам з зоркай α Андрамеды ўтвараюць фігуру, падобную на квадрат. Паблізу зоркі λ знаходзіцца радыянт метэорнага патоку Пегасід (назіраецца штогод 19—31 ліп.). На тэр. Беларусі відаць у жн.—кастрычніку. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (разам з моцным, эл.-магн. і слабым), які характарызуецца ўдзелам у працэсах узаемадзеяння гравітацыйнага поля (поля прыцягнення). У адрозненне ад іншых узаемадзеянняў мае універсальны характар: гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў аднолькавай ступені ўласціва ўсім матэрыяльным аб’ектам — ад элементарных часціц да зорак і галактык.
У гравітацыйным узаемадзеянні ўдзельнічаюць усе класы элементарных часціц (напр., фатон, лептоны, адроны). З-за іх малых мас гравітацыйнае ўзаемадзеянне з’яўляецца самым слабым з усіх тыпаў узаемадзеянняў элементарных часціц і ў тэорыі элементарных часціц звычайна не ўлічваецца. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне можа стаць істотным пры ўліку эфектаў квантавай тэорыі гравітацыі, паводле якой гравітацыйнае ўзаемадзеянне тлумачыцца як вынік абмену квантамі гравітацыйнага поля — гравітонамі. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне мае бясконца вял. радыус дзеяння і адыгрывае важную ролю ў макрасвеце, з’яўляючыся асн. фактарам узаемадзеяння і эвалюцыі планет, зорак, галактык і самога Сусвету. Для дастаткова слабых гравітацыйных палёў выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Гравітацыйныя эфекты, рух цел і эвалюцыя астрафіз. аб’ектаў у моцных палях прыцягнення падпарадкоўваюцца законам агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Прыцягненне.